Вы тут

Таямніцы аднаго здымка


Багдановічазнаўчы напрамак пошукаў аўтара гэтых радкоў ужо некалькі дзесяцігоддзяў звязаны з апрабацыяй розных алгарытмаў навукова-даследчай дзейнасці. Таямнічы фотаздымак — адзін з цікавых сюжэтаў, разгорнутых у часе.


Навучэнцы Рыбінскай мужчынскай гімназіі. 1902 г.  З прыватнага збору М. Труса.

Яшчэ ў 1999 годзе масквічка Ніна Дзябольская даслала мне, у той час дырэктару Літаратурнага музея М. Багдановіча, ліст, у якім, сярод іншага, паведамляла: «Разбіраючы фотаздымкі, я натрапіла на адзін, на якім зняты 4-ра маладых людзей у гімназічнай форме (я іх не ведаю) і на адвароце на беларускай напісаны алоўкам “Звуци”. Вершы не вельмі разборлівыя, паміж надрукаваных я не знайшла іх».

Адзначым, Ніна Дзябольская — пляменніца бліжэйшага сябра Максіма Багдановіча ў Яраслаўлі. Менавіта яму прысвечаны верш-пасланне «Д. Д. Дзябольскаму» («***Быць можа, пуціна жыцця // Лягла пярсцёнкам, друг…»). Дзіядор Дзмітрыевіч, гісторык індыйскай філасофіі, пакінуў каштоўныя ўспаміны пра класіка беларускай літаратуры.

Напрамак ідэнтыфікацыі асоб, зафіксаваных на фотаздымку, па лініі сям’і Дзябольскіх, біяграфічна звязаных з Рыбінскам і Яраслаўлем, стрыножваўся (але не спыняўся цалкам) прызнаннем уласніцы архіва: «…я іх не ведаю». Сапраўды, знешняга падабенства з партрэтнымі выявамі, што захоўваюцца ў фондах Літаратурнага музея М. Багдановіча, няма. Унізе тытульнай старонкі фотаздымка алоўкам пазначаны год з дрэнна чытальнай апошняй лічбай — 1902 або 1908. І падказка, і чарговая загадка…

Расшыфроўцы пакінутага «на потым» паспрыяў час, тэхнічны прагрэс і магчымасці мабільных кансультацый з краязнаўцамі з Рыбінска і Яраслаўля. У выніку адзін з маладых людзей (трэці злева на фотаздымку) ідэнтыфікаваны як Давыд Залатароў (1885—1935), рускі этнограф і антраполаг, у пачатку ХХ ст. захоплены рэвалюцыйнымі ідэямі (распаўсюджваў ленінскую «Искру»). Паводле ўспамінаў Адама Багдановіча, бацькі паэта, браты Аляксей і Давыд Залатаровы завітвалі да Максіма і «захавалі аб ім добрую памяць».

Пры вызначэнні года фотаздымка лагічна спыніцца на 1902-м, калі Давыд завяршаў сваё навучанне ў Рыбінскай мужчынскай гімназіі. (Прыналежнасць менавіта да гэтай адукацыйнай установы спраўджана ў адпаведнасці з адметнасцямі гімназічнай формы.)

Асобная пошукавая гісторыя звязана з вершаваным тэкстам, запісаным алоўкам на адвароце здымка. Відавочна, што гэта не беларуская, а балгарская мова.

 Першапачатковыя кансультацыі з беларускімі балгарыстамі выніку не далі, аўтар верша не высветлены. Цяпер, дзякуючы сеціўнай даступнасці бібліятэк розных краін, тэкставая таямніца адкрылася, але толькі часткова. Як высветлілася, верш «Звуци» належыць пяру класіка балгарскай літаратуры Івана Вазава (1850—1921), вядомага ў нас найперш сваімі эпічнымі палотнамі, прысвечанымі нацыянальна-вызваленчай барацьбе славянскага народа супраць асманскага панавання. Твор быў апублікаваны ў зборніку «Гусла» (Плоўдзіў, 1881).

Тэкст на адвароце здымка адрозніваецца ад сучаснай літаратурнай рэдакцыі, нават на ўзроўні назвы: «Звуци» / «Звукове». І гаворка не толькі пра фіксацыю пэўнага этапу кадыфікацыі балгарскай мовы. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. верш не быў перакладзены ў Расіі. Абапіраючыся на знойдзены тэкст з яго відавочнымі адрозненнямі ад арыгінала, можам меркаваць пра своеасаблівае хаджэнне верша ў асяродку рускай моладзі, закранутай славянафільскімі ідэямі, прасякнутай сімпатыямі да праваслаўнага балгарскага народа. Балгарскія землі атрымалі правы аўтаноміі ў складзе Асманскай імперыі пасля паразы Турцыі ў вайне з Расіяй 1877—1878 гадоў. Падзеі адбіліся на грамадскіх настроях у Расійскай імперыі, знайшлі сваё адлюстраванне ў рускай літаратуры.

Тэксталагічны (супастаўляльны, кантэкстуальны) аналіз — тэма для спецыяльнага даследавання. Гэтым разам прапануем верш Івана Вазава, адметны сваім мінорным гучаннем, матывам адзіноты — тыпалагічна блізкімі характарыстыкамі для беларускага паэтычнага самотніка Максіма Багдановіча, у сваім перакладзе — «Гукі»:

Гукі чароўныя звонку ляцяць,

раняць начной парой,

соладка душу вярэдзяць, звіняць,

будзяць пачуццяў рой.

 

Болесна сэрцу, трывожна душы,

гукаў шчымлівы лад.

Памяць вяртае ў начной цішы

любае колькі год назад.

 

Сцішцеся, гукі, водблескі мілыя!

Страціў праз вас спакой!

Спяць курганы, магілы пахілыя,

ціха плачу, о божа ж мой!

Перагорнута яшчэ адна старонка пошукаў. Ёсць вынікі, акрэслены новыя перспектывы даследавання, звязаныя з персанальнымі сюжэтнымі лініямі, міжнацыянальнымі сувязямі, кантэкстуальным вызначэннем беларускага мастацкага слова ў еўрапейскай культурнай прасторы.

Мікола ТРУС

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».