Вы тут

Леанід Касінскі: Недахопу патрыётаў у Беларусі няма


Гэта будзе найбуйнейшая выхаваўча-асветніцкая пляцоўка, якая аб’яднае не толькі школьнікаў з усёй Беларусі, а і падлеткаў з іншых дзяржаў. Што будзе ўяўляць з сябе цэнтр, якія ў яго мэты і, галоўнае, чаму ён неабходны сучаснаму пакаленню беларусаў — пра гэта карэспандэнты «Звязды» распыталі памочніка міністра абароны па ідэалагічнай рабоце — начальніка галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны генерал-маёра Леаніда КАСІНСКАГА. Акрамя таго, пагаварылі з заслужаным спецыялістам Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь (такое высокае званне днямі было прысвоена Леаніду Віктаравічу загадам кіраўніка дзяржавы) аб прэстыжы воінскай службы, патрыятычным выхаванні і пачуцці адказнасці за Радзіму.


— Леанід Віктаравіч, ініцыятыва стварэння Рэспубліканскага цэнтра патрыятычнага выхавання моладзі належыць Міністэрству абароны. Месца абралі сімвалічнае. У чым галоўная місія цэнтра?

— Сама зямля ў Брэсцкай крэпасці святая — лепшага месца для патрыятычнага цэнтра не знайсці. Прычым тут ёсць і пэўная матэрыяльная база, якую можна абнавіць. Асноўная мэта цэнтра — патрыятычнае выхаванне. Калі хтосьці думае, што мы апранем дзяцей у ваенную форму і яны будуць маршыраваць, а таксама спяваць ваенныя песні, то гэта абсалютна не так. Ужо прыкідваючы праграму навучання і падрыхтоўкі ў цэнтры, на вайсковыя дысцыпліны будзе адводзіцца не больш чым 40 % навучальнага часу. Калі ў войска сёння прыходзяць маладыя людзі і пачынаеш у іх пытацца пра гістарычнае мінулае, то некаторыя яшчэ штосьці ведаюць. Калі ж высвятляеш, што яны могуць расказаць пра 30-гадовы перыяд беларускага суверэнітэту і незалежнасці, амаль ніхто нічога не можа адказаць пра нашы дасягненні. А нам ёсць чым ганарыцца. Многія дзяржавы са шматвяковай гісторыяй суверэнітэту і незалежнасці не змаглі дамагчыся такіх поспехаў, якіх дасягнуў беларускі народ за адносна невялікі перыяд часу. Некаторыя маладыя людзі ўспрымаюць усё тое, што мы маем, як нейкую данасць, і часта пытаюцца, чаму мы ганарымся тым, што не галадаем. Гэтым трэба ганарыцца — тыя, хто помніць пачатак 1990-х, ведае: тое, што ў нас ёсць, мы дасягнулі сваёй працай. Калі я вучыўся на Урале, там пачуў такую прымаўку: «Цяжка растлумачыць чалавеку смак солі, калі ён усё жыццё еў мёд». Так і з моладдзю, у якой сёння ёсць усё.

— Атрымліваецца, ёсць пэўныя прабелы ў патрыятычным выхаванні?

— Многія пытанні работы з маладымі людзьмі, на жаль, упушчаны. Але, нягледзячы на гэта, недахопу патрыётаў у Беларусі няма. Гэта паказала наша гісторыя, у тым ліку мінулагоднія падзеі. Сёння многія гавораць аб тым, што патрыятызм павінен быць абавязкова «ў пагонах»: людзі лічаць, што патрыятычным выхаваннем павінны займацца выключна вайскоўцы, увогуле сілавыя структуры. Дазволю сабе не пагадзіцца: ваенна-патрыятычнае выхаванне — усяго толькі невялікая частка патрыятычнага выхавання. А яно пачынаецца з сям’і, з дзіцячага садка, са школьнай лаўкі. Патрыятызм — аснова ўсяго.

— Што будзе ўяўляць з сябе цэнтр патрыятычнага выхавання моладзі?

— У цэнтры будуць займацца дзеці ва ўзросце ад 12 да 16 гадоў. У меншай ступені, мы плануем прыцягваць сюды тых, хто ўжо вывучае прадмет «дапрызыўная падрыхтоўка». У большай, імкнёмся зрабіць так, каб цэнтр стаў трамплінам да ўсведамлення сябе патрыётам. Гэта не будзе цэнтр выключна для беларускіх дзяцей. Згодна з першаснымі разлікамі, адначасовае знаходжанне ў цэнтры разлічана на 300 — 500 чалавек з нарошчваннем колькасці і магчымасцяў у летні перыяд дзякуючы выкарыстанню модульных будынкаў і канструкцый, палатачнага фонду. Тыя аб’екты, якія мы плануем выкарыстоўваць пад сталовую, здольныя забяспечыць харчаванне да 800 чалавек. Мы даследуем і памяшканні на тэрыторыі Брэсцкага гарвыканкама, якія таксама можам выкарыстаць пад навучанне, размяшчэнне выхаванцаў цэнтра. Галоўнае, каб гэта было цікава сучаснай моладзі. Сёння многія кажуць: «Трэба дзяцей выцягваць з гаджэтаў». Позна! Мы павінны «зайсці» ў гэтыя гаджэты з тымі рэчамі, якія будуць для іх цікавымі і пазнавальнымі, з дапамогай якіх дзеці даведаюцца пра гісторыю не тую, якую некаторыя СМІ ім спрабуюць навязаць, а праўдзівую. Мы свядома прыцягнулі для распрацоўкі праграм, камп’ютарных дадаткаў, а таксама гульнявых квэстаў курсантаў Ваеннай акадэміі. Плануем абсталяваць трэнажорныя залы, паставіць самую сучасную камп’ютарную тэхніку, з дапамогай якой школьнікі змогуць правесці час і выкарыстаць яе для дыстанцыйнага навучання падчас свайго знаходжання ў цэнтры. Часам становіцца страшна ад такой колькасці ідэй, якія сёння ёсць. Хочацца ўсё рэалізаваць. Са сваімі прапановамі да нас звяртаюцца і неабыякавыя жыхары Брэста. Несумненна, усё гэта мы будзем улічваць пры будаўніцтве і стварэнні базы цэнтра.

— Ці не з’яўляецца гэта інтрыгай: калі ён зможа прыняць сваіх першых наведвальнікаў?

— Рэканструкцыю і будаўніцтва аб’ектаў цэнтра мы размеркавалі на некалькі этапаў. Гэты год у нас адведзены на складанне праектнай дакументацыі, у цэлым распрацоўку праекта. У наступным пачнуцца работы па будаўніцтве і рэканструкцыі тых аб’ектаў, якія ўжо ёсць. Першая чарга павінна пачаць работу не пазней за 2023 год. Гэта не дазволіць прыняць запланаваную колькасць дзяцей, але працэс ужо будзе запушчаны.

— На тэрыторыі Брэсцкай крэпасці з’явяцца новыя будынкі?

— Брэсцкая крэпасць — аб’ект гісторыка-культурнай спадчыны нулявой катэгорыі. Таму ўсё, што звязана з будаўніцтвам, мае шэраг абмежаванняў. Мы паспрабуем максімальна захаваць тыя гістарычныя аб’екты, якія ўжо існуюць на Кобрынскім умацаванні, каб гэтую базу можна было выкарыстаць у інтарэсах ваенна-патрыятычнага выхавання. У хуткім часе там пачнуць працаваць вайскоўцы 52-га спецыялізаванага пошукавага батальёна. Таксама праверым мясцовасць на наяўнасць выбухованебяспечных рэчываў, археалагічных знаходак. Стварэнне цэнтра — не толькі добры падмурак у патрыятычным выхаванні нашай моладзі, а яшчэ і захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцяў, самой Брэсцкай крэпасці, якая паступова прыходзіць да заняпаду.

— Апошнім часам паняцце патрыятызму ў нашай краіне дэфармавалася. Некаторыя, называючы сябе «патрыётамі», дзейнічаюць не на карысць дзяржаве, а выступаюць супраць яе, свайго народа. Як адрозніць сапраўдны патрыятызм ад правакацыі?

— Калі заглянуць у гісторыю, гэтая сітуацыя мне нагадвае канец XVIII — пачатак XIX стагоддзя ў Вялікабрытаніі, калі людзі раздзяліліся і пачалі высвятляць, хто з іх найбольш патрыятычны. Патрыёт — гэта не той, хто крычыць. Патрыятызм пазнаецца не ў словах, а ва ўчынках, тых справах, якія ты робіш. У класічным разуменні патрыятызм — гэта любоў да Радзімы. Я не разумею, як некаторыя гавораць: «Я сваю Радзіму люблю, але яна не такая, якой я яе ўяўляю». Для мяне раўназначна сказаць: «Я сваю маму люблю, але яна не такая...» Паняцці «Радзіма» і «маці» абсалютна непадзельныя. Маму як самага дарагога чалавека мы прымаем такой, якая яна ёсць. Тое ж самае і з Радзімай — мы павінны яе прымаць і імкнуцца зрабіць усё дзеля таго, каб яна стала лепшая. Калі хтосьці зыходзіць з іншых меркаванняў, гэта ўжо не патрыёт, а чалавек, які працуе на публіку. Для мяне гэта святая зямля: я тут нарадзіўся і вырас, тут жылі мае продкі, мы ўпершыню за шматвяковую гісторыю атрымалі суверэнітэт і незалежнасць. Цяпер тое, што мы будавалі 30 гадоў, важна развіваць далей і перадаць нашым дзецям. А для таго каб яны былі гатовыя прыняць гэта, з імі трэба працаваць.

— Магчыма, з такой задачай справяцца выкладчыкі цэнтра патрыятычнага выхавання, бо прадмет «дапрызыўная падрыхтоўка» сёння, на мой погляд, не зусім эфектыўны...

— Дапрызыўная падрыхтоўка — не панацэя. Гэта ўсяго толькі элемент фарміравання ў маладога чалавека гатоўнасці абараняць сваю Айчыну, каб, ідучы ў армію, ён разумеў, што гэта патрэбна яму, яго сям’і, яго краіне. Нам не хапае таго, калі чалавек з дзяцінства ўсведамляе, чаму яго краіна найлепшая ў свеце, чаму ён павінен ёй ганарыцца. Кіраўнік дзяржавы часта кажа аб тым, што патрыятызм сілком не ўваб’еш у чалавека. І ніхто не збіраецца гэтага рабіць.

— Тым не менш, важным складнікам, які ўплывае на баяздольнасць арміі, з’яўляецца баявы дух яе асабовага складу...

— З першых дзён у арміі хлопцам даюць зразумець, што дзяцінства скончылася, і сёння яны — людзі, на плячах якіх ляжыць пэўная адказнасць. І не толькі за сябе, а ў тым ліку за тых маладых людзей, якія знаходзяцца побач, адказнасць за дзяржаву ў цэлым. На жаль, не ўсе юнакі, якія прайшлі на вайсковую службу, адразу ўсведамляюць, што яны выконваюць вельмі важную ролю. Армія — гэта апорная канструкцыя дзяржавы. І маладыя людзі падчас службы, выконваючы задачы, якія на іх ускладзены, у сваіх воінскіх калектывах разумеюць гэта. Мы не хаваем, што да нас прыходзяць і маладыя людзі са сваімі перакананнямі, некаторыя з іх удзельнічалі ў тых пратэсных акцыях, якія адбываліся летась. У арміі яны пачынаюць сваё жыццё з чыстага ліста. Большасць з гэтых юнакоў ужо пасля першых месяцаў службы становіцца сапраўднымі патрыётамі сваёй краіны.

— А ці з ахвотай маладыя людзі сёння ідуць у армію?

— Нельга сказаць, што ў савецкі час усе з вялікім жаданнем ішлі ў армію. Проста было менш магчымасцяў неахвоту некаторых прызыўнікоў выносіць на публіку. Воінская служба звязана з вялікай колькасцю абмежаванняў. Рэдка які чалавек здольны добраахвотна выйсці з зоны камфорту і пагрузіцца ў тыя фізічныя і эмацыянальныя нагрузкі, якія існуюць у войску. Таму мы не будзем сябе падманваць у тым, што ўсе пагалоўна хочуць ісці ў армію. Але мы можам канстатаваць тое, што адносіны бацькоў рэзка памяняліся і пераважная большасць з іх толькі «за», каб іх сыны адслужылі. Наўрад ці гэта звязана з пакетам тых прэферэнцый, якія пры падтрымцы Прэзідэнта мы рэалізавалі за апошнія тры гады. Мала хто з маладых людзей сёння задумваецца аб тым, што тэрмін службы ў арміі залічваецца ў страхавы стаж пры налічэнні пенсіі. Заканадаўча замацавана і тое, што хлопцы, якія адслужылі і атрымалі рэкамендацыю камандзіраў устаноўленага ўзору, могуць за кошт дзяржавы праходзіць навучанне на падрыхтоўчых курсах пры паступленні ў вышэйшую навучальную ўстанову. Карыстаюцца яны і першачарговым правам атрымання інтэрната. Гэтая катэгорыя грамадзян мае прыярытэт і падчас выбару месца размеркавання. Акрамя таго, вызначаны пералік спецыяльнасцяў, на якія ваеннаслужачыя, што прайшлі тэрміновую службу, маюць права першачарговага залічэння па-за конкурсам. Пацвярджэннем таго, што прэстыж воінскай службы расце, служыць у першую чаргу тое, што маладыя людзі актыўна працягваюць службу па кантракце — прычым як пасля тэрміновай службы, так і без яе, заключаючы кантракт з першага дня ў войску. Істотна і тое, што ў арміі сёння можна атрымаць спецыяльнасці, з якімі ты будзеш запатрабавальным і ў цывільным жыцці. Асабліва гэта характэрна для транспартных войскаў. Пасля службы ў такіх часцях хлопцы вяртаюцца дадому з дадатковай адукацыяй і з адпаведнай «скарыначкай», працягваюць працаваць па атрыманай спецыяльнасці. Вядома, наша пазіцыя — чалавек павінен абараняць Радзіму не за «пернікі», але мы зыходзім з таго, што хлопец, які шчыра выканаў свой абавязак перад Айчынай, павінен быць больш абаронены перад тымі, хто не прайшоў гэтую школу.

— Ці карысны для нас замежны вопыт выхавання моладзі ў духу любові да Радзімы, адказнасці за яе будучыню?

— Пытанні той жа дапрызыўнай падрыхтоўкі (толькі называецца яна інакш) вывучаюцца і ў іншых краінах. Ва Узброеных Сілах Ізраіля такі падыход: маладых людзей, якія прыходзяць у войска, вязуць, напрыклад, у Польшчу і паказваюць канцэнтрацыйныя лагеры, вымаўляючы ўсяго адну фразу: «Так бывае з нацыяй, якая не ўмее сябе абараняць». І больш нічога гаварыць не трэба. Мы павінны працаваць з моладдзю і даносіць ёй праўдзівую інфармацыю — і не ў выглядзе пэўных разавых акцый, а на сістэмнай аснове. Па вялікім рахунку, выбудаваная структура ідэалагічнай работы, замацаваная заканадаўча, якая ёсць толькі ў сілавых ведамствах, вельмі эфектыўная.

— На думку Прэзідэнта Беларусі, ідэалогія для дзяржавы — тое ж самае, што імунная сістэма для жывога арганізма: «калі імунная сістэма слабее, любая, нават самая нязначная інфекцыя, становіцца смяротнай». Як нам не дапусціць збою ў «імуннай сістэме» нашай краіны?

— Гэтае выказванне нашага Галоўнакамандуючага вельмі добра падкрэслівае сутнасць ідэалагічнай работы. Гісторыя паказвае: калі ў «імуннай сістэме» адбываецца збой, ад дзяржавы застаецца толькі пазнака на карце. Дастаткова прыкладаў, калі збой прыводзіць да таго, што навокал — разруха, кроў, развальваецца эканоміка: па сутнасці, краіна перастае існаваць. І для таго каб гэтага не дапусціць, патрэбна «імунная сістэма», стрыжнем якой з’яўляецца патрыятызм. Сёння можна шмат спрачацца, у чым для нас нацыянальная ідэя. На мой погляд, яна — у захаванні незалежнасці і суверэнітэту дзяржавы. Многія нашы суседзі, якія актыўна вядуць супраць нас дэструктыўную дзейнасць, хваляцца сваёй незалежнасцю, хоць, на маю думку, іх незалежнасць толькі ў тым, што ад іх нічога не залежыць: пазіцыянуючы сябе незалежнымі, яны нават кроку не могуць зрабіць без сваіх куратараў. Мы ж захавалі краіну і паказалі ўсяму свету, што маленькая, але гордая дзяржава ў цэнтры Еўропы нікому не дазволіць нам указваць. Толькі беларускі народ можа выбіраць, як яму жыць.

Вераніка КАНЮТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.