Вы тут

Кніжны гасцінец. Рэкламшчыкі, бабры і іншыя звяры


Дзіцячы атлас Беларусі. Звяры. «Мастацкая літаратура», Мінск, 2021.


Вы ведалі, які самы буйны звер Беларусі, а які самы маленькі? На колькі метраў можа скочыць рысь падчас атакі і якой даўжыні рыюць норы бабры? Разам з дзіцем вы можаце пра ўсё гэта (і яшчэ шмат чаго іншага) даведацца, а заадно яшчэ больш спазнаць родную зямлю. Выдатная серыя беларускіх дзіцячых атласаў працягваецца… У ранейшых выпусках распавядалася пра выдатных людзей нашай гісторыі, пра замкі і помнікі, легенды і паданні, а таксама птушак, якія ў нас жывуць. Цяпер прыйшоў час пазнаёміцца са светам звяроў. Дзякуючы складальніцы Паліне Грынчанцы ў кнізе сабрана шмат захапляльных фактаў — і не толькі пра звяроў Беларусі. Паколькі гэта атлас, чытачу прапануецца азнаё- міцца з жывёльным светам у звязцы з картамі, ад вобласці да вобласці, а таксама, дзякуючы слоўнічкам, папоўніць свае веды спецыяльнымі тэрмінамі, такімі як «інтрадуцэнт» і «лёхі». Многія чулі пра каня Пржавальскага, адкрытага падарожнікам беларускага паходжання ў далёкіх стэпах... А вось з 2007 года гэты конь родам з Кітая і Манголіі пасяліўся ў Палескім радыяцыйна-экалагічным запаведніку.

«Былыя ворныя землі ў запаведніку ператварыліся ў лугі, дзе коні пасвяцца круглы год. Узімку жывёлы наведваюць закінутыя вёскі, сілкуюцца яблыкамі і грушамі здзічэлых пладовых дрэў. Ядуць таксама галінкі і парасткі маладых бярозак, хвоі, кустоў. На адпачынак уладкоўваюцца ў пустых камяніцах кароўнікаў, свінакомплексаў. Пасвяцца і робяць пераходы звычайна ўначы; удзень адпачываюць на ўзвы-шэнні для лепшага агляду наваколля. На час сну коні збіраюцца ў кола галовамі ўсярэдзіну, унутр змяшчаюць жарабят».

Ці не праўда, з гэтага апісання атрымалася б яскравая дэталь для мастацкага твора пра сучасную Беларусь?

На ілюстрацыях можна ўбачыць, і як начуюць кажаны, і як уладкавана бабровая хатка, а ў канцы — забавіць маленькага чытача беларускімі загадкамі, прыказкамі і прымаўкамі пра жывёл. Раю ўсім, у каго ў доме ёсць дзеці, збіраць поўную серыю гэтых атласаў.


Фрэдэрык Бегбедэр. 99 франкаў. «Азбука», Масква, 2020.

Калі дваццаць гадоў таму з'явіўся гэты раман, ён адразу стаў бестселерам... А аўтар дамогся таго, дзеля чаго пісаў: яго звольнілі з ненавіснага рэкламнага агенцтва, узамен прываліла літаратурная слава. Столькі атруты ў сваю сацыяльную сатыру замешваў мала хто... Свет спажывання, вечны падман з боку вытворцаў, навязаныя сродкамі масавай інфармацыі каштоўнасці... Фрэдэрык Бегбедэр выглядаў наватарам не таму, што да яго ніхто не крытыкаваў свет нажывы — а таму, што валодаў фактурай рэкламнага бізнесу, таму засыпаў чытача пазнавальнымі і ўражальнымі дэталямі. «Фірма «Барбі» прадае дзве лялькі ў секунду ва ўсіх краінах свету. 2,8 мільярда насельнікаў нашай планеты жывуць менш чым на два долары ў дзень. 70 % людзей не маюць тэлефона, а 50 % жывуць у дамах без электрычнасці». І на гэтым фоне — фарсы, як цынічныя рэкламшчыкі здаюць свае ролікі тупым багацюткім заказчыкам. Карацей, у чытача ўражанне, што яму адкрываюць вочы на сусветную змову. Сёння раман пераасэнсоўваюць, кажуць пра некаторую наіўнасць, пошлыя жарты і псіхалогію падлетка, які злуецца на ўсіх... Тым не менш раман з гісторыі літаратуры ніхто не выкіне, пры ўсім яго «шакавальным кантэнце». У твора Бегбедэра з'явілася шмат пераймальнікаў. Бо навучыцца крытычна мысліць — ніколі не лішняе: паглядзіце, як хітра вам прадаюць «патрэбныя» ёгурт, шампунь, аўтамабіль, эталон жаночай прыгажосці... І падумайце, чаму людзі, якія маюць усё, пра што вы толькі марыце, — той жа герой рамана Актаў — такія нешчаслівыя... Разумныя людзі, якія паддаюцца спакусе камфортнага існавання, аддаюць талент на службу сусветнаму Молаху, гінуць як асобы. «Я рэкламіст: так-так, гэта менавіта я засмечваю навакольнае асяроддзе. Я — той самы тып, што прадае вам рознае лайно. Той, што змушае вас марыць аб рэчах, якіх у вас ніколі не будзе. Аб вечна блакітных нябёсах, аб нязменна спакуслівых красунях, аб ідэальным шчасці, прыхарошаным у Photoshop'e. Залізаныя малюнкі, модныя матыўчыкі. Але калі вы, зацягнуўшы паясы, збераце грошыкі і купіце нарэшце машыну — мяжу вашых мараў, яна маімі намаганнямі даўно-даўно выйдзе з моды... Зрабіць так, каб вы ўвесь час слінкі пускалі — вось яна, мая найвышэйшая мэта».

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ.

Выданні для агляду прадстаўлены кніжнай крамай «Акадэмічная кніга», Мінск, пр-т Незалежнасці, 72.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?