Вы тут

Еўропа ў палоне патопу. Чаму Стары Свет аказаўся негатовы да маштабных паводак?


Урон транспартнай галіне Германіі ад нядаўняй паводкі можа скласці каля двух мільярдаў еўра. Аб гэтым сведчаць першапачатковыя ацэнкі Мінтранса ФРГ, паведаміла Bіld. Шкода, якую панесла чыгуначная сетка, ацэньваецца ў 1,3 млрд еўра. Газета нагадала, што ў затопленых раёнах змыла ўчасткі чыгуначнага палатна, былі разбураны і затоплены вакзалы. Для найхутчэйшага аднаўлення перавозак федэральны ўрад можа аплаціць будаўніцтва ў пацярпелых раёнах 300 часовых мастоў. Яшчэ частку мастоў плануе пабудаваць чыгуначны аператар Deutsche Bahn. Урон аўтатрасам ацэньваецца ў некалькі сотняў мільёнаў еўра. Разбуральная паводка закранула і шэраг іншых еўрапейскіх краін, загінулі сотні людзей, больш чым 1,3 тысячы прапала без вестак. Як заўважаюць спецыялісты, пры належнай падрыхтоўцы і рэагаванні на надзвычайную сітуацыю ўрон мог быць значна меншы. Чаму Стары Свет аказаўся негатовы да маштабных паводак?


Многія страцілі ўсё

Моцныя залевы ў Германіі, Бельгіі, Нідэрландах, Аўстрыі, Італіі, Польшчы прывялі да катастрафічных паводак з чалавечымі ахвярамі. Адзін са «слупоў» не толькі еўрапейскай, а і сусветнай эканомікі — ФРГ — стала найбольш пацярпелай ад стыхіі краінай. На працягу больш чым тыдня па захадзе і паўднёвым захадзе Германіі ішлі ліўні, якія выклікалі паводку. З-за дажджоў з берагоў выйшлі прытокі Рэйна Ар і Мозель, а таксама невялікія рэкі Заўэр, Прум, Німс, Кіль і Эрфт.

Маштабы разбурэнняў у Заходняй Германіі проста жахлівыя. Да нядаўняга часу раку Ар на тэрыторыі федэральнай зямлі Рэйнланд-Пфальц перасякалі сем чыгуначных мастоў, але, як заяўляюць мясцовыя ўлады, цяпер збудаванняў «больш няма». У горадзе Эрфштат-Блесем, што на паўднёвы захад ад Кёльна, дзе да нядаўняга часу ўзвышаўся замак, утварыўся кратар, які пагражае ўсяму населенаму пункту. Моцныя ліўні, выкліканыя цыклонам «Бернд», трымаліся над Рэйнланд-Пфальцам і Паўночным Рэйнам-Вестфаліяй занадта доўгі час, узроўні тутэйшых рэк (Ара і Эрфта) імгненна падняліся да нябачаных раней велічынь, паведаміла Sьddeutsche Zeіtung.

Тое, што адбылося, — насамрэч гуманітарная катастрофа. Толькі ў акрузе Арвайлер загінула больш чым 110 чалавек. Гэтыя людзі проста не здолелі своечасова выбрацца на верхнія паверхі або іх дамы вельмі хутка былі разбураныя стыхіяй. Некалькі дзён над далінай ракі Ар кружылі верталёты, ратавальнікі на зямлі прачэсвалі велізарныя тэрыторыі ў пошуках тых, хто выжыў. Тысячы людзей былі размешчаны ў спецыяльных пунктах, у сяброў або валанцёраў.

Чым мацней адступае вада, тым больш заўважная шкода, нанесеная прыватным дамам, прадпрыемствам і інфраструктуры. У акрузе Арвайлер, якая мацней за ўсіх пацярпела ад паводкі, былі разбураны сотні будынкаў. Вада зносіла прыпаркаваныя машыны, цягнула іх па вуліцах і прыціскала да сцен дамоў. «Шмат хто з жыхароў акругі страціў усё», — такую сумную выснову зрабіў кіраўнік адміністрацыі Арвайлера Юрген Пфёлер.

Рэкордная шкода

Аднаўленне населеных пунктаў і інфраструктуры ў федэральных землях Паўночны Рэйн-Вестфалія і Рэйнланд-Пфальц, якія найбольш пацярпелі ад паводкі, можа заняць гады. Пра гэта заявіў кіраўнік Цэнтральнага саюза будаўнічай галіны Германіі (ZDB) Райнхарт Кваст, паведаміў нямецкі партал навін Rheіnіsche Post. Па словах эксперта, маштабы шкоды ад паводкі ў Заходняй Германіі проста велізарныя. Кіраўнік ZDB параўнаў наступствы цяперашняй стыхіі са шкодай ад паводак у 2002 годзе. «Пасля паводкі на Эльбе ў 2002-м спатрэбілася каля трох гадоў, каб ліквідаваць самыя вялікія пашкоджанні, і пяць гадоў, каб пацярпелыя раёны займелі ранейшы выгляд», — адзначыў Райнхарт Кваст. Паводле яго слоў, цяпер адзначаецца недахот будаўнічых матэрыялаў. Абцяжарвае аднаўленчыя работы ў пацярпелых раёнах і разбураная інфраструктура — шматлікія масты і пад'язныя шляхі разбураныя, спецыяльная тэхніка не можа даехаць да месца работ.

Між тым, як паведаміў нямецкі тэлеканал n-tv, страхавыя кампаніі вельмі заклапочаныя, паколькі відавочна, што сумы кампенсацый будуць вельмі значныя. «У кароткатэрміновай перспектыве 2021 год можа стаць адным з самых разбуральных пасля 2013-га», — заявіў кіраўнік Германскага саюза страхоўшчыкаў Ёрг Асмусен газеце Rheіnіsche Post. Восем гадоў таму сума страхавой шкоды з-за стыхійных бедстваў у ФРГ склала 9,3 млрд еўра, нагадала Deutsche Welle.

Генеральны дырэктар Асацыяцыі страхавой індустрыі таксама паведаміў, што сёння ў Германіі ад паводак застрахаваны толькі кожны чацвёрты дом. З-за адсутнасці страхавога пакрывання шматлікім пацярпелым цяпер застаецца спадзявацца толькі на дапамогу ўрада. Паводка закранула не толькі радавых грамадзян, якія страцілі свае дамы і маёмасць, але і бізнес. Урон нанесены сотням кампаній, у тым ліку і буйным прадпрыемствам прамысловага і энергетычнага сектараў. Акрамя таго, з-за разбураных дарог церпіць лагістыка. Так, нямецкі канцэрн Volkswagen ужо паведаміў пра цяжкасці з пастаўкамі сваёй прадукцыі. Трэба будзе ацаніць шкоду і аграпрамысловаму комплексу. У Міністэрстве харчавання і сельскай гаспадаркі Германіі заявілі, што паводка паставіла пад пагрозу само існаванне аграсектара ў пацярпелым рэгіёне.

«Лашэт смяецца, а краіна плача»

Урад Германіі ведаў пра магчымасць паводкі, але з-за халатнасці і бязладнасці ўлад катастрофы пазбегнуць не ўдалося. Пра гэта заявіў іz.ru член Камітэта бундэстага па міжнародных справах Вальдэмар Герт. «Прыродныя стыхіі заўсёды вельмі цяжка прадказаць і калькуляваць, хоць гэта не адносіцца да трагедыі, якая адбылася. Яна была прадказальная, пра яе папярэджвалі і навукоўцы, і эколагі, і служба бяспекі казала пра тое, што дамбы ўстарэлі, іх трэба абнаўляць, што такі сцэнарый магчымы. Але агульная палітыка Германіі прывыкла эканоміць на сваёй краіне», — падкрэсліў палітык. Пры гэтым, на думку дэпутата, цяпер улады Германіі будуць выкарыстоўваць тое, што адбылося, у палітычных мэтах і пераводзіць фокус на экалагічны аспект, папярэджваць аб тым, што змяненне клімату прывядзе да жудасных наступстваў.

Так яно, дарэчы, і адбываецца. Вядучыя нямецкія палітыкі, уключаючы Ангелу Меркель, правялі канец мінулага тыдня ў найбольш пацярпелых раёнах. Нібы дамовіўшыся, яны абяцалі фінансавую дапамогу і гэтак жа дружна абвінавачвалі ў адной з самых страшных у Германіі пасля Другой сусветнай вайны катастроф (як ужо паспелі назваць разбуральную паводку) змяненне клімату, адзначыў expert.ru. Канцлер Ангела Меркель прыбыла ў камуну Шульд у раёне Арвайлер (федэральная зямля Рэйнланд-Пфальц), дзе паводка прывяла да абвальвання жылых дамоў, і пагутарыла з ратавальнікамі і пажарнымі, якія працавалі на месцы здарэння. Яна падкрэсліла, што надзвычайная сітуацыя лішні раз даказвае неабходнасць узмацнення барацьбы з глабальным пацяпленнем. Таксама канцлер паведаміла, што стартуе праграма для прыняцця мер хуткай дапамогі рэгіёнам і аднаўлення інфраструктуры.

Лідара партыі «Саюз 90/Зялёныя» Аналену Бербак паводка заспела ў водпуску. Бербак, прэтэндэнт, дарэчы, на пасаду федэральнага канцлера, якую хутка вызваліць Ангела Меркель, тут жа перапыніла адпачынак і ўжо хутка паабяцала дапамагчы пацярпелым у Рэйнланд-Пфальцы, і таксама заяўляючы пра неабходнасць узмацніць барацьбу са змяненнем клімату. Зразумела, цяпер усе палітычныя партыі ў ФРГ падтрымліваюць барацьбу з глабальным пацяпленнем. Аднак магчымасці «зялёных», якія знаходзяцца ў апазіцыі, у барацьбе са змяненнем клімату, натуральна, меншыя, чым у хрысціянскіх дэмакратаў на чале з Армінам Лашэтам і сацыял-дэмакратаў на чале з віцэ-канцлерам і міністрам фінансаў ФРГ Олафам Шольцам (ён ужо абвясціў аб стварэнні фонду экстраннай дапамогі ў памеры 300 млн еўра і паабяцаў значна больш буйную дапамогу пацярпелым). Менавіта гэтыя два палітыкі, якія ўдзельнічаюць, дарэчы, разам з Аналенай Бербак у барацьбе за пасаду кіраўніка федэральнага ўрада, цяпер энергічна пазіцыянуюць сябе ў ролі крызісных менеджараў.

Пазіцыі Арміна Лашэта ў гэтых адносінах, вядома, мацнейшыя, таму што ён узначальвае не толькі ХДС, але і Паўночны Рэйн-Вестфалію, адну з найбольш пацярпелых нямецкіх тэрыторый. Натуральна, як кіраўнік зямельнага ўрада ён першы быў на месцы трагедыі. «Мы зробім усё магчымае для таго, каб усё аднавіць», — сказаў ён і паабяцаў хутка аказаць фінансавую дапамогу пацярпелым. Аднак сам жа сапсаваў сабе шанцы на крэсла канцлера. У сацсетках жорстка раскрытыкавалі Лашэта за тое, што ў момант, калі прэзідэнт Германіі Франк-Вальтэр Штайнмаер выказваў спачуванне ахвярам паводкі, той смяяўся і жартаваў з калегамі. Пазней палітык напісаў у «Твітэры», што шкадуе аб сваіх паводзінах, але, як той казаў, непрыемны асадак застаўся. «Лашэт смяецца, а краіна плача», — абвясціў загаловак газеты Bіld.

Барацьба за балы

Паводка ў Германіі прадэманстравала адсутнасць «рэальнай палітыкі, звязанай з пагрозамі прыродных катастроф», лічыць нямецкае аналітычнае выданне Mornіng Brіefіng. Краіна аказалася не гатовая да разгулу стыхіі. Галоўнае, адзначае выданне, што з сітуацыяй не справілася служба папярэджання і барацьбы з прыроднымі катастрофамі.

Берлінская газета Tagespіegel адзначае, што першыя паведамленні аб паводцы былі перададзены метэаралагічнымі спадарожнікамі на Зямлю за дзевяць дзён да пачатку бедства. За пяць дзён было дакладна прадказана, якія гарады і раёны будуць затопленыя. За чатыры дні еўрапейская сістэма папярэджанняў аб паводках папярэдзіла ўрады Германіі і Бельгіі аб надыходзячай катастрофе.

Брытанская Sunday Tіmes прыводзіць словы адной са стваральніц еўрапейскай сістэмы папярэджання паводак, прафесара гідралогіі з брытанскага ўніверсітэта Readіng Хены Глок. Яна падкрэсліла, што катастрофа ў Германіі, якая прывяла да вялікай колькасці загінулых, прадэманстравала «манументальную недзеяздольнасць дзяржаўнай сістэмы». Ва ўсякім разе, часу ва ўлад было больш чым дастаткова, прынамсі для эвакуацыі людзей.

А цяпер палітыкі проста зарабляюць балы ў перадвыбарнай барацьбе — бо з'явілася цудоўная магчымасць. Паводкі ў Германіі не рэдкасць, неаднаразова яны выкарыстоўваліся ў палітычных мэтах. Напрыклад, лічыцца, што ў 2002-м менавіта яны дапамаглі Герхарду Шрэдэру захаваць пасаду канцлера. Да паводак яго шанцы на пераабранне ацэньваліся невысока, але рэзка выраслі пасля таго, як ён паспяхова ўзначаліў аказанне дапамогі пацярпелым і ліквідацыю наступстваў.

«Ніякага змянення клімату тут няма, гэта нармальныя цыклічныя змены, якія заўсёды былі на Зямлі. Гэта проста безадказнасць, халатнасць, бязладнасць тых улад, якія павінны былі сачыць за станам гэтых дамбаў і іншых збудаванняў. Так што, як заўсёды, нічога асабістага, палітыка ёсць палітыка, а бізнес ёсць бізнес. І тут, на жаль, пацярпелі нявінныя людзі, якія страцілі і жыццё, і маёмасць, і веру ў сваю краіну і ў свой урад», — заўважыў Вальдэмар Герт.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў.