Вы тут

Адказы на важныя пытанні для тых, хто плануе прышчэпку ад COVІD-19


У Беларусі ідзе чацвёрты этап вакцынацыі. Прышчапіцца можна не толькі ў паліклініках і бальніцах, але і гандлёвых цэнтрах, а з нядаўняга часу — нават у метрапалітэне. Згодна з Нацыянальным планам вакцынацыі супраць інфекцыі COVІD-19, на дадзеным этапе прышчапляюць усіх ахвотных, хто не мае супрацьпаказанняў. Па даных Міністэрства аховы здароўя, больш за 1,28 мільёна беларусаў атрымала першую дозу вакцыны, з іх больш за 807 тысяч чалавек прайшло поўны курс вакцынацыі.


На першых этапах, нагадаем, прышчаплялі медыкаў і сацыяльных работнікаў, пажылых людзей ад 60 гадоў і старэйшых, пасля — работнікаў тых прафесій, якія маюць высокі ўзровень рызыкі заражэння (работнікаў гандлю, грамадскага харчавання, транспарту). Да 2022 года плануецца прышчапіць не менш як 60 % беларусаў.

Як адбываецца вакцынацыя?

Яшчэ пару-тройку месяцаў таму для вакцынацыі трэба было запісацца ў сваёй паліклініцы. Так фарміравалася чарга, пасля медыкі ператэлефаноўвалі і ў выбраны дзень запрашалі на прышчэпку. А ў пачатку чэрвеня асабіста я ў сваёй паштовай скрыні (напэўна, як і ўсе жыхары нашага дома і мікрараёна) знайшла інфармацыю: «Вакцынацыя праводзіцца ў паліклініцы № 31 штодзень без папярэдняга запісу з 9 да 12, з 12.30 да 15.30, з 16 да 20. Участковая медсястра».

Такім чынам, прыйшоўшы ў зручны для сябе час, трэба замовіць сваю медыцынскую картку і прайсці ў патрэбны кабінет. З сабой неабходна мець пашпарт. Урач робіць апытанне і агляд, у прыватнасці, цікавіцца, якія хранічныя хваробы вы маеце, ці ёсць алергія на лекавыя прэпараты, вымярае тэмпературу, ціск, сатурацыю (насычэнне крыві кіслародам). Пытае, якой вакцынай хацелі б прышчапіцца (у маім выпадку быў выбар: расійская «Спадарожнік V» ці кітайская Vero Cell вытворцы Sіnopharm, але апошняя ёсць не ва ўсіх паліклініках). Дарэчы, кітайская вакцына, па назіраннях медыкаў, выклікае менш пабочных рэакцый.

Урач коратка праінфармавала пра эфектыўнасць вакцын (каля 95 % абяцаюць вытворцы «Спадарожніка» і крыху менш — 79 % — стваральнікі кітайскага прэпарату), пра магчымыя пабочныя рэакцыі — павышэнне тэмпературы, галаўны боль, боль у мышцах, у месцы ўколу. Выдала памятку — на працягу трох дзён паля вакцынацыі не мачыць месца ін'екцыі, не наведваць лазню і саўну, не ўжываць алкаголь, пазбягаць празмерных фізічных нагрузак. Пры пачырваненні і ацёчнасці месца ўколу прыняць антыгістамінныя сродкі (супрасцін, фенкарол, ларатадзін). Калі павышаецца тэмпература, рэкамендуецца прымаць нестэроідныя супрацьзапаленчыя сродкі — парацэтамол, німесулід і іншыя. Ну і яшчэ адзін важны напамін — вакцынацыя не адмяняе для прышчэпленага пацыента неабходнасці насіць маску і пальчаткі і выконваць сацыяльную дыстанцыю.

Урач прызначае дзень паўторнай вакцынацыі і накіроўвае ў суседні кабінет, дзе непасрэдна ставяць прышчэпку. Уся працэдура займае не больш за 15 хвілін, з улікам таго, што ў чарзе перада мной быў усяго адзін чалавек. Пасля прышчэпкі рэкамендуецца хвілін 30 пасядзець у паліклініцы, аднак многія абмяжоўваюцца 10-15.

Пабочныя рэакцыі і «Netflіxday»

Трэба адразу сказаць, што наступны пасля вакцынацыі дзень лепш вызваліць ад важных спраў, а па магчымасці — і ад работы. За мяжой дзень пасля вакцынацыі нават атрымаў назву «Netflіxday» (па назве папулярнага канала фільмаў і серыялаў). У маім выпадку павышэнне тэмпературы (да 37,6 пасля першай прышчэпкі і да 38 — пасля другой) прымусіла ўвесь дзень правесці на канапе.

Па словах Аляксандра Гінцбурга, дырэктара Цэнтра імя Гамалеі, які распрацаваў «Спадарожнік V», у 85 % прышчэпленых ніякіх пабочных эфектаў не ўзнікае. У некаторых пацыентаў павышаецца тэмпература цела, з'яўляюцца дрыжыкі, слабасць, ламота ў мышцах і суставах. Гэта залежыць ад арганізма канкрэтнага чалавека і яго імуннай сістэмы. Такая рэакцыя ўзнікае далёка не ва ўсіх і хутка праходзіць. У рэдкіх выпадках тэмпература вырастае да 40 градусаў. Працягласць такога стану можа быць ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён.

— Сэнс вакцыны ў тым, што мы «знаёмімся» з інфекцыяй, але ў вельмі маленькіх дозах. Як правіла, падобная імітацыя хваробы можа выклікаць тэмпературу, і гэта абсалютна нармальная рэакцыя на ўкараненне ў цела новага агента, — тлумачыў кандыдат медыцынскіх навук, расійскі клінічны фармаколаг Андрэй Кандрахін. — Калі адбываецца павышэнне тэмпературы, гэта азначае, што імунны адказ фарміруецца, арганізм атрымаў інфармацыю аб новым антыгене і спрабуе яго ў прамым сэнсе выпаліць, знішчыць тэмпературай, каб той не змог развівацца. Прышчэпка правакуе такую ахоўную рэакцыю, каб, калі чалавек апынецца ў зоне заражэння, арганізм не марнаваў час на «знаёмства» з вірусам, а адразу пачаў яго атакаваць.

Як прышчапіцца ў гандлёвым цэнтры?

З нядаўняга часу для вакцынацыі не абавязкова звяртацца ў паліклініку. Прынамсі, у сталіцы прышчапіцца можна ў так званых мабільных пунктах — у буйных гандлёвых цэнтрах, універмагах, на чыгуначным вакзале і нават на некаторых станцыях метрапалітэну. Апошнія пункты, дарэчы, былі створаны для вакцынацыі работнікаў метрапалітэна, але прымаюць усіх ахвотных. Вакцынацыя ўсюды бясплатная.

Прышчэпкі робяць медыкі са сталічных паліклінік. Спачатку таксама прадугледжаны агляд — вымярэнне ціску, тэмпературы, сатурацыі.

— Медыцынскіх картак пацыентаў у нас, вядома, няма, таму пра хранічныя хваробы мы можам даведацца толькі са слоў самога пацыента. Зразумела, абавязкова пытаемся пра алергічныя рэакцыі на лекавыя прэпараты. У астатнім усё гэтак жа, як і ў паліклініцы, — кажа медыцынская сястра адной з паліклінік, Маргарыта, якая перыядычна працуе ў мабільным пункце ў гандлёвым цэнтры «Карона» на вуліцы Дзянісаўскай.

Прышчапіцца прыходзяць у асноўным людзі маладыя ці сярэдняга ўзросту. Многія —сем'ямі. Для некаторых вакцынацыя — асабістае жаданне і перакананне, для некага — неабходнасць для выезду на адпачынак, для іншых — патрабаванне наймальніка.

— Вось толькі што ў мяне быў малады чалавек, працуе ў «Мінскметрабудзе». Казаў, што такое пажаданне кіраўніцтва. З сілавых структур прыходзяць маладыя людзі, у іх гэта таксама, наколькі я разумею, абавязкова. Яшчэ адзін мужчына — донар крыві, таксама вырашыў прышчапіцца, — дзеліцца Маргарыта.

Яна кажа, што ўсе наведвальнікі цікавяцца, якая вакцына. У гэтым мабільным пункце прышчапляюць толькі расійскай.

— Кітайскую вакцыну часам пытаюць. Аднак менавіта ў нашай паліклініцы застаўся толькі другі кампанент кітайскай, яна для тых, хто атрымаў першы і хутка прыйдзе на прышчэпку паўторна.

Медыкі расказваюць, што часам людзі просяць выдаць ім толькі даведку аб вакцынацыі, а саму прышчэпку рабіць не хочуць.

— Зразумела, мы не можам на гэта пайсці. Тлумачым, што гэта забаронена, прапануем усё ж зрабіць прышчэпку, расказваем пра бяспеку вакцыны і як яна працуе. Прымусіць мы, вядома, нікога не можам і не прымушаем, — гаворыць жанчына.

Чэргаў у мабільных пунктах, як правіла, няма. Працэдура займае хвілін 10-15, большая частка з якіх ідзе на апытанне і неабходныя вымярэнні. Прышчэпленых просяць далёка не сыходзіць, як правіла, людзі гуляюць па гандлёвым цэнтры непадалёк.

Асаблівасці вакцын

Як ужо адзначалі, у Беларусі прышчапляюць расійскай вакцынай «Гам-Ковід-Вак», або «SPUTNІK V», ён жа «Спадарожнік», а таксама кітайскай — Vero Cell ад вытворцы Sіnopharm. Трэба сказаць, што расійская вакцына разліваецца ў Беларусі — на прадпрыемстве «Белмедпрэпараты», за што атрымала прыстаўку «Бел» — «Бел-Гам-Ковід-Вак».

«Спадарожнік» — вектарная вакцына на аснове абясшкоджанага адэнавіруса чалавека двух тыпаў. Яна двухкампанентная, што прадугледжвае дзве прышчэпкі з інтэрвалам у 21 дзень і больш. Састаў у абодвух кампанентаў розны.

Бяспечны вектар, пазбаўлены магчымасці размнажацца, даносіць у клетку спецыяльны бялок каранавіруснай інфекцыі SARS-CоV-2. Ён убудоўваецца ў клетачную структуру і фарміруе антыцельны і клетачны імунітэт. Арганізм вучыцца распазнаваць калючкападобны бялок, гэта значыць, вірус, трапіўшы ў арганізм, не зможа развіцца.

Vero Cell — інактываваная двухкампанентная вакцына на аснове самога каранавіруса. Непасрэдна каранавірус з яе увядзеннем у арганізм не трапіць. Ён абясшкоджаны, і, напрыклад, не выкліча негатыўнай рэакцыі ў людзей са значным уплывам на імунітэт пры лячэнні іншых сур'ёзных захворванняў. Вакцына фарміруе антыгенны і клетачны імунітэты. Інтэрвалы тут аналагічныя.

Прывіваць абедзвюма вакцынамі дазволена людзей ва ўзросце ад 18 гадоў. Трэба сказаць, што вытворцы не устанаўліваюць верхнюю ўзроставую мяжу тых, каму паказаная прышчэпка. Абедзве вакцыны добра спраўляюцца з прадухіленнем цяжкага цячэння хваробы і папярэджваюць лятальнасць.

Якія яшчэ вакцыны выкарыстоўваюцца ў свеце?

Акрамя «Спадарожніка», да вектарных вакцын адносяцца AstraZeneca, Johnson & Johnson (аднакампанентная). Адзін з апошніх і прагрэсіўных тыпаў — мРНК-вакцыны, па звестках СААЗ. Пры іх выкарыстанні развіваецца частка геннай структуры, што дае імунны адказ. Гэта Pfіzer / BіoNTech і Moderna. Эфектыўнасць, засцярога, супрацьпаказанні ва ўсіх гэтых вакцын будуць перасякацца. І, нарэшце, вакцыны з самім каранавірусам, але аслабленым. Гэта КовиВак, Valneva. У іх меншая ступень аховы, а таксама могуць быць супрацьпаказанні для людзей з аслабленым імунітэтам.

Калі прышчапіўся і захварэў...

Гэта не выключана, але не выклікана самой вакцынай. Поўная ахова фарміруецца да 7-42 дзён пасля ўвядзення другой дозы. Калі заражэнне выяўлена пасля ўвядзення першай дозы, то другую прызначаюць праз 2-8 тыдняў.

Хранічныя хваробы — не перашкода?

Назіранні паказваюць, што людзі з хранічнымі захворваннямі і асаблівасцямі развіцця — у групе рызыкі захварэць на COVІD-19 і цяжка яго перанесці. Таму ўрачы схіляюцца да таго, што вакцынацыя паказана людзям з парушэннямі работы сардэчна-сасудзістай сістэмы, анкалагічнымі захворваннямі, цукровым дыябетам і шэрагам іншых захворванняў. Такім пацыентам асабліва важна прайсці абследаванне і пракансультавацца са спецыялістамі. Галоўная рэкамендацыя — стабільны і нявостры стан у момант вакцынацыі, рэмісія, гаворыцца ў матэрыялах прафесійнай канферэнцыі «Вакцынацыя супраць СOVІD-19: навуковае абгрунтаванне і практыка правядзення», падрыхтаваных беларускімі медыкамі, навукоўцамі і выкладчыкамі паводле ўласнага і замежнага вопыту.

На колькі хопіць аховы?

Антыцельны і клетачны імунітэты пасля перанесенай інфекцыі захоўваюцца паўгода і больш, паступова слабеючы на 9-12 месяцах. Поствакцынальная актыўная ахова доўжыцца не менш за 6-9 месяцаў, а матэматычная мадэль паказвае, што яе дзеянне доўжыцца да двух гадоў з плаўным слабеннем.

Алена КРАВЕЦ

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: У крокавай даступнасці

Выбар рэдакцыі

Культура

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Кладка якога стагоддзя будзе захавана? У сценах Старога замка ў Гродне вядуцца зандажы

Вядома, што пры жыцці польскі кароль Стэфан Баторый так і не ўбачыў канчаткова дабудаванага Старога замка ў Гродне.

Грамадства

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Цяпер у краіне бясплодныя пары могуць зрабіць ЭКА бясплатна

Маладыя муж і жонка нецярпліва чакалі з'яўлення ў іх сям'і дзіцяці. 

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках