Вы тут

Яўгену Андрэевічу Гарадніцкаму спаўняецца 70 гадоў


У любы час знаходзяцца людзі, якія прысвячаюць сябе вывучэнню літаратуры — занятку часта няўдзячнаму, часам небяспечнаму... Яўген Гарадніцкі, доктар філалагічных навук, дацэнт, галоўны навуковы супрацоўнік аддзела тэорыі і гісторыі літаратуры Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі, беларускай літаратуры служыць, бадай, усё жыццё... Ён аўтар шматлікіх навуковых прац, а таксама артыкулаў і рэцэнзій, якія папулярызуюць айчыннае прыгожае пісьменства. Мастацкасць лічыць найважнейшай якасцю літаратуры, адгукаецца на навінкі, вывучае рамантыку і займаецца праблемай аўтара... А яшчэ выступае як паэт і пісьменнік.

Сёння Яўгену Андрэевічу спаўняецца 70 гадоў, у перадюбілейныя дні самы час паразважаць пра справу жыцця, паўспамінаць...


—Якім чынам вы выбралі шлях літаратуразнаўца?

— У мястэчку Ракаве, дзе прайшлі мае дзіцячыя гады, кнігі былі адносна даступнай рэччу. І ўсё ж я мог ледзь не гадзінамі прастойваць пад замкнёнымі дзвярыма бібліятэкі, што размяшчалася ў местачковым Доме культуры, цярпліва чакаючы, ці не з'явіцца на дарозе здалёк прыкметная, ссутуленая, марудная ў хадзе постаць бібліятэкара. На тое былі свае прычыны. Стары бібліятэкар, былы вязень Асвенцыма, не заўсёды мог саўладаць з горыччу ўспамінаў, і ў такія дні бібліятэка апыналася на замку.

І ўсё ж, як ні дзіўна, паступаў я пасля заканчэння Ракаўскай сярэдняй школы не на філфак, а на хімфак БДУ. У старэйшых класах я даволі сур'ёзна захапіўся хіміяй. Ды самая пабуджальная прычына рашэння стаць хімікам, ці дакладней біяхімікам, заключалася ў ідэі-фікс, што апанавала мяне тады. Ні больш, ні менш, як вырашыў ашчаслівіць чалавецтва, вынайшаўшы элексір бессмяротнасці. Прыдумаў нават асобную «ферментатыўную тэорыю». Кандрат Крапіва яшчэ не браўся ў той час за ажыццяўленне задумы «Брамы неўміручасці». Не ўтойваю, была і яшчэ адна прычына. На хімфак паступала аднакласніца, якая прываблівала не менш, чым хімія. З маёй авантуры (на шчасце?) нічога не атрымалася. Зрэзаўся на пісьмовым па матэматыцы. Таму і «ферментатыўная тэорыя», як, дарэчы, і праект «вечнага рухавіка» (клянуся, накід ягонага чарцяжа ў мяне быў, ды толькі не захаваўся!), засталіся ў юначых марах.

З гадамі давялося ўпэўніцца ў тым, што бессмяротнасць усё-ткі існуе. Яна ў чалавечым вольным духу, што выяўляецца, мабыць, найперш праз мастацтва.

Пасля быў філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, на якім вучыўся на вячэрнім аддзяленні. Назаву імёны некалькіх выкладчыкаў, што зрабілі вялікі ўплыў на мае ўяўленні пра філалогію. Ірына Вікенцеўна Шаблоўская, якая ўвяла ў свет мадэрнізму сусветнай літаратуры. Барыс Юсцінавіч Норман, які адкрыў эўрыстычныя магчымасці тэорыі мовы.

— Ваша малая радзіма, наколькі я ведаю, Ракаў... Літаратуразнаўцы любяць шукаць праз творчасць пісьменніка моманты імпрытынгу, звязаныя з дзяцінствам...

— Згадваючы пра Ракаў, не магу не назваць яшчэ аднаго філфакаўскага выкладчыка, вядомага літаратуразнаўца, прафесара Вячаслава Пятровіча Рагойшу. У родным мястэчку ён доўгі час праводзіў «Ракаўскія чытанні», выдаваў газету «Ракаўскі шлях», арганізаваў у бацькоўскай хаце музей. З Ракавам наогул звязана мноства імёнаў выдатных культурных дзеячаў, пачынаючы ад братоў Здзяхоўскіх і Элізы Ажэшкі. Вядома, у дзяцінстве гэта непасрэдна не ўсведамлялася, але ўспрымалася на ўзроўні падсвядомасці. Культурнымі флюідамі было, як той казаў, напоўнена само паветра. І ў наваколлі, у прыродным ландшафце (прасвечаныя сонцам сасоннікі, празрыстая, як сляза, Іслач) было штосьці суладнае элегічна-роздумнаму настрою.

Мільгаюць у памяці, узнікаюць хіба на момант асобныя малюнкі, абразкі раней перажытага. Некалькі эпізодаў звязана са здымкамі ў Ракаве кіно. Назіраць такія сцэны (камеры, юпітары, здымачны тлум, мнагалюднасць) было для падлетка нязвыкла і да болю завабліва. А вось паўстае зусім іншая выява: старая з цэлым вывадкам коз (яе так і звалі — «Казіная Манька»), у адной руцэ — кій, у другой — малітоўнік. Першая, па сутнасці, пропаведзь — пра Хрыста, ягоныя дзеі, якую пачуў падлетак тут, сярод ракаўскіх разлогаў.

— Адна з вашых навуковых прац прысвечана праблеме аўтара ў беларускай літаратуры... Ці змяніўся сучасны беларускі аўтар як асоба?

— Дарэчы, першага аўтара, «жывога паэта» ўбачыў я калісьці на сцэне ракаўскага Дома культуры. Гэта быў Алесь Ставер. І верш, які ён чытаў, помню. Гэта ягоны славуты «Бубен» («Бубен біў у добрым гудзе...»). З гэтым вершам і іншымі паэт аб'ехаў, напэўна, усю Беларусь. Ну, так. Тады несла, як той казаў, «культуру ў масы» так званае бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў. Умовы, у тым ліку і бытавыя, у якіх жыў у той час беларускі літаратар, былі непараўнальныя з цяперашнімі.

Ці змяніўся аўтар унутрана? Вядома, змяніўся. Аўтар, які жыве ў ХХІ стагоддзі, — дзіця свайго веку. У яго шырэйшыя далягляды, універсальныя веды, якія сталі больш даступныя. Што да таленту, дык гэта па-ранейшаму «ў Божай руцэ».

— Вы заўсёды можаце адрозніць у тэксце, які даследуеце, аўтарскі вымысел ад рэальнага апісання, ці было, што і памыляліся?

— Адна з самых распаўсюджаных памылак чытача — прыпісванне аўтару характарыстык ягоных герояў. У «Чорным замку Альшанскім» Караткевіча дамінанта стылёвага выражэння належыць апавядальніку і герою Антону Космічу, а не аўтару. Пра гэта забываюцца, калі дакараюць менавіта аўтара ў стылёвай легкаважнасці. І яшчэ адзін — зусім ужо кур'ёзны выпадак. Ранні празаічны твор Якуба Коласа «Наша сяло, людзі і што робіцца ў сяле». Будучаму класіку спатрэбіўся расказчык, які б звязаў сабой размаіты апавядальны матэрыял. Таму ён прадстаўляе твор як нібыта напісаны вясковым грамацеем, старым Карусём Лапцем. Адсюль і адпаведны стыль аповеду. Памылкова пачалі лічыць Каруся Лапця псеўданімам пісьменніка. І, адпаведна, нярэдкія сталі закіды адносна мастацкай недасканаласці гэтага коласавага твора.

— Як вы пасябравалі з Уладзімірам Караткевічам? І ці лёгка было знаходзіцца з ім у добрых зносінах?

— Наконт сяброўства з Караткевічам — гэта відавочнае перабольшанне. Было некалькі сустрэч, у тым ліку і дома ў пісьменніка, на Карла Маркса, 36. Распавяду пра гэты выпадак. Патэлефанаваў Уладзіміру Сямёнавічу па маёй просьбе мой старэйшы сябра Леанід Самасейка. З тэлефоннай будкі, сярод вулічнага грукату. У той час у мяне памерла маці, быў прыгнечаны настрой, і чамусьці захацелася сустрэцца з пісьменнікам, якога ледзь не абагаўляў. Лявону доўга давялося ўгаворваць Караткевіча, робячы націск на тым, што, маўляў, «гэты хлопец пра цябе пісаў». Урэшце згода была атрымана. Уладзімір Сямёнавіч прыязна нас прыняў, паказаў розныя цікавосткі ў сваім кабінеце. Пад канец размовы дастаў двухтомнік сваіх выбраных твораў з намерам падпісаць яго мне. І тут я асмеліўся папрасіць, каб ён падпісаў мне лепш томік «Каласоў пад сярпом тваім», што выйшаў у выдавецтве «Юнацтва» з маёй прадмовай. Рэакцыя Караткевіча была вельмі экспрэсіўная. Ён выказаўся задужа ўхвальна пра маю прадмоўку і панаракаў пры гэтым на дрэнную чутнасць падчас тэлефоннай размовы з Самасейкам. Дзеля аб'ектыўнасці трэба адзначыць, што не ўсё ў прадмове было адназначна прынята пісьменнікам, які выказаў меркаванне, што на маладога аўтара аказваўся ціск з боку выдавецтва. І гэта было сапраўды так.

Застаўся ў мяне як найкаштоўнейшая рэліквія аўтограф: «Дарагому Яўгену Гарадніцкаму — ад сэрца, з любоўю. Ул. Караткевіч. 15 кастрычніка 81 г.».

— У ацэнках Караткевіча як чалавека ёсць шмат супярэчлівага... Адны выстаўляюць яго высакародным рыцарам, іншыя — апантаным жаночым заляцаннікам, хтосьці — п'яніцам... Вы назвалі яго чалавекам Рэнесансу, прадвеснікам постмадэрну.

— Шырока распаўсюджана меркаванне, што пісьменнік як рэальная асоба не супадае з тым вобразам аўтара, які паўстае з ягоных твораў. Некаторыя нават асцерагаюцца непасрэдных кантактаў з аўтарам, каб не расчаравацца ў ім як у чалавеку, каб нішто не перашкаджала аб'ектыўнаму ўспрыманню твораў. Думаецца, засцярога гэтая дарэмная. Жорсткай залежнасці паміж аўтарам-чалавекам і створаным ім у мастацтве не існуе. Але няма і непераходнай мяжы. І не трэба думаць, што сапраўдную літаратуру ствараюць нейкія бесцялесныя, ідэальныя істоты анёлападобнага кшталту.

Караткевіч не быў, вядома, анёлам. Па сведчанні многіх, хто ведаў яго, характар у яго быў даволі цяжкі. Паўплывала гэта на яго творчасць? Паўплывала, калі мець на ўвазе не вонкавыя формы выяўлення негатыўных эмоцый, а штосьці больш глыбіннае, што ёсць першапрычынай гэтых эмоцый. Караткевіч пісаў «аголенымі нервамі», іначай і не мелі б мы таго, што маем. Вось гэта і яднае яго з ягонымі творамі: той нізкі болевы парог, тыя датклівасць і ўразлівасць, якія немагчыма імітаваць, бо яны прыродныя.

— Вы верыце ў гамбургскі рахунак у літаратуры? Як ставіцеся да сервільнай крытыкі?

— Ведаеце, я прызнаю патрэбу ў гамбургскім рахунку як арыентацыі на пераадоленне дасягнутага ў мастацтве на сённяшні дзень. І разам з тым дапускаю існаванне сервільнай крытыкі. Гэтыя з'явы знаходзяцца ў розных плоскасцях. Зрэшты, адзін момант іх усё ж збліжае — катэгарычнасць. Што такое ўвогуле «рахунак» і ці маем мы права да кагосьці, тым больш да мастака, выстаўляць якія б там ні было патрабаванні? Як да звону ў вушах назаляе і сёння гэтае здаўна тысячакратна паўторанае: «пісьменнік павінен...», «літаратура павінна...» Нічога яны нікому не павінны!

Сервільная крытыка, тая нібыта не прад'яўляе аніякіх патрабаванняў да аўтара. Аўтар — цаца, і ўсё на гэтым! Але не заўважаючы мастацкіх пралікаў пісьменніка, незаслужана перабольшваючы ягоныя сціплыя здабыткі, мы тым самым праяўляем катэгарычнасць у адным — у раўнадушшы да стану сучаснай літаратуры, а ўвогуле і да аўтара, пра якога пішам, да яго як да асобы.

Ужываю займеннік «мы», таму што не заўсёды і сам здольны выбавіцца з гэтага непашанотнага табару «сервільшчыкаў». Дзіўная рэч! Апошнім часам даводзіцца сутыкацца з такой з'явай: некаторыя аўтары (на шчасце, іх няшмат), як якія-небудзь просьбіты ў казённай установе, проста вымольваюць ад цябе рэцэнзію (вядома, станоўчую). Думаеш: навошта ім гэта трэба? Дзеля чаго ідуць на прыніжэнне, магчыма, і самі гэтага не заўважаючы? Якія гамбургскія рахункі збіраюцца такім чынам аплочваць?

— Вы пісалі яшчэ пра адну асобу, якая «абрасла» міфамі — Анатоля Сыса... Чаму ўзяліся за аналіз яго творчасці?

— Было... Сабраліся раз у нас дома паэты, сярод іх і Толя Сыс, зусім малады яшчэ, але задзёрысты. Тэхнік тэлестудыі. Прыехаў скараць літаратурны Мінск. За сяброўскім сталом, падгарачаныя, паэты не маглі не ўсчаць спрэчак. Асноўны кірунак удару прыйшоўся па Сысу. Яго дакаралі, наколькі помніцца, за знарочыстую арыгінальнасць, імкненне да эпатажу. Той, як мог, адбіваўся. Урэшце, зірнуўшы на мяне, сказаў прыкладна такое: «А вось і ў Яўгена ёсць падобны верш...» Меўся на ўвазе верш «Доля» («Вось мацерына доля...»).

Прыведзены выпадак паказвае, што ў самым пачатку ніхто не спяваў Анатолю асаблівых дыфірамбаў. Міф пра сябе ён настойліва ствараў самахоць. Але ніякая міфалогія не можа ўзнікнуць на голым месцы. У дадзеным выпадку яна была толькі падмацаваннем ягонага крэатыўнага патэнцыялу. Патэнцыял гэты, на жаль, цалкам не рэалізаваўся, хоць Анатоль Сыс застаўся ў беларускай паэзіі самабытнай з'явай.

— Калісьці ў 1980-х быў такі цудоўны літаратуразнаўчы тандэм — Яўген Гарадніцкі і Тамара Чабан... Які, на жаль, спыніўся ў сувязі з трагічнай ранняй смерцю спадарыні Тамары...

— Тамара Чабан... Дагэтуль (хоць мінула гэтулькі гадоў, нават дзесяцігоддзяў!) мой боль, мая туга.

Тамара вызначалася бясхібным адчуваннем сапраўднай паэзіі. У нашай бібліятэцы захоўваецца мноства зборнікаў вершаў, з якімі яна працавала. З яе пазнакамі на палях, з адзначанымі «птушачкамі» творамі, ацэненымі ёю, у якіх яна адчула іскрыну сапраўднага пачуцця. Перачытваеш гэтыя вершы самых розных паэтаў — і пераконваешся ў дакладнасці і бездакорнасці яе выбару. У кожнай кнізе знаходзіліся ёю менавіта тыя вершы — самыя-самыя, якія неслі ў сабе галоўнае, найлепш адпавядалі стану душы паэта і жыццёвай праўдзе. Тамара Чабан годна прадаўжала традыцыі таго крытычнага кірунку (найбуйнейшым прадстаўніком якога быў Рыгор Бярозкін), для якога найважнейшым сведчаннем высокай паэзіі была яе жыццёвая падаснова, рэальная, насамрэч перажытая неабходнасць у з'яўленні твора.

Літаратурна-крытычныя працы Тамары Чабан і сёння маюць свайго чытача. На іх даволі часта спасылаюцца сучасныя даследчыкі, знаходзячы ў іх развагі і высновы, сугучныя нашаму часу, ідэі, актуальныя для літаратуры ХХІ ст.

— Трохі пра планы...

— Працаваць ёсць над чым. У планах, дарэчы, укладанне кнігі выбраных прац Тамары Чабан, напісанне ўступнага артыкула. Працягваю работу над кнігай, у якой будуць сабраныя выказванні беларускіх пісьменнікаў пра мастацтва і літаратурную творчасць. Неўзабаве завершыцца падрыхтоўка манаграфіі пра беларускую літаратуру другой паловы ХХ ст. і яе эстэтыку.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.