Вы тут

Прыцягальнасць казкі


Кніга «Бася і яе чароўны свет» Надзі Букі выйшла ў Выдавецкім доме «Звязда» яшчэ два гады таму. Зусім нядаўна — у цвёрдай вокладцы, крыху іншым афармленні і на рускай мове — казка пабачыла свет у выдавецтве «Чатыры чвэрці». Выданне з 64 старонак адрасавана дзецям ад 4 да 12 гадоў.


Каштоўнасць любой казкі — адметныя героі. Што тычыцца твора Надзі Букі (што, між іншым, з’яўляецца своеасаблівым працягам першай кнігі мастачкі «Бася і Піглас», якая таксама ўвайшла ў новае выданне), то гэта найперш Піглас — бессмяротная істота, вока з крыламі, якое размаўляе бурбалкамі і жывіцца драўлянымі прышчэпкамі. Натхняе чалавека, засцерагае ад дрэнных учынкаў і сварак (вельмі зручна, ці не так?). Незвычайны персанаж сустракаецца ў большасці карцін аўтаркі. Дапаўняюць яго іншыя героі — Гласпія, якая сілкуецца негатыўнымі эмоцыямі і пачуццямі (аўтар акцэнтуе ўвагу, якімі — злосцю, зайздрасцю, рэўнасцю), Бублас (казачная расліна, можа вылечыць ад любой хваробы — вырастае на месцы, дзе ўпала сляза), Пува, якая харчуецца гузікамі і абараняе чалавека ад начных жахаў... Завяршае гэты россып казачных істот Атыкека — конь з крыламі страказы, які можа размаўляць як чалавек, мае фіялетавы ці ружовы колер у залежнасці ад таго, колькі Атыкека правёў часу ў вадзе або ў палёце. Гэта адзіны тып героя, пры дапамозе якога чалавек можа трапіць у чароўную краіну…

Спецыяльны тлумачальны слоўнік на апошняй старонцы не дасць чытачу, асабліва маленькаму, заблытацца ў персанажах. Сама ж Бася, ці Барбара, як і ў першай кнізе, вучыцца дабрыні і спачуванню блізкім. Дарэчы, галоўную гераіню аўтар назвала так, як і сваю кошку.

Пісьменніца і мастачка стварыла адметнага персанажа Пігласа, непадобнага да іншых, але які невыразна — рысамі характару — нагадвае многіх папулярных, што важна, самых станоўчых герояў. Аднак гэта не хлопчык і не дзяўчынка (як у рэалістычных гісторыях), не герой міфаў і паданняў (як у найлепшых сюжэтах сусветнай літаратуры), не жывёла, надзеленая якасцямі чалавека (галоўны прыём народных казак)… Піглас, вядома, нагадвае птушку, але гэта толькі аўтарскі ход, прыгожая абгортка — каму ж не спадабаецца своеасаблівая чароўная «птушка шчасця»?

У Пігласа, якога ўпэўнена можна залічыць да шэрагу супергерояў, маюцца ўнікальныя здольнасці. Ён можа лётаць, быць нябачным, нечакана з’яўляцца і нечакана знікаць. Толькі ў выпадку з гэтай істотай фізічныя суперздольнасці далёка не галоўныя, бо толькі дапамагаюць ёй выяўляць сваю духоўную моц. Дзіўная істота, па словах Надзі Букі, прыносіць натхненне, дапамагае каханым і тым, хто робіць добрыя ўчынкі. Галоўнае — герой вучыць дзяцей таму, што значыць быць сапраўдным чалавекам. Чытаць мараль, а гэтага дзеці вельмі не любяць, тут не выпадае, таму герой разам з іншымі персанажамі, а значыць, і з чытачом шукае адказ на пытанне, што ёсць дабро і зло.

Дарэчы, Надзея Бука не проста напісала і праілюстравала кнігу. З моманту з’яўлення галоўнага персанажа яна выкарыстоўвае сацыяльныя сеткі, дзе размяшчае фрагменты з твора, ілюстрацыі, фотаздымкі з прэзентацый, спасылкі на артыкулы ў СМІ. Гэта не можа не ўплываць на папулярнасць твора, асабліва сярод дарослых. Пазнавальны ўжо вобраз вока мільгае то тут, то там на выстаўках — анлайн і афлайн. Істотную ролю сыграла і стварэнне, і распаўсюджванне брэндынгавай прадукцыі: Піглас і Бася ў свой час з’явіліся на налепках, закладках, паштоўках і адзенні.

Важны факт: у хуткім часе пасля з’яўлення кнігі ў выдавецтве «Чатыры чвэрці» Надзя Бука пазначыла на сваёй старонцы ў Instagram, якую вядзе на рускай мове: «Адразу агаваруся, што я пісала казку на рускай, і на беларускую мову мне кнігі перакладалі. Проста для мяне было важна першапачаткова бачыць гэтыя кнігі на роднай мове, бо не хапае кніг для дзяцей па-беларуску». Першае, што кідаецца ў вочы, — нявычытанасць гэтага фрагмента тэксту (няхай чытач выбачае, усё ж гэта асабістая старонка аўтара, а не мастацкі тэкст). Другое, вартае ўвагі, жаданне — не проста прычыніцца да літаратурнага працэсу, але і ў пэўным сэнсе паўплываць на яго, зрабіць свой унёсак у распаўсюджванне твораў менавіта на беларускай мове. Ці варта чакаць ад аўтара працягу серыі і якую мову для твораў Надзя Бука абярэ ў будучыні, пакажа час.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.