Вы тут

Простая мова. Розум прыходзе па шкодзе альбо Птушкі, як людзі


Мястэчка — паводле слоўніка — вялікае сяло з прыкметамі горада, што відавочна — марожанае тут — ну амаль «як там»: проста вочы разбягаюцца! Цяжка выбраць, калі не ведаць, як гэта робяць іншыя. Мужчыны:

— У вас ёсць марожанае?

— Ёсць.

— Давайце.

Жанчыны:

— У вас ёсць марожанае на палачцы, з вішнёвай начынкай, у шакаладнай глазуры, пасыпанае какосавай стружкай?

Дзеці:

— У вас ёсць марожанае за рубель?

Кожнаму сваё. І добра ж, калі ёсць!


Фота: pixabay.com

Без навукі — як бязрукі...

Наготкі расцвілі — разгарнулі свае яркія сонечныя пялёстачкі. І тым самым зноў нагадалі, як адну вясковую жанчынку (двое дзетак малых) палажылі ў бальніцу з падазрэннем на анкалогію, як яна там не ела-не спала, плакала... Як пачула ў калідоры, што ўсе жаночыя хваробы вельмі добра лечацца настойкай календулы, і як перажывала, што гарадскія жанчыны тую календулу, вядома ж, дастануць. А вось ёй у сваёй глухмені... Куды пайсці, у каго спытацца?

...Трохі пазней дазналася, што календула — не што іншае, як наготкі, кветкі-самасейкі, якія сама ж і ў сваім гародзе кожную вясну выполвала і якія там усё роўна цвілі.

Нібы ведалі, што спатрэбяцца.

Слова?..

Часам дастаткова!

«Яблычак ад яблыні далёка не коціцца: калі бацька неахайнік, дык і дзеці такія ж», — уздыхала бабуля, бо яно і сапраўды, малыя па хаце прабеглі — што мамай прайшоў. І хоць бы ж хлопчыкі, а то...

«Кніжкі ў сумцы, хлопцы ў думцы», — потым пасміхаўся дзед, бачачы, што ўнучкі дзесьці ў аблоках.

...Той дзень, праўда, «прызямліліся»: сталі вучыцца сырнікі пячы. У працэсе, як выглядае, выляталі некуды з хаты.

Факт, што дзед, адчыніўшы дзверы, у муку запэцкаў пінжак і сказаў: «Відаць, што Акуліна пірагі пякла: усе вароты ў цесце».

Унучак яго звалі, вядома ж, не так, але намёк яны зразумелі: кантралююць сябе... Хоць зрэдку.

Вострае пытанне

Лета. Вёска. Па вуліцы рассякаюць малыя раварысты, над вуліцай носяцца буслы.

Адзін з іх зранку «тармозіць» на слупе: стаіць (на адной цыбатай назе), наводзіць марафет — дзюбай вычышчае пер'е на крылах, адкідвае галаву і патыліцай сам сабе чухае спіну, з цікавасцю пазірае на людзей... І яны, вядома ж, таксама — задзіраюць галовы, любуюцца, нават не моўчкі:

— Ну што, брат, дажыўся? Падгадаваў дзяцей на сваю галаву? — пытае бусла знаёмы вясковец. — Сам уцёк альбо выгналі? І з людзьмі такое бывае. Кватэрнае пытанне — яно, бачыш, усіх дастае — і на вуліцы, і над...

Іншыя часы...

Даўняя гісторыя. Жылі-былі тры сяброўкі. Адна ў той дзень і з самага ранку па камсамольскай пуцёўцы ад'язджала на цаліну, дзве другія — хацелі праводзіць. Прычым не проста пасадзіць у вагон і там развітацца, а разам даехаць да наступнай станцыі, а потым — вярнуцца...

(Хто ж думаў, што тая станцыя — праз сотню вёрстаў, і цягнік дадому толькі ўвечары!).

Факт, што пакуль яны дачакаліся ды пакуль дабраліся, маці іх усе вочы праплакалі: баяліся, што іх дочкі разам з той сяброўкай ужо на цаліне.

Заўважце: нейкіх іншых думак (накшталт укралі, згвалтавалі, напаілі, збілі і г. д.) у галовы ім не прыходзіла, і ў міліцыю яны не звярталіся.

Трэба разумець, іншыя былі часы — іншыя норавы.

Думы за гарамі...

«Бог сем пар лапцяў стаптаў, пакуль пару сабраў» — кажуць гэтак пра многіх... Пра Юлю з Віцем таксама, бо яны — абое — не проста прыгожыя (кожны сам па сабе), яны да ўсяго падобныя — высокія, чарнявыя, стройныя... «Хоць у кіно здымай!.. Ці ў «Алесю» на вокладку! — кажам Віцевай маме. — Цікавая пара!»

«Ага... Ды яшчэ і якая, — цяжка ўздыхае жанчына. — Дзесяць гадоў ужо разам жывуць! Каб па-людску ўсё, каб, як некалі ў нас — злюбіліся, пажаніліся, — дзеці, можа, у школу ўжо хадзілі б! А так...»

У маладосці і сапраўды чалавеку здаецца, што часу наперадзе — проста нямерана, што сто разоў яшчэ ўсё паспееш, што галоўнае — не сям'я, ва ўсякім разе ў 30...

У 40, магчыма, дойдзе, што «кар'ера не будзе чакаць цябе дома», што «грошы не вытруць слёзы, а слава не абдыме ноччу», што народ калісьці праўду казаў: думы за гарамі, а смерць за плячамі.

Супраць лома...

Вечар, тралейбус, вольнае месца, але ж не да чытва: дзве маладзіцы побач уселіся, шчабечуць — проста не змаўкаючы. Старэйшая расказвае, што замуж ідзе пляменніца (роднай сястры дачка), што жаніх на сем гадоў старэйшы, багаты і родам з Піцера, што вяселле адбудзецца там, у рэстаране, што не ехаць ёй проста нельга... Але ж і ехаць не выпадае, бо дырэктар не адпускае з работы.

— Дык ты заяву напішы, — раіць маладзейшая, — за свой кошт.

— Ты думаеш, я за чужы хацела? Не, за свой... У нас проста начальнік такі. Абы крыві папіць. Я тры разы да яго хадзіла: і заявы пісала, і прасілася, нават плакала. А ён упёрся рогам...

— Слухай: дык можа бальнічны нейкі зрабіць?

— Я пра гэта ўжо думала... Але ж, кажуць, ён сам захварэў.

— Дык, можа, памрэ?

Няма роду без выроду?

Што было, тое было: па тэлевізары паказвалі.

Сталіца, крама, натоўп і там — дзве «вароны»: адна — маладая — «пасеяла» свой кашалёк, другая — пенсійнага ўзросту — падабрала і паклала ў сумку сабе.

Камеры назірання гэты працэс добрасумленна знялі, тэлебачанне ўвечары паказала.

І тым самым нагадала абвестку ў гардэробе: «Калі ласка, не пакідайце ў кішэнях каштоўныя рэчы, таму што гардэробшчыца з зарплатай у 350 рублёў за сябе не адказвае».

А павінна!

Класіка (праўда, з іншай нагоды): «Всё это было бы смешно, когда бы не было так грустно».

Розум прыходзе па шкодзе

Заўважана: асобныя хворыя хварэюць даўжэй, чым здаровыя жывуць. Так і з Пятроўнай было: неспадзеўкі аўдавела, адна засталася ў пустым вялікім доме. «Можа, кватарантаў якіх узялі б?», — раілі радня і суседзі, але жанчына не слухала. Казала, што добрыя людзі па чужых кутах туляцца не будуць, а дрэнныя — ёй без патрэбы. Адна перабівалася, пакуль...

Напрадвесні, казалі, вечарам на вуліцу выйшла і паслізнулася. Намагалася ўстаць, — не змагла, хацела пазваніць — мабільнік дома застаўся, паспрабавала пакрычаць, паклікаць на дапамогу — ніхто не пачуў.

А быў бы побач нехта жывы, хай сабе і дрэнны...

Позна.

Розум, як той казаў, прыходзе па шкодзе. І часам — калі нічога ўжо не выправіш.

За здароўе!

Пытанне армянскаму радыё: калі наш мужчына купляе новы спартыўны касцюм?

Адказ: калі збіраецца ў санаторый альбо кладзецца ў бальніцу.

Ні ў першае з гэтых месцаў, ні ў другое Аляксеевіч не збіраўся, а таму хадзіў у старым: добры яшчэ, жонка — майстрыха, або латкі на каленях паставіла...

А тут, як на ліха, нейкі кашаль усчаўся, тэмпература ўверх папаўзла — пад 40... Давялося «хуткую» выклікаць, потым спешна збірацца — ехаць у бальніцу.

— Што з сабою браць? — спытаўся ў медыкаў.

Тыя казалі, ён у сумку складаў — той самы спартыўны касцюм, тапкі, рушнік, шкарпэткі, кубак, лыжку, расчоску, зубную шчотку... Здаецца, нічога не забыў?

І ў бальніцы, дзякаваць Богу, не затрымаўся. Зрабілі там патрэбныя аналізы, прызначылі антыбіётыкі, з тыдзень пакалолі і як быццам ажыў чалавек: ва ўсякім разе, перад выхаднымі выпрасіўся з бальніцы.

...Жонка з сынам з той радасці святочную вячэру зрабілі, а затым — сталі яго сумку разбіраць, лыжка на падлогу выпала.

— Ты што, — здзівілася жонка, — чайную браў? Чаму?

— Можна падумаць, я ў бальніцах ляжаў... Адкуль мне ведаць, якую трэба?

— І што — ёю там суп еў?

— А як жа...

— Цырк! — зарагаталі сямейнікі. — Маленькай лыжачкай, у залатаных портках... Дык вось чаму ты ўжо дома!

...«За здароўе! За самае галоўнае!» — найпершы тост.

А ў медыкаў, кажуць, ёсць яшчэ і свой, адмысловы: «Каб бедныя ніколі не хварэлі, а багатыя — не папраўляліся».

Птушкі, як людзі...

Зімой гэтая хатка (старая, маленькая, але побач з рэчкай) стаіць пустая. Затое летам — кітайскае насельніцтва, можна сказаць, бо з'язджаюцца і дзеці, і дзеці дзяцей, і нават унукі ўнукаў...

Днямі адзін такі, чатырохгадовы, цэлы дзень на ровары гойсаў — без шапачкі. Пад раніцу капрызіць стаў, жаліцца, што вушка баліць. Бабуля, як магла, суцяшала, чым магла — палячыла, ды каб іншых не будзіць, ухутала малога ў старую вялікую хустку — вынесла ў двор. І хадзілі яны там, і сядзелі, нават падрамалі ў стажку...

Пасля чаго малы з тыдзень усім расказваў, як ноччу дыхала кароўка (у суседскім хляве), як падалі з неба зоркі, як шумеў у яблынях вецер. А галоўнае (амаль даслоўна), як прач-
нуўся ў буслянцы бусел, як пацалаваў сваю бусліху і адразу паляцеў на балота, каб што-небудзь смачнае прынесці сваім бусляняткам.

...Усё амаль тое ж штораніцы (ці трэба казаць?) рабіў дзядуля гэтага хлопчыка. І ягоны бацька.

Некалі (спадзявацца ж можна?) тое самае будзе рабіць ён сам.

Пошук

Як ёсць, так ёсць: мужчыны, шчаслівыя ў першым шлюбе, лягчэй згаджаюцца на другі. Пятровіч толькі з паўгода ўдаўцом пабыў і зноў прыжаніўся. Хваліўся, што дужа пашчасціла,
бо гаспадыня ў яго — якіх пашукаць! І ў хаце, маўляў, парадак трымае, і на лецішчы ўсё расце...

Якраз адтуль яны ў суботу і вярталіся. У яго за спінай цяжкаваты заплечнік быў, у яе — дзве «торбы» ў руках. Паставіць не паспела — і аўтобус крануўся, і яна...

Няўдала «прызямлілася». Амаль два месяцы ў бальніцы праляжала, а потым і дома яшчэ. «Толькі і чуў ад яе: гэта падай, тое прынясі, — успамінае «муж». — Абрыдла няньчыцца. Пазваніў яе дочкам: «Забірайце, маўляў». Не скажу: ад слова і прыехалі, і забралі. А я цяпер во зноў халасцяк».

...Як ёсць, так ёсць: мужчына любіць жонку здаровую, а сястру багатую.

Ён жа — шчаслівы ў першых двух шлюбах — лягчэй уступае ў трэці.

Шчасце — гэта...

У жаночай прыгажосці ворагаў шмат: гады, нагрузкі, стрэсы, кухня, страшней за якую, кажуць, толькі гарод.

І, напэўна ж, няпраўду, бо...

Сяброўка з бальніцы званіла. Спытала, чым займаюся? Расказала, што з раніцы палю грады («амерыканка» заела), а цяпер во завіхаюся на кухні, бо госці і хутка абед.

— А што ты гатуеш? — спытала Света (кулінарка — якіх пашукаць!)

Прыйшлося расказаць...

І прыгэтым, што называецца, «спінным мозгам» адчуць, якое ж гэта шчасце: быць здаровым і дома — са сваёй сям'ёй, на сваім гародзе...

Каб яго зразумець, трэба (свят-свят!) апынуцца ў бальніцы?

Валянціна ДОЎНАР

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.