Вы тут

Беларускія аграрыі перасягнулі 2-мільённую мяжу намалотаў


Згодна з інфармацыяй Мінсельгасхарча, на 27 ліпеня беларускія аграрыі намалацілі 2 млн т збожжа. Збожжавыя і зернебабовыя культуры (без кукурузы, грэчкі і проса) убраныя з 621,3 тыс. гектараў, што складае 29 працэнтаў запланаванай плошчы. Па тэмпах работ лідзіруе Брэсцкая вобласць, там убрана 43,8 працэнта плошчы ад плана (147,7 тыс. га). У Гомельскай вобласці ўбрана 34,6 працэнта плошчы (120,6тыс. га), Гродзенскай — 21,3 працэнта (66,5 тыс. га), Мінскай — 25,7працэнта (122,6 тыс. га), Магілёўскай — 25,1 працэнта (81,9 тыс. га), Віцебскай — 23,8 працэнта (82,1 тыс. га). Усяго па краіне намалочана 2 млн 37 тыс. т збожжа пры сярэдняй ураджайнасці 32,8 ц/га. Падрабязней аб гэтым — у матэрыялах нашых карэспандэнтаў.


Члены механізаванага звяна разам з Ларысай Ружанцовай і Любоўю Ціценковай.

...На гадзінніку адзінаццаць. У работнікаў механізаванага звяна ААТ «Рапс», што ў Мінскім раёне, надыходзіць час абедзеннага перапынку. На ўскрайку поля іх ужо чакае фургон з гарачай ежай. Цяжкагрузныя МАЗы і магутныя камбайны «Палессе» адзін за адным спыняюць работу, механізатары і кіроўцы падыходзяць да аўтамабіля, дзе іх чакае раздатчыца Алена Песняк. Тут таксама знаходзіцца намеснік дырэктара гаспадаркі па ідэалагічнай рабоце Ларыса Ружанцова, якая знаёміць працаўнікоў з апошнімі вынікамі па зборы і перавозцы ўраджаю бягучага года. Асноўныя клопаты па забеспячэнні работнікаў гарачым абедам узяла на сябе старшыня прафсаюзнага камітэта сельскагаспадарчага прадпрыемства Любоў Ціценкова.

— Сёння мы павінны забяспечыць гарачым харчаваннем на рабочых месцах 65 чалавек, — расказала Любоў Якаўлеўна. — З 11 да 13 гадзін усе людзі павінны быць накормленыя. Кіраўніцтва гаспадаркі выдзеліла ў наша распараджэнне два аўтамабілі, таму паспяваем аб'ехаць усе вытворчыя ўчасткі і накарміць людзей. Якасцю харчавання работнікі задаволеныя, ніякіх скаргаў у наш адрас не было.

Салодкім кампотам частуе працаўнікоў Алена Песняк.

У меню абавязкова прысутнічае свежая гародніна, усе маюць магчымасць атрымаць і «першае», і «другое», і «трэцяе». Па жаданні можна ўзяць гарбату ці кампот з сухафруктаў. У такое гарачае надвор'е прадугледжана двухразовая выдача мінеральнай вады. Як бачыце, мы прывозім на поле не толькі ежу, але і пластыкавую мэблю, каб работнікі маглі паабедаць ва ўтульных умовах. Застаецца толькі пажадаць ім прыемнага апетыту!

Адным з лідараў спаборніцтва сярод механізатараў гаспадаркі не першы год з'яўляецца Валерый Петушкоў — машыніст-трактарыст першага класа. У ААТ «Рапс» ён працуе каля дзевяці гадоў, а ўвогуле Валерый Мікалаевіч правёў недзе 25 уборачных. Раней ён жыў і працаваў у Рэспубліцы Казахстан, адкуль пераехаў на новае месца жыхарства ў Беларусь.

— Работай у ААТ «Рапс» я задаволены. Камбайн у мяне, зрэшты, як і ў многіх маіх калег, амаль новы, магутны і вельмі зручны. Беларускія машынабудаўнікі ствараюць вельмі добрую сельгастэхніку. У кабіне «Палесся» ўстаноўлены кандыцыянер, спёка зусім не адчуваецца. Добрая шумаізаляцыя, кіраваць магутнай машынай вельмі лёгка. Летась я адпрацаваў на ім з вялікім задавальненнем. І намалаціў, дарэчы, 2100 тон збожжа.

Рапс мы пачалі збіраць некалькі дзён назад. За чатыры дні я намалаціў каля 170 тон. Але гэта толькі пачатак кампаніі. Думаю, што і сёлета абавязкова буду сярод тысячнікаў, а калі пашанцуе, то займу першае месца ў спаборніцтве. А яшчэ хачу дадаць, што сярод нас — механізатараў і кіроўцаў — склаўся вельмі дружны, згуртаваны калектыў. Я ведаю, што калі ўзнікне неабходнасць, кожны з маіх таварышаў адразу мне прыйдзе на дапамогу. У такім калектыве нізкія вынікі па зборы збожжа мець, самі разумееце, сорамна. Агульны настрой на будучы ўраджай у нас вельмі добры.

Як паведаміў намеснік дырэктара ААТ «Рапс» па сельскагаспадарчай вытворчасці Андрэй Ількевіч, агульная плошча ворных зямель у гаспадарцы складае 4 700 гектараў. Асноўныя культуры — каласавыя збожжавыя і зернебабовыя культуры. Пад іх адведзена 1800 га. Пасевы азімага рапсу займаюць 800 гектараў. 1250 га адведзена пад кукурузу, і 700 га займаюць шматгадовыя травы.

— Сёлета ўборка азімага рапсу пачалася на 10 дзён пазней у параўнанні з мінулым годам, — падкрэсліў Андрэй Ількевіч. — Прычына — зацяжная і халодная вясна, вегетацыя раслін цягнулася даўжэй, чым звычайна. На працягу чатырох дзён убралі 30 % плошчы, намалацілі больш за 700 тон у букернай вазе, пры сярэдняй ураджайнасці 29,3 цэнтнера з гектара. Гэта крыху менш, чым летась, калі ўраджайнасць складала 30 ц/га. Але я спадзяюся, што з цягам часу мы ўсё ж такі наблізімся да таго паказчыка. Дарэчы, валавы збор рапсу ў мінулым годзе склаў 2550 тон у бункернай вазе. Калі ўсе будзе добра, сёлета мы збяром 2400 тон рапсу.

У полі — з добрым настроем.

Па словах намесніка дырэктара гаспадаркі, вырошчванне рапсу — справа выгадная. Сёння кошт гэтай алейнай культуры складае 900 рублёў за тону. За год цана вырасла амаль удвая. Аднак дадзеная культура — даволі працаёмкая, нават капрызная. Патрабуе праводзіць 3-4 вегетатыўныя апрацоўкі, абавязковыя апрацоўка ад хвароб, і, безумоўна, унясенне поўнага спектра мінеральных угнаенняў з поўным захаваннем тэхналогіі сяўбы.

— Звычайна мы ўбіраем каля 100 гектараў у дзень, — працягвае суразмоўнік. — Спадзяюся, што за 5-6 дзён управімся. А потым без перапынку пачнём убіраць азімыя збожжавыя. На сённяшні дзень вільготнасць складае 18-20 %, і таму ўжо можна пачынаць уборку гэтых культур. Аптымальная вільготнасць складае 15-16 %.

У гаспадарцы наладжана перапрацоўка рапсу. З яго вырабляюць алей і макуху, якая карыстаецца попытам у іншых сельгаспрадпрыемствах. Што датычыцца алею, то яго ахвотна купляюць у тым ліку ў замежных краінах. Карацей кажучы, стаўка на рапс сябе апраўдала.

Сяргей РУЧАНАЎ

Фота аўтара

Загаловак у газеце: У «Рапсе» збіраюць рапс

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Пуд солі. Ружовая, чорная або марская — чым яны адрозніваюцца?

Раней было прасцей: скончылася ў доме соль — ідзеш у краму і купляеш, і ўсё зразумела.

Эканоміка

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

Змены ў падатковы кодэкс. Хто заплаціць падатак на кватэру, а хто не?

З пачатку года ўступілі ў сілу змены ў Падатковы кодэкс.

Культура

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

Біблія на беларускай мове: «Галоўнае — абапірацца не на прыдуманыя ўяўленні, а на тысячагадовы вопыт набожных папярэднікаў»

 У 2019 годзе прэміяй «За духоўнае адраджэнне» былі адзначаны перакладчыкі Бібліі на беларускую мову.

Палітыка

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

Алег Іваноў: Наша супрацоўніцтва — вуліца з двухбаковым рухам

У бягучым годзе стартуе рэалізацыя 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы.