Вы тут

Зацікаўленасць і ўпартасць з экалагічным ухілам


Уладальніца залатога медалю на прэстыжным міжнародным конкурсе навуковых праектаў вучняў ІNTOC-2021 у Турцыі, адна з пераможцаў міжнароднага конкурсу экалагічных праектаў Іnternatіonаl Scіence and Іnventіon Faіr 2020 у Інданезіі — усё гэта пра 17-гадовую Кацярыну МАМАЕВУ, выпускніцу Бараўлянскай сярэдняй школы. Дзяўчына ўжо абрала прафесію — яна паступае ў Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт на лячэбны факультэт. А пакуль яшчэ ёсць час на адпачынак, мы спыталі ў яе пра навуковую дзейнасць і асабістыя якасці, якія дапамагаюць дабівацца добрых вынікаў.


— Маё захапленне навукай пачалося ў дзявятым класе, калі нам, школьнікам, прапанавалі з'ездзіць і пазнаёміцца з дзейнасцю Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства. У школе мне былі цікавыя біялогія і хімія, таму адчула, што хачу займацца гэтымі дысцыплінамі больш паглыблена. Абрала кірунак «Генетыка і селекцыя». Маім навуковым кіраўніком стаў кіраўнік лабараторыі Іван Анатолевіч Рускіх. Лічу яго цудоўным педагогам, які заўсёды гатовы дапамагчы сваім вучням. Першым праектам стала вывучэнне мікрафлоры хлеба. Праз некаторы час захацелася ўзяць нешта больш складанае, таму сышла ў мікрабіялогію, біятэхналогіі. Прыязджала ў цэнтр, калі толькі магла. Былі моманты, калі не ўдаваўся нейкі эксперымент і даводзілася нешта перарабляць, але я заўсёды брала сябе ў рукі з упэўненасцю, што ўсё атрымаецца. Побач са мной заўсёды былі мае бацькі, сябры, якія мяне падтрымлівалі.

Работа над апошнім праектам доўжылася год і была прысвечана вывучэнню бактэрый, якія засяляюць унутраныя тканкі раслін моху. Мы абралі пераважна групу тых з іх, якія здольныя фіксаваць атмасферны азот — яны называюцца азотфіксатары. Пры выкарыстанні прэпаратаў на аснове такіх штамаў можна знізіць колькасць азотнага ўгнаення, патрэбнага для апрацоўкі культурных раслін. Гэта з'яўляецца перспектыўным кірункам, паколькі атрыманыя біяпрэпараты будуць нашмат таннейшыя, чым альтэрнатыўныя варыянты, да таго ж яны здольныя стымуляваць рост раслін, засцерагаць іх ад хвароб, хутка дастаўляць ім азотнае або фосфарнае сілкаванне.

Менавіта з гэтай даследчай работай — «Вывучэнне азотфіксуючых эндафітных бактэрый для стымуляцыі росту раслін» — Каця выступала на міжнародным конкурсе навуковых работ у Турцыі, які, дарэчы, праводзіўся сёлета ўпершыню. Ён аб'яднаў больш за 300 удзельнікаў з 21 краіны свету, якія прэзентавалі свае праекты па фізіцы, інжынерыі, матэматыцы, прыкладных навуках аб жыцці, навакольным свеце і сацыяльных навуках.

— Спачатку прадставіла праект на рэспубліканскім узроўні, там атрымала дыплом другой ступені. Затым прыйшло запрашэнне паўдзельнічаць на міжнародным, я вельмі ўзрадавалася. Спачатку было хваляванне, потым прыйшло натхненне. Самастойна працавала над праектам, таму добра ведала, як найбольш удала расказаць аб ім. Конкурс доўжыўся два тыдні. Ішла туды з мэтай паказаць тое, як мне падабаецца займацца навуковай дзейнасцю па такім кірунку: калі здымаю відэаролікі пра свой праект, раблю справаздачу, ствараю постары, — для мяне гэта не руцінная праца. Калі б нават не заняла прызавое месца, не знервавалася б, таму што лічу — я зрабіла ўсё, што хацела і магла. Мне ўдалося здзівіць журы дзякуючы вялікай грунтоўнай рабоце, упэўненасці ў сваіх сілах і любові да таго, што раблю. Кожны з экспертаў пахваліў, прызнаюся, гэта вельмі прыемна. Штамамі, якія мы выдзелілі падчас даследчай работы, ужо зацікавіліся некаторыя інстытуты, мы перададзім іх, для таго каб спецыялісты правялі больш глыбокі аналіз, больш шырокае тэсціраванне на патагенную і іншыя ўласцівасці, каб біяпрэпараты былі цалкам бяспечныя для раслін, навакольнага асяроддзя і чалавека.

Што датычыцца конкурсу экалагічных праектаў Іnternatіonаl Scіence and Іnventіon Faіr 2020, то ён стаў для Кацярыны першым маштабным. «Гэта былі мой першы залаты медаль і першыя хвалюючыя незабыўныя эмоцыі. Вывучала эндафітныя бактэрыі, якія знаходзяцца ўнутры тканак дзікарослых дэкаратыўных раслін. І пасля на падставе атрыманых вынікаў распрацоўваліся біяпрэпараты. Веды, якія атрымала падчас работы над праектамі, безумоўна, спатрэбяцца як у жыцці, так і ў далейшай вучобе ва ўніверсітэце».

Каця кажа, што дабівацца добрых вынікаў па жыцці ёй дапамагаюць мэтанакіраванасць і трываласць. «Калі нешта пойдзе не так, я пачну рабіць гэта наноў. Не магу пакінуць справу на палове шляху, заўсёды даводжу яе да канца. Значнай падзеяй стала ўзнагарода нагрудным знакам «Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў». Дадзеная акалічнасць дазваляе мне без уступных экзаменаў паступіць у любую ВНУ нашай краіны з біялагічным ухілам».

Дар'я ШЛАПАКОВА

Фота з архіва гераіні

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.