Вы тут

Як развіваецца гродзенскі горад-спадарожнік Скідзель, дзе сёлета адбудуцца абласныя «Дажынкі»


Да фестывалю працаўнікоў сельскай гаспадаркі Гродзеншчыны тут пачалі рыхтавацца яшчэ летась. Можна сказаць, што горад амаль поўнасцю гатовы да галоўнага свята хлебаробаў, якое мае адбыцца ў верасні.


Праехаўшы 30 кіламетраў з абласнога цэнтра, мы з фотакарэспандэнтам накіраваліся ў афіцыйную частку Скідзеля. Выконваючы абавязкі старшыні гарадскога выканкама Віктар Кемяжук адзначае, што да фестывалю многае зроблена. І мы можам самі ў гэтым упэўніцца.

Праз дарогу цэнтральны гарадскі сквер сустракае жаданай прахалодай. Працуе фантан. Месца адпачынку абнавілася — поўнасцю замянілі тратуарную плітку, устанавілі драўляную альтанку з падсветкай.

Насупраць, побач з будынкам гарвыканкама, модульная сцэна. Тут традыцыйна праходзяць усе знакавыя мерапрыемствы Гродзенскага раёна. Скідзель — культурная сталіца рэгіёна. Адно з апошніх свят, якое тут прайшло, — Дзень моладзі. У мерапрыемствах, як правіла, задзейнічаны і парк. Вакол яго выстаўляюцца гандлёвыя пункты розных прадпрыемстваў і вытворцаў.

Складвалася думка, што і абласныя «Дажынкі» таксама будуць святкавацца на гэтай сцэне. Але для фестывалю абрана іншае месца. І менавіта туды мы едзем з кіраўніком гарадской улады.

Віктар Віктаравіч адразу звяртае ўвагу на дарогі. Зразумела, чаму менавіта дарогі выклікаюць клопат. Яны ў першую чаргу сведчаць аб добраўпарадкаванні населенага пункта. Таму дадзены аспект найперш улічаны пры падрыхтоўцы да абласнога фестывалю. Замена дарожнага палатна адбылася на многіх гарадскіх вуліцах.

Па новым асфальце едзем да будучага месца правядзення свята. Адлегласць ад цэнтра да лакацыі даволі значная. На аўтамабілі дарога займае хвілін дзесяць. Такая расцягнутасць горада склалася з-за ўмоў развіцця прамысловых зон. Акрамя таго, праз горад праходзіць траса М6.

— Спецыфіка Скідзеля такая, што ён мае некалькі частак. Адзін з самых старых раёнаў — каля чыгуначнай станцыі. Раней ён знаходзіўся на адлегласці ад цэнтра, але паступова разбудаваўся і амаль што прымыкае да яго. Есць пасёлак бройлернай фабрыкі, ёсць асобны масіў новай жылой забудовы, — растлумачыў Віктар Кемяжук.

А вось раён, куды мы накіроўваемся, — ад цукровага камбіната. Яго будаўніцтва вялося разам з жылым кварталам, дзе засяляліся будаўнікі і работнікі завода. Гэты вытворчы анклаў мае і сваю сацыяльную інфраструктуру, у тым ліку даволі велічны Дом культуры. Менавіта ў ім і плануецца правесці ўрачыстае адкрыццё і ўзнагароджанне перадавікоў сельскай гаспадаркі. Аб'ект капітальна адрамантавалі.

Прыемна ўразіў стары парк. Па словах кіраўніка горада, многім дрэвам, а гэта пераважна клёны, па сто і больш гадоў. Разам з тым, парк выглядае па-сучаснаму. Работы па добраўпарадкаванні вяліся ў рамках падрыхтоўкі да «Дажынак». У выніку з'явіліся новыя газоны, дарожкі, ліхтары і лаўкі. У цэнтры, на месцы былой танцпляцоўкі, устаноўлена беласнежная ратонда з гербамі раёнаў Гродзенскай вобласці.

Віктар Кемяжук расказвае, што значная ўвага аддавалася вуліцам. Капітальна адрамантавалі Кірава і частку Клубнай. Поўнасцю мадэрнізавана асвятленне, замянілі інжынерна-тэхнічную і дарожную інфраструктуры, з'явіліся веладарожкі, газоны, аўтамабільная стаянка, агароджы. Будынак старога ўнівермага, які не так даўно выкуплены прыватным інвестарам, таксама абновіцца. Ён знаходзіцца якраз у зоне святочных мерапрыемстваў. Парк і клуб — галоўныя лакацыі свята.

— Пакуль канкрэтная дата не вызначана, — паведаміў Віктар Кемяжук. — Вядома толькі, што свята адбудзецца ў верасні. Раней «Дажынкі» праводзіліся ў лістападзе і былі прымеркаваны да прафесійнага свята работнікаў сельскай гаспадаркі і харчавання. Але сёлета вырашылі правесці мерапрыемства раней, падчас спрыяльнага надвор'я і заканчэння жніва. Пайшлі насустрач пажаданням людзей. Гэта добры час для адпачынку.

На шляху ад старога цэнтра горада да мікрараёна цукровага камбіната звяртаюць на сябе ўвагу вялікія муралы на сценах шматпавярховікаў. Большасць з іх — на сельскагаспадарчую тэму. На адным — вялікая выява трактара «Беларус», размешчана яна на будынку сельскагаспадарчага ліцэя. Гэты мурал — своеасаблівая падзяка Мінскаму трактарнаму заводу, які падарыў ліцэю сучасную энерганасычаную тэхніку. Непасрэдна на месцы правядзення фестывалю красуецца маляўнічае пано з дзяўчынай, буслам і полем.

Трэба сказаць, што Скідзелю апошнім часам удзяляецца значная ўвага. Горад у 2014 годзе атрымаў статус спадарожніка Гродна. Гэта прадугледжвае перамяшчэнне сюды вытворчых патокаў, што, у сваю чаргу, пацягне развіццё транспартнай лагістыкі. Напрыклад, пуск электрычкі. Для развіцця бізнесу ў сельскай мясцовасці і малых гарадах маюцца падатковыя льготы тэрмінам на пяць гадоў. Апошняе таксама паспрыяе развіццю горада.

Скідзель будуецца ў адпаведнасці з генеральным планам, які распрацаваны 20 гадоў таму. Сёння вядзецца забудова шматпавярховікаў па вуліцы Савецкай. Тут узводзіцца і трохпавярховы дзіцячы садок амаль на 200 месцаў. У планах — здаць яго да канца года. Для горада аб'ект вельмі актуальны, яго ўсе чакаюць. На сённяшні дзень ён вырашыць праблему з уладкаваннем дзяцей у дашкольную ўстанову, бо горад расце. Амаль увесь мікрараён — гэта маладыя сем'і, якія крэдытуюцца на льготных умовах. Пяць шматпавярховікаў на чатыры пад'езды ўжо здадзеныя, да завяршэння мікрараёна плануецца пабудаваць яшчэ два. Усе дамы заселеныя, чарга на жыллё крыху большая за 500 чалавек, таму ёсць неабходнасць працягваць будаўніцтва. У другім мікрараёне па вуліцы Максіма Багдановіча поўным ходам вядзецца будаўніцтва 17 таўнхаусаў.

Новы мікрараён вельмі зручны для пражывання і з пункту гледжання дваровай інфраструктуры. Садок яшчэ будуецца, а вось дзіцячыя пляцоўкі поўнасцю добраўпарадкаваныя. Маецца гульнявы і спартыўны гарадок, які, як выглядае, запатрабаваны ў месцічаў. Такія ж пляцоўкі плануецца ўстанавіць у іншых частках горада. Усе работы вядуцца за кошт раённага бюджэту.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

г. Скідзель

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.