Вы тут

Багацце ўраджаю цяпла


Гэты малюнак увесь час у маёй памяці. Хоць сцвярджаць, што пабачаны ён менавіта на Капыльшчыне, ды яшчэ ў ваколіцах Пясочнага — малой радзімы Анатоля Астрэйкі, не бяруся. Даўно гэтае суладдзе хараства прыроды і рупнасці чалавека ўвайшло ў маю душу…


Вецер зайшоў з боку лесу. Прабег па вершалінах дрэў, нетаропка спусціўся ўніз на кустоўі, што разбеглася па прырэчнай балаціне. Лёгка паказытаў лістоту альшэўніку. Прыціх у роздуме. Потым павярнуў у бок палетка, які віднеўся на гарызонце. Відаць, прывабіла зеляніна жыта. Яно адкусцілася і ўверх пацягнуліся сцябліны, на якіх утварылася калоссе. На ім ужо з’явіўся жаўтаваты пылок.

Поле захвалявалася. Сцяблінкі кланяліся долу, выпростваліся, выслабаняліся. Але ветрык не спыняўся. То кудраціў краскі на ўзмежку, то ўзнімаў пыл на дарозе, то з разгону ўрываўся ў сярэдзіну збажыны… Жыта закалыхалася, пабегла хваля за хваляй, і праз якую хвіліну-другую ўжо здавалася, што гэта нейкі нябачны невялікі карабель пагойдваецца на верхавінах раслін, парушаючы іх спакой.

Ці не пад такім уражаннем пісаў гэтыя свае радкі і Акім Пятровіч, як звалі Анатоля Астрэйку па пашпарце:

 

Плыве ад жыта жоўты дым,

Яго хвалюе вецер.

Куды ні глянь, ляжаць сляды

Твае, чароўны квецень.

 

Квеценем ён назваў май, такі чароўны ў сваёй непрыхаванай красе ў наднёманскіх ваколіцах. І не толькі май, аб чым прызнаваўся ў вершы «Квецень»: «Люблю сваю зямлю, // Свой край мацней за ўсіх на свеце. // І лістапад, і месяц май // Я называю — квецень». Прырода ж тым і вабная, што загадзя клапоціцца паяднаць і квяцістую неруш, такую адчувальную ў часіну абнаўлення, і тую засяроджанасць, якая прыходзіць ад гэтага сузірання:

 

І з яблынь ад вясковых рос

Упалі матылём пялёсткі,

А вецер языком іх шорсткім

Злізаў і вуліцай панёс.

 

Талент ёсць талент, ды, як у гэтым пераконвае шматвяковы вопыт, для фарміравання яго і яшчэ ў большай ступені для станаўлення важная сама атмасфера, той мікраклімат, які спрыяе чалавеку з маленства. Ён жа для будучага літаратара, для паэта ці не ў першую чаргу пачынаецца і з яднання з наваколлем, далучэння да прыроды. Яна ж у ваколіцах Пясочнага, у якім Анатоль Астрэйка нарадзіўся 24 ліпеня 1911 года, такая вабная, якую рэдка дзе пабачыш. Хіба што на Лагойшчыне. Нездарма капыляне здаўна спрачаюцца з лагойцамі: і першыя, і другія свой кут называюць беларускай Швейцарыяй.

На Капыльшчыне каля Пясочнага гэтае параўнанне найлепш стасуецца. Тут усё непаўторнае. Лясы, якія бяруць колішняе мястэчка ў абдымкі. Паплавы, што змяняюцца пагоркамі і ўзлескамі. Аднак не было б ні тых паплавоў, ні паветра чыстага, якое асабліва дае знаць аб сабе летнім надвячоркам, калі на зямлю насоўваецца змярканне і лёгкая прахалода асвяжае грудзі, калі б ні Нёман, што працякае поруч.

Безумоўна, гэта ўжо не тая рака, якая была колісь. Раней ён выглядаў волатам. Пра гэта ў маленстве Акімка чуў ад старых людзей. Яны, сабраўшыся ля прызбаў хат, любілі прыгадваць мінулае. І нядаўняе, і больш далёкае. Сёе-тое расказвалі хлапчукам і бацькі.

Некалі тут быў вялікі прычал, першы на Нёмане. Звесткі пра яго, дарэчы, ёсць і ў вядомым энцыклапедычным даведніку Бракгаўза і Эфрона. Песачане займаліся перавозкамі, выконваючы такую павіннасць. Заходзілі ў мястэчка і судны заморскіх купцоў. Дастаўлялі тавары з Балтыі. Прыплывалі з самога Круляўца, цяперашняга Калінінграда ў Расійскай Федэрацыі. З Беларусі па гэтым водным шляху вывозілі зерне, па рацэ сплаўлялі лес. На беразе знаходзіліся шматлікія румы. Дзясяткі, сотні плытоў дзень за днём, найперш вясной, плылі і плылі па Нёмане. На пачатку мінулага стагоддзя сплаву, праўда, паменела, але Анатоль Астрэйка яшчэ заспеў яго. Пра гэта верш «Прымі прывітанне»:

 

Быў рум калісьці ля ракі.

І ўдзень, і ўночы плытагоны

Сасны стрыжнёвай камлюкі

Ля берага вязалі ў згоны.

Сасна стрыжнёвая як звон

Мінала лес, мінала горы.

І не адзін мы з бацькам згон

Вялі па Нёмнавым прасторы.

 

А яшчэ Нёман — невады, паўнюткія рыбы. Духмянае сена, скошанае на лугах. Сена засталося, рыбы мала. Застаўся і ўспамін Акіма Пятровіча: «Вясной не раз на Нёманцы // Мы нераты з суседам трэслі, // А ўвосень гнуткія дубцы // На новыя кашолкі неслі». Непадалёк ад Пясочнага Нёманец, які бярэ пачатак на Уздзеншчыне, ператвараецца ў Нёман, прымаючы ў сябе воды Лошы і Усы. Ля Пясочнага знаходзілася і водная пераправа, звязваючы два берагі. Правы — уздзенскі, левы — капыльскі. Цяпер у гэтым месцы бетонны мост.

Маленькі Акімка любіў перабрацца на ўздзенскі бераг. У нейкай паўвярсце ад Пясочнага стаяў палац мясцовага пана Якава Наркевіча-Ёдкі. Сваім сялянам, будзем глядзець праўдзе ў вочы, ён не даваў спуску. Яны і ў 1905 годзе, і ў 1917-м выступалі супраць яго. Аднак Якуб Атонавіч заслужыў і добрую памяць. Пабудаваў метэастанцыю, прадказваў надвор’е. Паставіў маланкаадводы. Часам у наваколлі выпадаў град, а ў Над-нёмане пасевы не былі пабіты. У сваім маёнтку Якуб Наркевіч-Ёдка лячыў людзей. Гэта ён, раней за Аляксандра Папова, вынайшаў радыё. Распрацаваў спосаб лячэння электратокам.

Ды, бадай, куды больш, чым назіраць за маёнткам, Акімку падабалася глядзець, як вясной па Нёмане плывуць крыгі. Улетку ж яго зачароўвалі сваёй прыгажосцю навакольныя краявіды. Як і ўвосень, калі пазалотай пакрываліся дрэвы. Яго чуйная, паэтычная душа ўсё гэта ўбірала ў сабе. У маленстве — вытокі яго творчасці. Мала ў каго з беларускіх паэтаў знойдзеш столькі твораў, матывы якіх падказаны любоўю да родных мясцін. Чытаеш іх і нібы праходзіш ваколіцамі Пясочнага, любуешся хараством прыроды.

Першыя вершы напісаў яшчэ падчас вучобы ў сямігодцы, якую скончыў у 1927 годзе. Праз год дэбютаваў у газеце «Чырвоная змена» безназоўным вершам «***Гару заўжды напевам новым…». Як відаць з першага радка, ён напісны ў духу свайго часу. У духу таго часу быў і псеўданім — Якім Зорны. Карыстаўся і іншымі, але ў літаратуру ўвайшоў Анатолем Астрэйкам.

Вучыўся ў Мінскай школе фабрычна-завадскога навучання, на двухгадовых настаўніцкіх курсах, у Вышэйшым педагагічным інстытуце (цяперашні Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка). Працаваў у друку. Першая кніга вершаў «Слава жыццю» выйшла ў 1940 годзе. Падрыхтаваў і другую — «Квецень», але рукапіс яе згарэў пры бамбёжцы фашыстамі Мінска. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў прызначаны адказным сакратаром газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну».

Двойчы — у 1942 і 1943 гадах — накіроўваўся на акупаваную ворагам тэрыторыю Беларусі. Напісаў шмат вершаў. Сакратар Слуцкага падпольнага райкама партыі Іпаліт Канановіч прапанаваў рэдакцыі газеты «Народны мсцівец» падтрымаць свайго зямляка (Іпаліт Сілівестравіч нарадзіўся ў вёсцы Кукавічы на Капыльшчыне), выдаць гэтыя творы, якія палюбіліся лясным байцам, асобнай кніжкай. А да яе напісаў прадмову.

Тысяча асобнікаў «Слуцкага пояса» — так аўтар назваў гэты зборнік — хутка разышліся па атрадах, натхняючы паэтычным словам на барацьбу з ворагам. У 1964 годзе кніга была перавыдадзена, і адразу стала бібліяграфічнай рэдкасцю. Добра вядома, што на «Слуцкі пояс» — той, ваенны, звярнуў увагу ў сваім даследаванні «Савецкая літаратура» знакаміты французскі пісьменнік-камуніст Луі Арагон.

Для саміх жа барацьбітоў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі — творы са «Слуцкага пояса» былі праўдай іх паўсядзённых будняў. Нават абыякавыя да паэзіі з захапленнем чыталі вершы. Найбольш зацікаўлена ставіліся да іх тыя, хто асабіста пазнаёміўся з Акімам Пятровічам. Ён хутка стаў для іх сваім. Такі просты, сціплы, піша, як піша!

Верш «Беларусь-партызанка» байцы часта дэкламавалі, адпачываючы паміж баямі. Хто на гармоніку іграў, хто песні спяваў, а хто быў сам-насам з вершамі Анатоля Астрэйкі. «Беларусь-партызанка» перачытвалі па некалькі разоў, настолькі ён адпавядаў іх думкам і настрою. Не зламаць Беларусь, не сагнуць беларускі народ! Дзеля гэтага ў трывожную часіну яны і ўзяліся за зброю:

 

Мы асфальтам балоты завём

І шасейнай дарогі сцяжынку.

Два гады мы і косім, і жнём,

Каб вялікія справіць дажынкі.

Аўтаматы нам служаць касой,

А сярпамі — гранаты, наганы.

Не расою — варожай крывёй

Акрапляюць зямлю партызаны.

Там, дзе нас не чакаюць — мы там,

А дзе ладзяць засаду — абыдзем.

Тут усё паслухмянае нам,

Нават месяц, то ўстане, то зайдзе.

Спее волі і шчасця прыход,

Што расце на франтах і палянах.

Не зламаць, не сагнуць мой народ,

Бо ўся Беларусь-партызанка.

 

Да гадоў Вялікай Айчыннай вайны Акім Пятровіч пастаянна вяртаўся і пасля Перамогі. Але па складзе свайго таленту ён — найперш лірык. Каторую кнігу ні возьмеш («Зямля мая», «Бацька мой, Нёман», «Сэрца насцеж», «Цвіціце, верасы!» і іншыя), абавязкова напаткаеш нямала вершаў, у якіх гучыць любоў і замілаванне роднай зямлёй, яе прыродай.

Ён любіў Капыльшчыну, услаўляў яе сваім яркім паэтычным словам, часта ўспрымаў у яе гістарычным разуменні — Случчына. Невыпадкова і томік выбраных твораў у «Бібліятэцы беларускай паэзіі» назваў «Зямная Случчына». Хоць сёння гэта і два раёны, у іх гісторыі шмат агульнага. А яшчэ рэдка які куток Бацькаўшчыны такі багаты на таленты. Як жа не любіць зямлю, якая, калі задумацца, у пэўным сэнсе з’яўляецца і люстэркам усёй Беларусі. Зразумела, што Капыльшчына-Случчына толькі частка яе, пачатак якой для Анатоля Астрэйкі ў Пясочным.

Прызнанні ў любові да яе часта гучаць у споведзі яго лірычнага героя. У многіх вершах ён не нейкі абагульнены вобраз. Сам паэт раскрываецца сваёй разнасцежанай душой, людзям і свету адкрытай. Хоць у яго творах усё сказана проста, але гэта тая класічная прастата (ні ў якім разе не спрошчанасць), пазбаўляючыся ад якой, сучасная беларуская паэзія нярэдка губляе сваю арыгінальнасць і шчырасць.

Паэтычныя эксперыменты, зразумела, добра, але калі яны такога кшталту, як у Максіма Танка, Рыгора Барадуліна… Аднак і ў гэтых волатаў нацыянальнага прыгожага пісьменства часта хочацца адгарнуць менавіта тыя старонкі, што пазбаўлены літаратурнага штукарства. Магчыма, і менш у іх філасафічнай напоўненасці, але так усё кранальна, прачула. Такога падыходу прытрымліваўся Анатоль Астрэйка, прысвячаючы сваю песню зямлі маленства і юнацтва. Тое, што пастаянна жыло ў яго сэрцы, відаць ужо з назвы аднаго з вершаў — «Усё мне тут дорага»:

 

Істужкі лясоў, што Пясочна абводзяць:

Падцацкаўскі бор, Перадзел, Нізаўскі,

З Вугленскага ельніку сонца ўзыходзіць

І падае к вечару ў лес Асаўскі.

 

Усё мне тут дорага, міла да болю —

І песні людскія, што рвуцца з грудзей,

І поле на ўзгорках, шырокае поле,

І гоман спакойна-паважных людзей.

 

Шмат якія вершы Анатоля Астрэйкі пакладзены на музыку. Сярод іх «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў»… Самая ж знакамітая «Ой бацька мой, Нёман». Яна стала па-сапраўднаму народнай. Многія з тых, хто любіць, ведае, што яна — плён творчага супрацоўніцтва Акіма Пятровіча з кампазітарам Несцерам Сакалоўскім, які з’яўляецца аўтарам музыкі Дзяржаўнага гімна Рэспублікі Беларусь.

Займаўся Акім Пятровіч і перакладамі, пісаў, неаднаразова перавыдавалася яго паэма «Прыгоды дзеда Міхеда», героі якой — стары і яго ўнук. Наяўнасць камічных сітуацый не перашкодзіла аўтару сур’ёзна і праўдзіва расказваць дзецям, якое страшнае зло — вайна.

Важная адметнасць паэзіі Анатоля Астрэйкі і тое, што ад яе зыходзіць цеплыня. Гэта датычыцца і твораў, прасякнутых мужнасцю і гераізмам. Сваімі словамі перадаць гэта цяжка. Па-сапраўднаму адчуць можна толькі тады, калі вершамі жыць, прапускаючы сказанае праз сябе. Апошняя ж кніга Акіма Пятровіча ўвогуле мае сімвалічную назву — «Ураджай цяпла». Ён паспеў яшчэ парадавацца яе карэктуры, а 23 жніўня 1978 года майстар слова адышоў у лепшы свет.

Алесь МАРЦІНОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».