Унікальны навукова-даследчы і экспазіцыйна-выставачны праект «Я паехала з Лоева...» цяпер прадстаўлены ў Лоеўскім «Музее бітвы за Дняпро». Ён прысвечаны 95-й гадавіне з дня нараджэння знакамітага беларускага мастацтвазнаўца — Вольгі Церашчатавай.
Яна нарадзілася на зямлі Лоеўшчыны, стала заснавальніцай і першым дырэктарам Музея старажытнабеларускай культуры Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.
Выставачны праект распавядае, як 21 ліпеня 1926 года ў мястэчку Лоеў у сям'і нарадзілася дзяўчынка Воля. У 18 гадоў яна пакінула родны край. Вярнулася толькі праз сорак гадоў — ужо вядомай даследчыцай беларускай даўніны, кандыдатам навук, аўтарам мноства навуковых артыкулаў па гісторыі беларускай культуры і мастацтва, супрацоўніцай інстытута этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклору Акадэміі навук БССР — загадчыцай аддзела і дырэктарам цэлага музея пры ім.
Так, у канцы 1960-х разам з аднадумцамі на ўласныя сродкі Вольга Церашчатава арганізавала экспедыцыі па Беларусі для збірання помнікаў нацыянальнай культуры. Яна ўзначальвала экспедыцыі Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору, дзякуючы якім былі сабраныя сотні мастацкіх артэфактаў. На аснове тых калекцый і быў створаны Музей старажытнабеларускай культуры.
Па задуме арганізатараў, выставачная экспазіцыя — напамін і пра саму Вольгу Церашчатаву, і пра яе справу — палявыя экспедыцыі, работу этнографа і мастацтвазнаўца. Тут можна ўбачыць музейныя прадметы, сабраныя па ўсёй Беларусі, экспанаты са збораў мясцовых музеяў. Ёсць магчымасць ацаніць і экранную экспазіцыю з фрагментамі стужкі «Ваджэнне русалкі». Цікавасць выклікаюць палявыя дзённікі Вольгі Васілеўны, напісаныя ёю у экспедыцыях. У межах праекта экспануецца партрэт стваральніцы музея старажытнабеларускай культуры, які належыць пэндзлю Юрыя Піскуна — беларускага мастака і паплечніка Вольгі Церашчатавай.
— Ужо традыцыйна наш невялічкі музей неэтнаграфічнага профілю ладзіць выставачныя праекты і імпрэзы з акцыямі да Міжнароднага дня этнографа, — адзначаюць супрацоўнікі «Музея бітвы за Дняпро». — Сёння этнаграфія, антрапалогія, сацыяльная ці культурная, — гэта ўжо далёка не проста сяляназнаўства, якое вывучала традыцыйную вясковую культуру канца ХІХ — першай паловы ХХ стагоддзя. Сённяшняя класічная этнаграфія шмат у чым грунтуецца на здабытках этнаграфіі музейнай. А сама музейная даследчая работа, і не толькі фондавая, — гэта заўжды этнаграфічнае даследаванне. Вольга Церашчатава — прыклад той асобы, якая натхняе сучасных этнографаў і ўсіх музейных даследчыкаў.
Наталля КАПРЫЛЕНКА
Фота ДУК «Музей бітвы за Дняпро»
Найперш мінімальная выплата па бальнічным вырасце ў тры разы.
Мільён фарбаў для Віцебска.
АВЕН. На гэтым тыдні фартуна ўсміхаецца вам у многіх справах.