Вы тут

Крыніца канцэнтрацыі, выток кантэкстаў


Як паказвае практыка, мастацтваможа вырасці абсалютна з розных крыніц. І хаця існуюць універсальныя — пачуццё, месца, час, —найгалоўнейшая прыгажосць у тым, што іх раскрыццё ў творы цалкам залежыць ад аўтарскай оптыкі. У мастацтва мноства крыніц, але іх усё адно значна менш, чым мастакоў.


Дзіна Даніловіч. Фрагмент экспазіцыі «Жывое [Уяўнае] Жывое».

«Месцы сілы»

Каштоўна назіраць за тым, як адна і тая ж крыніца жывіць творчае ўспрыманне і творчую рэалізацыю розных людзей. Адна з такіх магчымасцей — экспазіцыя «Genius loci. Genius lost / Геній месца. Геній згубленасці» ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў, якая працягне работу да 1 жніўня.

Гэты мастацкі праект — вынікі арт-пленэру для фатографаў у мястэчку Каптаруны. «Шукаючы ці выдумляючы свае “месцы сілы” ў “беларускай Шамбале”, як яшчэ называюць той край, фатографы намагаліся згубіцца ў незнаёмым ландшафце і адкрыць яго і сябе наноў.

Але “геній месца” аказаўся каварным. Ландшафт пачаў зацягваць, адкрывацца і адштурхоўваць. Ён прымушаў узірацца ў далягляд і шукаць новыя кропкі ўваходу. Ён не адпускаў. Каптаруны як месца збянтэжанасці, згубленасці і спасціжэння сябе пачалі “разрастацца” і ўзнікаць у новых мясцінах, краявідах, гарадах — не толькі беларускіх. Каптаруны пераўтварыліся ў персанальны выклік, на які мусіш адказаць у пэўны момант часу. Адлюстраваць сябе на сятчатцы вока свету», — адзначае ў анатацыі да выстаўкі крытык Дар’я Амяльковіч.

Яўген Атцецкі «Уцёкі».

Прырода ў супрацоўніцтве з ідэяй

Праект прадстаўляе творы адзінаццаці фатографаў — адзінаццаць адрозных асабістых поглядаў, прызм. Тое, як рэчаіснасць пераўтвараецца ў творчасці фотамастака, яшчэ цікавей. Бо інструменты наўпрост звязаны з дакладнай перадачай выявы. Яго спосаб змяняць рэчаіснасць у сваім творы — пошук ракурсу, мантаж, канцэпцыя. Экспазіцыя насамрэч наскрозь канцэптуальная, тут няма месца простаму пейзажнаму здымку або звычайнай побытавай фатаграфіі. Яны ў любым выпадку ўбудоўваюцца ў канцэптуальную канву, і сам навакольны свет становіцца элементам мастацкай рэчаіснасці, інструментам у руках і ў вачах мастака. 

Сяргей Лескець. Праект пазначаны так: «lumen print; сонца, дажджавая вада, сокі раслін». На здымках пад шклом сабрана цэлая галерэя выяў, якую хочацца назваць гербарыем у негатыве. Плаўныя выгіны сцяблін, форма лісця, дробныя элементы квецені. Кадры, на якіх быццам зафіксавана душа расліны ў момант, калі яна вырываецца з зялёнага цела, фотасінтэз святла. Кожная з выяў — маленькая, ледзь заўважная частка, мінімальны дакумент існавання месца сілы. Здаецца, што яно асабліва ўплывае не толькі на людзей. 

Праект Дзіны Даніловіч мае назву «Жывое [Уяўнае] Жывое». Экспазіцыя складаецца з чорна-белых здымкаў, якія прыводзяць адны і тыя ж выявы месца — як самадастатковы пейзаж і як фон для чалавечага партрэта. Герой і яго атачэнне — раўнапраўныя часткі характару месца.

У прысутнасці чалавека ландшафт выяўляецца больш яскрава, а для чалавека прырода стварае патрэбны кантэкст, што дазваляе больш чыста і ясна выявіць сябе ў вобразе. Вольга Рыбчынская ў прадмове да экспазіцыі адзначае, што, калі чалавек выходзіць з кадра, застаецца адчуванне страты. Здаецца, што ў творах Дзіны Даніловіч найбольш яскрава раскрываецца агульная эмацыянальная канцэпцыя ўсяго выставачнага праекта. Геній месца, геній згубленасці — растварыцца, згубіцца ў месцы, каб перазнайсці сябе ў ім. У фотаздымках Дзіны Даніловіч быццам не зафіксаваны момант растварэння, але па двух зыходных кропках можна адчуць працэс, убачыць, як герой знікае і зноў з’яўляецца ў месцы.

Яшчэ адзін са спосабаў праламлення прыроды, чыстай рэчаіснасці ў аб’ектыве фотаапарата прадэманстраваў праект Сержука Мядзведзева «Аб прыродзе рэчаў». Гэта амаль наратыўная гісторыя пра «вяртанне» рукатворнага ў нерукатворнае, пра спляценне чалавечага свету з прыродай, пра пошук агульных рыс і адначасовае падкрэсліванне адрознасці ў двух пластах нашай рэальнасці. Звычайная чалавечая расчоска, заблытаная ў доўгіх зялёных травах. Свечка на папялішчы вогнішча. Люстэрка ў выбаіне, дзе была лужына. Фотапраект літаральна складаецца з візуалізацыі простых метафар, якія на словах гучалі б занадта банальна і састарэла, але ў такім афармленні выклікаюць толькі захапленне.

Вольга Хахлова апрацоўвае іншую распаўсюджаную метафару ў сваіх творах. Фатаграфія — кансервацыя моманту, таму, каб заключыць момант у яшчэ больш стэрыльны і герметычны кантэйнер, яна пакрывае выявы эпаксіднай смалой. 

У пэўны момант звяртаеш увагу, што кантэкст слоў моцна прывязаны да некаторых праектаў, прадстаўленых на выстаўцы.

Андрэй Дубінін «Тут нейкае балота».

Дзе гучыць слова

Адзін з творцаў пераўтварае словы ў значны элемент сваёй мастацкай рэчаіснасці. Інсталяцыя Андрэя Дубініна мае назву «Тут нейкае балота», а ў апісанні твора пералічаны сінонімы да слова «балота». На экране з выявай лесу і балота з’яўляюцца словы, якія стэрэатыпна характарызуюць беларускі характар: гасціннасць, памяркоўнасць, стрыманасць і гэтак далей. Голас агучвае слова і пералічае сінонімы да яго. Паводле апісання, гэты праект — спроба адчуць бар’ер, адлегласць, якія слова ставіць паміж з’явай і значэннем у канкрэтным кантэксце. Гэта даследаванне аб тым, як людзі хаваюцца ў самавызначэнні і вызначаюць сябе, хаваючыся.

На выстаўцы ёсць дзе схавацца не толькі метафарычна, але і рэальна. І гэта выпадак, калі падыход да экспанавання твора падкрэслівае яго значэнне. Цыкл выяў Яўгена Атцецкага мае назву «Уцёкі». Яны схаваны за чорнымі шторамі, змешчаны на экранах. У розных прыродных ландшафтах стаяць яркія белыя лайтбоксы, якія хочацца ўспрыняць як метафару пэўнага партала. Праект пабудаваны на візуальнай гульні з прасторай: сам твор у выставачнай зале ўспрымаецца як партал, які запрашае ўнутр выявы, але і ў творы ёсць намёк на магчымасць пераходу. Праз метафару партала мастак аб’ядноўвае прастору рэчаіснасці з прасторай твора.

Экспазіцыя Ігара Саўчанкі мае назву «Хімеры Паюсава» і аб’ядноўвае здымкі, якія выглядаюць падабранымі абсалютна выпадкова, сярод іх ёсць і пейзажы, і аб’ектныя карціны. Але аўтар дадае тэкст і пераўтварае набор выпадковасцей у візуальна-тэкставы наратыў. Гэтая гісторыя зроблена не столькі мастацка-метафарычнай мовай, колькі ў жанры мак’юментары.

Фотамастачка Аксана Веніямінава наўпрост называе сваю частку экспазіцыі «Раптоўныя рэальнасці» і збірае ў роўны шэраг розныя выпадковыя кадры. Гэта цёплыя аскепкі чужых штодзённых жыццяў: бялізна, што вісіць на вуліцы, рэчы на падаконні, знятыя з вуліцы, цені, якія кладуцца на будынак у залатую гадзіну, віды мястэчка. Фотаздымкі раздрукаваны зусім маленькімі, таму, выстаўленыя шэрагам на сцяне, яны выглядаюць як фотаплёнка або «галерэя» на тэлефоне. Кавалачкі прыгажосці зліваюцца ў адну доўгую і стракатую карціну жыцця. Каб вылучыць асобныя элементы на ёй, трэба прыглядацца да кожнага кадра. 

Сяржук Мядзведзеў. Фатаграфія з праекта «Аб прыродзе рэчаў».

Творчыя працэсы ў дынаміцы

Акрамя фотаздымкаў, на выстаўцы ёсць і некалькі відэаінсталяцый. «Тактыка ўхілення» Вольгі Кірылавай уплятае ў навуковую дакументалку кадры са сваімі персанажамі. Тыя ж героі дзейнічаюць у міні-фільмах, прадстаўленых на невялікіх планшэтах у зале.

«Вяртанне Ліліт. Зімовае Сонцастаянне» Жанны Гладко — антрапацэнтрычная метафара перараджэння, зацыкленая гісторыя пра дзяўчыну і мора.

Абодва відэапраекты шматслойныя і метафарычныя, хутчэй перформансныя, чым сюжэтныя. Яны дапаўняюць адчуванне творчай напружанасці, дадатковага слоя рэчаіснасці, якім прасякнута ўся экспазіцыя арт-праекта.

«Каптарунскія хронікі», зманціраваныя Аляксеем Яршэвічам з фотаздымкаў Дзіны Даніловіч і Вольгі Кірылавай, — частка, якая павінна была з’явіцца ў падобнай экспазіцыі, паказвае дэталі пленэра, аўтараў падчас працы і камунікацыі, адкрывае ўнутраны, вываратны бок творчага працэсу.

Каптаруны — месца незвычайнае. Арт-вёска прыцягвае ўвагу многіх творцаў, акумулюе і раскрывае крэатыўнасць, дапамагае сканцэнтравацца на назапашаных ідэях і сфармуляваць новыя. Мастацкі досвед, атрыманы на пленэры, некаторыя аўтары вынеслі далёка за межы Каптарунаў. Геній месца суправаджае мастакоў у пошуку ідэй, геній згубленасці — у спробах канцэнтрацыі на іх.

Дар’я СМІРНОВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?