Вы тут

Бязмежнае Зэльвенскае вадасховішча. Людзі едуць, бізнес — не


Тапонім «Зэльва» ўтварыўся ад назвы рэчкі Зяльвянка, ледзь прыкметнай, але досыць доўгай (цэлых 170 кіламетраў), якая працякае па тэрыторыях пяці раёнаў і дзвюх абласцей. І няма такіх участкаў, дзе б гэтая рачулка не засталася без справы — яна напаўняе многія арашальныя каналы для забеспячэння ўрадлівасці палёў. Але Зяльвянка — гэта таксама цэлае мора, яна кіруе патокам, што праходзіць праз лопасці турбіны і дае электрычную энергію. Гаворка ідзе аб Зэльвенскім вадасховішчы — найбуйнейшым вадаёме Гродзенскай вобласці, за 200 кіламетраў ад Мінска і 132 — ад абласнога цэнтра. Менавіта туды ў гарачы ліпень мы адправіліся на пляжны адпачынак.


На таварным шляху

Пад’язджаць да Зэльвы хораша з усіх бакоў — горад знаходзіцца нібы ў нейкай нізіне, якую з аднаго боку ахоўваюць масіўныя лясы, а з другога — магутныя ветракі, што падпіраюць неба. Горад уражвае дагледжанасцю і спакоем — знаходзіцца тут вельмі прыемна.

У самім раённым цэнтры няма буйных прамысловых вытворчасцяў, але раней Зэльва была знакамітая сваімі кірмашамі. Менавіта ў гэтым паселішчы, што знаходзіцца на некалі ажыўленым гандлёвым шляху Мінск — Гродна — Беласток, актыўна гандлявалі коньмі і шматлікімі замежнымі таварамі, што прывозілі купцы са Швецыі, Даніі, Італіі, Прусіі, Аўстрыі, Францыі...

Дзеля захавання мясцовых традыцый і каштоўнасцяў у Зэльве кожны год праводзяць «Ганненскі кірмаш», а конь стаў своеасаблівым сімвалам горада. Яго скульптуру можна знайсці на цэнтральнай плошчы, таксама вобраз гэтай жывёліны намаляваны на гербе і сцягу пасёлка. У Зэльвенскім раённым выканаўчым камітэце нагадалі, што сёлета правядзенне кірмашу запланавана на 20–21 жніўня, таму мерапрыемства змогуць наведаць усе ахвотныя.

Але ўсё гэта бліжэй да восені, а пакуль цэнтрам прыцягнення з’яўляецца велізарнае — проста неабсяжнае з выгляду — Зэльвенскае вадасховішча. Туды мы і накіроўваемся — плаваць, загараць і забаўляцца.

Многае ў перспектыве

З першага погляду вадаём здаецца бязмежным, але калі быць дакладным, ён раскінуўся на больш чым 12 кіламетраў у даўжыню і на 2 кіламетры ў шырыню, а ў самых глыбокіх месцах дасягае 7,5 метра. Само ж Зэльвенскае вадасховішча маладое, яму пакуль няма і паўстагоддзя. Аднак з адведзенай роляй спраўляецца добра: акумулюе воды вясновых паводак, увільгатняе і арашае сельскагаспадарчыя землі, рэгулюе сцёк ракі Зяльвянкі.

У райвыканкаме расказалі, што ў летні сезон сюды прыязджаюць аматары воднага адпачынку і рыбаловы з усіх куткоў краіны. Для апошняй катэгорыі штогод праводзіцца чэмпіянат краіны па рыбнай лоўлі. Яно і відаць — акрамя вялікай колькасці людзей, якія прыехалі пазагараць і паплаваць на цэнтральным пляжы, па зялёных берагах, дзікіх і нязручных для плавання, відаць ніткі вуд. Радуе, што ўздоўж вадасховішча можна адправіцца па займальным і прыгожым турыстычным маршруце — ці на ровары, ці пешшу.

— Сёлета на цэнтральным пляжы Зэльвенскага вадасховішча з’явіліся ляжанкі, дзіцячая гульнявая пляцоўка, грошы на якія былі сабраныя на рэспубліканскім суботніку. Пабудавалі таксама яшчэ адну гандлёвую пляцоўку, дзе можна купіць прахаладжальныя напіткі або перакусіць, — кажа Сяргей ЛОЙКА, намеснік старшыні Зэльвенскага райвыканкама.

Справа ў тым, што Зэльвенскае вадасховішча знаходзіцца ў цэнтры перспектыў турызму ў раёне. Існуе цэлы комплексны план развіцця вадаёма.
Напрыклад, абсталяванне стаянкі для маламерных суднаў, устаноўка на дамбе вулічных трэнажораў, адкрыццё кафэ, рэстарана, рыбнай вытворчасці, развіццё арганічнага рыбаводства.

Сёлета ўсе ахвотныя могуць узяць на пракат лодку або катамаран. Забарона існуе на катанне на катарах і маторных лодках. Таксама тут нельга займацца падводным паляваннем.

Бізнес зацікаўлены, але не ініцыятыўны

Аднак у астатнім у мясцовага бізнесу ініцыятыўнасць засталася на ўзроўні ідэйнасці.

Намеснік старшыні райвыканкама Ніна ГАЛЫНЯ заўважыла, што пакуль зацікаўленасць мясцовых прадпрымальнікаў — толькі на ўзроўні размоў, паколькі многія чакаюць, што за іх усё пабудуюць і арганізуюць.

— Але ўсё, што мы маглі пабудаваць для адпачынку на пляжы, мы зрабілі. Тым не менш у прадпрымальнікаў у дадзены момант зацікаўленасць невялікая, хоць ідэй шмат і ёсць добрыя прапановы, — растлумачыла Ніна Антонаўна.

Пакуль з наяўнага для адпачывальнікаў тут ёсць турбаза «Беражкі» — месца добраўпарадкаванае, з вялікай колькасцю хатак побач з возерам, у якіх можна спыніцца. Яшчэ працуе гасцінічны комплекс «Белы ветразь», ёсць домік рыбака, некалькі аграсядзіб. У сезон трапіць туды практычна немагчыма — лепш браніраваць месцы значна раней. З другога боку вадаёма знаходзіцца аздараўленчы лагер «Блакітная хваля», дзе цяпер адпачывае больш за сто дзяцей, якія прыехалі не толькі з рэгіёна, але і з усёй Беларусі. Там іх на спецыяльна абсталяваным пляжы вучаць плаваць.

Але прапаноў летняга адпачынку для сотняў адпачывальнікаў на берагах Зэльвенскага вадасховішча ўсё роўна мала. Людзі прыязджаюць на дзень ці два, хоць гатовыя адпачываць у падобных прыгожых і чыстых мясцінах не менш за ўік-энд. Глядзіш на маляўнічыя берагі — і на вочы просяцца санаторыі, пірсы, кемпінгі, палатачныя лагеры, кафэ і гасцявыя домікі...

Аліса СКІБА

Фота БелТА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.