Вы тут

Кніжны развал. «Са шчырымі і найлепшымі пажаданнямі...»


Пра аўтографы заўсёды пішаш, уяўляючы, хто за імі стаіць. Думаеш і пра таго, хто падпісаў кнігу, і пра таго, каму той надпіс адрасаваны… І чым далей адыходзіць час, тым цікавейшымі падаюцца развагі. Ужо нават таму, што за дзесяцігоддзямі шмат што губляецца. І ў развагах сваіх ты становішся часам не такім ужо і блізкім да ісціны. 


Станіслаў Шушкевіч.

Аўтографам, якія на кнігах, што патрапілі да мяне ў адначассе, — узрост не такі і даўні. Адзін надпіс — з верасня 1989 года. Другі — з мая 1988 года. А кніжачкі выдадзены ў адзін, 1988, год. У адной серыі — «З арлінага племені». У адным выдавецтве — «Юнацтва». У адной рэдакцыі, якой загадваў Міхась Пазнякоў. Адзін рэдактар у кніг — Л. С. Курбека. Чыталіся яны яшчэ і малодшым рэдактарам — М. А. Паддубскай. Вось мастакі ў кніг розныя. Адну афармляў А. Карповіч. Другую — Л. Малышаў. А наклады аднолькавыя — 30 000 экзэмпляраў. Аддрукаваны кнігі на Мінскім ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга паліграфкамбінаце МВПА імя Якуба Коласа.

Патрапілі да мяне гэтыя кніжачкі ў сталічнай «Акадэмкнізе». У букіністычным аддзеле. Чытаю на зборніку Станіслава Шушкевіча (1908 — 1991) «Апавяданні пра Марата Казея» : «1. V. 1988 г. 

Ала Іванаўна Канапелька! 

Мае кнігі выходзілі на маёй роднай мове і ў перакладах на рускую і ўкраінскую. Усяго іх ужо атрымалася 50. 

Пасылаю Вам гэту невялікую кніжачку. 

Станіслаў Шушкевіч». 

І — аўтограф Алеся Махнача (1922 — 2001) на яго дакументальнай аповесці «Дзеці крэпасці»: «Шаноўнай Але Іванаўне Канапелька — на добры ўспамін аб сумесных вандроўках па роднай і блізкай для мяне Брэстчыне. Са шчырымі і найлепшымі пажаданнямі. Ал. Махнач. 26. 9. 89 г. г. Брэст». 

Розныя, хаця ў нечым і падобныя, лёсы ў двух пісьменнікаў, якія прыйшлі ў беларускую літаратуру з інтэрвалам у некалькі дзесяцігоддзяў. Станіслаў Пятровіч Шушкевіч пачаў друкавацца яшчэ ў 1925 годзе. Першую кнігу выдаў у 1934 годзе. Другую — у 1936-м... А трэцюю — «Лясная калыханка» — ужо ў 1958 годзе. Перапынак звязаны з арыштам у 1936-м... Быў асуджаны на восем гадоў. Вярнуўся на радзіму ў 1946 годзе. А ў 1949 годзе паўторна рэпрэсіраваны. І вярнуўся ўжо толькі ў 1956 годзе... Зразумела, што хацелася шмат што навярстаць... Таму актыўна друкаваўся. Напружана працаваў у дзіцячай літаратуры. Марату Казею, юнаму партызану, прысвяціў і паэтычную, і празаічную кнігу. Зборнік «Апавяданні пра Марата Казея» упершыню быў выдадзены ў 1968 годзе. Перакладзена кніга і на рускую мову — выйшла і ў Маскве, і яшчэ ў Навасібірску...

Алесь Махнач.

Алесь Махнач нараджэннем з 1922 года. Вайну сустрэў камандзірам узвода ў гарнізоне Брэсцкай крэпасці. 27 чэрвеня, цяжка паранены, патрапіў у палон. Да 9 красавіка 1945 года знаходзіўся ў лагеры ваеннапалонных і канцлагерах на тэрыторыі Польшчы, Германіі. Пасля доўгі час лячыўсы ў ваенных шпіталях. Дадому вярнуўся інвалідам. Працаваў у бібліятэцы. Друкавацца пачаў з вершамі ў раённай газеце. Завочна скончыў Літаратурны інстытут імя М. Горкага (1960). Першая кніга — «Драматычныя мініяцюры» — выйшла ў 1956 годзе... Часта звяртаўся ў творчасці да тэмы абароны Брэсцкай крэпасці. Часта наведваўся ў Брэст, на Берасцейшчыну...

Ала Канапелька (1960 — 2015), якой адрасаваны надпісы, — перакладчыца, паэтэса. Пасля заканчэння філфака БДУ (1983) прыйшла працаваць у Дом літаратара Саюза пісьменнікаў Беларусі. Першая яе кніга — зборнік вершаў «Цвет алешыны» (1985). З 1990 года — у Беларускім фондзе культуры. Пасля — у часопісе «Полымя». Некаторы час — галоўны рэдактар часопіса «Крыніца». У Саюзе пісьменнікаў займалася арганізацыяй пісьменніцкіх сустрэч, юбілейнымі творчымі вечарынамі. Сутыкалася з многімі сябрамі пісьменніцкай грамады. І, відавочна, шмат у каго ўзнікала жаданне падарыць сваю кнігу як нешта дарагое, важнае. 

Аўтографы Станіслава Шушкевіча і Алеся Махнача, адрасаваныя Алы Канапельцы, — невялікая староначка ў гісторыі беларускай кнігі. Яны — і кнігі, і самі дарчыя надпісы — як прывітанне з недалёкага ад нас часу. І яшчэ як адмеціна, што вось яны, дзве з вялікага (як па сённяшнім часе — дык і надзвычай вялікага!) тыражу, не згубіліся, здольны перадаць свае гісторыі, выкладзеныя беларускімі пісьменнікамі, чытачам новых пакаленняў. Дзве кнігі з серыі «З арлінага племені», з той серыі, якой ужо няма, пра якую мала хто зараз успомніць. Як, дарэчы, і няма таго кніжнага выдавецтва «Юнацтва». 

Раман СЭРВАЧ

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік прайшоў сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзілася на добраахвотнай аснове.