Вы тут

Электрадамы становяцца ўсё больш папулярныя. А тэндэнцыя індывідуальнага будаўніцтва — сучасныя хутары


Пра гэта паведаміў намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі — начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Аляксандр Аўраменка.


Сёлета плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 4 млн квадратных метраў агульнай плошчы жылля, з іх з дзяржаўнай падтрымкай — 1 млн квадратных метраў. За студзень — ліпень бягучага года міністэрства чакае, што будзе пабудавана 2,24 млн квадратных метраў жылля, можа, нават больш. Што тычыцца жылля з дзяржпадтрымкай, то мяркуецца, што за студзень — ліпень будзе ўведзена 691 тысяча квадратных метраў або 69,1 % ад гадавога задання.

На будоўлю пандэмія не ўплывае

Для Брэсцкай вобласці стаіць заданне пабудаваць сёлета 590 тысяч квадратных метраў, чаканы ў студзені — ліпені ўвод — 348,2 тысячы «квадратаў», гадавы план для Віцебскай вобласці — 330 тысяч квадратных метраў, за сем месяцаў чакаецца ўвод 132,4 тысячы «квадратаў», у Гомельскай вобласці гадавы план — 500 тысяч, а па выніках ліпеня будзе пабудавана 276,1 тысячы квадратных метраў жылля. У Гродзенскай вобласці за згаданы перыяд чакаецца ўвод 250,2 тысячы квадратных метраў (план — 420 тысяч «квадратаў»), будаўніцтва якога запланавана на бягучы год.

Таксама ў планах пабудаваць сёлета ў Мінскай вобласці 1,2 млн квадратных метраў жылля, за 7 месяцаў чакаецца ўвод 595 тысяч «квадратаў». У Магілёўскай вобласці з 360 тысяч квадратных метраў, запланаваных на год, чакаецца выкананне 150 тысяч «квадратаў». У Мінска планавае заданне — 600 тысяч квадратных метраў жылля, у студзені-ліпені будзе пабудавана 488,3 тысячы «квадратаў», або 81,4 % ад плана.

Што датычыцца ўводу жылля, пабудаванага з дзяржаўнай падтрымкай, то план на бягучы год — 1 млн «квадратаў» па краіне, а чаканы ўвод у студзені — ліпені — 691 тысяча квадратных метраў або 69,1 % ад плана. У Брэсцкай вобласці за сем месяцаў бягучага года чакаецца ўвод 153,9 тысячы «квадратаў» з 200 тысяч квадратных метраў, запланаваных на год, у Віцебскай вобласці — 38,8 тысячы (план — 90 тысяч), Гомельскай — 95,6 тысячы (план — 181 тысяча), Гродзенскай — 117 тысяч (110 тысяч «квадратаў»). У Гродзенскай вобласці праблем з будаўніцтвам наогул няма ніякіх — там ужо цяпер перавыканалі гадавую патрэбу, але ўсё роўна працягваюць будаваць. У Мінскай вобласці план — 205 тысяч, за сем месяцаў будзе пабудавана 128,5 тысячы квадратных метраў, у Магілёўскай вобласці план — 90 тысяч, а чаканы ўвод за названы перыяд — 50,4 тысячы квадратных метраў. У Мінску будзе пабудавана 106,8 тысячы «квадратаў» з дзяржпадтрымкай, са 124 тысяч квадратных метраў, запланаваных да ўводу сёлета.

Аляксандр Аўраменка асобна адзначыў, што ўсе прагнозныя паказчыкі міністэрства сёлета выконваюцца. «Нашы будаўнікі не могуць, вядома, працаваць дыстанцыйна. У большасці выпадкаў яны працуюць на адкрытым паветры, выконваюць усе меры засцярогі. У прынцыпе, на будаўніцтва пандэмія асаблівы ўплыў не аказала», — падкрэсліў спецыяліст.

Ён расказаў таксама, што на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых ўмоў у краіне знаходзіцца каля 640 тысяч сем'яў. Лічба вялікая, але і тэмпы будаўніцтва з кожным годам нарошчваюцца. «У цяперашні час стабільна ўводзіцца па 4 мільёны квадратных метраў жылля на год. Прынята дзяржаўная праграма «Будаўніцтва жылля» на 2021—2025 гады, у якой такія тэмпы замацаваныя, прычым з нарастаючым вынікам; штогод будзе дадавацца прыкладна 100—200 тысяч метраў квадратных», — распавёў Аляксандр Аўраменка. Як вынік — у 2025 годзе запланавана пабудаваць ужо 4,5 мільёна метраў жылля.

«Мурашнік» арэнднага жылля? Варта паспрабаваць

Асабліва запатрабаваная ў буйных гарадах краіны арэнднае жыллё, будаўніцтва якога пачалося ў 2012 годзе. Але калі ў гэтым жа 2012-м аб'ём такога будаўніцтва склаў толькі 12 тысяч квадратных метраў, і яно было ўведзена выключна ў Мінску, то за апошнюю пяцігодку аб'ёмы такога жылля сталі складаць каля 120—135 тысяч «квадратаў» на год.

На думку Аляксандра Аўраменкі, попыт на арэнднае жыллё звязаны з мабільнасцю працоўных рэсурсаў. У цяперашні час аб'ём арэнднага жылля складае ўсяго толькі да 4 % ад усяго эксплуатуемага жыллёвага фонду, будуецца такое жыллё ў асноўным за кошт бюджэтных сродкаў. Паводле інфармацыі спецыяліста, заданне па ўзвядзенні арэнднага жылля на год складае 119,8 тысячы квадратных метраў, у тым ліку 25,4 тысячы «квадратаў» за кошт прадпрыемстваў.

Усе ведаюць сучасны Тураўскі малочны камбінат, які прадугледжвае выкарыстанне знешніх працоўных рэсурсаў дастаткова высокай кваліфікацыі. Такіх спецыялістаў трэба не толькі запрасіць на новае месца работы, але і забяспечыць жыллём. У ідэале гэта павінна быць арэнднае жыллё. Прыкладна такая ж сітуацыя назіраецца і ў раёне БелАЭС — Астраўцы. Але, падобнае арэнднае жыллё павінна будаваць не дзяржава, а самі прадпрыемствы, з выкарыстаннем ільготнага падаткаабкладання і на ўмовах іншых прэферэнцый, лічыць спецыяліст.

А вось у Мінску арэнднае жыллё будуецца за кошт сродкаў, што горад ужо атрымаў ад здачы такога арэнднага жылля, ужо ўведзенага ў эксплуатацыю, паведаміла старшыня камітэта будаўніцтва і інвестыцый Мінскага гарвыканкама Ірына Гонтарава. Сёлета ў Мінску ўжо ўведзены ў эксплуатацыю адзін арэндны жылы дом на 244 кватэры ў межах вуліц Кірэенкі — Адоеўскага.

— Заданне на бягучы год па будаўніцтве арэнднага жылля ўжо выканана ў сталіцы ў поўным аб'ёме, — удакладняе спецыяліст. У цяперашні час на стадыі будаўніцтва знаходзіцца адзін арэндны дом № 6 на 130 кватэр па генплане ў межах вуліц Шаранговіча — Гарэцкага — Рафіева. Заказчыкам выступае УКБ Фрунзенскага раёна. Аб'ект запланаваны да ўводу ў 2022 годзе. Пачата праектаванне яшчэ аднаго арэнднага жылога дома, які размесціцца ў межах вуліц Прылуцкая — Глаголева — 2-і завулак Прылуцкі. Заказчыкам выступае УКБ Мінгарвыканкама.

Спікер адзначае, што пакуль у сталіцы дзяржаўнае жыллё камерцыйнага найму будуецца за кошт сродкаў, атрыманых ад здачы ў наём такіх кватэр. Аднак ёсць шэраг прадпрыемстваў, якія зацікаўленыя будаваць падобнае жыллё для сваіх патрэб.

«Цяпер мы робім апытанне сярод зацікаўленых міністэрстваў, ведамстваў і прадпрыемстваў, прапануем ім будаўніцтва такога жылля для сваіх супрацоўнікаў. Яны праяўляюць зацікаўленасць, але пакуль нічога не будуюць. Мы цяпер збіраем заяўкі, паглядзім, колькі спатрэбіцца кватэр, і будзем думаць аб пляцоўцы», — распавяла старшыня камітэта, дадаўшы, што «ужо паведамілі пра гатоўнасць узводзіць жыллё для сваіх работнікаў МАЗ і «Мінскэнерга».

Ёсць намер пабудаваць досыць буйны дом для спецыялістаў разнастайных сфер і ведамстваў. Напэўна, дом будзе падобны на «мурашнік», што само па сабе не дрэнна, лічыць Аляксандр Аўраменка. Дарэчы, ён адзначае, што аналіз паказвае вялікі попыт на такое жыллё.

«Гэта вельмі запатрабаванае жыллё, таму яго трэба будаваць і развіваць гэты кірунак. Але за якія грошы? У абсалютнай большасці выпадкаў такое жыллё будуецца за бюджэтныя грошы. План па будаўніцтве ў краіне 135 тысяч квадратных метраў арэнднага жылля, безумоўна, малы. Добра, што ў Мінску на гэтыя патрэбы пайшлі тыя грошы, якія ідуць ад эксплуатацыі ўжо пабудаванага жылля. Але зыходзячы з той запатрабаванасці, якая ёсць, мы сумесна з аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам актыўна працуем над тым, як з боку ўжо нарматворчасці зрабіць будаўніцтва арэнднага жылля больш прывабным для прадпрыемстваў і прыватнага бізнесу», — расказаў спецыяліст.

Дамы, якім патрэбныя толькі электрычнасць і вада

Аляксандр Аўраменка нагадаў, што ўрадам Беларусі зацверджана Праграма па павелічэнні электраспажывання для патрэб ацяплення, гарачага водазабеспячэння і прыгатавання ежы на 2021—2025 гады. «Рэалізацыя дадзенай праграмы дасць магчымасць павысіць даступнасць выкарыстання электрычнай энергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння, як у існуючым жылфондзе, так і пры будаўніцтве новага электрыфікаванага жылля.

Нагадаю, што такія дамы пачалі будаваць з 2018 года, тады было ўведзена ў эксплуатацыю 5,7 тысячы квадратных метраў жылля, у 2019 годзе — 8,8 тысячы, а ўжо ў 2020-м — больш за 61 тысячу «квадратаў». Па выніках мінулага года павялічылася колькасць заявак на выдачу грамадзянам тэхнічных умоў на выкарыстанне электрычнай энергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння ў аднакватэрных і блакіраваных жылых дамах. За першае паўгоддзе чакаецца ўвод у эксплуатацыю электрадамоў у аб'ёме 50,3 тысячы квадратных метраў, або 29,2 % ад гадавога задання».

У сталіцы да ўводу ў эксплуатацыю рыхтуецца першы жылы дом з выкарыстаннем электрычнай энергіі для ацяплення і гарачага водазабеспячэння. Ён размешчаны ў межах праспекта Дзяржынскага — вуліцы Шчорса. Заказчыкам выступае УКБ Фрунзенскага раёна.

Калі кватэр больш, чым сем'яў

Аляксандр Аўраменка паведаміў, што ў бягучым годзе накіраванне на паляпшэнне жыллёвых умоў павінны атрымаць больш за 10,5 тысячы шматдзетных сем'яў, для 8,8 тысячы сем'яў ужо плануецца ўвесці ў эксплуатацыю новыя жылыя памяшканні.

Селета ў сталіцы ўстаноўлена заданне пабудаваць жыллё для 1156 шматдзетных сем'яў. На бягучы момант для 1260 сем'яў ужо ўведзены ў эксплуатацыю 1534 кватэры. Гадавое заданне для такой катэгорыі грамадзян выканана на 109 %.

— Гэта сведчыць аб тым, што некаторыя сем'і будуюць не па адной кватэры, а па дзве ў залежнасці ад колькасці дзяцей і патрэбы ў жыллі, — удакладніла Ірына Гонтарава. — Ёсць і такое заданне для горада, як кірунак на будаўніцтва жылля шматдзетных сем'яў. У бягучым годзе ў Мінску павінны быць накіраваны на будаўніцтва жылля 1600 шматдзетных сем'яў. На сённяшні дзень ужо атрымалі такія накіраванні 1087 сем'яў на 1167 кватэр.

Старшыня камітэта адзначае, што горад шукае магчымасці для будаўніцтва індывідуальнага жылля для шматдзетных. Адна з такіх пляцовак, дзе ажыццяўляецца комплексная забудова, знаходзіцца ў мікрараёне Сокал. Праект будзе рэалізоўвацца ў тры чаргі. Да цяперашняга часу ўжо ўведзена ў эксплуатацыю першая чарга.

Плануецца, што індывідуальная забудова з'явіцца і ў Заводскім раёне горада. Цяпер вядзецца распрацоўка праектна-каштарыснай дакументацыі. Таксама ўвод у эксплуатацыю індывідуальных жылых дамоў запланаваны ў вёсцы Зацань. Тут жыллём будуць забяспечвацца як шматдзетныя сем'і, так і грамадзяне, якія знаходзяцца ў чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў.

Хачу жыць асобна!

Таксама, па словах Аляксандра Аўраменкі, цяпер у будаўніцтве адна з вядучых роляў адведзена ўзвядзенню індывідуальнага жылля, якое фарміруе найбольш разнастайны спажывецкі попыт. Такі попыт спалучае розныя камбінацыі кошту, эксплуатацыйных і праектных рашэнняў, прымяненне экалагічных матэрыялаў. Пры ўзвядзенні малапавярховых комплексаў індывідуальнай забудовы мяркуецца ўлічваць патрабаванні па яе транспартнай даступнасці, інжынерным забеспячэнні, а таксама тэндэнцыі да павышэння энергаэфектыўнасці і аўтаномнасці.

«Дырэктывай № 8 аб прыярытэтных напрамках развіцця будаўнічай галіны прадугледжана забеспячэнне будаўніцтва індывідуальнага жылля ў краіне на ўзроўні не менш за 1,6 млн квадратных метраў жылля, што ў нас і выконваецца па плане. Так, па выніках першага паўгоддзя 2021 года чаканы ўвод у эксплуатацыю такога жылля будзе 55,7 % ад гадавога задання», — расказаў спецыяліст.

«Яно сёння ўсё больш набірае абароты. Да таго ж мы плануем пашыраць гэтую тэму і будзем ісці ў бок павелічэння будаўніцтва дамоў комплексна. Напрыклад, за мяжой будаўнічыя арганізацыі прыходзяць у чыстае поле і будуюць у адзіным стылі дамы, а прадаюць жыллё на стадыі праектавання. Нашмат горш, калі на выдзеленым участку будоўля асобнага ўласніка з розных прычын, ідзе павольна. У выніку побач з прыгожымі дамамі стаяць парослыя быльнікам падмуркі. Да таго ж калі забудова комплексная, адразу ўзводзяцца і інжынерныя камунікацыі — праезная частка з пясчана-гравійным пакрыццём, электрычнасць і водаправод. Далей можна развіваць ацяпленне, газіфікацыю», — агучыў плюсы падыходу прадстаўнік Мінбудархітэктуры.

Найбольш інтэнсіўна індывідуальнае жыллёвае будаўніцтва развіваецца ў Мінскай вобласці, а таксама ў Брэсцкім і часткова ў Гродзенскім рэгіёнах. Чым бліжэй буйны горад, тым большая агламерацыя прыватных жылых дамоў каля яго фарміруецца. Але ў апошнія 2-3 гады стала праяўляцца тэндэнцыя росту цікавасці да хутароў. Гэта не абавязкова дом у лесе, але такія месцы, каб да бліжэйшага населенага пункта было некалькі кіламетраў.

Смалявічы, Скідзель і Жабінка

Па словах Ірыны Гонтаравой, цяпер працягваецца забудова горада-спадарожніка Смалявічы. Селета ў гэтым горадзе запланаваныя да ўводу 3 жылыя дамы на 293 кватэры. Пры будаўніцтве грамадзянам аказваецца падтрымка па ўказах № 13 і № 240. «На сённяшні дзень рэсурсы па будаўніцтве гэтых дамоў ужо асвоены больш чым на 50 %» — дапаўняе Ірына Гонтарава. Усяго на пляцоўцы будзе пабудавана 19 дамоў агульнай плошчай каля 146 тысяч квадратных метраў на 2200 кватэр. Акрамя таго, у раёне жылой забудовы пабудуюць 2 дзіцячыя садкі, школу і будынак ЖКГ.

Між іншым, у нашай краіне ёсць гарады-спадарожнікі і іншых абласных цэнтраў. Так, напрыклад, у Брэста горадам-спадарожнікам будзе Жабінка, а ў Гродна — Скідзель.

Колькасць насельніцтва горада-спадарожніка Брэста Жабінкі складае 14 тысяч чалавек. Мяркуецца, што да 2025 года гэтая лічба складзе 22 тысячы чалавек. У два разы вырасце і жыллёвы фонд райцэнтра: калі сёння ён складае 378,2 тысячы квадратных метраў, то на працягу дзесяці найбліжэйшых гадоў агульная плошча жылля вырасце тут да 757,2 тысячы «квадратаў». У тым ліку 264 тысячы квадратных метраў будзе пабудавана для жыхароў Брэста. Прычым у значнай ступені гэта будуць кварталы індывідуальнай жылой забудовы.

Сяргей КУРКАЧ

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.