Вы тут

Тры дні ў археалагічнай экспедыцыі


Яркія палаткі як вялізныя кветкі, вылучаюцца на жоўта-пясочным фоне пажухлай травы. Навокал — пах дыму, рамантыкі і гісторыі. А таксама — вясёлы гоман студэнтаў і ўвесь час чымсьці заклапочаных валанцёраў. Тры дні мы правядзём у археалагічнай экспедыцыі, якую праводзіць гістарычны факультэт БДУ.


Да таго як усё гэта ўбачыць, давялося «прайсці» своеасаблівы квэст, каб дабрацца да месца прызначэння. І вось нарэшце аўтобус пад'язджае да прыпынку з кароткай назвай «Рэчкі». Менавіта ў гэтай вёсцы Вілейскага раёна размясціўся лагер археолагаў.

Суседка па аўтобусе, калі даведалася канчатковы пункт нашага маршруту, адразу прапанавала правесці і між іншым запытала:

— А цікавае што-небудзь знайшлі ўжо?

У той момант адказаць кампетэнтна на яе пытанне мы не маглі. Але дазены матэрыял, спадзяёмся, зможа спатоліць цікаўнасць чытачоў, у тым ліку з вёскі Рэчкі. Археалагічныя будні пачынаюцца!

Дзень першы. Святочны.

У лагеры мы апынуліся ў другой палове дня 16 ліпеня. Амаль увесь дзень тэрмометр паказваў за трыццаць градусаў, таму пасля доўгага падарожжа сіл хапіла толькі на тое, каб проста сесці ў цянёчку і назіраць.

Лагер экспедыцыі размясціўся на адным з вясковых падворкаў. Таму ў ім дзіўным чынам побач апынуліся вайсковыя, турыстычныя палаткі і драўляныя збудаванні. У лагеры ў такі час шматлюдна — працоўны дзень у студэнтаў скончыўся і яны адпачываюць. А валанцёры разам з кіраўнікамі раскопак працягваюць працаваць у другую змену.

Зусім нечакана высветлілася, што менавіта сёння для студэнтаў ладзіцца традыцыйнае свята «Грунвальд», прымеркаванае да гадавіны Грунвальдскай бітвы, якая адбылася 15 ліпеня 1410 года.

— На час археалагічнай практыкі звычайна прыходзяцца тры святы: Купалле, «Грунвальд» і «Пасвят». На апошнім усіх студэнтаў, якія прайшлі археалагічную практыку да канца, сімвалічна пасвячаюць у археолагі. Грунвальдская бітва — значная падзея ў беларускай гісторыі. Яна была пераможнай для ВКЛ, таму гэты дзень не проста памятны, а святочны. Тым больш для гісторыкаў. Валанцёры імкнуцца зрабіць свята запамінальным для студэнтаў, каб усе разам маглі правесці час цікава і весела, — расказвае Кацярына Кухарава, якая ўжо трэці раз бярэ ўдзел у археалагічнай экспедыцыі як валанцёр.

Надышоў вечар, усе справы скончаны і можна з чыстай душою святкаваць. Усе забыліся на стому ад спякотнага дня і цяжкай працы, вакол толькі энергічныя, жвавыя, з агеньчыкамі ў вачах людзі.

Аднекуль данесліся набаты і прызыўны кліч — па лагеры рушыць парад камандаў — «войскаў», якія бралі ўдзел у Грунвальдскай бітве. Пасля ўрачыстага шэсця студэнтаў чакаў тэматычны квэст. Мы зазірнулі на адну з лакацый. Там удзельнікам трэба было праявіць сваю археалагічную падрыхтоўку і адшукаць у ёмістасці з пяском сімвалічную індывідуальную знаходку.

Гэты дзень быў надзвычай насычаны і актыўны. А вось скончыўся ён неверагодна ўтульна — спевамі каля вогнішча пад зорным небам.

Дзень другі. Выпрабавальны.

Наступны дзень дазволіў убачыць экспедыцыйнае жыццё ва ўсіх яго фарбах. Вядома, што археолаг — прафесія не з лёгкіх. Той, хто выязжае на раскопкі, вымушаны жыць у спецыфічных умовах: рамантыка рамантыкай, а камароў, спёку і безабароннасць перад прыроднымі выпрабаваннямі ніхто не адмяняў. Але менавіта ўсё гэта і з'яўляецца адной з галоўных каштоўнасцяў археалагічнай экспедыцыі.

— Археалагічная экспедыцыя — маленькая армія. Тут у кожнага з нас няма асабістага, тут чалавек такі, які ён ёсць на самай справе. Таксама ў экспедыцыі вельмі добра развіваюцца сацыяльныя навыкі, — расказваюць валанцёры, якія шмат гадоў удзельнічаюць у раскопках.

І сапраўды, дысцыпліна ў археалагічнай экспедыцыі блізкая да вайсковай: дакладны распарадак дня і размеркаванне абавязкаў.

Сённяшні дзень паслясвяточны, таму сняданак і выхад на раскоп адбыліся пазней. Звычайна ж на раскоп усе выпраўляюцца а палове восьмай раніцы. Але лагер не бывае пусты — у ім застаюцца дзяжурныя студэнты і валанцёры. Яны будуць гатаваць абед і ўвогуле сачыць за парадкам.

Тых жа, хто ў гэты дзень працуе на раскопках, чакае 20 хвілін шляху пад гарачым ранішнім сонцам. Варта адзначыць, што яшчэ ў лагеры мы раздзяліліся на невялікія групы.

— У нас закладзены тры раскопкі: на гарадзішчы, на селішчы і ёсць яшчэ раскоп на кургане, — расказвае Паліна Сяргееўна Курловіч, кіраўнік экспедыцыі.

Мы вырашылі наведаць селішча. Раскоп, закладзены на ім, самы вялікі і самы багаты на знаходкі. А дылетанта яны цікавяць найбольш.

Работа на раскопе ўражвае, бо ўвогуле нагадвае вялікі мурашнік, дзе кожны працавіты насельнік ведае сваю справу, дзе індывідуальнымі бываюць толькі знаходкі, дзе ўсе дапамагаюць адзін аднаму і дзе сярод знешняга хаосу дакладна відаць унутраны парадак.

Непрафесіяналу цяжка зразумець, чаму менавіта гэтае месца выбралі для даследавання, але Паліна Сяргееўна заўсёды гатовая растлумачыць. Здаецца, што пра раскопкі яна можа расказваць бясконца, не страчваючы імпэту:

— Па храналогіі гэта сярэдзіна першага — пачатак другога тысячагоддзя нашай эры. Людзі тут жылі з эпохі вялікага перасялення народаў. На селішчы ў нас зона, дзе жылі людзі, адпаведна, там ёсць жылыя аб'екты, жытлы. Летась у нас там ужо быў закладзены раскоп, і мы цяпер прырэзаліся да яго і ўскрываем цалкам тое жытло, якое выяўлена ў мінулым годзе.

Хутка мы перасталі ацэньваць значнасць месца па колькасці знаходак: далучэнне да археалогіі ў такім заматываваным асяроддзі непазбежнае. Тым больш кожнаяз трох раскопак насамрэч з'яўляецца вельмі цікавым навуковым аб'ектам для даследавання.

— Мы капаем тую частку гарадзішча, дзе людзі займаліся металургіяй. Летась у нас там быў шурф, дзе мы выявілі рэшткі печы-домны для вытворчасці крыцы, з якой потым рабілі жалеза і, адпаведна, мы спадзяёмся, што атрымаецца выявіць там жа іншыя металургічныя аб'екты, — расказвае нам Паліна Сяргееўна Курловіч.

Пра курганны могільнік нам распавялі супрацоўнікі лабараторыі музейнай справы БДУ Лізавета Кісялёва і Алег Сахончык:

— У ходзе работы экспедыцыі было выяўлена ўрнавае пахаванне другой паловы І тыс. н. э. У перакулены гаршчок былі ссыпаныя крэміраваныя косткі. Пакуль само пахаванне не разбіралася, але папярэдне можна сказаць, што яно датуецца другой паловай І тыс. н. э., да прыняцця хрысціянства. Гэта ўнікальная для айчыннай навукі знаходка, такія пахавальныя комплексы на тэрыторыі Беларусі практычна не даследаваліся. Побач з пахаваннем былі зафіксаваныя сляды ворыва, якое папярэдне можна датаваць сярэдневяковым часам. Магчыма, гэта рэшткі гаспадарчай дзейнасці, а магчыма, сляды нейкага рытуалу. Цяпер вядуцца работы на шырокай плошчы вакол выяўленага пахавання, з мэтай зразумець будову могільніка. Выяўлены асобныя крэміраваныя косткі чалавека і фрагмент перапаленага ўпрыгажэння з бронзы.

Як ужо адзначалася, знаходак у археолагаў вельмі шмат. Але кожная з іх можа стаць карыснай крыніцай інфармацыі і шмат расказаць пра людзей, якія тут жылі, іх быт.

— Пакуль рана казаць, якая знаходка самая значная. Але, тым не менш, ужо ёсць шэраг цікавых матэрыялаў. Гэта ўпрыгажэнні і дэталі адзення: падвескі, фрагменты спражак, некалькі фрагментаў бранзалетаў, скроневыя кольцы культуры смаленска-полацкіх доўгіх курганоў. Вельмі шмат было знойдзена гліняных прасніц, якія выкарыстоўваліся для прадзення. Пэўна, у жыхароў быў распаўсюджаны такі промысел, у вялікіх маштабах яны гэтым займаліся. Таксама знаходзім розныя інструменты, звязаныя з бытавой культурай, прылады працы: шылы, нажы і г. д. Яшчэ тут прысутнічае кераміка — ляпная і раннеганчарная, у тым ліку арнаментаваная хвалістым і лінейным арнаментам.

Работа са знаходкамі не абмяжоўваецца магчымасцямі экспедыцыі. Існуюць знаходкі, якія становяцца карыснымі толькі пасля спецыяльнага аналізу.

— На ўзроўні тых пластоў, да якіх мы дайшлі, пачалі сустракацца косткі жывёл у дастаткова вялікай колькасці, чакаецца, што глыбей іх будзе яшчэ больш. Мы іх затым будзем аналізаваць, высвятляць, якіх жывёл тут ужывалі ў ежу на гэтым паселішчы, і, магчыма, атрымаецца зрабіць нейкія высновы аб гаспадарцы. Акрамя таго, у нас ёсць праект сумесны з расіянамі. Згодна з ім мы даследуем зоны гаспадарчага асваення ў эпоху вялікага перасялення народаў. Таму мы робім шурфы вакол селішча, шукаем сляды старажытных разворванняў, будзем браць аналізы на пылок раслін, споры, пасля рабіць паліналагічны аналіз. Магчыма, атрымаецца высветліць, якія культуры тут вырошчваліся. Будзем таксама аналізаваць інструменты, пры дапамозе якіх апрацоўвалі зямлю.

У наш жа дзень на раскопе актыўна знаходзяць вугаль. Але тым, каму трапілася такая знаходка, належыць быць надзвычай асцярожнымі і не датыкацца да яе рукамі. Самыя буйныя кавалкі вугалю збіраюцца ў асобныя мяшэчкі.

— Пасля мы будзем рабіць радыявугляродны аналіз вугельчыкаў. І такім чынам паспрабуем вызначыць больш вузкія даты функцыянавання селішча, — тлумачыць Паліна Сяргееўна.

На раскопе мы ўжо 5 гадзін — і вось нарэшце збіраемся і рушым у лагер, дзе нас чакае смачны абед. Планавалася, што пасля абеду і невялікага адпачынку работа на раскопе працягнецца, але прырода ўносіць свае карэктывы. Спёка змянілася спорным, а пасля і шквалістым дажджом, які падарыў свежасць і разбурыў жытло некалькіх чалавек — у тым ліку і наша. Што ж, надарылася яшчэ адна нагода зведаць усю прыгажосць беларускага зорнага неба!

Дзень трэці. Развітальны.

Шчыра прызнаемся, што з'язджаць са штохвіліннай рамантыкі ў звычайную будзённасць было складана. Працэс раскопак аказаўся такі захапляльны, што чаканне наступнага дня можна параўнаць з чаканнем новага эпізоду дэтэктыўнага серыяла.

За тры дні ў археалагічнай экспедыцыі мы зрабілі цікавае назіранне. Археолагі часта кажуць «мы плануем», «спадзяёмся», «верагодна», «мабыць». І зусім не таму, што гэтыя працавітыя людзі недастаткова сур'ёзныя, не. Проста гісторыя любіць рабіць сюрпрызы. І сённяшняя руціна заўтра можа стаць сенсацыяй. Што ж, пачакаем. Наперадзе яшчэ два тыдні.

Алёна КУХАРАВА

Фота Лізаветы Кісялёвай і аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

«Ніякія межы больш не падзеляць нашу родную зямельку — Беларусь»

Менавіта гэтымі словамі нашы папярэднікі-«звяздоўцы» віталі 17 верасня 1939 года.

Грамадства

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Мінск сустракае дзяцей з Данецкай вобласці

Дзеці з Данецкай вобласці прыехалі ў Беларусь на адпачынак і аздараўленне.

Грамадства

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку

Аляксандр Корбут: Найбольш вядомыя заказнікі і нацыянальныя паркі адчуваюць павышаную нагрузку

Наша краіна валодае надзвычай багатым прыродным патэнцыялам для развіцця экатурызму.