Вы тут

У сталічным парку імя Максіма Горкага адзначалі 168-ю гадавіну пажарнай службы Беларусі


У сталічным парку імя Максіма Горкага адзначалі 168-ю гадавіну пажарнай службы Беларусі. Святочныя мерапрыемствы пачаліся з ускладання кветак да манумента Перамогі, у якім прыняў удзел міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі.


Рэтратэхніка на парадзе.

Затым адбыўся ўжо традыцыйны парад тэхнікі і падраздзяленняў МНС, дзе ўдзельнічала больш за 500 чалавек, 23 рэтрааўтамабілі і некалькі дзясяткаў сучасных адзінак тэхнікі, што стаіць на ўзбраенні МНС. Адкрывалі шэсце сцяганосцы і ўзвод ганаровай варты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Услед за імі па цэнтральным праспекце сталіцы ўрачыста прайшлі разлікі ратавальнікаў-пажарных у амуніцыі розных эпох, пачынаючы ад абмундзіравання пазамінулага стагоддзя да сучаснай экіпіроўкі МНС, а таксама прадстаўнікі добраахвотнага пажарнага грамадства, ветэраны службы выратавання, спартсмены і юныя ратавальнікі з розных куткоў краіны.

Каленчатыя пад'ёмнікі, грузавыя краны, аварыйна-выратавальныя аўтамабілі, аўтамабілі дымавыдалення, мабільны вадалазны комплекс, аўтамабіль радыяцыйнай абароны, выбухова-тэхнічнай службы, колавы цягач з перапампоўвальнай станцыяй, аўтамабіль-рэанімацыя, снегабалатаход «Шэрп» — гэта далёка не ўся тэхніка, якая ёсць на ўзбраенні ў сучасных ратавальнікаў і якую змаглі ўбачыць падчас парада гледачы.

Далей святочныя мерапрыемствы перамясціліся ў парк імя М. Горкага, дзе для пачатку курсанты Універсітэта грамадзянскай абароны МНС прадэманстравалі пляц-канцэрт у суправаджэнні духавога аркестра Мінскага гарадскога УМНС.

Міністр МНС В. Сіняўскі ўзнагароджвае лепшых.

Быў дадзены старт дэманстрацыі сіл і сродкаў на вадзе, а таксама паказальным выступам вадалазаў-ратавальнікаў. Людзі змаглі ацаніць парк плавальных сродкаў МНС: маторныя лодкі, катары, а таксама ўбачыць відовішчнае воднае шоу з гідрацыкламі і палётамі на флайбордзе. Фінальным акордам шоу стала водная феерыя ад ратавальнікаў.

На цэнтральнай канцэртнай пляцоўцы ў парку разгарнуўся святочны канцэрт. Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі павіншаваў калег са святам.

— Сёння свята — Дзень пажарнай службы, — сказаў ён. — Шмат гадоў таму, калі ўтваралася служба, — гэта было добраахвотнае таварыства людзей, якія проста аказвалі дапамогу пры тушэнні пажараў. А сёння МНС — гэта высакакласныя прафесіяналы сваёй справы, забяспечаныя самай сучаснай тэхнікай, экіпіроўкай, гатовыя прыйсці ў любую хвіліну на дапамогу. МНС — гэта служба пастаяннай гатоўнасці.

Усіх прысутных павіншавалі афіцэры МНС, выканаўшы песні ўласнага сачынення, ветэраны выратавальнай службы, курсанты, юныя ратавальнікі і дзеці работнікаў МНС, а таксама да віншаванняў далучылася заслужаная артыстка Беларусі Ірына Дарафеева.

У гэты дзень у парку разгарнуліся розныя забаўляльныя і навучальныя інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей і дарослых, дзе можна было не толькі весела правесці час, але і ўспомніць правілы бяспекі жыццядзейнасці, атрымаць падарункі, карысную літаратуру, размалёўкі і налепкі ад МНС. У конкурсах можна было паўтарыць пяць крокаў на выратаванне, высветліць, хто самы трапны пажарны, даведацца, як правесці час з карысцю, успомніць «Азбуку бяспекі», згуляць у пажарны боўлінг, паўдзельнічаць у чэмпіянаце па бяспецы, паспаборнічаць у надзяванні баявога адзення, замацаваць навыкі выкліку ратавальнікаў і іншых актыўнасцях.

Таксама ўсе жадаючыя мелі магчымасць прымерыць баявую вопратку, пасядзець у машыне ратавальнікаў, сфатаграфавацца з лабрадорамі кіналагічнай службы МНС, пабываць у сапраўднай дымакамеры, зразумець, што адчувае чалавек у перавернутай машыне, навучыцца рабіць штучнае дыханне і праводзіць рэанімацыйныя мерапрыемствы на спецыяльным манекене.

На стадыёне перад хакейным палацам каманды МНС па пажарна-выратавальным спорце правялі паказальныя выступленні, прадэманстраваўшы гледачам самы відовішчны від — баявое разгортванне. А для тых, каму цікавы спорт, была прадстаўлена выстава спартыўных дасягненняў МНС, дзе можна было ўбачыць кубкі, медалі, граматы і памятныя фатаграфіі з розных стартаў.

Прафесія пажарнага з'яўляецца адной з самых небяспечных. Яна патрабуе сапраўднай мужнасці, высокай самааддачы, смеласці, прафесіяналізму. У ратавальнікаў ёсць толькі адзін прыярытэт — першымі ўступіць у сутычку з вогненным монстрам і перамагчы яго.

Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ

Загаловак у газеце: Служба пастаяннай гатоўнасці

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.