Вы тут

Студэнт БДУ паехаў у велавандроўку на 4000 кіламетраў па Беларусі


1 ліпеня з Мінска адправіўся ў велавандроўку па Беларусі студэнт БДУ Іван Тужыкаў. Ён задумаў пераадолець прыблізна 4 000 кіламетраў за паўтара-два месяцы, каб наведаць у першую чаргу забытую архітэктурную спадчыну нашай зямлі — замкі, храмы, палацы, сядзібы, капліцы і іншыя збудаванні мінулых стагоддзяў, якія вартыя ўвагі, але не захаваліся ў першасным выглядзе. Напярэдадні старту мы сустрэліся з Іванам, каб задаць яму некалькі пытанняў. Малады чалавек расказаў, што скончыў другі курс геафака, ён будучы гідраметэаролаг.


Сядзіба Катлубаяў у Ястрэмбэлі (Брэсцкая вобалсць). Напрыканцы XIX вядомым яе гаспадар ваенны доктара Генрых Катлубай пабудаваў тут сапраўдны палац са сваёй дамавой царквой. Архітэктура маёнтка была арыгінальная для таго часу. Палац меў 18 пакояў, сцены якіх былі распісаны на тэмы антычных паданняў і ўпрыгожаны цудоўнай ляпнінай. На тэрыторыі маёнтку знаходзіліся два флігелі па 12 пакояў у кожным, гаспадарчыя прыбудовы, бровар, вінакурня. Пасля Вялікай Айчыннай вайны тут месціліся дзіцячы дом, школа-інтэрнат, кадэцкі корпус.

— Калі задумаў вандроўку?

— Два гады таму. Тады ўпершыню ў жыцці праехаў на ровары 155 кіламетраў — ад Мінска да Нарачы, і зразумеў, што кожны дзень па 100 кіламетраў можна ехаць і тысячу, і дзве тысячы. Даведаўся, што ёсць людзі, якія праязджалі 4-5 тысяч кіламетраў. У Гомелі жыве чалавек, які на ровары даехаў да Уладзівастока. Дык чаму б гэта не сумясціць з наведваннем дарагіх майму сэрцу руін, не зафіксаваць тое, чаго праз некаторы час можа не стаць, магчыма, прыцягнуць да праблемы ўвагу іншых людзей?

Напярэдадні мяркуемай паездкі Іван Тужыкаў у якасці трэніроўцы праехаў разам з вопытным велавандроўнікам Антонам каля 120 кіламетраў у бок Смалявічаў. Яны намерана шукалі бездараж, пераходзілі вадаём у брод, ехалі па палях. Адзнака інструктара Івану: «выдатна».

Летась я зняў відэаролік, прысвечаны архітэктурнай спадчыне, якая захавалася часткова, ён размешчаны на маіх акаўнтах у сацыяльных сетках. Тады планаваў ажыццявіць дадзеную вандроўку, але не атрымалася. У фільме аб'яднаў усё, што ўбачыў на працягу года: рэшткі царквы святых Пятра і Паўла ў Старынках Дзяржынскага раёна, палац Хмараў у Сёмкаве, картэзіянскі манастыр у Бярозе, сядзібу Кастравіцкіх на Шчучыншчыне, Брэсцкую крэпасць, капліцу і сядзібу Рэйтанаў пад Ляхавічамі, руіны палаца Манюшкаў-Маньковічаў у Смілавічах.

Першапачатковы маршрут Івана: Мінск — Баранавічы — Пінск — Бяроза — Кобрын — Брэст — Камянец — Гродна... і далей па руху стрэлкі гадзінніка па Беларусі. Усяго 450 прыпынкаў, сярод якіх шмат руін, замкаў, цэркваў, астравоў, дзе некалі была цывілізацыя

У першыя пяць дзён сваёй вандроўкі Іван адзін праехаў больш за 350 кіламетраў: Гарадзішча — Строчыцы — Дзяржынск — Стоўбцы — Мір — Нясвіж — Сноў — Баранавічы — Ястрамбель — Альберцін — Слонім. Пра юцкаўскія крыніцы ў Дзяржынскім раёне напісаў: «Рэчышча змянілася за год, сляды апоўзняў, паваленыя дрэвы, халодная вада ў цясніне, якая сілкуецца крыніцамі. Мой рэкамендасьён».

Сядзіба Пуслоўскіх «Альберцін» у Слоніме.

На чацвёрты дзень нечакана для сябе хлопец убачыў руіны млына з часткова захаваным механізмам, колішні гасціны дом, сядзібу і лядоўню ў вёсцы Завушша. Гэта маёнтак Мараўскіх, пабудаваны ў ХVІІІ стагоддзі. Дарэчы, жонка заснавальніка сядзібы Ігната Мараўскага — Тэафілія Радзівіл, сястра Караля Станіслва Радзівіла, Пане Каханку.

Самы стары маёнтак на Беларусі — Вялікая Ліпа ў Нясвіжскім раёне (Мінская вобласць). Належыў Абуховічам на працягу 400 год. Да нашых дзён захаваліся толькі гаспадарчыя пабудовы. На фота — унікальная для Беларусі брама-стайня, пабудавана напачатку ХІХ ст у стылі нэаготыкі. Бакавыя ўваходы яе ўпрыгожаныя барэльефамі ў выглядзе рыцараў, падлога — з брукаванкі. Калісьці брама мела невялікую вежу са шпілем.

Ігнат і Тэафілія пабраліся шлюбам у 1770 годзе і тады ж распачалі ў мястэчку Завушша будаўніцтва. Матэрыялам для дома і двух флігеляў («афіцын») паслужыла лістоўніца. Дом, размешчаны ў самым цэнтры маёнтка, называўся «чырвоным» і складаўся з аднаго і двух паверхаў па цэнтры. Двухпавярховы будынак упрыгожвалі порцік і чатыры калоны тасканскага ордара. З тэрасы дома можна было выйсці ў парк, які ўяўляў з сябе дзве доўгія ліпавыя алеі, размешчаныя паралельна. Кожную дарожку ў канцы ўпрыгожвалі невялікія пляцоўкі і столікі для адпачынку паблізу ракі Уша. Газоны парку прыцягвалі ўвагу ўнікальнымі сартамі раслін, якімі любаваліся і гаспадары, і госці сядзібы. У 1785 годзе тут гасцяваў Станіслаў Панятоўскі, а ў 1818-м Тэафілія Мараўская прымала ў сваім маёнтку імператара Аляксандра І.

Свіран у Вялікай Ліпе.

Той жа дзень падарыў Івану Тужыкаву знаёмства з рэшткамі флігеля і адзінай у Беларусі брамай-стайняй у Вялікай Ліпе на Нясвіжчыне. Апошняя была пабудавана ў пачатку ХІХ стагоддзя ў стылі неаготыкі. Бакавыя ўваходы яе ўпрыгожаны барэльефамі ў выглядзе рыцараў, падлога — з брукаванкі. Калісьці брама мела невялікую вежу са шпілем.

Другі этап змененага маршруту: Зараз Іван едзе па ім: Баранавічы — Пінск Бяроза — Кобрын — Брэст — Белавежская пушча — Гродна.

За Слонімам вандроўка прыпынілася на пяць дзён, Іван вярнуўся ў Мінск, і 11 ліпеня працягнуў свой праект. На гэтым этапе ён задумаў праехаць на ровары каля 650 кіламетраў: Баранавічы — Крывошын — Выганашчы — Пінск — Бяроза — Брэст — Каменец — Белавежская пушча — Ваўкавыск — Гродна.

Вайсковыя могілкі часоў Першай сусветнай вайны ў вёсцы Дубае пінскага раёна Брэсцкай вобласці, дзе маюцца пахаванні абодвух бакоў.

11 ліпеня было пераадолена каля 70 кіламетраў. Цікавыя прыпынкі — месца, дзе стаяў калісьці Ляхавіцкі замак, пахавальня Рэйтанаў, Крывошын. На наступны дзень — Пінск, які вельмі ўразіў.

Цэнтральная брама сядзібнага комплексу ў вёсцы Пескі Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобалсці. Перашя плдаова XIX стагоддзя.

«Пінск! Арганізм адпачывае, мозг атрымлівае асалоду ад прыгожага цэнтра горада, а я танцую з камерай вакол прыгожых будынкаў. Так, недарэмна кажуць, што Пінск — гэта мініяцюрны Гродна, — напісаў Іван на сваёй страніцы ў сацыяльных сетках. — Гораду ёсць куды расці. Упэўнены, у недалёкай будучыні яму вернуць ратушу, а па рацэ зноў будуць плаваць гандлёвыя караблі. Прынамсі, людзей, якія здольныя, жадаюць зрабіць горад лепшым, у Пінску дастаткова».

Капліца Рэйтанаў у вёсцы Грушаўка Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці.

Гаспадарчыя пабудовы сядзібнага комплексу Рэйтанаў.

Стайні ў Вялікіх Навасёлках Дзяржынскага раёна Мінскай вобласці. Сядзіба Кастравіцкіх.

У наступныя дні велавандроўнік пабываў у Дубым (вёска пад Пінскам), дзе расце 450-гадовы дуб, ёсць капліца, старажытныя могілкі і руіны сядзібнага дома. Наступны прыпынак — вёска Пескі Бярозаўскага раёна, дзе захавалася сядзібная брама. На 12-ы Іван здымаў картэзіянскі манастыр у Бярозе. Гэтай жамчужыне архітэктурнай спадчыны нашай краіны малады падарожнік прысвяціў асобны пост. 19 ліпеня Іван Тужыкаў ужо быў у Брэсце і планаваў накіравацца ў Гродна. Наперадзе яшчэ вялікі шлях і абяцанне новых сустрэч з малазнаёмай, але вартай асаблівай увагі, любові, гонару і клопату Беларуссю.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Фота Івана ТУЖЫКАВА

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках