Вы тут

Любiць гiсторыю


Мастацкi твор пачынаецца з задумкi. Яе ўзнiкненне — падзея амаль мiстычная. Было дастаткова некалькiх радкоў газетнай хронiкi, і ў Стэндаля атрымалася яго «Чырвонае i чорнае», а ў Дастаеўскага — «Злачынства і пакаранне». Вялiкi Дастаеўскi (прынамсi, этнiчны беларус) здолеў разгледзець у персанажы з газеты знак цэлага пакалення i нават болей — расiйскую гiсторыю на яе зломе... А iншым разам празаіку цi паэту зусiм дастаткова нейкай дробязi — нечакана падслуханага слоўца цi бледнага твару, якi прамiльгнуў за шклом вагона хуткага цягнiка — i для таго не патрэбна быць вялiкiм. Але што абавязкова патрэбна — гэта ўменне чуллiва слухаць жыццё i жаданне падзялiцца з чытачом тым, што бачыцца найбольш значным. Тады абавязкова знойдецца той самы iмпульс, якi запусцiць «вечны рухавiк» пiсьменніцкай фантазii.


Беларускiя празаiкi ўсё часцей карыстаюцца невычэрпным матэрыялам нашай надзвычай багатай гiсторыi, у якой, аднак, шмат белых плям. (Напрыклад, знiкненне Полацкага летапiсу мы мусiм квалiфiкаваць як нацыянальную трагедыю.) Гэтыя плямы засмучаюць даследчыкаў i аматараў роднай гiсторыi, але, з iншага боку, робяць справу аўтара значна лягчэйшай. Можна абысцiся без дакладнасцей: узяць у якасцi творчага iмпульса якi-небудзь згублены артэфакт цi малавядомы эпiзод з мiнулага — i працуй. Што атрымаецца ў вынiку — цалкам залежыць ад асобы аўтара i яго стаўлення да сваёй пачэснай працы...

Апошнiм часам ахвотней звяртаюцца да гiсторыi маладыя пiсьменнiкi. I гэта не проста добра — гэта жыццёвая неабходнасць. Справа ў тым, што наша старэйшае пакаленне было пазбаўлена сваёй гiсторыi: школьныя падручнiкi пачыналiся толькi з 1917 года... Апошнiя тры дзесяцiгоддзi прадмет «Гiсторыя Беларусi» займае належнае месца ў школьнай праграме, але ж увогуле трэба прызнаць, што тыя веды не вельмi грунтоўныя, а пачуццё радзімы, можа стацца, не засвоена пакуль на генетычным узроўні. Магчыма, што трыццацi гадоў iснавання незалежнай Беларусi для таго недастаткова. Гэта аб’ектыўная дадзенасць, i яна не можа не закрануць творчасць.

Вiдавочным прыкладам да сказанага можна ўзяць кнiжку Алены Беланожкi «Зорка Ракхiгархi», надрукаваную ў 2020 годзе выдавецтвам «Звязда». Жанр можа быць вызначаны як прыгоднiцкая аповесць-жарт цi гумарыстычнае фэнтэзi. Падзеi разгортваюцца на нашай зямлi, але штуршком для iх сталiся старыя павер’і iндусаў: у якасцi творчага імпульсу скарыстаны загадкавы iндыйскi артэфакт — Зорка, якая валодае звышнатуральнымi магчымасцямi. У дэтэктыўнай гiсторыi прымаюць удзел, разам з нашымi хлопцамi i дзяўчатамi, маладыя iндусы, а звычаi i лексiкон сучаснай моладзi пацешна выглядаюць на фоне гiстарычных рэалiй. Наогул, гумар — найбольш моцная якасць маладой аўтаркi, але ж iншыя cтаронкi твора, як кажуць, выклікаюць падставы для дыскусіі.

Галоўная гераiня Алiна захоплена «iндыйскай тэмай», i таму аповед пачынаецца доўгiм пераказам 225-га эпiзоду телевiзiйнага эпасу «Махабхарата» з цяжкiмi для вымаўлення iмёнамi. Адразу ж хочацца падказать аўтарцы: далёка не ўсе чытачы падзяляюць гэткiя захапленнi, таму не варта з першых жа радкоў «абцяжарваць» iх тым, што для iх не надта цiкавае. Менавiта ад пачатку залежыць, цi будуць чытачы працягваць далейшае знаёмства з творам.

Кнiжка разлiчана на падлеткавую i маладзёжную групу чытачоў, якiя з задавальненнем успрымаюць усё нязвыклае, з выклiкам — «прыкольнае». Вядома ж, аўтар павiнен улiчваць асаблiвасцi свайго кола чытачоў, але тут патрэбна пачуццё меры. Цi ж варта дырэктарцы з’ядаць «горы цукерак», «поўзаць ракам» у пошуках сваёй «мабiлкi» i «кусаць за нагу» свайго супрацоўнiка... Чытач губляецца ў непаразуменнi: дзе адбываецца дзеянне — у дзiцячым садку, у пансiёне састарэлых цi наогул у «вядомым» доме? Вiдавочна, што з «прыколам» тут перабор. Спачатку гераіня выглядае інфантыльнай асобай са знiжанымi разумовымi здольнасцямi, але потым паўстане цалкам разумнай i прывабнай маладой жанчынай, якую пакахае мужны iндыйскi генерал. Яе ўвасабленне аказалася нелагiчна раздзёртым на дзве несумяшчальныя часткi...

Аднак галоўнае, пра што неабходна весцi гаворку, — гэта адносiны да гiсторыi. У загадкавым куфары, якi быў здабыты ў сутарэннях Гарадзенскага замка, апынулася... не болей не меней як Карона Вiтаўта! Але адразу ж пасля таго, як яна была знойдзена, на яе забылiся. Што адбылося з ёй далей, аўтарку не цiкавiць. Мабыць, яе сцягнуў якi-небудзь шпаркi госць балю, i ёй наканавана згубiцца яшчэ на наступныя шэсцьсот гадоў... Iндыйскай Зорцы пашанцавала болей: яна адабрала сабе палову аповесцi...

Жарты жартамi, аднак за карону крыўдна ўсур’ёз. Калi б яна ў свой час апынулася на галаве Вялiкага князя Лiтоўскага — уся наша гiсторыя мусiла б пайсцi зусiм iншым шляхам! Вось такой значнай была тая Карона, — а ў аповесцi адыграла ролю «гарматы па вераб’ях». Не хапiла разумення роднай гiсторыi i мастацкага густу, каб змясцiць у куфар нешта iншае — прасцейшае... Вядома, можна было б напiсаць твор, у якiм Карона Вiтаўта была б галоўным героем, але спатрэбiлася б зусiм iншая праца — па колькасцi i па якасцi.

Апошнiм часам ахвотней звяртаюцца да гiсторыi маладыя пiсьменнiкi. I гэта не проста добра — гэта жыццёвая неабходнасць. Справа ў тым, што наша старэйшае пакаленне было пазбаўлена сваёй гiсторыi: школьныя падручнiкi пачыналiся толькi з 1917 года... Апошнiя тры дзесяцiгоддзi прадмет «Гiсторыя Беларусi» займае належнае месца ў школьнай праграме, але ж увогуле трэба прызнаць, што тыя веды не вельмi грунтоўныя, а пачуццё радзімы, можа стацца, не засвоена пакуль на генетычным узроўні. Магчыма, што трыццацi гадоў iснавання незалежнай Беларусi для таго недастаткова. Гэта аб’ектыўная дадзенасць, i яна не можа не закрануць творчасць.

У бягучым годзе выйшла ў свет гiсторыка-прыгоднiцкая аповесць «Крыж княжны Прадславы» Алеся Аляшкевіча. Нацыянальную святыню, пра якую вядзецца гутарка, усё ж такi трэба называць Крыжом вялебнай Еўфрасiннi — з той нагоды, што князёуна Прадслава была занадта юнай i ёй яшчэ належала прайсцi доўгi шлях духоўнага самаўдасканалення, каб у яе, ужо святой падзвiжнiцы Еўфрасiннi, узнiкла iдэя таго Крыжа — як святога сiмвала нашай зямлi. Iстотная недакладнасць выразу ў самiм загалоўку...

Гiсторыя знiкнення нашай святынi на самым пачатку Вялiкай Айчыннай вайны выключна заблытаная. Аўтар прапаноўвае зусiм верагодную версiю падзей: капiтан НКУСа ў Маскве атрымаў заданне вывезцi з Магiлёва музейныя каштоўнасцi (сярод якiх — знакамiты Крыж), паколькi да горада падышлi ўжо немцы.

Далей iдзе аповед аб прыгодах капiтана, супрацоўнiцы музея i iншых людзей, якiя намагаюцца выканаць тую найзначнейшую справу, i гэта таксама можна аднесцi да поспеху аўтара: усё магло адбывацца гэткiм чынам...

Паралельна з падзеямi мiнулага ў аповесцi разгортваюцца i падзеi сучаснага жыцця, але яны не падаюцца пераканаўчымi. Якiмi б яны нi былi — кожная мусiць быць верагоднай i ўсе яны павiнны быць звязанымi адна з адной унутранай логiкай — iнакш атрымаецца, што «ў кустах выпадкова аказаўся раяль». Унучка той музейнай супрацоўнiцы захоўвае выратаваны Крыж у сваiм доме ў шафе — а мы з вамi, недарэкi, шукаем яго ўсёй грамадой... Далей — болей: выратаваны бабуляй Крыж выяўляецца не тым крыжам, а яго копiяй. (Версiя аб аўтарскай копii найкаштоўнейшага крыжа, зробленай майстрам Лазарам за ўласны кошт для каханай дзяўчыны, цалкам неверагодная.) Цi ж маглi памыляцца на гэты конт дасведчаныя спецыялiсты i разнастайныя камiсii? Сапраўдны Крыж, мяркуе аўтар, нiколi не пакiдаў муроў роднай полацкай абiцелi... Як тое магчыма, калi ўсе яго перамяшчэннi аж да апошняга так цi iнакш задакументаваныя? I галоўная недарэчнасць: навошта ў наш час сталася б тое, што iгумення ўтойвае ад усiх знаходжанне Крыжа ў абiцелi, калi ўжо доўгi час iдуць яго пошукi — каб вярнуць святыню народу? Атрымлiваецца, што набожная жанчына наўмысна ашуквае народ, якi вяртаецца да веры пасля цяжкiх гадоў атэiзму? Калі гаворка iдзе аб гэткай духоўнай (i матэрыяльнай) каштоўнасцi, як Крыж Еўфрасiннi, — трэба ўзважваць кожнае слова... Недарэчна выглядаюць i сённяшнiя немцы-калекцыянеры, якiя палююць на Крыж: яны пераблыталi новы, выраблены для здымкаў фільма, са старым артэфактам... Вядома ж, мастацкi вымысел мае свае правы, але да пэўных межаў... А як наконт званоў, якiя абудзiлiся самi па сабе — па загадзе з нябёсаў самой Еўфрасiннi, як сцвярджае iгумення? Цi не занадта той пагрозлiвай з’явы — усяго толькi дзеля кiношнiкаў, якiя прынялi лiшку? Болей за што-небудзь iншае аўтар павiнен пазбягаць недарэчнасцi...

Ёсць некаторыя праблемы з самiм тэкстам. Моўныя характарыстыкi — гэта па сваёй сутнасцi псiхалагiчныя партрэты персанажаў. Дзяўчына-гiд Злата добрая, чыстая, адукаваная, але мова сучаснай дзяўчыны ўсё ж не павiнна нагадваць цытаты з фальклору... Герой, прыбыўшы ў Полацк, захапляецца iм, а далей iдзе нешта накшталт ненатуральна ўведзенай старонкi з падручнiка гiсторыi для 5 класа. Аўтар нiбы не дае веры чытачам, калi нагадвае аб такiх агульнавядомых рэчах... На iншых старонках гiстарычныя даведкi атрымліваюцца больш натуральнымi, i адчуваецца шчырае iмкненне аўтара захапiць чытача гiсторыяй роднай зямлi. Аднак захапленне i беражлiвыя адносiны мусяць iсцi поруч.

«Ускользающие сюжеты» нашага знакамiтага гiсторыка i літаратара Уладзiмiра Арлова з'яўляюцца яскравым кантрастам да твораў менш спрактыкаваных аўтараў. Яго кнiга можа стаць адным з магчымых узораў лiтаратуры гiстарычнага жанру. Аповед таксама будуецца вакол гiстарычнага казусу: гэта ўсiм вядомы скарб Напалеона — каштоўнасцi, якiя былi вывезены з Расii i, верагодна, захаваны дзесьцi на тэрыторыi сучаснай Беларусi. Аднак той скарб патрэбен аўтару не так дзеля ўцехi чытача, як падстава для размовы з iм аб цiкавых i значных з’явах жыцця. У кнiзе Арлова мiнулае таксама спалучаецца з сучаснасцю, але натуральным, а не штучным чынам. Аўтар дае выразныя замалёўкi бессаромных паводзiн «цывiлiзаваных» французаў у Маскве, а потым iх панiчнага адыходу; даецца партрэт Напалеона, якi пазбаўлены велiчнасцi... Аўтар таксама прапануе сваю версiю месцазнаходжання скарбу, аднак спасылаецца на верагодныя абставiны. Галоўны герой спыняецца ў адным кроку ад магчымага адкрыцця — i гiне, таму што аўтар добра адчувае межы дапушчальнага ў мастацкiм вымысле. Псiхалагiчна дакладныя выявы персанажаў, багатая выразная мова дадаюць вартасці кнiзе.

***

Гiстарычны жанр намнога больш складаны, чым можа падацца, таму i патрабаванняў да аўтара болей. Перш за ўсё, неабходна пачуццё гiсторыi, але ж iм адораны толькi той аўтар, якi назапасіў добры стос ведаў, — i тады, здараецца, адсутнае звяно даецца яму быццам звыш — як узнагарода за намаганнi. Вялiкую ролю адыгрывае мастацкi густ. Гэта асаблiвая ўласцiвасць, якая заўсёды падкажа аўтару адмысловы гiстарычны каларыт, праўдзiвыя характары i паводзiны герояў, належныя моўныя сродкi. Такi густ не столькі прыродны дар, яго можна прыдбаць — праз вывучэнне насамрэч таленавiтай мастацкай лiтаратуры. Пад густам маецца на ўвазе i пачуццё меры. Яно не дазволiць аўтару без сур'ёзнай нагоды скарыстацца знакамiтымi асобамi, вялiкiмi падзеямi, вядомымi артэфактамi у нейкiх мiзэрных мэтах, як ужо адзначалася. Але ж галоўнае для таго, хто ўзяўся за гэтую пачэсную справу, — любоў да роднай гiсторыi: яна дапаможа аўтару адолець усе цяжкасцi. I наадварот: фармальнае стаўленне да абранай тэмы — у разлiку на тое, што яна будзе працаваць сама на сябе — зробіць адваротнае, бо чытач адразу адчуе нядбайнасць i фальш. Не гiсторыя павiнна служыць аўтару, а аўтар — гiсторыi. Наша гiсторыя i нашы чытачы таго заслугоўваюць.

Алена ЧЫЖЭЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.