Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Без навукі як бязрукі...

Згадзіцеся: неяк нецікава мы сталі жыць. Апошнім часам дык нават на памінкі перасталі збірацца...


А некалі ж — чаго не спраўлялі?! Там вяселле было, там хрэсьбіны, там дзень нараджэння (не кажучы пра юбілей), там праводзіны ў войска, а там вяртанне... За сталы садзілася пад сотню гасцей, запрашаліся музыкі, і ўжо тады, добра начаставаўшыся, маладыя «адрываліся» ў танцах, паненкі ў гадах ды сталыя, сур'ёзныя мужчыны збіраліся групкамі «па інтарэсах», каб пагаварыць, а самыя старэйшыя дык нават памаўчаць, як здавалася: проста пасядзець, паглядзець на іншых людзей, мо сваё нешта ўспомніць...

На бяседах, як здаецца, усім чыста добра было! Хіба адзінкі не знаходзілі сабе нейкага прыстанішча. І адбывалася гэта з самых розных прычын: нехта не ўмеў танцаваць, нехта камплексаваў і сам сябе саромеўся, нехта задужа ганарыўся альбо часам разабрацца не мог, да каго ж далучыцца? Не тое да маладых ды зялёных, не тое да старэйшых-разумнейшых?..

Дык вось. Гэта ў маі было, у вёсцы, на вяселлі. «Дзяды» там паселі на лаўку пад дубам — кураць сабе, няспешную гамонку вядуць. І каля іх жа дзяцюк нейкі круціцца, старэйшых перабівае: усё свае «пяць капеек» ткне — дзе трэба, а дзе і не трэба... Галоўнае, хоць бы людскае нешта казаў, а то ж не! Мазгоў, відаць, на макавае зерне, а вось «пантоў» — на дзесяць «крутых»...

Не дзіва, што дзяды яго раз асеклі, другі — на месца паставілі...

Іншы пасля такога трэцяга б не чакаў — усё зразумеў і сышоў, а гэтаму хоць бы хны.

Перамігнуліся дзяды (трэба ж нешта рабіць?), і адзін з іх спакойна так хлопцу кажа:

— Ты вось шмат што ведаеш...

— Ну-у дапусцім, — згаджаецца дзяцюк, «растапырыўшы пальцы».

— ...Дык скажы ты нам, якога гною лепш пад агуркі пакласці, каб добрыя выраслі?

У разумніка аж твар перакасіўся: знайшлі, маўляў, пра што папытацца! Гэта ж любы дурань у вёсцы ведае:

— Конскага.

— А тады, можа, ты нам скажаш, як звалі бацькоў Карла Маркса?

Пачырванеў дзяцюк, паціскае плячыма:

— Не, не ведаю.

— А хто вершык склаў пра чыжыка-пыжыка?

Той, бедны, зноўку маўчыць, толькі больш чырванее.

— Во, — «падбівае рахункі» той дзед, — ні ў палітыцы, ні ў паэзіі ты, згадзіся, зусім не петрыш... Хіба ў г...? Так што няма табе, хлопча, чым ганарыцца. Ідзі, брат, танцуй… А лепш — разумныя кніжкі чытай ды вучыся.

...Як мне здаецца, дык першы ўрок яму добры далі! А калі вось такія і потым былі, дык той хлопец цяпер, можа, у міністэрстве нейкім сядзіць?

А. Юркевіч, г. Бабруйск


«Патрэбныя былі вучэнні»

...Трэцяга ліпеня, у дзень вызвалення Мінска, міжволі ўспомніў, што я ж таксама яго вызваляў — праўда, як быццам.

Было тое ў адну з гарачых начэй 1977-га. У садах даспявалі яблыкі, на палях поўным ходам ішло жніво, сталіца спакойна спала.

І толькі наш полк паднялі па трывозе, спехам пастроілі, што называецца, давялі да ведама: некалькі гадзін таму Мінск занялі чужыя войскі ў складзе пэўных батальёнаў, з пэўным узбраеннем і колькасцю асабовага складу. А гэта значыць, што для нас аб'яўляецца поўная гатоўнасць «да бою».

Зыходзячы з гэтага, мы ўсёй дывізіяй і хуткім маршам рушылі некуды ў бок Барысава. Іменна там збіраліся войскі для правядзення контратак.

...Як вы правільна зразумелі, гэта былі вучэнні, максімальна блізкія да баявых. Адрэналін біў — проста цераз край! Паралельна з адпрацоўкай ваенных задач ішла ідэалагічная работа, вывучаліся стратэгія і тактыка баёў...

Затым быў імклівы марш на Мінск. І калі ўсё ранейшае для тых, хто служыў, было больш-менш знаёмым, то фінал аперацыі забіваў напавал: такое мы бачылі хіба ў кіно... Ну вось уявіце: шлях пралягае праз вёскі ды вёсачкі. І там, ледзь не ў кожнай, нас як быццам чакаюць: цёткі выносяць збанкі — дзе з квасам, дзе з вадой ці малаком, дзядзькі з пэўным гонарам (маўляў, мы ж таксама былі мацакамі!) дымяць папяросамі, ну а дзеці дык літаральна «бамбяць» кузавы машын спелымі, сакавітымі яблыкамі. Мой сябра Міша Морар з Малдавіі пільным вокам іх разглядаў, «браў на зуб» і адзін і другі, бо паверыць не мог, што ў нас такія растуць! Раней даводзіў, што проста не могуць, што найлепшыя — і садавіна, і вінаграднікі — у іх. Ва ўсякім разе, не тут...

Ён нават разгубіўся і замаўчаў (язык праглынуў, ці што?).

...Не зменшылася актыўнасць людзей і на подступах да сталіцы. А калі мы на маршы ўступілі ў Мінск, то здзівіліся зноў: тут, як сёння сказалі б, была сапраўдная рэканструкцыя гістарычных падзей вызвалення.

Некалі раней мы бачылі іх на карцінах, а тады, у жніўні 1977-га, перажывалі самі. І, дарэчы, так, што з адчуваннем моцы і непарушнага адзінства «армія-народ» жывём аж да сёння.

Патрэбныя былі вучэнні.

Іван Гаральчук, г. Мінск


Мая другая мама

Недзе чытала, што бог спачатку дае дзяцей, а вось розум, каб іх гадаваць ды выхоўваць, з'яўляецца потым.

І сапраўды, адкуль яму быць, калі бацькам па 18—20, калі яны, здараецца, так і глядзяць, каму б «падкінуць» сваё малое хоць на тыдзень-другі, а лепш — на месяц, а то і на гады.

Гэта я не пра некага кажу, гэта, на жаль, яшчэ і пра сябе, бо з першай дачкой я ў «дэкрэтным» хіба да года «сядзела», потым вярнулася на работу. Здавалася — ну як жа іначай: трэба зарабляць грошы, будаваць кватэру (жылі ў інтэрнаце). А дзіця ж і праўда можа застацца ў бабулі. У яе свой дом і сад-агарод, дзве казы, куры-гусі. Яна, можна сказаць, вольная, бо на пенсіі. А галоўнае, што зусім не супраць важдацца з дзіцем. Нават наадварот: у іх любоў была з першага погляду, прычым узаемная!

Бабуля з малой заўсёды знаходзілі тэмы для размоў, нейкія гульні ды справы. Яны разам пасвілі коз, кармілі курэй (і прыдумвалі ім імёны), чыталі кніжкі, палолі грады (малая больш таптала), хадзілі «на сяло» да суседак, кожны дзень падмяталі двор, прыбіралі ў хаце...

А больш за ўсё яны любілі гаспадарыць на кухні: у аднолькавых хустачках-фартушках (свякроў добра шыла) яны ўвесь час нешта гатавалі, садзіліся есці — і саміх сябе хваліць, удзвюх мылі посуд.

Вось гэта, як той казаў, была свая, асобная «песня».

Распачынала яе, вядома ж, бабуля: яна ставіла на стол дзве велікаватыя міскі. У адну налівала гарачай вады, у другую — ледзь цёплай. У першай і дарослымі рукамі ўсё адмывалася, у другой — Алеська паласкала, а калі дакладней, дык проста паласкалася, бо на гэта страшна было глядзець! Малая залівала вадой і стол, і падлогу, наскрозь прамочвала-пэцкала — усё сваё адзенне, часцяком рабіла «бах», а то і сапраўдны «ба-бах» (гэта значыць, нешта разбівала)...

Іншымі словамі, яна не памагала бабулі, а замінала і канкрэтна шкодзіла!

А тая хіба ўсміхалася ды казала: «Ды такой бяды... Яна ж малая... Ёй жа цікава...»

Я не разумела гэтага і, прыехаўшы на выхадныя ці ў водпуск, заводзіла ў хаце іншыя парадкі.

Калі з'язджала — бабуля з унучкай, напэўна ж, рабілі сваё. Ды што там — мудравалі далей.

Гэта я пра тое, што спецыяльнай сушылкі ў свекрыві не было. Таму ўвесь чысты посуд альбо выціраўся, альбо пераварочваўся ўверх дном на чысты рушнік. Рабіла гэта якраз Алеська. І ёй, як аказалася, вельмі цікава было на кубак паставіць талеркі, на іх — каструльку ці місачку, туды ж
пакласці лыжкі-відэльцы і ўрэшце нешта разбіць!..

Некалькі разоў мы сварыліся і спрабавалі забраць Алесю дамоў, але...

Чалавек мяркуе, а бог размяркоўвае. Так атрымалася, што забралі мы яе хіба перад школай і ўжо ў новую кватэру, у якой дачка стала мне найлепшай памочніцай. Яна шмат што ўмела гатаваць, лёгка, нібы гуляючы, прыбірала ў пакоях, яе можна было адправіць у краму і ведаць, што ніхто не аблічыць...

Адно раздражняла: посуд у сушылку яна састаўляла хіба пад наглядам. Калі ж яго не было, на кухні (трэба разумець, сумавала дзіця па жыцці ў бабулі!) «вырасталі» ранейшыя піраміды!

Хто ж ведаў, што якраз яны...

На той Новы год мы падарылі Алесі досыць дарагі тэлефон. А што, падумалі, 12 гадоў, выдатніца, вялікая дзяўчынка, насіць як быццам умее.

Мы памыліліся, бо яна сама потым расказала, што падарункам пахвалілася ў класе, што, едучы ў аўтобусе дамоў, трымала яго ў руках, што бачыла, як ім зацікавіўся нейкі дарослы хлопец, што ён жа разам з ёй выйшаў на нашым прыпынку.

А далей яна не азіралася — хуценька прыбегла дадому і дзверы за сабой замкнуць не паспела — той хлопец зайшоў услед.

Алеся спужалася, кінулася ў кухню, незнарок зачапілася за сваю «піраміду Хеопса» і зрабіла такі грандыёзны «ба-бах», што «госць» спалохаўся яшчэ больш за малую — развярнуўся і даўся ў дзверы...

Цяпер гэтую гісторыю мы ўспамінаем са смехам і — вядома ж — са шчырай удзячнасцю, бо цудоўна разумеем, што ад бяды (ці, як мінімум, непрыемнасці) унучку і ўсю нашу сям'ю ўратавала бабуля. Яна ж — мая другая мама.

А. Кавальчук, г. Магілёў

Рубрыку вядзе Валянціна ДОЎНАР

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».