Вы тут

На лініі жыцця і смерці. 80 гадоў таму было створана Мінскае гета


Нападзенне гітлераўскай Германіі на Савецкі Саюз восем дзесяцігоддзяў таму ўскалыхнула ўвесь свет. Палітыка акупантаў у дачыненні да захопленых тэрыторый і іх насельніцтва была бязлітасная. Для жыхароў яўрэйскай нацыянальнасці — без шанцаў на выжыванне. Менавіта ў беларускай сталіцы летам 1941 года пачаліся масавыя забойствы яўрэяў — 19 ліпеня ў горадзе было створана Мінскае гета.


Яно стала адным з найбуйнейшых ва Усходняй Еўропе ў гады Другой сусветнай вайны. Па розных крыніцах, тут загінула ад 88 тысяч да 100 тысяч чалавек. У памяць аб закатаваных вязнях, а таксама зніклых беларускіх мястэчках, у Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася часовая экспазіцыя «Лінія жыцця і смерці».

— Гісторыя Другой сусветнай вайны мае два бакі: як гераічны, так і трагічны, — адзначыў дырэктар Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Уладзімір ВАРАПАЕЎ. — Мы добра ведаем, якой цаной нам далася Перамога: Беларусь страціла трэцюю частку насельніцтва. З іх звыш 800 тысяч — гэта людзі яўрэйскай нацыянальнасці. У экспазіцыі музея тэме Халакосту пастаянна ўдзяляецца ўвага. Сёння мы можам дакрануцца да лёсаў гэтых людзей, яшчэ раз успомніць іх трагедыю, а таксама данесці да нашых наведвальнікаў увесь той жах, каб больш ніколі падобнае не паўтарылася.

У лістападзе 1941 года частка Мінскага гета была адведзена для размяшчэння дэпартаваных з Германіі яўрэяў. Было створана «зондэргета». Першы транспарт, у якім знаходзілася 990 чалавек, прыбыў з Гамбурга 10 лістапада 1941 года. Да канца года, а таксама з мая па кастрычнік 1942 года сюды было дастаўлена яшчэ 22 транспарты з Германіі, Аўстрыі і Чэхаславакіі — усяго ў Мінск з мэтай знішчэння было дэпартавана звыш 22 тысяч яўрэяў.

Працаздольныя з іх разглядаліся акупантамі як рухомая маёмасць. Іх бязлітасна эксплуатавалі, здаючы ў наём арганізацыям і прыватным гаспадаркам, выкарыстоўвалі на прадпрыемствах. Працоўны дзень доўжыўся 12—14 гадзін — недахоп рук быў адзіным аргументам супраць ліквідацыі гета. Але так было нядоўга. У студзені 1942 года яўрэйскае пытанне было канчаткова вырашана: зняволеныя ў гета падлягалі поўнаму фізічнаму вынішчэнню. Паводле розных крыніц, у Беларусі загінула ад 500 да 800 тысяч яўрэяў. Мінскае гета праіснавала два гады, тры месяцы і тры дні.

— Чым больш гадоў аддзяляе нас ад гэтых жудасных падзей Халакосту, тым менш жывых сведак застаецца сярод нас, таму сёння мы павінны аддаваць больш увагі захаванню памяці, — перакананы Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Ізраіля ў Беларусі Алекс ГОЛЬДМАН-ШАЙМАН. — У Беларусі многае робіцца ў гэтым кірунку. У цяперашні час, напрыклад, сумесна з Мінгарвыканкамам мы плануем стварэнне Алеі Праведнікаў народаў свету. Мінскае гета стала адным з першых месцаў, дзе ў адпаведнасці з планам «Барбароса» пачалася рэалізацыя канчатковага вырашэння яўрэйскага пытання — масавае і планамернае забойства яўрэйскага насельніцтва Еўропы.

Каб зразумець, які пласт еўрапейскай культуры мы ў выніку гэтага страцілі, варта толькі паглядзець карціны мастака Юрыя Крупянкова, якія складаюць аснову экспазіцыі «Лінія жыцця і смерці». На большасці работ — мірнае даваеннае жыццё яўрэяў, іх прафесійныя заняткі, святы, вяселлі. Іншыя карціны расказваюць аб трагічным лёсе яўрэйскага народа ў перыяд нацысцкай акупацыі. Член Саюза мастакоў Беларусі Юрый Крупянкоў працуе над цыклам гэтых карцін на працягу 25 гадоў. «Блаславіў мяне на работу сам майстар — Міхаіл Савіцкі, — расказаў мастак. — У мяне было адчуванне несправядлівасці, што, нягледзячы на папулярнасць у беларускім мастацтве тэмы Вялікай Айчыннай вайны, Халакост быў практычна не раскрыты».

Дапаўняюць экспазіцыю прадметы з фондавых калекцый музея, фотадакументальны матэрыял раскрывае жудасныя злачынствы нацыстаў супраць яўрэяў у Мінскім гета, а таксама ў іншых беларускіх гарадах.

Вераніка КАНЮТА

Фота аўтара.


Засцярога ад бяспамяцтва

Будаўнікі і інжынеры, настаўнікі і вучоныя, рабочыя і рамеснікі, гандляры і бухгалтары, музыканты і артысты, студэнты і школьнікі, старыя і немаўляты... Выжыць удалося нямногім. Дакладных лічбаў, звязаных са знішчэннем яўрэяў у Мінскім гета, да гэтага часу няма. Няма і адзінага комплекснага, маштабнага і ўсебаковага даследавання, як заўважыў загадчык сектара навукова-даследчай работы Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны Сяргей Тукала падчас памятнага мерапрыемства, якое прайшло ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Ёханеса Рау. Яшчэ на вельмі многія пытанні давядзецца шукаць адказы. Усё ж дадзенае месца ўнікальнае і вельмі важнае ў агульнаеўрапейскай культуры памяці. Мінскае гета ўваходзіць у тройку самых масавых па колькасці забітых гета Еўропы. Яго асаблівасць у тым, што тут знішчаліся розныя катэгорыі ахвяр — мясцовыя жыхары, яўрэі-бежанцы і людзі, дэпартаваныя з розных краін Еўропы. Менавіта ў Беларусі нацысты апрабавалі новыя механізмы масавых прадуманых забойстваў. Да таго ж Мінскае гета існавала даволі доўга — два гады і тры месяцы. У многіх іншых гета ахвяр знішчалі хутчэй. Прычын можа быць некалькі: па-першае, немцы выкарыстоўвалі рабочую сілу для абслугоўвання сваіх тылоў, па-другое, вязняў было вельмі шмат і таму іх вынішчалі паэтапна, ад акцыі да акцыі.


У памятных мерапрыемствах узялі ўдзел сведкі ваенных падзей, прадстаўнікі розных рэлігійных канфесій, яўрэйскіх арганізацый, настаўнікі, гісторыкі, грамадскасць. Пачалося ўсё з ускладання кветак. На мемарыяле «Яма» ўшанавалі памяць ахвяр Мінскага гета, на Каменным пантэоне — яўрэяў, якія былі дэпартаваныя і загінулі ў Мінску.

Ніколі больш!

Загад аб стварэнні гета быў аддадзены літаральна праз месяц пасля пачатку акупацыі Мінска. У горадзе выдзялялася асобная частка, агароджаная дротам, куды людзей перасялялі пад пагрозай расстрэлаў. Вялікая колькасць ахвяр павінна была рассяліцца ў невялікіх драўляных дамах на тэрыторыі 39 вуліц і завулкаў. Ахвяры ўтрымліваліся ў нечалавечых умовах, штодзень паміралі ад голаду і хвароб. Раніцай целы выносілі на двор, а спецыяльная каманда збірала іх і скідвала ў выкапаныя ямы. За два гады ўчынілі шэсць масавых пагромаў, былі бясконцыя начныя і дзённыя аблавы, забойствы са смехам, проста дзеля забавы... Самы масавы, чатырохдзённы пагром пачаўся 28 ліпеня 1942 года, падчас яго было знішчана 30 тысяч чалавек. І пры гэтым на тэрыторыі гета існавалі 22 падпольныя арганізацыі!

Фрыда Рэйзман стала вязнем мінскага гета ў няпоўныя шэсць гадоў, але жахлівыя гісторыі з таго часу не адпускаюць: «Помню пагромы, вязняў, іх твары, памятаю раку крыві, што цякла па Абутковай вуліцы з правага боку ўніз да Мяснікова. Ад жаху ў мяне адключалася свядомасць».

«Гэта было гета, арыентаванае на поўнае знішчэнне людзей, якія туды трапілі, выжыла ўсяго два-тры працэнты, — адзначыў старшыня Беларускага грамадскага аб'яднання былых вязняў гета і нацысцкіх канцлагераў Валерый Мызгаеў, які таксама прайшоў праз Мінскае гета. Праўда, яму тады было толькі два гады і памяць не пакінула ніякіх успамінаў пра тыя жахлівыя падзеі, але засталося столькі пытанняў, на якія б ён хацеў пачуць адказы... — Чаму нямецкі народ успрыняў вар'яцкую дактрыну па знішчэнні яўрэяў, чаму гэтую ідэю падтрымалі ў іншых краінах, чаму прадстаўнікі іншых народаў удзельнічалі ў забойствах, чаму французы грузілі яўрэяў і пасылалі іх у канцлагеры? Чаму нарвежцы не давалі перасячы граніцу, каб перабрацца на нейтральную паласу? Былі ж краіны, якія не пайшлі такім шляхам. Напрыклад, Балгарыя ўратавала 50 тысяч яўрэяў, а Данія пераправіла восем тысяч у нейтральную зону».

Магчыма, захаванне і папулярызацыя ведаў пра Мінскае гета будзе ці не найлепшай перасцярогай, каб падобнае ніколі не паўтарылася. Яшчэ і таму ў Беларусі столькі ўвагі аддаецца мемарыялізацыі трагічнай памяці.

Шляхі да захавання

Іна Герасімава, былы дырэктар яўрэйскага музея ў Мінску, адзначыла, што ўжо выдадзены шэраг кніг, удалося запісаць гісторыі сем'яў, якія прайшлі праз Мінскае гета, шмат матэрыялаў захоўваецца ў архівах. Часам такія даследаванні дапамагаюць адкрыць раней невядомыя факты, напрыклад, тое, што на тэрыторыі гета было ўзброенае паўстанне, ці што многія прадстаўнікі юдэнрата (яўрэйскага савета, створанага паводле патрабавання акупацыйных уладаў), былі падпольшчыкамі, хоць у некаторых вязняў складвалася негатыўнае ўражанне, маўляў, тыя выслугоўваліся перад фашыстамі.

Шмат чаго ўдалося дасягнуць дзякуючы ўзаемадзенню органаў улады з грамадскімі арганізацыямі, ініцыятывамі і замежнай дапамозе. Адзін з такіх яскравых прыкладаў міжнароднага супрацоўніцтва — выстаўка «Лагер смерці «Трасцянец», якая з 2016 года дэманструецца не толькі ў Беларусі і Германіі, але і ў іншых краінах.

Выканаўчы дырэктар Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра Астрыд Зам заўважыла, што шмат намаганняў робіцца для таго, каб захаваць гісторыі сведкаў і зрабіць так, каб яны былі даступныя наступным пакаленням. Таксама важна зберагчы месцы, звязаныя з гісторыяй, яны могуць быць крыніцамі ведаў для моладзі.

У Мінску такім асаблівым месцам стала Гістарычная майстэрня імя Леаніда Левіна, што працуе ў драўляным будынку па вуліцы Сухой, які знаходзіўся на тэрыторыі гета. Старшыня рэспубліканскага фонду «Халакост», архітэктар Галіна Левіна прадставіла прект рэстаўрацыі і мадэрнізацыі гістарычнага будынка, які яна ахарэктыразавала як аб'ект — засцярогу ад бяспамяцтва. Ён прырасце прыбудовай са шкла (адсылка да хісткасці свету) і бетону, які суадносіць з творчасцю Леаніда Левіна і многімі яго аб'ектамі, звязанымі з мемарыялізацыяй памяці ахвяр Халакосту. Адна з унутраных сцен драўлянага будынка стане часткай інтэр'еру. А на цокальным паверсе змогуць размясціцца памяшканні для работы гурткоў і музейная экспазіцыя, якая будзе распавядаць пра ратаванне яўрэяў, нагадваць пра так званую маліну — так яўрэі называлі куткі, дзе хаваліся падчас аблаў.

Як паведаміла дырэктар Гістарычнай майстэрні Ірына Кашталян, новая экспазіцыя, якая размесціцца ў гістарычнай частцы будынка, будзе знаёміць з гісторыяй Мінскага гета і Трасцянца, іншымі месцамі масавага знішчэння яўрэяў, раскрываць тэму Халакосту. Увага будзе ўдзяляцца біяграфіям сведкаў, праведнікам, яўрэйскаму Супраціўленню, а таксама культуры памяці ў Беларусі.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў.