Вы тут

Не параўноўвайце сябе з іншымі. Як таксічныя людзі атручваюць наша жыццё?


У нашым акружэнні практычна заўсёды знойдзецца песіміст, нечым пакрыўджаны, запальчывы чалавек, вакол якога заўсёды скандалы і звадкі. Калі пасля зносін з ім застаецца адчуванне спустошанасці, то вось яна — таксічная асоба. Першая думка, што варта абмежаваць зносіны з такімі людзьмі, але што рабіць, калі гэта нашы блізкія, калегі ці сваякі? Як правільна з імі суіснаваць і рэагаваць на іх правакацыі, а таксама чаму важна не параўноўваць сябе з іншымі, мы паразважалі разам з псіхолагам Марыяй Гуцько.


— Хто такія таксічныя людзі? Як іх вызначыць у сваім акружэнні?

— Таксічнасць — гэта тое, што мы адчуваем, калі з кімсьці кантактуем. Пасля такіх людзей застаецца нейкі горкі прысмак, мы разумеем, што намі маніпулююць. Таксічныя адносіны, як правіла, узнікаюць з тымі людзьмі, якія ў дзяцінстве перажылі траўму, часта яны маюць псіхічнае расстройства. Бацькі лічаць, што няправільна выхоўваюць дзіця, тузаюць яго яшчэ больш, і малое адчувае яшчэ больш моцнае непрыманне яго як асобы. І пачынае адваёўваць сабе становішча ў грамадстве. У выніку загульваецца так, што, кантактуючы з такім чалавекам, заўсёды адчуваеш маніпуляцыю: як ні выбудоўвай размову, ён усё роўна апынецца «ў дамках», а ты сыходзіш з пачуццём віны.

У нас ва ўсіх бываюць моманты, калі праяўляецца наша таксічнасць — з-за хвароб, стрэсаў, стомленасці. Аднак здаровыя адносіны — гэта калі мы хоць і адчуваем часам нейкую таксічнаць, ды ўсё ж разумеем, што чалавек у дошку разаб'ецца, але ўсё зробіць для нас. «Мы яму — ён нам» — гэта нармальныя адносіны.

Таксічныя людзі, як правіла, разумныя, умеюць выклікаць прыхільнасць да сябе, але абсалютна не валодаюць эмпатыяй — не разумеюць, што адчувае іншы, і не могуць суперажываць. Яны дадзеную сферу для сябе перакрылі — іх і так шмат крыўдзілі, а тут яшчэ суперажываць некаму іншаму — гэта занадта. Нягледзячы на тое, што яны, як правіла, цікавыя людзі, жыць з імі і кантактаваць для навакольных вельмі складана.

— Якія прыкметы ў дзяцінстве ўказваюць на тое, што расце таксічная асоба?

— Найперш эгацэнтрызм. Яго не трэба блытаць з эгаізмам. Малое сядзіць дома і раптам яму захацелася марожанага. Нармальна ў такім выпадку патэлефанаваць маме і папрасіць, каб яна купіла. Мама кажа, што стамілася і няма часу ісці ў магазін, а ты, праяўляючы нармальны эгаізм, настойваеш. І нават калі мама прыйшла без марожанага, праблема неяк вырашаецца: яна дае грошы, і ты сам бяжыш у магазін. Але здараецца, што дзіця хоча марожанага і не тэлефануе. І тут прыходзіць мама, якая нічога не падазрае, а дзіця ўжо ўзлаванае: ну як мама не магла здагадацца, што павінна дадому прыходзіць з сюрпрызам? У тым марожаным насамрэч схаваны пасыл «я хачу ўвагі». Вось гэта эгацэнтрызм: усе павінны здагадацца, што мне дрэнна ці, наадварот, добра.

Схільнасць да маніпуляцыі нараджае несумленнасць і падман, але за імі хаваецца нізкая самаацэнка. Чалавек не хоча выстаўляць сябе перад іншымі ў непрыгожым святле, таму пачынае падманваць, выкручвацца, звяртацца да канфліктаў. Акрамя нізкай самаацэнкі, для таксічных людзей характэрны і негатывізм. Ні ў адной сітуацыі яны не бачаць плюсоў, адны мінусы. І часам іх ствараюць самі. Нават звычайную сітуацыю яны здольныя ператварыць у негатыўную, а ты стаіш і не разумееш, што здарылася.

— Атрымліваецца, што таксічным чалавек становіцца ў дзяцінстве...

— Здараецца, што і ў дарослым узросце. Мы насамрэч расцём усё жыццё, і недарэмна ў нас перыядычна ўзнікаюць крызісы пэўнага ўзросту. Пасля іх мы павінны штосьці набыць: мы як бы апускаемся ў яму і мусім выйсці з яе на іншы ўзровень. Калі ж у гэтым крызісе мы адчулі стрэс ад скасавання шлюбу, здрадніцтва, нейкай страты, то выйдзем, магчыма, не на іншы ўзровень, а адкацімся назад, у дзяцінства. І тут уключаюцца дзіцячыя механізмы: я гэту дзяўчынку, калі што, укушу, але яна мне аддасць тое, што я хачу.

— Як кантактаваць з таксічнымі людзьмі, калі гэта, скажам, калега?

— У нас заўсёды ёсць магчымасць штосьці змяніць: абмежаваць час кантактавання, перайсці ў іншы аддзел, нарэшце, памяняць работу. Калі гэта начальнік, то часам лепш проста сысці. Калі калега, то скараціць кантактаванне з ім і зрабіць яго безэмацыянальным. Размаўляць толькі па справе і прыгожа сыходзіць кожны раз: «Я не супраць з табой пагаварыць, але ў мяне толькі 10 хвілін» ці «А, ты зноў пра гэта, я тут табе не дарадчык». За 10-15 хвілін яшчэ не знервуюць і ваш рэсурс захаваецца. У выніку калега проста стоміцца ад таго, што яго не прымаюць. Таксічнаму чалавеку патрэбная эмацыянальная аддача. Як толькі мы праявілі эмоцыі, ён нас «з'еў». Ёсць так званая тэхніка шэрага каменя, якая мае на ўвазе не рэагаваць эмацыянальна. Вяртаць тое, што вам сказалі. Напрыклад, ён кажа: «Ты, як звычайна, сеў у лужыну». Спакойна адказвайце: «Так, як звычайна, сеў у лужыну». Але прымяняць такую тэхніку не кожны здолее.

Ёсць людзі, якія сябруюць з «токсікамі». Сварацца з імі, клянуцца, што той страшны чалавек, але насамрэч падпітваюцца негатыўнай энергіяй, атрымліваюць эмацыянальную разрадку.

Тут важна самому дакладна разумець, што ты можаш дапусціць, а што ўжо занадта. Калі ўсведамляеш, што вось тут я пацярплю, становіцца прасцей.

— А ці варта ўвогуле цярпець?

— Да кожнай сітуацыі індывідуальны падыход. Калі таксічны ваш начальнік, але вам падабаецца тут працаваць, то кожны раз трэба разумець, што табе трохі падкінулі, затое ўсё астатняе вельмі нядрэнна.

— Як паводзіць сябе, калі таксічны чалавек — член сям'і?

— Ёсць выпадкі, калі людзі ўвогуле перастаюць кантактаваць з блізкімі і іх можна зразумець. Як паказвае вопыт, праз нейкі час у душы бацькі, сястры, брата, магчыма, нават праясніцца штосьці. Напрыклад, калі «таксічная» маці, і ёсць сястра, якая ўсё расказвае маме, а вам гэтага не хочацца, трэба канкрэтна акрэсліць межы: я з табой, сястра, сустракаюся, але давай мы не будзем гэта расказваць маме.

Таксама можна прымяняць методыку «шэрага каменя», але яна згубная для нас саміх, бо наш эмацыянальны бок заглушаецца. Можна прымяняць таймінг: «Мама, у мяне дзве гадзіны на застолле, потым я з'язджаю дадому». Паменш спіртнога, бо, як правіла, усе сямейныя сцэны адбываюцца падчас сумесных вячэр ці абедаў.

Так, калі вы перастаяце кантактаваць з таксічным сваяком, у вас не будзе такой сферы жыцця, як бацькоўская сям'я. З гэтым трэба змірыцца, пагадзіцца і прабачыць. Але вы дарослы чалавек, самі ствараеце сваю сям'ю і стараецеся ўсё рабіць так, каб у ёй было па-іншаму.

— А калі таксічным аказваецца ваш блізкі сябар?

— Калі пачынаюцца скаргі, дапамагае пераключэнне на іншую тэму, безэмацыянальнае агучванне: «Дык у цябе праблема з мужам? Чаму ты сама не можаш яму гэтага сказаць?» Як правіла, яны больш здагадваюцца, фантазіруюць і жывуць у прыдуманым свеце, гэта вельмі адчувальныя людзі, нягледзячы на тое, што яны не валодаюць эмпатыяй.

— Як правільна выбудоўваць з імі зносіны і суіснаваць?

— Гаварыць «не», калі няма рэсурсу выслухоўваць: «Не, не магу, прабачце, няма часу». Рабіць сябе крыху недаступным, занятым. Яны ўсё выдатна зразумеюць. Другі момант — памятаць, што вы не вінаватыя ў гэтых адносінах. Бо часта такое здараецца ў пары — у адзін «цудоўны» момант ваш партнёр паказвае свой «выскал». Таму тут трэба ўсведамляць, што гэта не вы нявартыя, а проста такі чалавек, на якога вам не пашчасціла трапіць. Як правіла, такія людзі, каб заваяваць «ахвяру», адлюстроўваюць усё, што мы думаем і любім. А потым рэзка аказваецца, што «я ненавіджу тваю рыбалку». Іх адчувальнасць дазваляе лёгка зацягнуць цябе ў сетку, а потым, калі ты становішся «сваім», можа зламаць.

Ну і яшчэ адзін момант — каб не адчуваць сваёй віны, пастарайцеся не дапамагаць такім людзям. Бо што ні зробіш, яму ўсё дрэнна, — ва ўсіх атрымалася, у яго аднаго — не. І вінаватымі застаецеся вы. Таму казаць «не» — гэта ваша выратаванне.

— Якія памылкі нельга рабіць бацькам у выхаванні, каб дзіця не вырасла таксічным?

— Часам на кансультацыю прыходзяць бацькі з дзецьмі, і відавочна, што гэта зламанае дзіця. Праявы могуць быць розныя — заіканне, трывожнасць. Перфекцыянізм бацькоў прыводзіць малога да ўласнага перфекцыянізму і боязі памылак. Нават калі вы памыліліся і накрычалі на дзіця пасля цяжкага дня, гэта не страшна. Даследаванні паказваюць, што бацькоўскія памылкі не настолькі дрэнна адбіваюцца на дзіцяці, яно робіць свае высновы. Мы ўсе памыляемся, але важна вырашыць сітуацыю, папрасіць прабачэння, сказаць, што «я ў дзяцінстве быў такі самы». Бацькам вельмі важна ўтаймоўваць амбіцыі час ад часу.

Як правіла, «токсікі» нараджаюцца ў таксічных бацькоў, нарцысаў, аб'юзераў, алкаголікаў, залежных людзей. Але бывае, што таксічнасць з'яўляецца пасля псіхалагічнай траўмы ці іншых драматычных падзей у жыцці. Важна граматна рэагаваць на іх, паказваць дзецям, што і як рабіць, на сваім прыкладзе. Калі бацька выпівае і маці кажа: «Так, тата выпіў, але мы яму даруем і дапаможам справіцца з хваробай» — гэта адно. І зусім іншае — маміны скандалы, яе падрыхтоўка да таго, што тата «зноў прыйдзе п'яны» — «Я яму пакажу!», — і дзеці ва ўсім гэтым існуюць. Так мы атрымліваем таксічных людзей.

— Як змагацца з таксічнасцю ў сабе?

— Каб быць шчаслівымі, важна не параўноўваць сябе з іншымі. Калі адчуваеш, што павышаецца ўласная таксічнасць, кажаш сабе: стоп, я не буду параўноўваць сябе з іншымі. І адразу ўсё становіцца на свае месцы.

Алена КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.

Грамадства

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Хормайстр Ніна Ламановіч: Можна выходзіць замуж, калі жыццё жанчыны пасля гэтага палепшыцца

Галоўнаму хормайстру Вялікага тэатра 27 жніўня споўнілася 70 гадоў.