Вы тут

Вялікае кінаспаборніцтва на 74-м Канскім фестывалі


На мінулым тыдні адбылася цырымонія закрыцця 74-га Канскага кінафестывалю — самага прэстыжнага і значнага ў свеце. Мерапрыемства, адкладзенае ў сувязі з пандэміяй каранавіруса на цэлы год, працягвалася амаль два тыдні, уключала 52 кінакарціны (толькі афіцыйная праграма), з якіх 24 творы спаборнічалі ў асноўным конкурсе. Нягледзячы на ўведзеныя абмежавальныя меры, усё праходзіла ў жывым фармаце — з кіназаламі, чырвонай дарожкай і прэс-канферэнцыямі.


Афіша фільма «Бабін Яр. Кантэкст» (дак., рэж. Сяргей Лазніца).

Каны, якіх не было

Папярэдні фестываль паўнавартасна так і не адбыўся.

Яшчэ на пачатку 2020 года арганізатары заявілі, што ён будзе перанесены з традыцыйнага мая на нетрадыцыйнае «кудысьці пазней». Аднак па выніках кавіднага паўгоддзя стала зразумела, што аб правядзенні вочнага сходу можна ўвогуле забыць. Карацей кажучы, з усіх падзей 73-х Кан самай значнай стала анлайн- абвяшчэнне спіса ўдзельнікаў афіцыйнай праграмы.

Гэтым у прынцыпе і скончыўся галоўны міжнародны фестываль версіі 2020.

Тут важна зрабіць агаворку. Фестывалі такога высокага ўзроўню патрабуюць ад сваіх удзельнікаў чыстай пракатнай гісторыі. Хочаш пальмавую галіну?

Зрабі ласку, на пэўны час прытрымай свой фільм ад гледачоў. Паказ у знакамітым Палацы фестываляў павінен быць прэм’ерным. Як вы можаце здагадацца, добрая частка з мінулагодніх намінантаў сёлетняй імпрэзы так і не дачакалася. Тыя фільмы, стваральнікі і прадзюсары якіх вырашылі не прастойваць, выходзілі ў пракат з пазнакай «Канскі кінафестываль. Адбор 2020», але права змагацца за ўзнагароды яны пры гэтым пазбаўляліся.

Сярод апошніх, напрыклад, апынулася і дацкая карціна «Яшчэ па адной» (дакладней — «Запой») — асенне-зімні хіт беларускага кінапракату, лаўрэат прэміі Оскар у намінацыі «Найлепшы міжнародны фільм», які не сыходзіў з вялікіх экранаў на працягу некалькіх месяцаў рэпертуарнай засухі. Былі і тыя, аднак, хто вырашыў фестываль не прапускаць і, каб пазмагацца за легендарную галіну, раней часу ў пракат не выходзіць.

Гэта ў тым ліку і адзін з самых заўважных намінантаў актуальнай праграмы — рэжысёр Уэс Андэрсан з фільмам «Французскі веснік», у якім задзейнічаны па- сапраўднаму зоркавы склад.

Карацей, сёлетняя праграма часткова складалася з фільмаў мінулага года, тых, вядома, стваральнікам якіх хапіла смеласці і сродкаў. Такіх, праўда, знайшлося зусім няшмат, мяркуючы па канчатковым спісе намінантаў. Тым не менш, фестываль 74-га сезона — падзея па ўсіх параметрах незвычайная. Хутчэй за ўсё, ён увойдзе ў гісторыю як прэцэдэнт найцікавейшага кінаспаборніцтва, што трымае інтрыгу да апошняй хвіліны. Вялікіх імёнаў і ў асноўным конкурсе, і ў секцыі «Асаблівы погляд» — процьма, канкурэнцыя неверагодная…

І вось у гэткіх складаных умовах перамагае — уявіце сабе! — другая стужка маладой французскай рэжысёркі Джуліі Дзюкарно з самым экстравагантным сярод усіх сюжэтам...

Залатое вока

Даруйце за амаль серыяльны «кліфхэнгер», але спачатку разбяром іншае. Як вядома, на галоўныя ўзнагароды Канскага кінафестывалю могуць прэтэндаваць толькі ўдзельнікі так званага асноўнага конкурсу. Тры найбольш значныя прызы (Залатая пальмавая галіна, Гран-пры і Прыз журы) размяркоўваюцца менавіта паміж фільмамі дадзенай катэгорыі. У межах асноўнага конкурсу таксама вырашаецца, каму прысудзіць галоўныя прафесійныя ўзнагароды (Найлепшы рэжысёр, Найлепшы сцэнарыст, Найлепшы акцёр і Найлепшая актрыса). Тым не менш, у Канах праходзяць і іншыя кінаспаборніцтвы.

Афіша фільма «Тытан» (маст., рэж. Джулія Дзюкарно).

На самай справе, іх вельмі шмат: ад конкурсу студэнцкіх фільмаў «Сінефондасьён» да спец-праграмы «Двухтыднёвіка рэжысёраў». І хто толькі не засноўваў тут свае прэміі, якіх толькі няма прызоў: ад узнагароды экумянічнага (хрысціянскага) журы, якая з’яўляецца традыцыйнай для многіх кінафестываляў, да прэміі «Міжнароднага тыдня крытыкі». Якраз у адной з такіх паралельных секцый сёлета і быў прадстаўлены мантажны фільм «Бабін Яр. Кантэкст» зусім не чужога для Беларусі аўтара Сяргея Лазніцы. Больш за тое, карціна, узяўшы «Залатое вока», адзначылася як лепшая дакументалістыка фестывалю.

Нагадаем, Сяргей Лазніца нарадзіўся ў 1964 годзе ў Баранавічах і першыя гады жыцця правёў у Беларусі.

Сярэднюю школу, аднак, будучы рэжысёр канчаў ужо ўкраінскую. Лазніца — усходнеславянскі феномен, рэжысёр-касмапаліт, які жыве фактычна на некалькі краін, — і дагэтуль браў канскія ўзнагароды (у 2001, 2012 і 2018 гадах), прычым розных секцый. На 65-м Канскім кінафестывалі 2012 года ігравы фільм «У тумане» па аповесці Васіля Быкава, зняты з удзелам кінастудыі «Беларусьфільм», быў узнагароджаны спецыяльным прызам ФІПРЭСІ (Міжнароднай федэрацыі кінапрэсы).

Высокая, між іншым, адзнака.

Гэтым разам рэжысёр вяртаецца да ўлюбёнай ім тэхнікі мантажнага кіно, злучаючы ў адмысловым парадку фрагменты кінахронікі, прысвечанай трагедыі ў Бабіным Яры. Мяркуючы па наяўных у сеціве матэрыялах, нас зноў чакае метадычны назіральніцкі фільм з няспешным асацыятыўным мантажом, які абавязкова ўзніме неадназначныя і для многіх непрыемныя пытанні. Сяргей Лазніца робіць нам вялікую паслугу, бо на працягу двух дзесяцігоддзяў амаль што аднаасобна кінематаграфічнымі сродкамі асэнсоўвае калектыўныя траўмы ўсяго рэгіёна, за што яму нізкі паклон.

Пальмавая галіна

Асноўная ж інтрыга, зразумела, развярнулася вакол галоўнай узнагароды. Як згадвалася вышэй, за яе спрачаліся 24 стужкі найбольш аўтарытэтных аўтараў сучаснасці. Сярод іх былі такія заслужаныя мэтры, як французы Леас Каракс («Анэт»), Франсуа Азон («Усё прайшло добра») і Жак Адзіяр («Парыж, 13-ы раён»), а таксама нідэрландзец Пол Вярховен («Спакушэнне»), венгерка Ільдыка Эн’еды («Дзённік маёй жонкі»), расіянін Кірыл Сярэбранікаў («Пятровы ў грыпе»), амерыканец Уэс Андэрсан («Французскі веснік»), таец Апічатпонг Вірасетакул («Памяць») ды іранец Асгар Фархадзі («Герой»).

Пералічаныя рэжысёры ў мінулым неаднаразова заяўлялі аб сабе на буйных кінафестывалях (у тым ліку ў Канах), маюць у скарбонцы не адну прэстыжную ўзнагароду і ўсе разам складаюць сучасны пантэон кінабагоў. Але і гэта яшчэ не ўсё. Акрамя сталых аўтараў, за чыімі плячамі ад некалькіх да дзясяткаў паспяховых праектаў, у конкурсе бралі ўдзел маладыя і амбіцыйныя творцы, якія паспелі ўжо выстраліць і здабыць сабе славу. Гэта, скажам, ізраільцянін Надаў Лапід («Калена Ахед»), чые эфектныя «Сінонімы» тры гады таму «рвалі» экраны ўсяго свету, і аўстраліец Джасцін Курзель («Нітрам»), які ў 2015 годзе зняў стыльную і дарагую экранізацыю «Макбета».

Афіша фільма «Французскі веснік» (маст., рэж. Уэс Андэрсан).

Іншымі словамі, барацьба мелася быць гарачай і з нечаканымі сюжэтнымі паваротамі. У прынцыпе так і атрымалася. Няхай некаторыя з жывых класікаў гэтым разам відавочна падвялі, таталізатары і прагназісты ўвесь час вагаліся ад аднаго фільма да іншага, спрабуючы варажыць па глядацкай рэакцыі. Але канцэнтрацыя добрых і амаль геніяльных твораў на кубічны метр, як вы можаце зразумець, ашаламляльная. Адзін толькі фільм адкрыцця чаго каштуе! Мюзікл «Анэт», бадай, самага загадкавага французскага рэжысёра Леаса Каракса, які апошні раз выпускаўся няпоўных дзесяць гадоў таму, адразу сарваў усім галаву сваім, мякка кажучы, нетрывіяльным падыходам.

Звычайна фільм адкрыцця — гэта слабая пазіцыя на фестывалях, ён павінен адпавядаць характарыстыцы «проста добрае кіно». Часцей за ўсё на гэтую ролю выбіраюць творы рэжысёра з больш-менш вядомым імем або дэбютанта, які падае надзеі (не больш за тое).

Сёлетні ж фестываль адкрывала ледзь не самая чаканая стужка ва ўсёй праграме. Дарэчы, аўтараў не абдзялілі, Леасу Караксу дастаўся прыз у намінацыі «Найлепшая рэжысёрская работа». Аднак галоўная ўзнагарода ўсё ж адышла фільму «Тытан» маладой Джуліі Дзюкарно.

На яго перамогу мала хто спадзяваўся, але, хутчэй, з-за асаблівай эксцэнтрычнасці.

Лаўрэат быў названы ў самым пачатку матэрыялу наўмысна, бо гэтак жа амерыканскі рэжысёр Спайк Лі, старшыня сёлетняга журы, выпадкова агаварыўся яшчэ на пачатку цырымоніі і загадзя раскрыў пераможца. «Тытан» — усяго толькі другая поўнаметражная карціна французскай рэжысёркі. Сюжэт яе круціцца вакол сексуальнай дэвіяцыі галоўнай гераіні. Яна адчувае цягу да аўтамабіляў, уступае з імі ў палавыя зносіны і, больш за тое, у выніку зацяжарвае неверагоднымі істотамі. Сведкі ўсе як адзін заяўляюць: стужка наследуе творчасці непераўзыдзенага класіка боды-хорараў Дэвіда Кронянберга.

Што ж, гэта, напэўна, самая непрадказальная развязка з усіх магчымых!

Мікіта ШЧАРБАКОЎ

Друкуецца ў газеце «Літаратура і мастацтва»

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».