Вы тут

Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава правяла прыём грамадзян у Навалукомлі


Адзіны дзень прыёму грамадзян сенатарамі правялі ў Віцебскім рэгіёне. Сёння, 22 ліпеня, у 13 раёнах Прыдзвіння прайшлі прыёмы грамадзян членамі Савета Рэспублікі. Кіраўнік верхняй палаты парламента — Наталля Качанава — правяла прыём у Навалукомльскім гарвыканкаме. Да спікера верхняй палаты парламента запісаліся каля 20 чалавек, кожнага з якіх прывялі да вышэйшай службовай асобы ўласныя турботы, нявырашаныя праблемы як асабістага, так і грамадскага характару. Але прыйшлі і па-за складзенымі напярэдадні спісамі — пачула і прыняла спікер верхняй палаты парламента ўсіх. Трэба сказаць, што былі сярод заяўнікаў і тыя, хто проста прыйшоў падзякаваць Наталлю Качанаву за дапамогу.


Адзначым, што адзіны дзень прыёму грамадзян сенатарамі — форма работы дастаткова новая. Сёння Старшыня Савета Рэспублікі, кіраўнікі Пастаянных камісій і сенатары, абраныя аб Віцебскага рэгіёна, прымалі грамадзян па месцы іх жыхарства. У выніку з 21 раёна былі ахоплены 13 раёнаў.

Паколькі Савет Рэспублікі — гэта палата тэрытарыяльнага прадстаўніцтва, асноўныя кірункі работы якой — заканатворчая і міжнародная дзейнасць, а таксама работа са зваротамі грамадзян, таму такія прыёмы можна лічыць найбольш аптымальнымі. Менавіта яны адлюстроўваюць зрэз рэгіянальнай праблематыкі, што ў далейшым можа быць выкарыстана ў заканадаўчай дзейнасці для вырашэння агучаных пытанняў, якія хвалююць грамадскасць у дадзенай мясцовасці.

— Савет Рэспублікі — гэта той орган, які павінен непасрэдна ўзаемадзейнічаць з людзьмі, таму што мы, працуючы над законапраектамі, павінны дакладна разумець, што сёння хвалюе людзей і найбольш актуальна для таго, каб вырашаць іх пытанні, — падкрэсліла ў гутарцы з журналістамі Наталля Качанава.

Яна акцэнтавала ўвагу на тым, што з’яўленне новых формаў і метадаў работы з людзьмі — гэта вынік аналізу вялікай колькасці пытанняў, з якімі звяртаюцца да сенатараў заяўнікі, і ўдасканаленне работы з грамадзянамі. 

— Каб разглядаючы гэтыя пытанні на прэзідыуме Савета Рэспублікі, мы не проста мелі статыстыку, таму прыйшлі да высновы, што добра, калі мы правядзем адзіны дзень прыёму па асабістых пытаннях ва ўсіх рэгіёнах, — патлумачыла спікер Савета Рэспублікі.

Такую форму работы сенатары апрабавалі ў Цэнтральным рэгіёне і правялі выязныя прыёмы ў розных кутках Мінскага раёна, а затым падсумавалі пачутае на пасяджэнні прэзідыума Савета Рэспублікі.

Сёння вопыт паўтарылі ў Віцебскай вобласці, каб заўтра на пасяджэнні прэзідыума Савета Рэспублікі ва Ушачах разгледзець пытанне па зваротах грамадзян і тэмах, якія найбольш актуальныя для жыхароў Віцебскай вобласці.

Па яе словах, у планах правядзенне такіх адзіных прыёмаў ва ўсіх абласцях і сталіцы, бо такая форма работы дазваляе даведацца аб найбольш актуальных пытаннях той ці іншай вобласці і працаваць з мясцовымі органамі ўлады, міністэрствамі і ведамствамі ў комплексе.

Што датычыцца канкрэтных праблем, агучаных сёння спікеру верхняй палаты парламента, сям’я Шафранскіх з Сенненскага раёна падзялілася сваёй праблемай па вядзенні асабістых падсобных гаспадарак: больш за 30 гадоў сужэнцы трымаюць статак кароў, летась здалі 40 тон малака і маладняк на мяса. Аляксандр Антонавіч і Людміла Леанідаўна паскардзіліся, што зараз няма ўмоў трымаць жывёлу: ранейшую зямлю забраў уласнік, нягледзячы на тое, што дагавор арэнды быў заключаны да 2023 года. Працавітыя вяскоўцы звярталіся на ўсе ўзроўні мясцовай улады, але праблему да гэтага часу не вырашылі, маўляў, землі сяльгасвыкарыстання — нельга нічога зрабіць на вашу карысць. Сужэнцы кажуць, што ў іх аграгарадку Нямойта іншыя вяскоўцы б таксама трымалі жывёлу, але для яе патрэбны выпас. Кола замкнулася...

Наталля Качанава паабяцала дэталёва вывучыць сітуацыю і даручыла старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Міхаілу РУСАМУ выехаць на месца і разабрацца ў праблеме. А заяўнікаў запэўніла: працавітых людзей падтрымліваць трэба — і гэтую падтрымку вяскоўцы абавязкова атрымаюць.

Вікторыя Фіялка з Наваполацка агучыла праблему мясцовых перавозчыкаў: складана заключыць новую дамову на перавозку па ранейшым маршруце і лічыць, што ў аператара перавозак, фактычнага манапаліста ў рэгіёне, ёсць уласная зацікаўленасць. Спікер верхняй палаты парламента паабяцала ўважліва разабрацца ў праблеме і праінфармаваць заяўніцу аб выніках разгляду яе звароту.

Вясковага настаўніка Юрыя Уладзіміравіча з вёскі Андроны Пастаўскага раёна хвалюе пытанне закрыцця мясцовай школы. Ён патлумачыў, што мэтазгоднасць такіх дзеянняў вызывае пытанні: школа ў Андронах больш новая, чым у аграгарадку ў Кураполлі, куды прапануюць перавесці дзяцей. Ёсць харчблок і спартыўная зала, школа прайшла рэнавацыю ў 2008 годзе. А ў Кураполлі ўстанова адукацыі пабудавана ў 1962-м. З такой пазіцыяй ініцыятыўнага настаўніка згодныя і бацькі дзяцей, якія напісалі калектыўны зварот у адну з цэнтральных газет і профільны камітэт Савета Рэспублікі.

Наталля Качанава даручыла міністру адукацыі Ігару КАРПЕНКУ далучыцца да вырашэння гэтай праблемы і праінфармаваць аб яе вырашэнні.

— Будзем займацца, але трэба на месцы вывучаць сітуацыю. Разбярэмся, — запэўніла спікер Савета Рэспублікі.

Жыхар невялічкай вёсачкі Жукі Кругліцкага сельсавета Юрый Іванавіч агучыў праблемы добраўпарадкавання: вясковец просіць аднавіць масток праз рэчку Усвейку, правесці ямачны рамонт дарогі і зрабіць агароджу вакол могілак. Наталля Качанава даручыла старшыні Чашніцкага райвыканкама Леаніду ПЛЯШКО вывучыць магчымасць дапамагчы людзям і зрабіць усё, каб ім было зручна і камфортна жыць у гэтай мясцовасці.

— Чаму для нас гэта важна? — задалася пытаннем Наталля Качанава ў размове з журналістамі і патлумачыла. — Адзін з прыярытэтных кірункаў у рабоце органаў улады — раўнамернае развіццё рэгіёнаў — быў агучаны на VI Усебеларускім народным сходзе. А для таго каб рэгіёны раўнамерна развіваліся, каб людзі заставаліся і жылі тут, павінны быць створаны ўсе ўмовы.

Так, спікер верхняй палаты парламента пераканана, што гэтаму садзейнічае наяўнасць работы ў рэгіёнах з годным заробкам, павінны дзейнічаць аб’екты сацыяльнага прызначэння.

— Сёння я пачула, што людзі хвалююцца за сваю вобласць, за свой аграгарадок, яны хочуць, каб ён развіваўся. Канешне, мы будзем рабіць усё, каб аказаць дапамогу і падтрымку ў вырашэнні гэтых пытанняў, — рэзюмавала яна. 

Вольга АНУФРЫЕВА 

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.