Увага ўсяго свету цяпер накіравана на спартыўныя арэны Токіа. Спартсмены – гэта не толькі метры, секунды, балы, за кожным стаіць чалавечая гісторыя. Расказваем, чаму падтрымліваць беларусаў варта нават тым, хто не лічыць сябе аматарам спорту. На другі дзень Гульняў у Токіа будзе цікава.
У другі дзень Алімпійскіх гульняў свае сілы пачнуць правяраць стралкі.
Самая вопытная з беларускай каманды – Вікторыя Чайка, у жыцці якой ужо было пяць Алімпійскіх гульняў. Прычым, на першую алімпіяду ў Сідней яна паехала ў 19 гадоў, праз год пасля таго, як стала чэмпіёнкай свету сярод юніёраў. У спорт Вікторыю прывёў яе тата Уладзімір Чайка – Заслужаны трэнер Беларусі па кулявой стральбе. За крок ад п’дэсталу беларуская спарстменка спынялася на Гульнях у Пекіне і Лондане, займала чацвёртае месца. Не атрымалася ў Вікторыі заваяваць медаль і ў Рыа. У Токіа яна едзе, маючы трэцюю пазіцыю ў сусветным рэйтынгу ў стральбе з пнеўматычнага пісталета. Гэты сезон Вікторыя Чайка праводзіць досыць паспяхова, таму ёсць падставы, што Токіа зменіць сумныя алімпійскія тэндэнцыі Вікторыі Чайкі.
На Алімпійскіх гульнях 2004 году ў Афінах Юрый Шчэрбацэвіч быў самым малодшым удзельнікам спаборніцтваў у стральбе з малакалібернай вінтоўкі лежачы. 2-гадовы беларус заняў 24-е месца. Праз 17 гадоў Юрый едзе на свае чацвёртыя Алімпійскія гульні, маючы медалі чэмпіянатаў Еўропы і свету, этапаў Кубку свету, медалі Еўрапейскіх гульняў у Токіа.
Алімпійскія спаборніцтвы па кулявой стральбе адбудуцца з 24 ліпеня па 2 жніўня. Усяго спартсмены разыграюць 15 камплектаў узнагарод.
Алімпійскія спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы ў жанчын пачнуцца 25 ліпеня. Беларусь на іх будзе прадстаўляць адна спартсменка – Ганна Траўкова, прадстаўніца знакамітай школы Рэнальда Кныша, пераможца многіх рэспубліканскіх турніраў і удзельніца міжнародных турніраў.
Як адзначала сама Ганна. Ёй вельмі пашанцавала з трэнерамі. Школа Рэнальда Іванавіча Кныша вядомая на ўвесь спартыўны свет. Легендарны трэнер падрыхтаваў дзвюх алімпійскіх чэмпіёнак – Алена Ваўчэцкую і Вольгу Корбут. Падчас сваёй працы ён вынайшаў каля 30 новых элементаў у спартыўнай гімнастыцы. Справу мужа ў Гродна працягвае Вольга Кныш, якая і трэніруе Ганну. А ў дзяцінстве спартсменцы дапамагаў сам Рэнальд Іванавіч, ён прыходзіў у залу, дзе займаліся маленькія гімнасткі, давай парады, многае падказваў. Ганна Траўкова прызнавалася , што нягледзячы на маленькі ўзрост разумела, які легендарны чалавек прысутнічае на трэніроўцы і старалася паказаць сябе з самага лепшага боку.
Такім чынам, у Токіа пачнецца новая старонка ў трэнерскай гісторыі сям’і Вольгі і Рэнальда Кныша.
На другі дзень Гульняў на алімпійскія татамі пачнуць выходзіць дзюдаісты. Спаборніцтвы па дзюдо ў Японіі, мацнейшай краіны ў гэтым відзе спорту, абавязкова выклікаюць вялікі ажыятаж. Першым з беларусаў на татамі выйдзе Дзмітрый Мінькоў. Ён паказаў лепшы вынік сярод беларусаў на чэмпіянаце свету 2021, які прайшоў у пачатку чэрвеня, ён стаў сёмым. Свае выступленне дзюдаіст аднавіў у лютым 2021 году пасля доўгага перапынку. За гэтыя некалькі месяцаў ён заваяваў “серабро” на турніры Вялікага шлему, на спаборніцтвах у Казані. Акрамя гэтага, некалькі разоў спыняўся за крок ад п’едэстала. У гэтым спісе не хапае толькі Алімпійскіх гульняў у Токіа.
25 ліпеня стартуюць алімпійскія спаборніцтвы па боксе. Віталь Бандарэнка ішоў да сваёй алімпійскай мары 25 гадоў, 35-гадовы спартсмен займаецца боксам з 10 гадоў. І чвэрцьвекавы шлях нарэшце прывёў яго алімпійскага рынга. Пакуль яго равеснікі заканчваюць кар’еру, Віталій рыхтуецца да сваёй першай алімпіяды. Зразумела, што пытанняў наконт яго матывацыі ўзнікаць не можа.
А вось Дзмітрый Асанаў ужо ведае, што такое Алімпійскія гульні не са слоў калег, а з уласнага вопыту. Здаецца, у Дзмітрыя не было іншага варыянта, як абраць для сябе бокс. Яго бацька Сяргей Асанаў – трэнер вышэйшай катэгорыі па боксе, суддзя міжнароднага класа, алімпійскі рэфер, які ўваходзіць у дзесятку лепшых суддзяў свету. Ён стаяў у вытокаў адкрыцця секцыі боксу ў Маладзечна. Але ў дзяцінстве Дзмітрый займаўся футболам. Аднак, відаць, гены ўзялі сваё. Алімпійскія гульні ў Рыа для Дзмітрыя выдаліся няўдалымі. Таму ў Токіа ён едзе за рэваншам.
Беларускія баксёры пачнуць сваё выступленне на алімпіядзе 24 ліпеня. Усяго ў японскай сталіцы будзе разыграна 13 камплектаў узнагарод.
25 ліпеня ў барацьбу за алімпійскія медалі ўступаюць людзі, якія пакарылі дзве стыхіі – ваду і вецер. У спаборніцтвах па парусным спорце прадстаўлены два беларускіх спартсмены.
Таццяна Драздоўская – жанчына ва ўсіх сэнсах незвычайная. Па-першае, таму што займаецца нетыповым для Беларусі парусным спортам. А па-другое, робіць гэта больш за 20 гадоў. На міжнародных спаборніцтвах яна дэбютавала ў 1997 годзе, калі многія з яе саперніц толькі нарадзіліся. У 2007 годзе Таццяна Драздоўская стала самай моцнай у свеце ў класе “Лазер-Радыял” і з тых часоў не губляецца сярод лепшых паруснікаў свету. На Алімпійскіх гульнях у Токіа Таццяна выступіць менавіта ў гэтай дысцыпліне. Таццяна Драздоўская – двухразовая ўладальніца Кубка Еўропы, чэмпіёнка свету і Еўропы. Алімпійскія гульні ў Токіа для яе шостыя. Атрымліваецца, што беларуска ўдзельнічала ва ўсіх алімпіядах 21 стагоддзя. “Кожныя Алімпійскія гульні — асаблівыя, яны даюць абсалютна новыя эмоцыі, матывацыю. Пастаянна мяняюцца людзі, а ад гэтага мяняюцца тактыка і стратэгія. А гэта ўжо новыя веды і непаўторны вопыт”, - адзаначала Таццяна ў інтэрв’ю “Звяздзе”. Легенда беларускага паруснага спорту неаднаразова падкрэслівала, што радуецца поспехам сваіх маладых калег і разумее, што трэба даваць дарогу маладым.
Разам з Таццянай, як і чатыры гады таму, на Алімпійскія гульні паедзе Мікіта Цыркун. У 2016 годзе ён быў адным з самых маладых спартсменаў у беларускай дэлегацыі. У 19 гадоў ён не проста заваяваў ліцэнзіі на Гульні, але і ўвайшоў у топ-30 лепшых віндсёрфінгістаў свету. А да гэтага – перамог на юніёрскім чэмпіянаце свету. У дзяцінстве ён цікавіўся шахматамі і дакладнымі навукамі, але ідэя пакарыць хвалі і вецер аказалася мацнейшай. І як відаць, не дарма.
Спаборніцтвы па парусным спорце пройдуць з 25 ліпеня па 4 жніўня. Усяго будзе разыграна 10 камплектаў медалёў.
Аліна Змушка мае ў сваім актыве россып нацыянальных рэкордаў. За тры тыдні да Алімпійскіх гульняў яна заваявала Кубак Беларусі на 100 метрах брасам. Нядрэнны задзел на Токіа. На другі дзень Гульняў свой алімпійскі шлях пачне Мікіта Цмыг, якому ў Токіа выпала ганаровая місія – пранесці беларускі сцяг падчас параду атлетаў урачыстай цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў.
Веласіпедны гонар краіны на шашы будзе абараняць Алена Амялюсік. Для яе гэта ўжо трэція Алімпійскія гульні. Яна разам з Таццянай Шаракавай выступала і ў Лондане ў 2012, і ў Рыа ў 2016 гадах. У свае 32 гады Алена сабрала калекцыю медалёў з чэмпіянатаў свету на шашы – бронзу ў 2014, золата ў 2015 і серабро ў 2016. Такім чынам, аматары веласпорту змогуць убачыць, як знакамітыя беларускія велагоншчыцы ў Токіа бяруць свае алімпійскія рэваншы.
Валерыя СЦЯЦКО
Прэв’ю: БелТА
Ад распрацоўкі лекаў да беспілотных аўтамабіляў.
«Наш слоган — „У нагу з часам“».
У поўным аб’ёме задаволена патрэба краіны ў калійных і каменных солях, торфе, сапрапелі, будаўнічым камені, падземных водах.