Вы тут

У старасці свае правы…


Сёлета «Славянскі базар у Віцебску» прапанаваў адметную тэатральную праграму, аснову якой склаў ужо традыцыйны «Лялечны квартал». У межах міжнароднага праекта гледачы і ўдзельнікі мелі магчымасць убачыць як спектаклі для дзяцей і дарослых на сцэне Беларускага тэатра «Лялька», так і разнастайныя вулічныя пастаноўкі і перформансы. Як адзначаюць арганізатары, да ўдзелу ў фестывалі запрашаюцца найцікавейшыя калектывы лялечнікаў з краін блізкага і далёкага замежжа, здатныя спалучаць традыцыі з плённымі пошукамі ў рэчышчы сучаснага мастацтва. Дапоўнілі праграму «Тэатральныя сустрэчы», якія праходзілі ў Нацыянальным акадэмічным драматычным тэатры імя Якуба Коласа. Распавядаем пра некаторыя з пастановак, што ўбачылі жыхары Віцебска і госці «Славянскага базару». Дарэчы, гледачам даводзілася выбіраць — часам спектаклі на розных пляцоўках праходзілі адначасова. Але на радасць дзецям і бацькам некаторыя паказы адбываліся двойчы, таму можна было падабраць зручны час.


Сцэна са спектакля «Усе мышы любяць сыр».

Гаспадары тэатра «Лялька» вырашылі паказаць публіцы адразу тры спектаклі. Адзін з іх — «Мой вялікі маленькі дзядуля», пастаноўка мастацкага кіраўніка тэатра Віктара Клімчука і мастака Дзмітрыя Гаралевіча. У афармленні, між іншым, выкарыстаны малюнкі і мультфільмы, якія стварылі дзеці анімацыйнай студыі «Мы ёсць», што працуе на базе РНПЦ дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Гэта надало і без таго кранальнаму твору адценні трагічнасці і смутку.

У спектаклі, створаным паводле твора Сяргея Рублеўскага «Тузік-Гузік», можна вылучыць дзве выразныя сюжэтныя лініі. Першая — гісторыя ўзаемаадносін дзядулі і ўнучкі, дзе дарослы — адзіны чалавек, які разумее ўнутраны свет дзіцяці. Ці не таму што, як кажуць, стары — тое, што і малы?.. Другая лінія распавядае пра ўзаемадзеянне дзяўчынкі з іншымі людзьмі, сталенне і захаванне свайго «я». Тут гаворка вядзецца і пра разбурэнне ўнутранай планеты дзяцінства-казкі, і пра страх перад незнаёмым светам, і пра адзіноту маленькага чалавека, які застаецца са сваімі марамі і пытаннямі сам-насам, пакуль бацькі заняты дарослымі клопатамі (варта згадаць красамоўны эпізод, калі падрыхтоўка і святкаванне дня нараджэння маленькай Лады, якія суправаджаюцца непатрэбнай мітуснёй, абмеркаваннем серыялаў і плёткамі, нашмат важней, чым пачуцці і жаданні самой дзяўчынкі).

Няхай і на другім плане, але выразна счытваюцца сумненні і хваляванні другога героя — дзядулі Сярожы, які, падкрэсліваецца, «тут не назаўжды». Побач з унучкай герою складана забыць свой узрост і статус. Думкі аб сваёй будучыні замяняюцца на думкі аб цяжкасцях жыцця, якія чакаюць Ладу. Зрабіць правільныя высновы і знайсці для яе правільныя словы — ці не ў гэтым сапраўдная мудрасць, ці не ў гэтым ідэал для ўзаемаадносін старэйшага і малодшага пакаленняў? Заўважым: не бацькоў і дзяцей — тут прасторы для роздумаў хопіць надоўга і ўсім.

Пензенскі абласны тэатр «Лялечны дом» расказаў гісторыю злачынства «Забіць Караля» (паводле п’есы Славаміра Мрожака «Караль»). Твор рэжысёра-пастаноўшчыка Уладзіміра Бірукова і мастака-пастаноўшчыка Віктара Ніканенкі пра тое, як інтэлігентны чалавек, Акуліст, ламаецца пад націскам сляпой сілы, бо падслепаваты Дзядуля павінен забіць нейкага Караля, якога ніхто не бачыў (гэта і не мае значэння, як не маюць значэння ні яго нацыянальнасць, ні рэлігія, ні выгляд), — «у старасці свае правы». Яго пошукамі кіруе Унук, своеасаблівы ідэолаг барацьбы з Каралем. Ратуючы сваё жыццё, Акуліст прызнае права Дзядулі паляваць на людзей і накіроўвае гэтую сілу на іншага чалавека. Ідэя каралізма, як называе аўтар апантанасць Дзядулі, даведзена да абсурду і паднята вышэй за ўсе чалавечыя каштоўнасці. Стваральнікі неаднаразова падкрэсліваюць: кожны можа стаць Каралем, калі ён хоць чымсьці адрозніваецца ад чалавека з зараджанай стрэльбай.

П'есу Славаміра Мрожака, напісаную ў 1961 годзе, можна аднесці да ліку найлепшых прыкладаў тэатра абсурду. Між тым у тэхнічным плане яе даволі лёгка паставіць, таму акцэнт у такога тыпу спектаклях павінен быць зроблены на саміх героях, гуку і асвятленні. Калектыву «Лялечнага дому» ўдалося перадаць агульны настрой твора і паказаць герояў блізкімі да тых, якімі іх зазвычай (з-за неабходнай абстрактнасці) не бачыць чытач: упэўненымі і баязлівымі, дзёрзкімі і выхаванымі… Але, самае страшнае, зразумелымі. Уражваюць і дэталі: настольная лямпа свеціць, сшытак доктара памерам з пачак запалак спісаны дыягназамі, наліты кактэйль, на вешалцы — парасон… Трэба сказаць, у яшчэ не зусім далёкім 2014 годзе на прэміі «Залатая Маска» спектакль «Забіць Караля» атрымаў узнагароды за найлепшую працу мастака і як найлепшы спектакль у тэатры лялек.

Пскоўскі абласны тэатр лялек прывёз у Віцебск пастаноўку «Скакучае мышаня» рэжысёра і мастацкага кіраўніка ўстановы Аляксандра Забалотнага. Легенда паўночнаамерыканскіх індзейцаў распавядае пра незвычайнае мышаня. Героя празвалі «скакучым» з-за таго, што ён вышэй за ўсіх сваіх шэрых братоў скакаў у спробе выкараскацца з мышынай масы: не для таго, каб вылучыцца, а каб убачыць свет. Дзякуючы свайму добраму сэрцу, шляхам выпрабаванняў, ён ператварыўся ў вялікага арла — уладара неба.

«Скакучае мышаня» здольна ўразіць гледача любога ўзросту: яркая сцэнаграфія, запамінальныя касцюмы, разнастайная музыка і гукі прыроды перанеслі ў іншы — прыродна-казачны — свет. Такога ж эфекту дасягнуў маскоўскі тэатр, які прадставіў паказ «Усе мышы любяць сыр» па матывах казкі Дзюлы Урбана. Аўтар і рэжысёр — Алена Плютава, мастак — лаўрэат «Залатой Маскі» Наталля Мішына. Па сюжэце два маленькія вясёлыя мышаняты пачалі сябраваць, але існуе сур’ёзная перашкода: мышаня Фружы — белага колеру, а Шома — шэрага. Каб дапамагчы сябрам, за справу бярэцца Вялікі Кот-маг. Натуральна, у канцы спектакля ўсім павінна быць зразумела: усё роўна, якога ты колеру, галоўнае, што ўсе мышы любяць сыр. У параўнанні з папярэднім, твор «Усе мышы любяць сыр» больш лёгкі і меней метафарычны. Спрыяюць гэтаму некаторыя папулярныя складнікі, так бы мовіць, масавага прадукту: злабадзённая тэма, яркія, нават дасканалыя касцюмы і абстаноўка ўвогуле, суправаджэнне вясёлымі песнямі, шчаслівы фінал… Сюды ж — бойкі ў слоў-мо, як без іх?

Сцэна са спектакля «Фальшывая нота».

У Коласаўскім тэатры заслужаны калектыў «Тэатр-студыя кінаакцёра» Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм» паказаў спектакль «Фальшывая нота». Як заўважаюць самі стваральнікі, пастаноўка па п’есе французскага драматурга, акцёра, рэжысёра Дзідзье Карона ўяўляе сабой псіхалагічную драму з элементамі дэтэктыва, якая нясе ў сабе невырашальныя пытанні маралі, асабістага выбару і адказнасці за свае ўчынкі. Каштоўнасць твора — у паступовым разварочванні сюжэта, аснова якога — супрацьстаянне «ахвяры» і «ката». На гэтым прыкладзе яскрава бачна, якімі няўстойлівымі могуць быць гэтыя паняцці, але глядач, безумоўна, стане на баку толькі аднаго героя. Паставіў спектакль мастацкі кіраўнік Тэатра-студыі кінаакцёра, народны артыст Беларусі, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Аляксандр Яфрэмаў. Ён жа аўтар сцэнаграфіі і касцюмаў. У галоўных ролях — лаўрэат спецыяльнай Прэзідэнцкай прэміі дзеячам культуры і мастацтва, заслужаны артыст БССР Уладзімір Мішчанчук, Сяргей Лапаніцын і пераможца тэлевізійнага конкурсу «Таленты краіны» Нікан Мазаль.

Прадставілі на сцэне драматычнага тэатра і варыяцыю п’есы Антона Чэхава «Тры сястры» тэатральнага праекта «ТрыТфармаТ», да таго ж у суправаджэнні малога складу Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь. Спектакль рэжысёра Таццяны Самбук быццам і не вельмі адыходзіць ад арыгінальнага сюжэта, але цалкам адрозніваецца ад гісторыі Антона Паўлавіча. На карысць пастаноўцы пайшлі многія прыёмы, у тым ліку адсутнасць фінальнага маналогу. Аднак, натуральна, і гэты твор прымушае зноў вярнуцца да першакрыніцы, якім бы цудоўным і нечаканым ні было новае прачытанне.

P.S. Цудоўная тэма для разважанняў — тэатральная праграма абсалютна любога фестывалю. Аднак іншая нагода — наведванне. Трэба сказаць, колькасць гледачоў у тэатрах, асабліва на дзіцячых пастаноўках, была здавальняючай — у адрозненне ад праекта «Вулічны сінематограф», арганізатары якога спякотнымі вечарамі асноўных дзён «Славянскага базару» імкнуліся сабраць аматараў беларускага кіно на свежым паветры. Здавалася б, і адметную праграму склалі (як для знаўцаў, так і для выпадковых наведвальнікаў, якіх хапала), і глядацкую залу зымправізавалі, і арганізавалі бясплатныя паказы ў зручным месцы (дворык Арт-прасторы)… З іншага боку — прывабіць чалавека фільмам, калі вакол гул музыкі, танцаў, безлічы забаў, — задача невыканальная, нават калі на экране «Бураціна» ці «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях».

Аднак хочацца звярнуцца да бацькоў, чые дзеці так ці інакш цікавяцца тэатрам і кіно. Ужо звычайная сітуацыя: пакуль маленькія наведвальнікі глядзяць спектакль, мамы засяроджваюцца на экранах сваіх смартфонаў. Часам нават здымаюць тое, што адбываецца на сцэне, запаўняючы эфір у Instagram. З аднаго боку — папулярызацыя тэатра, з іншага — двайныя стандарты ды адсутнасць пазітыўнага прыкладу для дзіцяці, якога ўвесь час абвінавачваюць у залежнасці ад гаджэтаў. Другі, але болей непрыемны момант, калі стомленыя бацька і маці прыводзяць дзіця на бясплатны паказ, каб і самім адпачыць колькі хвілін, і адцягнуць увагу малога. І калі абедзве мэты выкананы, ужо зацікаўленага гледача адрываюць ад прагляду (гл. першы спектакль у спісе). Абмеркаванні і разважанні тут лішнія.

Яўгенія ШЫЦЬКА

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Аляксандр Лукашэнка: У нас адна дзяржава, адзін закон і агульная гістарычная памяць на ўсіх

Спецыяльна дзеля свята кіраўнік дзяржавы раней вярнуўся з Душанбэ, дзе прымаў удзел у саміце АДКБ — ШАС. 

Культура

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Музейшчыкі паказалі, як на галоўную вежу Старога замка ў Гродне нанеслі зграфіта

Гісторыка-археалагічны музей у Гродне апублікаваў на сваім YouTube-канале відэа, як стваралі зграфіт

Грамадства

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Як пазбегнуць вучэбных перагрузак?

Кожнаму з бацькоў хочацца, каб яго дзіця было рознабакова развітым, паспяховым у будучым. 

Грамадства

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

Адрасы адзінства: Як адзначылі свята ў розных кутках краіны

У кожным з гарадоў адкрываліся памятныя знакі, праходзілі экскурсіі і мітынгі.