Вы тут

Не ўсе сельскія гаспадаркі, якія далучылі да буйных прадпрыемстваў, выйшлі ў плюс


Там, дзе значныя сродкі былі накіраваныя на мадэрнізацыю і аднаўленне асноўных фондаў, справы палепшыліся. А калі грашовыя патокі ў асноўным ідуць на падтрыманне бягучай дзейнасці, дасягнуць высокіх вынікаў не ўдаецца. Такі вывад зрабілі спецыялісты Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці пасля аналізу работы сельгаспрадпрыемстваў — філіялаў.


У Гродзенскай вобласці рэарганізацыя нізкаэфектыўных сельскагаспадарчых арганізацый пачалася яшчэ ў 2004 годзе. За гэты час новых інвестараў займелі 25 прадпрыемстваў АПК. З іх чатыры былі прададзеныя і 21 перададзена фірмам-прамыславікам. Як правіла, інвестары — буйныя арганізацыі з рознымі формамі ўласнасці, якія працуюць у розных галінах эканомікі (будаўнічай, перапрацоўчай, нафтахімічнай і іншых).

У Камітэце дзяржкантролю зрабілі аналіз дзейнасці філіялаў, які паказаў, што ва ўсіх выпадках дасягнуты рост вытворчасці. Але не ўсё так добра з эканамічнымі паказчыкамі. Некаторыя сельгасарганізацыі маюць адмоўную рэнтабельнасць, нягледзячы на значныя сродкі, укладзеныя ў іх інвестарамі. Аказалася, не ўсе распараджаюцца грашыма мэтазгодна.

Тыя, хто мадэрнізавалі прадпрыемства, атрымалі добрыя вынікі. Бо абнаўленне прывяло да зніжэння працаёмкасці, працазатрат на адзінку прадукцыі, што, у сваю чаргу, павысіла эканамічную эфектыўнасць. Адпаведна, вырас і ўзровень заработнай платы. А кадры, як вядома, далёка не апошні фактар эфектыўнай работы аграпрамысловага комплексу.

У ліку аб'ектаў, якія з'явіліся ў гаспадарках, — камбікормавыя цэхі, лініі па перапрацоўцы алейных культур, бульбасховішчы. Таксама сродкі ішлі на рэканструкцыю фермаў, аднаўленне тэхнічнага парку.

Там, дзе грошы, уласна кажучы, праядалі, пускалі на бягучую дзейнасць, добрых вынікаў так і не дасягнулі. Прадпрыемствы працуюць з адмоўнай рэнтабельнасцю, не могуць забяспечыць годны ўзровень аплаты працы, ёсць праблемы з кадрамі.

Спецыялісты КДК прыводзяць прыклады паспяховага альянсу ў рабоце з інвестарамі, і такіх нямала. Так, у Бераставіцкім раёне ў 2005 годзе СВК «Стары Дворац» быў перададзены РУП «Гроднаэнерга» як філіял. За гэты час дзейнасць аграфірмы набыла ўстойлівую тэндэнцыю росту. Ураджайнасць збожжавых за тры гады вырасла амаль у два разы і летась склала пад 60 ц/га.
У 2,5 раза вырасла ўраджайнасць насення рапсу і цукровых буракоў. Летась атрыманы прыбытак у суме 1,5 мільёна рублёў супраць 124 тысяч у 2018 годзе. Назіраецца і рост зарплаты. Запазычанасць філіяла за год скарацілася больш чым на два мільёны рублёў.

Значная дапамога аказана Гродзенскай тытунёвай фабрыкай свайму філіялу — СУП «Ханчыцы — Нёман» Свіслацкага раёна. За два гады сюды накіравана 26 мільёнаў рублёў, з іх 16 мільёнаў — на набыццё асноўных фондаў. Вынікаў не прыйшлося доўга чакаць. Літаральна за два гады ўраджайнасць збожжавых падскочыла на 150 %. Надой на карову перавышае тысячу кілаграмаў у год. За 2020 год атрыманы прыбытак у суме 740 тысяч рублёў. Зарплата вырасла на 45 % і склала 1200 рублёў.

Адразу некалькі слабых сельгаспрадпрыемстваў далучана да УП «Гроднааблгаз». Цяпер гаспадаркі маюць стабільныя паказчыкі.

Разам з тым, у КДК звяртаюць увагу на малаэфектыўныя філіялы. Многія з іх працуюць са стратамі, хоць атрымліваюць значную фінансавую падтрымку. Напрыклад, філіял «Паўлава-Агра» атрымаў ад свайго галаўнога прадпрыемства — Слонімскага мясакамбіната — 19 мільёнаў рублёў, але з іх толькі чатыры мільёны былі накіраваныя на асноўныя сродкі. І хоць прадпрыемства мае станоўчую дынаміку ў вытворчасці жывёлагадоўчай прадукцыі і раслінаводстве, эканамічнага эфекту ў цэлым па гаспадарцы няма. Праблемы — у рэалізацыі прадукцыі. За апошнія тры гады страты склалі больш за 2,5 мільёна рублёў.

За кошт інвестара-ўласніка ТАА «Біяком» у СВК «Міжэрычы» Зэльвенскага раёна ў жніўні мінулага года ўведзена новая ферма. Але ўстойлівага росту прадукцыі жывёлагадоўлі дасягнуць пакуль не ўдалося.

У КДК удакладняюць, што не ўсе інвестары добрасумленныя. Напрыклад, у мінулым годзе ў Слонімскім раёне з інвестарамі са Славеніі былі заключаны дагаворы на куплю дзвюх сельгасарганізацый. Але акты прыёмкі падпісаныя толькі ў сёлетнім красавіку. Магчыма, на актыўнасць інвестараў паўплывала эпідэмічная сітуацыя. Між тым, на працягу года інвестыцыі ў сельгаспрадпрыемствы не паступалі, а іх паказчыкі зніжаліся.

Для паляпшэння эфектыўнасці работы сельгаспрадпрыемстваў спецыялісты КДК прапануюць праводзіць семінары з удзелам інвестараў. Магчыма, апошнім важна наладзіць больш цеснае ўзаемадзеянне са сваімі філіяламі і сачыць за тым, як асвойваюцца выдзеленыя сродкі.

Маргарыта УШКЕВІЧ

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.