Вы тут

Даведаліся, колькі каштуюць лісічкі і дзе іх прадаюць


У продажы з'явіліся лісічкі. Праўда, дорага. На Камароўцы за літровы слоічак лісічак просяць 10 рублёў, на міні-рынках уздоўж аўтатрас — ад 8 да 15 рублёў. Так што калі вы не ўяўляеце лета без смажанай бульбачкі з рудаватымі грыбочкамі, у вас ёсць два шляхі. Або адправіцца ў лес самастойна (праўда, не факт, што паход будзе паспяховы: нават вопытныя грыбнікі кажуць, што лісічак гэтым летам вельмі мала, адсюль і дарагоўля). Або — заплаціць, колькі просяць прадаўцы. Але пашукаць тавар больш якасны ды танны — святое права пакупніка. Гэтым і зоймемся.


Што за «звер» — грыбы-лісічкі?

Першыя сёлета лісічкі на Камароўцы прадавалі яшчэ ў канцы чэрвеня. Цяпер, вядома, грыбы патаннелі, але не надта. Так, гэтымі днямі на сталічных рынках просяць 30 рублёў за трохлітровае вядзерца лісічак (цану вам, цалкам магчыма, скінуць да 25). Паўлітровы слоічак гэтых прывабных грыбочкаў можна купіць за 5 рублёў. На трасах літр лісічак можа абысціся нават даражэй, чым на Камароўцы. Але грыбы там свежанькія, толькі з лесу, не змучаныя доўгім падарожжам да месца продажу.

Лісічкі — самыя першыя летнія грыбы. «Сезонаў» у лісічак два — спачатку ў канцы ліпеня-пачатку жніўня, і потым — у верасні-кастрычніку. Летнія лісічкі не такія духмяныя і памерам меншыя, кажуць грыбнікі. Восеньскія смачнейшыя, ім аддаюць перавагу і прафесійныя кулінары. Ну а лісічкі першага «ўраджаю» каштоўныя тым, што яны — першыя, іх мала, і таму іх хочацца.

Звычайна лісічкі селяцца «сем'ямі». Знайшоў першую — і далей толькі збірай, на адной палянцы можна набраць паўвядзерца. Але сёлета, распавядалі мне прадаўцы на міні-рынку каля вёскі Аляхновічы, дароў лесу наогул мала, і лісічкі даводзіцца шукаць літаральна па адной.

— Цэлую раніцу збіралі, няма лісічак, — згодная з жыхарамі Аляхновіч Тамара Іванаўна з вёскі Краснае, што на Маладзечне. — У мінулыя гады вёдрамі прыносілі з лесу лісічкі. А ў гэтым збіралі сям'ёй, кожны добра калі па два літры з лесу прынёс — называецца, схадзіў у грыбы... Наогул, у лесе сёлета ўсяго мала — чарніц, напрыклад, таксама амаль няма. Можа, справа ў гарачыні і не хапае дажджоў. Таму і цэны такія. Лісічкі літр за 15 рублёў аддаём, лясныя чарніцы — па 5 рублёў за паўлітра.

У Аляхновічах, дарэчы, за літр лісічак прасілі 10 рублёў, а за опт (калі бераце два літровыя слоічкі) цану скінуць да васьмі.

— Яны па 10 прадаюць, мы па 15. І ў іх бяруць, і ў нас, хто багацейшы. Вы паглядзіце, якія ў нас лісічкі прыгожыя, чысценькія, свежыя. Мы іх шчыльна ўкладваем, са слоіка не высыпаць. Дорага, вядома, але ж іх амаль няма. І збіраць цяжка. Так што літр за 15 рублёў аддаю, вядзерца — за 40. Хоць калі будзеце браць два вядзерцы, за 35 кожнае аддам. Я звычайна пакупнікам саступаю ў цане.

Прадаўцы наракаюць на спякоту і распавядаюць пра тое, што ў мінулым годзе ў гэтую пару ўжо актыўна збіралі чырвонагаловікі, а ў гэтым — пакуль толькі лісічкі. Мінулыя некалькі гадоў былі грыбныя, расказалі мне. Сёлета пакуль лес не асабліва песціць дарункамі прыроды.

Несумненны плюс лісічак — у тым, што яны не бываюць чарвівыя.Так што іх можна браць, што называецца, не гледзячы. Хоць не гледзячы ўсё ж не варта, таму што лісічкі бываюць ілжывыя — але пра гэта пазней. Гэтыя грыбы ўтрымліваюць адмысловае рэчыва — поліцукрыд хінаманозу, згубны для ўсіх відаў паразітаў. Таму лісічкі — цудоўны сродак супраць гельмінтаў. Праўда, каб выкарыстоўваць гэтыя грыбы ў якасці сродку ад паразітаў, іх наогул нельга саліць, акрамя таго хінаманозу разбураецца пад уздзеяннем высокай тэмпературы. Таму ў народнай медыцыне выкарыстоўваецца парашок сушаных лісічак.

Але і звыклыя стравы з лісічак прынясуць карысць здароўю. Гэтыя грыбы — адны з самых карысных: утрымліваюць цынк, селен, калій і медзь, поўны спектр вітамінаў групы В, а таксама неабходны ў нашым клімаце вітамін D. Так што стравы з лісічак падтрымаюць імунітэт і зрок, умацуюць косці і выведуць таксіны. Дзецям да сямі гадоў, праўда, лісічкі есці не рэкамендуецца — як і іншыя грыбы, яны — досыць цяжкая ежа.

Сонейка ў талерцы

Акрамя іншых вартасцяў лісічкі — прыгожыя: гэткае сонейка ў талерцы. У адрозненне ад іншых грыбоў, яны не страчваюць свайго яркага сонечнага колеру пры тэрмічнай апрацоўцы. Так што яны прывабна выглядаюць і ў закрутках, і ў юшцы, і на патэльні.
Дарэчы, калі звычайны гістарычны шлях далікатэсаў — з магнацкіх сталоў у рацыён простых людзей, з лісічкамі ўсё было наадварот. Іх адкрылі для сябе менавіта сяляне, і толькі ў XVІІІ стагоддзі гэтыя грыбы занялі ганаровае месца на сталах арыстакратаў. Першыя лісічкі ацаніла французская знаць. Дарэчы, французская кухня багатая на стравы з лісічкамі, часам зусім нечаканыя. Напрыклад, што вы скажаце пра варэнне з лісічак? Невялікія крамяныя грыбы мыюць, наразаюць кавалачкамі і заліваюць вадой на ноч. Назаўтра ваду зліваюць, грыбы перасыпаюць цукрам (400 г на кілаграм), уліваюць 200 мл вады і вараць на вельмі слабым агні 30 хвілін, здымаючы пену. Потым дадаюць вялікі кіслы яблык, надзёрты на буйной тарцы, і вараць яшчэ паўгадзіны. За пяць хвілін да гатоўнасці ў варэнне ўліваюць сок паловы лімона, запраўляюць карыцай і ваніллю на смак. Выкарыстоўваюць варэнне з лісічак і ў якасці салодкага дапаўнення да кавы, і як соус да птушкі, мяса і сыроў.

Калі вы прыхільнік больш традыцыйных смакавых спалучэнняў, то ведайце, што лісічкі выдатна «ладзяць» з большасцю звыклых для нас прадуктаў. Яны добрыя і ў супе, і ў салаце, і, вядома, у якасці дабаўкі да бульбы (варанай, смажанай, пюрэ). Варыць лісічкі доўга не трэба, дастаткова пяці хвілін. Смажыць гэтыя грыбы кухары раяць спачатку на сухой патэльні, а алей і прыправы дадаваць толькі ў сярэдзіне гатавання. Спецыі, з якімі ідэальна спалучаюцца лісічкі, — чабор, размарын, шафран. Можна выкарыстоўваць і больш звыклыя прыправы — кроп і пятрушку, цыбулю і часнок.

А наогул, відаў лісічак існуе каля дзесяці — белыя лісічкі, чорныя (у іх труфельны водар), жоўтыя... Грыбнікі сцвярджаюць, што колер звычайных, звыклых нам лісічак змяняецца ў залежнасці ад таго, пад якімі дрэвамі вырасла грыбная «сямейка».

— У дубровах лісічкі растуць светлыя. Бачыце, адна зверху ляжыць у вядры светленькая, яна ў дубах расла, — тлумачыць Тамара Іванаўна.

Каб выбраць лісічкі на рынку, трэба ўжыць нюх, дотык і яшчэ ацэньваць грыбы з эстэтычнага пункту гледжання. Прыгожыя — значыць, будуць смачныя, сцвярджаюць прадауцы. Лепш за ўсё выбіраць грыбы невялікага памеру — буйныя могуць гарчыць. Якасныя лісічкі павінны мець моцны, смачны грыбны водар, быць пругкія навобмацак ды яркія, сонечныя па колеры.

Колер — адзін з асноўных крытэрыяў, па якім адрозніваюць сапраўдныя лісічкі ад ілжывых.

— Няма ніякіх ілжывых лісічак. Не бывае! — паблажліва ўсміхаецца Дзмітрый, які прадае бульбу са свайго падворка і дарункі лесу на трасе Р-28.

— Ёсць ілжывыя! — не згаджаюцца суседкі па прылаўку. — Ілжывыя — яны ярчэйшыя. І ножкі танчэйшыя.

— Дык гэта наогул іншы грыб, гэта свінушка, — не здаецца Дзмітрый. — Яна расце ў адзіночку, а лісічкі — сем'ямі. Свінушку часам называюць ілжывай лісічкай, але трэба зусім не ведаць грыбоў, каб іх пераблытаць.

«Ілжывыя лісічкі» міколагі сапраўды называюць «белая свінушка». Яны маюць іншы колер (дарэчы, не белы): яны ярка аранжавыя (часам нават чырвоныя, дакладней, меднага колеру), сапраўдныя ж лісічкі — залацістыя. Ножка ў ілжывай лісічкі тоненькая, пустая. Гэты грыб мае рэзкі, досыць непрыемны пах, сапраўдная ж лісічка пахне смачна і далікатна. Сур'ёзна атруціцца лжывымі лісічкамі, зрэшты, практычна немагчыма: як максімум вы атрымаеце невялікую нястраўнасць — дадзены грыб адносяць да «ўмоўна-ядомых».

Лісічкі як падстава пафіласофстваваць

Яшчэ адзін плюс лісічак — тое, што гэты грыб доўга захоўваецца. Большасць грыбоў медыкі раяць ужываць у першыя суткі, самае позняе — на другі дзень пасля іх збору. Лісічкі ж захоўваюцца тыдзень пры пакаёвай тэмпературы, два тыдні ў халадзільніку. Лепш за ўсё — у плеценым кошыку, прыкрытым харчовай плёнкай, у аддзяленні, прызначаным для гародніны. Найлепшы спосаб захаваць лісічкі даўжэй — замарозіць іх. Адварваць грыбы ці не перад замарозкай, вырашайце самі. Толькі раскладзіце іх маленькімі порцыямі — у другі раз замарозіць размарожаныя лісічкі не атрымаецца. Яшчэ адзін спосаб назапасіць лісічак — высушыць іх і змалоць у грыбны парашок. Такую заправу можна дадаваць у супы, мясныя стравы, гарніры і галоўнае — гатаваць з яе дапамогай цудоўныя соусы. Ну і, вядома, салёныя і марынаваныя лісічкі — гэта класіка жанру. Можна прыгатаваць самому, а можна купіць у тых жа бабуль.

— Саленні любяць лаяць у газетах і па тэлевізары, маўляў, санстанцыя будзе забараняць іх прадаваць, — разважае Тамара. — Але мы на гэта адказваем, што не першы год гандлюем тут, і яшчэ не было ніводнай скаргі, што саленні нашы няякасныя. Калі б у санстанцыю хоць адзін чалавек патэлефанаваў, наш гандаль адразу згарнулі б. Але пакуль што людзі купляюць грыбочкі ў слоіках, ёсць сталыя пакупнікі, каму падабаюцца мае марынады.

Пасля дзелавой размовы аб цэнах і якасці тавару маіх суразмоўніц пацягнула пафіласофстваваць. Пра тое, што калі іх унукі і праўнукі вырастуць, хутчэй за ўсё, проста няма дзе будзе пакаштаваць сапраўдных прадуктаў. Застануцца толькі гіпермаркеты, дзе можна купіць што заўгодна, усё прыгожае, спакаванае і, на думку маіх суразмоўніц, трохі несапраўднае. Вырашчаныя ў прамысловых умовах грыбы замест лясных, з прыліплым да капялюшыку лісцікам або духмянай хваёвай іголачкай, ягадкі — усе аднолькавыя па памеры, але без паху лесу і летняга ветрыку, кансервы — прыгожыя, але не свойскія, без уласцівай кожнай гаспадыні кулінарнай творчасці.

— Мы тут усе — пажылыя людзі. У каго ўнукі дарослыя, а ў каго ўжо і праўнукі падрастаюць. І ўжо нават нашы дзеці не будуць па лясах хадзіць, збіраць тыя чарніцы ды лісічкі, ніхто не будзе закручваць па пяцьсот слоікаў у сезон розных саленняў. Так што набывайце, пакуль ёсць магчымасць!

Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ, фота аўтара

Загаловак у газеце: Першыя, смачныя... Нятанныя

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.