Вы тут

Настаў час надзей!


Цэлы год чалавецтва думала, адбудуцца ў японскай сталіцы галоўныя старты, ці не. Нарэшце інтрыга вакол Гульняў ХХХІІ летняй Алімпіяды ў Токіа вырашылася — на Нацыянальным алімпійскім стадыёне Японіі запалены алімпійскі агонь. Гульні адкрыліся! Гульням быць! Расказваем самыя цікавыя моманты ўрачыстай і такой доўгачаканай цырымоніі адкрыцця.


Дарэчы, для Нацыянальнага алімпійскага стадыёну Японіі, гэта не першая цырымонія, спартыўная арэна была пабудаваная да Алімпійскіх гульняў 1964 году, якія таксама прымала краіна ўзыходзячага сонца.

Тэма цырымоніі адкрыцця — «Рух наперад». Яе лейтматыў — глабальны крызіс у свеце, выкліканы каранавірусам, праз што Алімпійскія гульні прайшлі на год пазней. У гонар усіх ахвяр пандэміі падчас цырымоніі адбылася хвіліна маўчання. Барацьбе з пандэміяй таксама было прысвечана некалькі артыстычных нумароў. Таксама ў цырымоніі адкрыцця была адлюстравана тэмы аднаўлення Японіі пасля самага страшнага ў яе гісторыі землятрусу 2011 году.

Парад атлетаў — з традыцыямі і навацыямі

Ключавая частка цырымоніі адкрыцця — парад атлетаў у гэтым годзе таксама быў незвычайным. Згодна з эпідэміялагічнымі правіламі, спартсмены прылятаюць у Токіа за пяць дзён да старту. То бок, ні адна дэлегацыя не змагла прайсці па стадыёне ў поўным саставе. Пашанцавала таму, хто раней стаіць у алімпійскім календары.

Усяго ў парадзе атлетаў паўдзельнічала 11,289 атлетаў з 206 каманд, уключаючы каманду бежанцаў, якая была запрошана да ўдзелу ў Гульнях па запрашэнню Міжнароднага алімпійскага камітэту. Як адзначае сайт МАК, каманды выходзілі на стадыён пад кампазіцыі з папулярных японскіх відэагульняў. Незвычайным быў і парадак выхаду. Дэлегацыі выходзілі згодна з японскім алфавітам. Таму каманда Беларусі выйшла аж 126-й. Але традыцыйна каманда Грэцыі выйшла першай, а каманда-гаспадыня — апошняй. Звычайна доўгі парад у гэты раз быў яшчэ даўжэйшым, удзельнікі вытрымлівалі сацыяльную дыстанцыю. Беларускую каманду прадстаўляла каля 20 чалавек — члены дэлегацыі і спартсмены, якія стартуюць і бліжэйшыя дні.

 

Гэтыя Алімпійскія гульні праходзяць пад знакам гендарнай роўнасці. Таму ўпершыню ў гісторыю нацыянальныя сцягі неслі два атлеты — мужчына і жанчына. У беларусаў гэты гонар выпаў Мікіце Цмыг (плаванне) і Ганне Марусавай (стральба з лука).

Па меры таго, як спартсмены напаўнялі стадыён, прадстаўнікі розных сфер грамадаства сфармавалі эмбелму Токіа-2020 з каробак. А затым наступіў чароўны момант. У небе з’явіліся 1824 беспілотнікі, якія спачатку стварылі тую ж эмблему, а пасля падняліся вышэй і прынялі форму зямнога шару. Паменшаная копія планеты лунала ў небе начнога Токіа. Падчас цырымоніі адкрыцця ажылі нават малюнкі. Фігуры, якія сімвалізуюць піктаграмы кожнага віду спорту, прадэманстравалі своеасаблівае шоу.

Кульмінацыя вогненнага падарожжа

Цырымонія запальвання алімпійскага агню прайшла з японскім каларытам. У цэнтры сцэны была ўсталявана паменшаная копія гары Фудзі, якая лічыцца свяшчэннай у Японіі. На яе вяршне была ўсталявана чаша для алімпійскага агню. Гэта быў сімвал сонца, якое ўсходзіць за Фудзі. Алімпійскі агонь запаліла японская тэнісістка Наомі Асака, пераможца чатырох турніраў Вялікага шлему.

 

Да стадыёну алімпійскі агонь выканаў шлях праз 47 японскіх прэфектур, 121 дзень. Больш за 10 000 людзей клапаціліся аб ім падчас эстафеты.

«Нарэшце мы ўсе разам»

Адкрыў Алімпійскія гульні прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэту Томас Бах.

«Сёння настаў час надзей. Так, мы прадстаўлялі гэта зусім інакш. Але давайце атрымаем асалоду ад гэтых момантаў, таму што мы нарэшце ўсе разам. Гэта аб’яднаўчая сіла спорту, гэта пасланне, у якім гаворыцца пра салідарнасці, міры і стойкасці. Усё гэта дае нам надзею, што далейшы шлях мы пройдзем разам. Тым, што мы знаходзімся тут, мы абавязаны народу Японіі, якому выказваем павагу і захапленне», — заявіў Бах.

Кіраўнік МАК падзякаваў валанцёрам, звярнуўшыся да іх на японскай мове. Пасля чаго звярнуўся да спартсменаў.

«Вы сутыкнуліся з цяжкасцямі на сваім шляху. Ва ўмовах пандэміі вы былі акружаны нявызначанасцю, вы нават не ведалі, калі зноў будзеце трэніравацца, ці атрымаецца заўтра сустрэцца з трэнерам, складуць ці не вашы таварышы кампанію на наступных спаборніцтвах. Вы нават не ведалі, ці адбудуцца яны. Сёння ваша алімпійская мара становіцца рэальнасцю», — сказаў Томас Бах.

Будзем спадзявацца, што ніякія абмежаванні і складанасці не перашкодзяць спарстменам рэалізаваць свае алімпійскія мары!

Валерыя СЦЯЦКО

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».