Вы тут

Малатком па міне: куды рушыць Літва?


Нелегальныя мігранты ў Літве зладзілі бунт у адной з былых школ, пераробленай пад лагер для бежанцаў. Пра гэта паведаміла delfі.lt. Нелегалы адмовіліся выконваць патрабаванні супрацоўнікаў Службы грамадскай бяспекі. Адзначаецца, што некаторыя бежанцы з Ірака адмовіліся прымаць харчаванне ад літоўскіх сацработнікаў, яны не дазволілі браць ежу нават дзецям і падлеткам, а таксама жанчынам. «Ад сённяшняй раніцы і гаворкі няма пра перагаворы. Адзінае іх патрабаванне — выпусціць з тэрыторыі. Там усюды смецце, у туалетах экскрэменты льюцца цераз край, мігранты не пускаюць работнікаў чыніць каналізацыю. Зараз мы і самі баімся пасылаць туды работнікаў, гэта небяспечна», — прызнаўся delfі.lt намеснік дырэктара адміністрацыі Алітускага муніцыпалітэта Віргіліюс Пранскявічус. Пры гэтым бунты мігрантаў ахапілі многія тэрыторыі Літвы. Раней тое ж delfі.lt паведамляла пра выступленне ў горадзе Ігналіне. «Нашы мігранты адмовіліся ад ежы. Патрабавалі вярнуць ім мабільныя тэлефоны. Нарастае незадаволенасць», — заўважыў мэр Ігналінскага раёна Юстас Расікас. У пачатку ліпеня ўлады Літвы ўвялі рэжым надзвычайнага становішча з-за наплыву бежанцаў. Відавочна, што Вільнюс канчаткова страціў кіраванне сітуацыяй, крызіс хутка паглыбляецца і ўжо набыў пагрозлівыя маштабы. Шмат у чым гэта вынік бязглуздых дзеянняў літоўскай улады. Куды ж рушыць Літва?


Як прайсці на Парыж?

Спачатку бежанцаў размяшчалі ў спецыяльным цэнтры для мігрантаў у горадзе Пабрадзе, пасля абсталявалі для іх палатачныя гарадкі. Калі запоўніліся і яны, замежнікаў пачалі сяліць у інтэрнатах і будынках школ па ўсёй краіне. У сувязі з гэтым узнікаюць шматлікія канфлікты. Мэр Ігналінскага раёна Юстас Расікас распавёў, што прыезджыя абураюцца беднай ежай, патрабуюць размяшчаць жанчын-мусульманак асобна ад мужчын, хочуць мець магчымасць вольна шпацыраваць па горадзе.

З мігрантамі звязана нямала кур'ёзных эпізодаў, адзначае іz.ru. Так, кіраўнік Лаздзійскага раёна Аўсма Мішкіненэ распавяла, што прыезджыя не знаёмыя з выгодамі цывілізацыі. «Мыюць ногі ва ўнітазах, кідаюць туды смецце. Нашы сантэхнікі кожны дзень прачышчаюць забітыя трубы», — абураецца жанчына. Кіраўнік Капчамесцкага лесагадавальніка Рымантас Пілецкас распавёў, што яго супрацоўніцы зранку сустрэлі ў лесе групу чарнаскурых незнаёмцаў. «Мужчыны кінуліся ў гушчар, а жанчыны, прыкрываючы твары хусткамі, пыталіся дарогу на Парыж», — распавёў ён.

З апошніх навін. Групы жыхароў Літвы на аўтамабілях блакіруюць подступы да палігона ў ваколіцах мястэчка Руднінкай (Салечніцкі раён), дзе мяркуецца размясціць нелегальных мігрантаў. Як сказаў агенцтву BNS кіраўнік літоўскай Службы грамадскай бяспекі Рычардас Поцюс, быў заблакіраваны мост праз раку Меркіс. «Не прапускаюць грузавікі з палаткамі і іншым абсталяваннем», — растлумачыў Поцюс.

Напярэдадні міністр унутраных спраў Агнэ Білатайтэ паведаміла, што каля 1,5 тысячы іншаземцаў будзе размешчана на палігоне ў Руднінкаі ў палатачным гарадку. «Прынята рашэнне, зараз палаткі вязуць на Руднінкайскі палігон, які з'яўляецца тэрыторыяй, паднагляднай Службе грамадскай бяспекі. Там дакладна будзе нескладана забяспечыць пытанні бяспекі», — сказала яна журналістам.

Калі інфармацыю распаўсюдзілі СМІ, адразу паўстала супрацьстаянне сілавікоў з месцічамі. «Мабыць, адбываецца тое ж, што ў Дзевянішкяс», — паясніў Рычардас Поцюс. Кіраўнік літоўскай Службы грамадскай бяспекі нездарма згадаў нядаўні скандальны выпадак. Раней літоўксія ўлады абвясцілі аб намеры разглядзець пытанне будаўніцтва цэнтра для нелегальных мігрантаў у месцы кампактнага пражывання польскай нацменшасці Дзевянішкяс. Пра гэта паведаміў Telegram-канал Baltnews. Паводле задумкі ўрада, туды планавалі звезці бежанцаў з афрыканскіх краін і пасяліць іх у будынку, прылеглым да дзвюх школ Дзевянішкеса. Зразумела, даведаўшыся пра такія планы, палякі зладзілі акцыю пратэсту і паабяцалі не дапусціць з'яўлення нелегалаў на сваёй зямлі.

На думку месцічаў, будаўніцтва цэнтра нанясе непапраўную шкоду быту і гаспадарцы. «Літоўскі ўрад хоча пасяліць больш за тысячу ісламскіх мігрантаў. Для польскай абшчыны з 500 чалавек гэта азначае спусташэнне», — падтрымала суайчыннікаў дэпутат сейма Польшчы Ганна Марыя Яркоўская. Яна падкрэсліла, што падобныя планы супярэчаць двухбаковай дамове Літвы і Польшчы, згодна з якой бакі абавязаліся ўстрымлівацца ад дзеянняў, якія прывялі б да парушэння ўкладу жыцця ў раёнах пражывання нацыянальных меншасцяў. Убачыўшы такі значны рэзананс, у тым ліку і з боку суседняй дзяржавы, літоўскія ўлады ўзялі тайм-аўт. Аднак абяцалі вярнуцца да вырашэння пытання ўжо ў найбліжэйшы час. І амаль адразу ж паўстала супрацьстаянне з месцічамі ў Руднінкаі.

На штурм Вільнюса

Тым часам, крызіс атрымаў сістэмны характар. Паралельна ўзнікла і супрацьстаянне афіцыйнага Вільнюса з мясцовымі органы ўлады Літвы. Апошнія пачалі актыўна супраціўляцца рашэнням кіраўніцтва аб размяшчэнні мігрантаў, паведаміла m.nedelіa.lt. Напрыклад, улады Шальчынінкскага раёна запрацівіліся планам Міністэрства ўнутраных спраў. Мэр Шальчынінкскага раёна Здзіслаў Палявіч заявіў, што даведаўся пра планы перамяшчэння мігрантаў у Дзевянішкяс са СМІ, а цэнтральныя ўлады яму пра тое не паведамілі. «Пра гэта нічога не ведалі ні мясцовыя ўлады, ні мясцовыя жыхары , якіх гэта датычыцца перш за ўсё», — абурыўся ён.

Чыноўнік падкрэсліў, што гаворка ідзе аб невялікім гарадскім цэнтры, у якім дзейнічаюць дзве гімназіі, дзе вучыцца каля 200 дзяцей. «Для мяне важней за ўсё — бяспека нашых жыхароў», — дадаў Палявіч. Прадстаўнік па сувязях з грамадскасцю міністра ўнутраных спраў Літвы Ліна Лаўрнайтытэ-Гргенэ адмовілася даваць BNS каментарый з нагоды таго, ці ўлічыць МУС заяву раённых уладаў.

Міграцыйны крызіс можа прывесці да змены ўлады ў Літве. Такое меркаванне ў сваім Telegram-канале апублікаваў беларускі аналітык Аляксей Дзермант. «Міграцыйны крызіс у Літве можа запусціць там працэс змены ўлады. У месцах размяшчэння бежанцаў пачынаюцца стыхійныя мітынгі супраць гэтага, напрыклад, у мястэчка Дзевянішкяс людзі на такі мітынг з'язджаліся з усёй Літвы. 29 ліпеня будзе мітынг у Вільнюсе», — адзначыў эксперт.

Ён упэўнены, што на фоне няздольнасці вырашыць праблему цяперашнім урадам, пасля правалу перагавораў міністра замежных спраў Габрэлюса Ландсбергіса ў Іраку і павелічэння колькасці авіярэйсаў з Багдада ў Мінск, шэраг буйных літоўскіх палітыкаў стаў адкрыта гаварыць, што «сітуацыю можна выправіць толькі пасля дамоўленасцяў з Беларуссю». «ЕС і ЗША далі празрыста зразумець, што праблема з мігрантамі — гэта праблема Літвы. А тым часам на граніцы кожныя суткі працягваюць затрымліваць больш за сотню нелегалаў. У месцах іх утрымання, дзе іх ужо некалькі тысяч, таксама пачынаюцца хваляванні», — заўважыў Аляксей Дзермант. Раней ён заявіў, што «гэтыя людзі ад безвыходнасці, холаду і голаду пойдуць на штурм буйнога горада. Хутчэй за ўсё, Вільнюса».

Апошняя кропля

А ў Літве нелегальных мігрантаў прызналі «гібрыднымі агрэсарамі». Пра гэта паведаміў Telegram-канал Baltnews. За адпаведную рэзалюцыю прагаласавалі 56 дэпутатаў з 82. Як вядома, прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, які ўвесь час заяўляе пра прыярытэт правоў чалавека, зацвердзіў неадназначныя папраўкі да закона «Аб прававым становішчы замежных асоб».

«Па факце мы яшчэ раз пераканаліся ў відавочным: правы канкрэтных людзей, няхай гэта ў Беларусі, Іраку або Сірыі, на справе абсалютна не хвалююць палітычнае кіраўніцтва Літвы. Размовы — гэта адно, а канкрэтныя ўчынкі сведчаць, на жаль, зусім пра іншае, — адзначыў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз. — Таму мы ўсе сталі сведкамі бесчалавечных, здзеклівых адносін літоўскіх пагранічнікаў да іракцаў, якія вымушаныя шукаць лепшую долю не па сваёй віне, спрабавалі атрымаць прытулак у шчаслівай і прыстойнай, як яны думалі, еўрапейскай краіне». Як адзначылі ў МЗС, пасля такога жаху папраўкі да згаданага закона ўжо проста дапаўняюць відавочную карціну. «І няма сэнсу пералічваць палажэнні міжнароднага права, двухбаковых і шматбаковых пагадненняў, ды і проста маральных крытэрыяў, якія гэты закон не парушае. Такіх палажэнняў проста няма», — падкрэслілі ў прэс-службе ведамства.

«Характэрна, што нават у самой Літве ёсць разважлівыя людзі, якія выдатна разумеюць, што гэта фактычна ўзаконіць парушэнне правоў чалавека ў дачыненні да тых, хто спрабуе выратаваць сябе і сваіх дзяцей ад жахаў і наступстваў развязанай пад прыгожымі дэмакратычнымі лозунгамі вайны. Многія літоўскія юрысты выказалі заўвагі адносна верагоднай супярэчлівасці паправак Канстытуцыі Літоўскай Рэспублікі. Але што мы чуем ад кіраўніцтва Літвы? Так, закон дрэнны, «дзіравы», ён парушае правы чалавека. Але нам, маўляў, трэба паслаць сігнал краінам-донарам бежанцаў. Сапраўды, якія ўжо тут правы, калі трэба паслаць нейкі сігнал!»— звярнулі ўвагу ў МЗС.

Там канстатавалі, што не чуваць рэзкіх заяў заходніх партнёраў у дачыненні да гэтых паправак: «Дзе праверкі і расследаванні? Атрымліваецца, што ў «дэмакратычнай» краіне можна і цяжарных жанчын пад аўтаматы? Можа быць, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі, у якіх відавочна ёсць на гэта свабодныя рэсурсы, нават прыдумаюць для Літвы які-небудзь эксклюзіўны механізм маніторынгу і расследавання парушэнняў правоў чалавека — мігранты ж таксама людзі? Ці не?»

У ведамстве падкрэслілі, што спробы Вільнюса схаваць дапушчаную татальную дэградацыю сваёй сістэмы пагранічнай службы «шытыя белымі ніткамі». «Раней гэта было магчыма, таму што многія гады гэтую граніцу абараняла Беларусь, і літоўскаму боку можна было не турбавацца. Затым, вобразна кажучы, літоўскія палітыкі пачалі «стукаць малатком па міне». Сваёй мэты дамагліся. Цяпер робяць выгляд, што здзіўленыя», — рэзюмаваў прэс-сакратар МЗС.

Даслоўна

«Што ж вы, як нацысты, іх выштурхоўваеце?»

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на нарадзе па прыярытэтах знешняй палітыкі на сучасным этапе заявіў аб нялюдскім стаўленні да мігрантаў у Літве.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на стаўленне літоўскага боку да мігрантаў, якіх затрымліваюць пры перасячэнні граніцы, і параўнаў умовы ўтрымання бежанцаў з канцэнтрацыйнымі лагерамі. У сувязі з гэтым Прэзідэнт распавёў пра інцыдэнт, які адбыўся на беларуска-літоўскай граніцы. Пра гэта таксама былі паказаны сюжэты на беларускіх тэлеканалах. Гаворка ідзе пра групу з 26 мігрантаў (пераважна жанчын і дзяцей), якіх прымусова, пагражаючы зброяй, адправілі праз граніцу з літоўскай тэрыторыі на беларускую.

«Адабралі ў іх дакументы, парвалі ў іх на вачах пашпарты і растапталі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — Узброеныя. Вывелі іх на беларуска-літоўскую граніцу, паставілі наперадзе, як фашысты (памятаеце, у наступленне бралі мірных жыхароў і пасылалі наперадзе сябе). Вось дакладна так яны пастроілі гэтых 26 чалавек і пагналі праз граніцу, адкрыўшы стральбу па-над галовамі. Збілі, цяпер некаторыя ў бальніцы знаходзяцца».

Сярод пацярпелых была нават цяжарная жанчына. «Яна што, гэтая жанчына і яе дзеткі, пагрозу ўяўляла Літве і Еўрасаюзу? Не, яна бегла ад вайны, якую яны развязалі на Блізкім Усходзе, пачынаючы ад Алжыра і сёння заканчваючы Сірыяй», — эмацыянальна адрэагаваў Прэзідэнт.

Беларускі лідар падкрэсліў, што прычынай росту патокаў мігрантаў у еўрапейскія краіны сталі ваенныя дзеянні ў шэрагу рэгіёнаў. «Яны знішчылі Муамара Кадафі, Садама Хусэйна. Я быў у гэтых краінах. Гэта былі багатыя дзяржавы, якія нармальна развіваліся. Своеасаблівыя, як і ўсе іншыя дзяржавы. Разбілі Блізкі Усход, вайна дагэтуль ідзе ў Лівіі і Сірыі.

Знішчылі Ірак — найбагацейшую краіну. У імя чаго? Дэмакратыю прынеслі пад крылом знішчальнікаў? Ніякай дэмакратыі. Распатрашылі Афганістан і вывелі войскі. Што там адбываецца — ведаеце. І людзі бягуць ад вайны, каб уратаваць дзетак, каб дзесьці атрымаць кавалак хлеба і накарміць іх. Вы ж іх туды паклікалі, што ж вы, як нацысты, цяпер іх выштурхоўваеце адтуль?» — заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт лічыць, што патокі нелегальных мігрантаў працягнуць прыбываць у Еўропу: «Тое, што людзі туды падаліся, — гэта толькі пачатак». Рэакцыю заходніх краін на існуючую праблему кіраўнік дзяржавы ахарактарызаваў так: «Вось іх твар — гідкі, фашысцкі, нацысцкі твар. Яны заўсёды былі такія, паглядзіце гісторыю. Нават не кожнае стагоддзе, а кожныя паўстагоддзя яны падкідвалі праблемы — то адну вайну, то другую. Няўжо мне вас трэба пераконваць у тым, што беларусы — людзі святыя. Яны ніколі не навязвалі праблем сваім суседзям і нават не суседзям. Мы, калі і ваявалі, то толькі за сваё, калі да нас прыходзілі з мячом», — рэзюмаваў Прэзідэнт

Пётр ДУНЬКО

Загаловак у газеце: Малатком па міне

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.