Вы тут

Аляксандр Лукашэнка: Мы павінны быць упэўнены, што прапанаваныя навацыі забяспечаць рашэнне найважнейшых пытанняў


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі праекты важнейшых дакументаў па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўнага кіравання і рэгуляванні гаспадарчых адносін.


Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў нараду з кіраўніцтвам Савета Міністраў. Удзельнікі сустрэчы абмяркоўваюць праекты найважнейшых дакументаў па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўнага кіравання і рэгуляванні гаспадарчых адносін.

У пачатку сустрэчы кіраўнік дзяржавы нагадаў, што адзін з накірукаў дзейнасці Прэзідэнта — гэта заканатворачасць, якая выяўляецца ў падпісанні законаў і падзаконных актаў — дэкрэтаў, указаў, распараджэнняў Прэзідэнта і гэтак далей. «Думаю, што гэта добрая практыка збірацца разам з вамі, каб разгледзець найбольш важныя і актуальныя нарматыўна-прававыя акты. Некаторыя законапраекты, якiя ўносяцца на разгляд Прэзідэнтам, маюць патрэбу ў дадатковай інфармацыі, перш чым іх падпісаць. І ў такім коле на самым высокім узроўні мы можам канчаткова прыняць рашэнне быць гэтаму акту, указу Прэзідэнта або не быць», — звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўсіх прысутных. 

Ён звярнуў увагу, што па тэме ўдасканалення сістэмы дзяржаўнага кіравання і рэгулявання гаспадарчых адносін унесены шэраг праектаў указаў. 

«І перад падпісаннем ці адхіленнем я хацеў бы з вамі параіцца. Таму запрасіў ключавых прадстаўнікоў вертыкаляў улады. Вы адказваеце за эканоміку. Мае падыходы па большасці з прапаноў вы ведаеце», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Па яго словах, пры абмеркаванні гэтых праектаў на чале павінны стаяць мэтазгоднасць, эканамічная эфектыўнасць і сацыяльная справядлівасць. 

«Я часта кажу, што закон для ўсіх адзіны і закон трэба выконваць, але ўсё ў законе не прапішаш. І ні адна дзяржава яшчэ не змагла прапісаць у сваіх законах усё, чым жыве грамадства і функцыянуе гэтая дзяржава. Таму вельмі часта асабліва судовы корпус, ды і мы, прымаючы рашэнні па вертыкалі, абапіраемся на справядлівасць, — сказаў Прэзідэнт — Напрыклад, вельмі важнае пытанне прыватызацыі. Ды ніхто ж не супраць прыватызацыі, усе хочуць як лепш. Але галоўнае тут пытанне грунтуецца ні на законе, а на справядлівасці. Ці справядліва будзе агульнанароднае прадпрыемства сёння аддаць аднаму чалавеку ў рукі або двум-тром...» 

Пытанне ўтылізацыі і захоўвання радыёадходаў

Адна з ініцыятыў звязана з пытаннямі ўтылізацыі і захоўвання радыеактыўных адходаў. Яны ўтвараюцца ў працэсе эксплуатацыі крыніц іанізуючага выпраменьвання. Па словах Аляксандр Лукашэнкі, гэтыя адходы актыўна выкарыстоўваюцца ў розных сферах дзейнасці: і ў навуцы, і ў медыцыне, і ў прамысловасці, і ў абаронным комплексе.

«У бліжэйшай будучыні мы ўвядзем у эксплуатацыю другі энергаблок Беларускай АЭС, якая стане асноўнай крыніцай радыеактыўных адходаў, што ўтвараюцца ў працэсе яе жыццёвага цыклу. Гэта вельмі небяспечныя і вельмі каштоўныя адходы. І сёння стаіць пытанне, што мы будзем рабіць з гэтым найкаштоўнейшым і вельмі небяспечным таварам.

Як паказвае міжнародная практыка, абарачэнне такіх адходаў патрабуе стварэння адзінай дзяржаўнай сістэмы. Фактычна гэта новая галіна эканомікі», — адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы паведаміў, што ўрадавая міжведамасная група прапануе стварыць спецыяльны дэпартамент па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі і спецыялізаваную арганізацыю. «Яна будзе з’яўляцца нацыянальным аператарам і выконваць функцыі па зборы, перапрацоўцы, захоўванні і захаванні такіх адходаў», -падкрэсліў ён. 

Як патлумачыў падчас нарады міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч, гэтая прапанова ўрада была падрыхтаваная па выніках работы міжведамаснай групы і грунтавалася на некалькіх абставінах. «У краіне ў розных сферах дзейнасці выкарыстоўваюцца крыніцы іанізуючага выпраменьвання, у працэсе эксплуатацыі якіх утвараюцца радыеактыўныя адкіды. Яны пастаўляюцца і захоўваюцца на спецпрадпрыемстве „Экарэс“ Мінгарвыканкама. Тэхналогіі, якія выкарыстоўваюцца на гэтым прадпрыемстве, маральна і фізічна састарэлі. Пункты захоўвання радыеактыўных адходаў, пабудаваныя ў 60-70-х гадах мінулага стагоддзя, патрабуюць мадэрнізацыі, іх нарматыўны тэрмін эксплуатацыі перавышаны», — праінфармаваў міністр.

Знешнеэканамічная дзейнасць і падаткі

Наступнае пытанне — знешнеэканамічная дзейнасць. Савет Міністраў прапануе ўвесці пасады афіцыйных прадстаўнікоў Мінпрама і Мінсельгасхарча ў нашым Пасольстве ў Кітаі, а таксама аптымізаваць штатную колькасць абслуговага персаналу ўсіх замежных устаноў.

«Тая задача, якая была пастаўлена перад урадам і МЗС — аптымізацыя, узмацненне нашай дзейнасці на асноўных напрамках, няхай гэта будзе Расія, Кітай, Індыя — там, куды мы імкнемся і дзе нас прымаюць і чакаюць. І аптымізацыя і гэтых пасольстваў, і іншых, там, дзе ў нас не вельмі атрымліваецца з-за пэўных абставінаў», — канстатаваў беларускі лідар. 

Для поўнай лічбавізацыі уліку, кантролю і выплаты падаткаў, удасканалення падатковага адміністравання прапануецца павялічыць штат Міністэрства па падатках і зборах. «Я хацеў бы пачуць матывацыю, вы ведаеце маё стаўленне не толькі да павелічэння чыноўчага апарата, але і іншых міністэрстваў і ведамстваў», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ўсе прапановы маюць на ўвазе дадатковыя дзяржаўныя выдаткі. Таму, па яго словах, патрэбныя жалезныя гарантыі таго, што яны своечасовыя, без іх не абысціся. «Мы павінны быць упэўнены, што прапанаваныя навацыі забяспечаць рашэнне найважнейшых пытанняў — ад ядзернай бяспекі да нарошчвання экспарту», — абазначыў прыярыэты кіраўнік дзяржавы. 

Прэзідэнт папрасіў асобна спыніцца і патлумачыць, як дадатковыя чыноўнікі МПЗ спросцяць адносіны грамадзян з падатковымі органамі, забяспечаць дэбюракратызацыю гэтай сферы і спрашчэнне падатковага адміністравання.

Стварэнне і дзейнасць холдынгаў 

Яшчэ адзін праект Указа тычыцца карэкціроўкі заканадаўства аб стварэнні і дзейнасці холдынгаў. У яго ўвайшлі палажэнні, накіраваныя на ўдасканаленне прававога статусу холдынгаў, парадку стварэння і функцыянавання, а таксама асаблівасці работы холдынгаў з удзелам дзяржавы. 

«Вы ведаеце маё стаўленне. Заканадаўства не павінна часта змяняцца. І калі мы яго дапаўняем або змяняем, то варта пераканацца, што ўлічана ўсё, і ці патрэбна нам гэта рабіць. Да таго ж пытанні, якія рэгулююцца гэтым праектам, закранаюць вялікую колькасць арганізацый», — заўважыў Прэзідэнт. Ён звярнуў увагу, што ў цяперашні час у дзяржаўным рэестры зарэгістраваныя 95 холдынгаў, якія аб’ядноўваюць 643 прадпрыемствы, што вырабляюць амаль чвэрць прамысловай прадукцыі краіны.

«Таму хацелася б пачуць больш глыбокія ацэнкі таго, што гэта дасць прадпрыемствам. Ці не з’яўляюцца прапановы „адарванымі ад зямлі“? Якая ёсць насамрэч карысць ад іх рэалізацыі?», — пацікавіўся кіраўнік дзяржавы. 

Паслядыпломная падрыхтоўка урачоў

На парадак дня было вынесена пытанне аб пераходзе на новую форму паслядыпломнай падрыхтоўкі ўрачоў-спецыялістаў. Маецца на ўвазе пераход ад ардынатуры да рэзідэнтатуры. 

«Трэба вызначыцца, ці трэба удасканальваць цяперашнюю сістэму, здзяйсняць ломку. Ці не трэба. Абыдземся тым, што ёсць, ці трэба рабіць гэты крок? Але галоўнае — ці да часу гэта. Які ад гэтага мы атрымаем эффект? Пытанне далёка неадназначнае», — падкрэсліў Прэзідэнт. 

Па яго словах, вельмі важнае пытанне, ці не будуць страчаныя лепшыя дасягненні айчыннай школы ў пагоні за чужымі стандартамі? Гэта тычыцца не толькі аховы здароўя, але і адукацыі і іншых сфер. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў пагоні за новымі тэндэнцыямі, трэба захоўваць сваю сістэму і ўдасканльваць яе. 

«Мы часта кажам» ах, глядзіце, за мяжой канстытуцыя такая «, яшчэ штосьці. Вось нам трэба абавязкова ў гэтую „дэмакратыю“ бегчы і абавязкова ў гэтым кірунку рухацца. Потым мінаюць гады, і аказваецца, што мы дарма зрабілі гэтыя крокі», — заўважыў Прэзідэнт. Да прыкладу ён прывёў навацыі ў адукацыі, калі сталі рэфрамаваць савецкую школу, пабегшы за лепшымі ўзорамі, а потым высветлілася, што савецкая адукацыя была нядрэннай. 

«Так і ўрад і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў не ўспрыме на свой кошт, гэта і да яго яшчэ было, а зараз трэба разграбаць), і мы атрымалі пад дзве тысячы на невялікую краіну НУА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі? Цяпер азірнуліся: гэта ж шкода для дзяржавы! Там жа ўжо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Па словах Прэзідэнта, нельга быць рэтраградамі і трымацца за застарэлае, але трэба вельмі асцярожна падыходзіць да рознага роду навацый. «Мы павінны не адставаць, але трэба бегчы ў патрэбным кірунку і заўсёды пралічваць наступствы тых ці іншых крокаў», — канстатаваў ён. 

Рэгуляванне прадпрымальніцкай дзейнасці

У завяршэнні ўдзельнікі нарады абмеркавалі прапановы па рэгуляванні базавых формаў прадпрымальніцкай дзейнасці — індывідуальных прадпрымальнікаў і самазанятасці.

Прэзідэнт нагадаў, што неаднаразова звяртаў увагу на неабходнасць навядзення парадку ў гэтай сферы. У першую чаргу трэба выпрацаваць дакладную сістэму: хто адносіцца да катэгорыі індывідуальных прадпрымальнікаў, чым яны будуць займацца, якія падаткі будуць плаціць. 

«У нас хутка будзе індывідуальных прадпрымальнікаў 12 мільёнаў! У нас народу столькі няма! Мы стварылі каласальны афшор, дзе людзі нічога не плацяць, а ўжо ўсё індывідуальныя прадпрымальнікі — ад журналістаў (прыкладаў мора) да чыноўнікаў», — заўважыў кіраўнік дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка акцэнтаваў увагу на сваім патрабаванні разабрацца з выплатамі зарплаты ў канвертах. «Сістэма павінна працаваць так, каб нават найменшай перадумовы для выплаты заробкаў у канвертах не было. Ведаю, што ў гэтым плане ідзе актыўная работа, але я хачу, каб бізнесмены, прадпрымальнікі мяне пачулі, што мала потым не падасца і крыўдзіцца потым не трэба. Сыход ад падаткаў і ценявы абарот у сферы гандлю і паслуг недапушчальныя», — канстатаваў ён.

Беларускі лідар падкрэсліў, што разам з тым падатковыя паслабленні для асобных катэгорый самазанятых грамадзян магчымыя. Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што ні ў якім разе нельга душыць ініцыятыву грамадзян. 

«Людзі хочуць працаваць, зарабляць. Таленавіты чалавек піша карціны, пляце кашы або робіць тое, што робяць адзінкі ў нашай краіне. Такіх людзей трэба заўсёды падтрымліваць і ў плане паслабленняў падатковага заканадаўства, каб людзі плацілі проста зусім невялікія падаткі і займаліся сваім рамяством, рамесніцтвам, — сказаў ён. 

Кіраўнік дзяржавы паставіў ураду задачу яшчэ раз узважыць, разам з парламентарыямі, профільнымі ведамствамі і мясцовымі органамі ўлады комплексна прапрацаваць усе аспекты.

«Да гэтай тэмы трэба падысці вельмі адказна, прааналізаваць ўсе рызыкі -для занятасці, напаўняльнасці бюджэту і сітуацыю ў рэгіёнах. Калі спатрэбяцца глабальныя змены ў заканадаўстве, то неабходна азначыць этапы яго рэфармавання», — сказаў Аляксандр Лукашэнка. 


Каментарый у тэму

Падрабязнасці нарады ў Прэзідэнта — з першых вуснаў

Пасля нарады з прэзідэнтам, дзе былі абмеркаваныя праекты найважнейшых дакументаў па ўдасканаленні сістэмы дзяржаўнага кіравання і рэгуляванні гаспадарчых адносін, удзельнікі расказалі журналістам, аб чым канкрэтна ішла гаворка.

Тым, хто працуе сумленна, патрэбныя простыя ўмовы

Міністр фінансаў Юрый Селіверстаў расказаў прадстаўнікам СМІ, як могуць змяніцца падыходы да падаткаабкладання прадпрымальнікаў.

«У свой час мы стваралі ўмовы для развіцця прадпрымальніцтва. Мы і зараз гаворым, што гэта неабходна. Ад гэтых тэзісаў дзяржава не адмаўляецца. Але з пункту гледжання падаткаў у нас з’явілася занадта шмат розных рэжымаў, якія дазваляюць утойваць магчымыя даходы або мінімізаваць іх, выкарыстоўваючы шэраг інструментаў. З іншага боку, для тых, хто працуе сумленна, добрапрыстойна, патрэбныя простыя, зразумелыя ўмовы: зарэгістраваўся, заплаціў падатак — і да цябе няма ніякіх прэтэнзій», — падкрэсліў міністр.

Юрый Селіверстаў адзначыў, што цяпер стаіць задача зрабіць так, каб добрапрыстойным падаткаплацкльшчыкам стала прасцей весці прадпрымальніцкую дзейнасць, падатковыя рэжымы былі зразумелымі, а дзяржаве было проста і не затратна іх адміністраваць. Работа для вырашэння гэтай задачы будзе праводзіцца на працягу гэтага і наступнага гадоў, каб у 2023-м ужо прапанаваць больш ясныя і зразумелыя ўмовы і ў тым ліку, павялічыць уклад у дзяржаўную казну.

«Усе новаўвядзенні былі прадстаўлены Прэзідэнту ў фармаце канцэпцыі змяненняў падыходаў да падаткаабкладання і вядзення прадпрымальніцкай дзейнасці. Яна таксама прадугледжвае большы ўпор на развіццё самазанятасці. Плануецца стварэнне лічбавай платформы, якая дапаможа хутка і зручна рэгістраваць сваю дзейнасць, ажыццяўляць розныя плацяжы», — сказаў міністр фінансаў. Ён падкрэсліў, што ў цэлым кіраўнік дзяржавы гэтую канцэпцыю падтрымаў.

Кіраўнік фінансавага ведамства заўважыў, што гаворка ідзе не пра павышэнне падаткаў. Варта казаць аб павышэнні ўдзелу прадпрымальнікаў у выплаце падаткаў. У якасці прыкладу ён прывёў дзейнасць аграсядзіб, уладальнікі якіх плацяць падатак у памеры двзюх базавых велічынь у год. Такія правілы дзейнічаюць як для невялікіх месцаў адпачынку з невысокай загружанасцю, так і для аграсядзібаў, якія па сваіх маштабах ператварыліся ў сапраўдныя турыстычныя комплексы.

«Рашэнне павялічыць падатак і зрабіць не дзве базавыя, а дзесяць — відавочна, што для тых, хто знаходзіцца ў глыбінцы, хто ажыццяўляе мадэрнізацыю сваёй аграсядзібы, можа быць вялікім цяжарам. З другога боку, для іншых гэта будзе сума, якая ўсяго толькі ледзь-ледзь вышэйшая, чым была. У дадзеным выпадку больш лагічна браць падатак з выручкі», — сказаў Юрый Селіверстаў.

«Гэта не рэвалюцыйныя падыходы, а пераемнасць»

Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч растлумачыў журналістам сутнасць новай формы паслядыпломнай адукацыі для дактароў — рэзідэнтатуры, якую на нарадзе ў цэлым адобрыў Прэзідэнт. Аднак, міністр звярнуў увагу, працэс яе ўкаранення яшчэ трэба комплексна разгледзець з усімі зацікаўленымі бакамі. Гэта звязана з тым, што рэзідэнтура цягне за сабой цэлы пласт пытанняў: ад навучальных праграм, правілаў паступлення, патрабаванняў да кваліфікацыі персаналу, які будзе аказваць адукацыйныя паслугі, месцы аказання такіх паслуг. Кіраўнік дзяржавы даручыў восенню гэтага года арганізаваць шырокае абмеркаванне комплексу пытанняў, звязаных з рэзідэнтуры, з усімі зацікаўленымі. Пасля гэтага падрыхтаваць адразу ўвесь пакет дакументаў, у тым ліку праект указа, пастановы Савета Міністраў, Міністэрства аховы здароўя, навучальныя планы і многія іншыя.

«Новыя медыцынскія тэхналогіі развіваюцца настолькі шырока і бурна, што гэта патрабуе адмысловых формаў падрыхтоўкі спецыялістаў. Высокія медыцынскія тэхналогіі пераходзяць з буйных клінічных цэнтраў Мінска, абласцей у гарады паскоранага развіцця, апорныя бальніцы. Гэта патрабуе адпаведнай падрыхтоўкі медперсаналу», — растлумачыў Дзмітрый Піневіч. Маюцца на ўвазе такія гарады як Астравец, Орша, Баранавічы, Ліда, Пінск, дзе фармуюцца магутныя сучасныя медыцынскія цэнтры.

Міністр аховы здароўя звярнуў увагу, што гаворка ідзе не пра карэннае змяненне сістэмы паслядыпломнай адукацыі або пра замену ардынатуры на рэзідэнтуру. «Наша сістэма медыцынскай адукацыі досыць эфектыўная. Змена некаторых механізмаў накіравана не на злом, а на ўдасканаленне. Мяркую, што гэта нават не запатрабуе звышнамаганняў, — упэўнены Дзмітрый Піневіч. Па яго словах, гэта не рэвалюцыйныя падыходы, а пераемнасць, што адказвае на запыты сённяшняга дня. І гэта ў інтарэсах перш за ўсё пацыента і, вядома, сістэмы аховы здароўя. Мяркуецца, што ў рэзідэнтатуры будуць вучыцца толькі асобныя катэгорыі спецыялістаў, кшталту трансплантолагаў ці кардыяхірургаў.

«Для 60% практыкуючых дактароў ўваход у спецыяльнасць будзе ажыццяўляцца праз інтэрнатуру. У цяперашні час спецыялізацыя ўсіх маладых дактароў адбываецца на ўзроўні субардынатуры і інтэрнатуры. Для 27 спецыяльнасцяў (гэта каля 90 чалавек у год) уваход толькі праз рэзідэнтуру. Для астатніх спецыялістаў ўсё застанецца па -ранейшаму: альбо праз перападрыхтоўку, альбо праз ардынатуру» — растлумачыў прапанаваныя змены міністр, падкрэсліўшы, што яны яшчэ не прынятыя і будуць абмяркоўвацца.

«Мы адкрытая эканоміка, адкрытая дзяржава, і нам трэба выходзіць на знешнія рынкі»

Міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў падрабязна расказаў журналістам пра праект указа, які тычыцца карэкціроўкі заканадаўства аб стварэнні і дзейнасці холдынгаў. А менавіта, у праект уключаны палажэнні, накіраваныя на ўдасканаленне прававога статусу холдынгаў, парадку іх стварэння і функцыянавання, а таксама нюансы, якія тычацца асаблівасцяў працы холдынгаў з удзелам дзяржавы. На сённяшняй нарадзе Прэзідэнт падтрымаў гэты дакумент.

Як расказаў Аляксандр Чарвякоў, для больш эфектыўнай работы холдынгаў неабходныя адпаведнае заканадаўства і правілы гульні. «Вось гэтыя правілы гульні мы сёння і разглядалі для таго, каб удасканаліць іх, зрабіць больш зразумелымі, празрыстымі, простымі для непасрэдна прадпрыемстваў, якія ўваходзяць у холдынгавыя структуры. Мы разглядалі пытанні, якія звязаны з кіраваннем і ўзаемаадносінамі паміж кіруючай кампаніяй і даччынымі прадпрыемствамі, спрасцілі парадак прадастаўлення фінансавых рэсурсаў ўнутры холдынгавай сістэмы і руху гэтых рэсурсаў. Таксама рух абсталявання, якое не выкарыстоўваецца, і выкарыстанне цэнтралізаванага фонду», — расказаў міністр эканомікі.

Кіраўнік галіны падкрэсліў, што гэта будзе сур’ёзная падтрымка для павышэння эфектыўнасці работы нашых прадпрыемстваў менавіта ў рамках холдынгавых структур. Таксама па пяцігадовай праграме плануецца стварэнне дзяржкарпарацый, і яны будуць пабудаваны па прынцыпе холдынгавых структур.

«Мы адкрытая эканоміка, адкрытая дзяржава, і нам трэба выходзіць на знешнія рынкі і канкураваць з буйнымі кампаніямі. Холдынгавыя структуры як раз фармуюць буйныя кампаніі, менавіта яны могуць канкурыраваць на знешніх рынках з аналагічнымі кампаніямі. Сёння вельмі цяжка выстаяць на знешніх рынках у адзіночку» , - заўважыў Аляксандр Чарвякоў.

«Бяспека захоўвання будзе забяспечана»

Таксама на парадку дня нарады ў Прэзідэнта было пытанне ўтылізацыі і захавання радыёадыходаў, у прыватнасці, стварэнне спецыяльнага дэпартамента і нацыянальнага аператара па абыходжанні з радыеактыўнымі адходамі. «Дадзена даручэнне дапрацаваць праект указа, які быў унесены. У бліжэйшы час гэтая работа будзе арганізавана для падрыхтоўкі ўжо канчатковай рэдакцыі і ўнясення на разгляд кіраўніка дзяржавы», — расказаў журналістам міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч.

Міністр растлумачыў журналістам, што АЭС перыядычна ажыццяўляецца частковая перагрузка паліва. Пэўны час яно захоўваецца на станцыі, а потым павінна ісці на перапрацоўку і далейшае захоўванне або пахаванне. Таму ўжо ў 10-гадовы перыяд нам трэба мець адпаведныя сховішчы ў Беларусі.

Па словах Віктара Каранкевіча, адпрацаванае паліва, паводле дамоўленасцяў, будзе накіроўвацца на перапрацоўку ў Расію з наступным захоўваннем назкаатыўных і сярэднеактыўных элементаў гэтага паліва ўжо на тэрыторыі Беларусі. Ён зрабіў акцэнт на тым, што гаворка ідзе не пра магільнікі, а пра сучаснае сховішча.

«Бяспека захоўвання будзе забяспечана. Будуць вывучаны сусветныя тэхналогіі, абсталяванне, якое цяпер ужываецца. Лепшае будзе выкарыстоўвацца пры будаўніцтве пункта захоўвання радыеактыўных адходаў. Мы разлічавем, што пасля пры з’яўленні неабходных тэхналогій гэтыя радыеактыўныя адкіды можна будзе выкарыстоўваць тым ці іншым чынам. Тэхналогіі не стаяць на месцы. І ў будучыні могуць быць такія тэхналогіі, якія дазволяць выкарыстоўваць і гэта паліва — адыходы. Мы разлічваем на тое, што ў перыяд захоўвання могуць быць распрацаваны адпаведныя тэхналогіі. Гэта сусветная практыка, і тут Беларусь будзе ісці гэтым кірункам», — канстатаваў міністр.

Па словах Віктарам Каранкевіча, з улікам уводу першага і другога энергаблокаў у эксплуатацыю, да 2030 года неабходна мець рэспубліканскі фонд захоўвання радыеактыўных адходаў. Ставіцца задача зрабіць пункт з комплексным рашэннем пытанняў, дзе можна было б забяспечваць збор і захоўванне радыеактыўных адходаў не толькі ад АЭС, але і іншых вытворцаў з іншых сфер дзейнасці.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: БелТА

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.