Вы тут

Калі абрываць кветкі на таматах


Далёка не заўсёды патрабуецца абрываць кветкі на таматах, але на некаторых асабліва ўраджайных кустах такая маніпуляцыя дапамагае паскорыць паспяванне пладоў, якія завязаліся, і зрабіць іх больш буйнымі.


Фота: pixabay.com

Не сакрэт, што ў паўднёвых рэгіёнах на кустах таматаў паспявае выспець большая колькасць гронак у параўнанні з сярэдняй паласой. Ва ўмовах кароткага лета часам трэба дапамагаць таматам сфарміраваць паўнавартасны ўраджай. Вядома, рэгулярнае выдаленне пасынкаў і прышчыпка верхавін на індэтэрмінантных таматах — самыя важныя прыёмы, якія дазваляюць паскорыць выспяванне пладоў. Але часам даводзіцца цалкам або часткова выдаляць некаторыя суквецці.

Частковае выдаленне суквеццяў

Многія агароднікі імкнуцца вырошчваць такія таматы, на якіх утвараюцца гронкі з вялікай колькасцю завязяў. Аднак чым больш пладоў завяжацца на гронцы, тым яны атрымаюцца драбнейшыя. Да таго ж перагружаныя гронкі таксама пажадана падвязваць, каб яны не зламаліся пад уласнай вагой. Гаспадары, якія збіраюць насенне з такіх раслін, выдаляюць на некаторых гронках кветкі, каб атрымаць больш буйныя плады.

Часцей за ўсё вялікая колькасць завязяў на гронцы ўтворыцца менавіта ў цяпліцы, калі раслінам стварыць аптымальныя ўмовы для росту і развіцця. Прышчыпванне кветкавай гронкі ўжываюць як для буйнаплодных, так і для дробнаплодных таматаў накшталт чэры, дзе на гронцы завязваецца больш за 16 пладоў.

Калі на кустах ужо на другой і трэцяй гронцы некаторыя плады сфарміраваліся занадта дробныя, то на самай верхавіне яны будуць яшчэ драбнейшыя. І ёсць сэнс частку самай верхняй гронкі выдаліць, а затым прышчыпнуць верхавіну парастка пасля другога ліста над гронкай.

Колькі кветак выдаляць на верхняй гронцы і ці варта гэта наогул рабіць, залежыць ад таўшчыні парасткаў і этапу вегетацыі. Калі сезон ужо заканчваецца і ночы становяцца халодныя, частковае прышчыпванне гронкі дапаможа таматам сфарміраваць плады нават на самай верхавіне.

Буянне гронкі

Асобную ўвагу варта аддаць такой з'яве, як буянне гронкі тамата, калі пасля ўтварэння завязяў гронка працягвае свой рост і на ёй пачынаюць адрастаць новыя лісты і з'яўляюцца кветкі. Парастак, які з'яўляецца працягам гронкі, адцягвае на сябе частку харчавання, з-за чаго плады, што завязаліся, атрымліваюцца дробныя і спеюць нераўнамерна. Таму такую гронку варта прышчыпваць. Але калі на вуліцы стаіць гарачыня і ёсць небяспека ўзнікнення сонечных апёкаў, на такіх парастках можна выдаляць толькі кветкі, а лісточкі, хай і невялікія, варта пакінуць для зацямнення памідораў, якія спеюць.

Поўнае выдаленне суквеццяў на верхавіне

Звычайна мы радуемся дэтэрмінантным таматам, якія багата квітнеюць у цяпліцы і адкрытым грунце. Шмат кветак — шмат пладоў. Але не заўсёды. Калі на дэтэрмінантных таматах, якія растуць у адкрытым грунце, ужо ёсць 5-7 гронак, а на носе жнівень і набліжаецца пахаладанне з дажджамі і туманамі, ёсць сэнс прышчыпнуць бакавыя парасткі або выдаліць гронку на верхавіне, каб да канца сезона ўсё завязі сталі паўнавартаснымі пладамі.

У цяпліцы кветкі на дэтэрмінантных і супердэтэрмінантных таматах можна не чапаць, а даць ім магчымасць парадаваць восеньскім ураджаем хай і не вельмі салодкіх пладоў. Рэгулярна варта выдаляць на іх толькі пасынкі другога парадку, каб плады і на бакавых парастках таксама паспелі выспець.

Вядома, нам складана прадбачыць, якое будзе надвор'е і ці паспеюць выспець усе плады на кустах. Таму варта арыентавацца на самі расліны: не перагружаць завязямі слабыя кусты, а найбольш моцным таматам — толькі крыху дапамагчы сфарміраваць плады.

Ірына ТАМКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».