Вы тут

80 год таму ў баях пад Мінскам была ўпершыню прыменена бутэлька з бензінам


У фондах Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны захоўваецца газета Заходняга фронту «Красноармейская правда» за жнівень 1941 года. Дзве старонкі выйшлі з загалоўкам «100-я ордэна Леніна дывізія ў баях з ворагамі Радзімы». Адзін з артыкулаў названы «Вынішчальнікі танкаў», у ёй гаворыцца, што па ініцыятыве капітана Каўрыжкі супраць варожых танкаў была ўпершыню прыменена бутэлька з бензінам. Капітан навучыў сваіх байцоў выкарыстоўваць ў баях такую зброю. У першым жа баі падраздзяленне капітана Каўрыжкі вывела са строю 16 нямецкіх танкаў.


У канцы чэрвеня 1941 года, 80 гадоў таму, разгарнуліся грозныя баі на мінскіх рубяжах. З пачаткам вайны воінскія часткі 100-й стралковай дывізіі (камандзір — генерал-маёр Іван Русіянаў) былі неадкладна ўзнятыя па трывозе і да 9 гадзін раніцы выведзеныя на месцы збору ў найбліжэйшых лясах Мінскага раёна, дзе была створана супрацьпаветраная абарона і выстаўлена ўзмоцненая баявая ахова. Злучэнне дыслацыравалася ў раёне Уручча Мінска. Выконваючы загад штаба акругі, камандуючы Заходнім фронтам генерал Паўлаў загадаў 100-й стралковай дывізіі заняць кругавую абарону ў радыусе 25-ці кіламетраў вакол Мінска і быць гатовымі да абароны сталіцы БССР. Абарону Мінскага ўзмоцненага раёна па лініі Дзяржынск — Заслаўль — Стайкі здзяйсняў 44 стралковы корпус на чале з камдзівам Васілём Юшкевічам.

Задачай было прыкрыць подступы да горада з поўначы і спыніць танкі ворага, якія імкліва набліжаліся да Мінска. Дывізія была разгрупавана вакол Мінска па фронце каля 100 кіламетраў. Кінуць часці, узброеныя толькі стралковай зброяй, супраць мінамётаў, артылерыі, танкаў праціўніка было нельга. Іван Русіянаў тады згадаў словы свайго сябра, які служыў у Іспаніі, што фашысцкія танкі добра гараць ад бутэлек з бензінам. Так па дывізіі пайшоў загад сабраць шкляныя пляшкі, заправіць гаручым, сфарміраваць групы добраахвотнікаў — вынішчальнікаў танкаў. А начальніку інжынернай службы было даручана арганізаваць навучанне асабовага складу прымяненню бутэлек з палівам. Русіянаў звязаўся па тэлефоне з памочнікам начальніка штаба дывізіі па тыле капітанам Растоўцавым і загадаў ехаць у Мінск і ўзяць на шклозаводзе бутэлькі, шкляныя пляшкі, загрузіць на аўтамашыны бензін і даставіць усё гэта на перадавую. За дзень на заправачныя пункты дывізіі было дастаўлена 12 грузавікоў шкляных бутэлек і некалькі тон гаручага. Так атрымалася «ручная шкляная артылерыя», як жартам называлі бутэлькі з бензінам байцы.

На перадавой, пад бесперапынным артылерыйскім, мінамётным агнём часці зарываліся ў зямлю — рабілі акопы, злучалі іх хадамі, і сустракалі варожую тэхніку. Па даных Цэнтральнага архіва Мінабароны Расіі, 100-я дывізія за тры дні баёў на поўнач ад Мінска — 26–28 чэрвеня 1941 года знішчыла і вывела са строю 101 варожы танк, 13 бронемашын, 23 гарматы, збіла 20 самалётаў. І ўсё ж сілы былі няроўныя, пасля трох сутак бою дывізіі генерала Русіянава давялося пакінуць пазіцыі пад Астрашыцкім Гарадком. Пасля салдаты і афіцэры 100-й стралковай дывізіі працягвалі змагацца з ворагам, добра паказалі сябе ў баях на рэках Бярэзіна і Дняпро, вызначыліся ў Ельніцкай аперацыі. 18 верасня 1941 года менавіта дывізія генерал-маёра Русіянава адна з першых у Чырвонай Арміі атрымала ганаровае званне гвардзейскай.

Подзвіг абаронцаў Мінска не забыты. Іменем Русіянава названа вуліца ў мікрараёне Уручча, у сталічнай сярэдняй школе № 16 працуе музей «Баявы шлях 100-й стралковай дывізіі», у адной з залаў Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны размешчаны фатаграфіі камандзіраў і байцоў злучэння, кадры, зробленыя падчас ваенных дзеянняў у раёне Астрашыцкага Гарадка, падпаленых нямецкіх танкаў. Таксама ў вітрынах знаходзяцца рэшткі зброі і амуніцыі, асабістых рэчаў воінаў, якія былі знойдзены ў раёне вядзення баёў 100-й стралковай дывізіяй. Каля перакрыжавання дарог у Астрашыцкім Гарадку стаіць танк Т-34 з прысвячэннем на мармуровай пліце воінам 100-й і 161-й дывізій, якія
стаялі насмерць у чэрвені 1941 года.

Мікалай ШАЎЧЭНКА

Загаловак у газеце: Шкляная артылерыя

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.