Вы тут

Вясёлыя гісторыі чытачоў


Быў сапраўдным палкоўнік!

...У той дзень Санёк заявіўся дамоў аж раніцай, сказаў:

— Дай чаго перакусіць. Стаміўся, як сабака! Міліцыі дапамагаў... Нейкія падшыванцы колы з машын паздымалі — мы ледзьве знайшлі.

Зоя, верачы ці не верачы, ставіла перад мужам падагрэтую вячэру і слухала — апроч іншага — як ляпаюць дзверы ў пад'ездзе, як суседзі спяшаюцца на работу. Ёй таксама трэба было, бо яшчэ ж і малую ў садок завесці...

— На сёння якія планы? — папытала нарэшце ў мужа. — Дома начуеш, ці пойдзеш зноў хуліганаў лавіць?

— Дык я ж не сам! Зразумей ты! — узяўся тлумачыць Саша. — Мяне з міліцыі папрасілі. Я на абходзе быў як работнік ЖЭСа...

— А я ўсю ноч не спала, перажывала за цябе, — не ўтрымалася ад папроку Зоя, адчуваючы, што гэта яшчэ не ўсе непрыемнасці.

— Не вядзі мяне ў садок, не хачу! — раскапрызілася дачушка.

— І добра... Хутка, можа, і праўда не пойдзеш, — стала ўгаворваць маці. — Я аформлю дэкрэтны, мы з табой будзем дома...

— І з татам?

— А як жа!

...З тыдзень пасля гэтага Саша быў чалавекам — можна сказаць, нават узорным мужам (дома ёй памагаў!), а потым зноў з'явіўся пад раніцу:

— Уяўляеш, ледзь не «замялі» на ваенныя зборы! — даводзіў жонцы. — Проста з работы... Насілу адкаснуўся! Увайдзіце, — кажу ваенкаму, — у маё становішча: дома дзіця малое, жонка цяжарная... Думаеш, хто зразумеў? Не! Усю ноч пратрымалі...

Зоя слухала ды моўчкі збірала на стол.

На рабоце яна таксама нікому нічога не сказала. Хіба сакратарцы — цішком — пра магчымыя зборы, пра ваенкамат.

— А ты схадзі туды, — параіла жанчына. — Скажы, што хутка ражаць... Папрасі, каб не чапалі твайго, бо ці мала што?

...У ваенкамаце жанчыну спыніў дзяжурны:

— Вам да каго?

— Да самага галоўнага, — шматзначна сказала Зоя. — Па асабістым пытанні.

Салдат спалохана зірнуў на яе жывот і адвёў у кабінет:

— Таварыш палкоўнік, да вас жанчына — цяжарная.

А далей — нібы ў кіно: той ваенкам — падцягнуты, строгі, у начышчаных да бляску ботах («Ён свае шкарпэткі, відаць, па хаце не раскідвае», — падумала Зоя) — прыязна ўсміхнуўся ёй, галантна падставіў крэсла, спытаў:

— Што прывяло?

— Ды папрасіць прыйшла, каб не бралі мужа на зборы. Мне, зразумейце, не сёння-заўтра ў раддом, — стала тлумачыць жанчына. — І калі яго забяруць...

— А хто сказаў, што павінны? — спытаў палкоўнік.

— Ён сам. Дамоў сёння пад раніцу прыйшоў. У вас, кажа, быў.

— І часта ён не начуе?

— Так. Апошнім часам здараецца — то з міліцыяй ноч прадзяжурыць, то ў ваенкамаце трэба прабыць.

Палкоўнік уважліва слухаў і...

— Ведаеце што? — сказаў раптам Зоі. — Вы не кажыце мужу, што тут былі. Навошта вам лішняя сварка? Беражыце здароўе — і сваё, і дзяцей. А вось муж няхай прыйдзе сюды. Я з ім пагавару. Перадайце яму вось гэтую позву. Скажыце, з ваенкамата прынеслі...

Цяпер ужо Саша верыў і не верыў у тое, што казала Зоя: крычаў, што не трэ было нейкім чужынцам дзверы адчыняць ды браць павестку, распісвацца за яе, што ён нікуды не пойдзе...

Але ж нідзе не дзеўся — схадзіў.

Назад вярнуўся злы, прыціхлы, з прыпухлай шчакой. Моўчкі перакусіў і лёг на канапу — тварам да сцяны.

Зоя глядзела на яго сагнутую спіну, на адну босую нагу (другая была ў шкарпэтцы) і ўсміхалася. Думала, як ёй усё ж пашчасціла, што палкоўнік аказаўся сапраўдным, што ён не толькі боты ўмее начышчаць!.. З Сашам, відаць, добра пагаварыў... Можа, пасля гэтага і зажывём як трэба?

Жанчына спадзявалася.

Валянціна Быстрымовіч, г. Мінск.


І адно не мёд, і другое не рэдзька

Стары анекдот: у аўцючак неяк спыталі, дзе яны мыюцца? «Як дзе? — здзівіліся жанчыны, — у рэчцы». — «Дык гэта ж летам. А зімой?» — «А колькі тае зімы...»

Прыстасаваліся, значыць, людзі, вырашылі праблему.

Тое ж некалі зрабілі і мы. Прычым удалы спосаб знайшлі: маглі не толькі бясплатна памыцца, а яшчэ і футбол паглядзець. Тым больш што тады, у пачатку 70-х мінулага стагоддзя, мінскае «Дынама», можна сказаць, грымела. Стадыён «Дынама» тады не пуставаў! Каб набыць квіток на чарговы матч, людзі загадзя займалі чаргу, падоўгу стаялі, плацілі грошы...

У студэнцкіх кішэнях яны, як вядома, ніколі не трымаліся...

А таму ў дзень чарговай гульні мы, адпрасіўшыся з апошняй пары, прыязджалі на стадыён (да 12 уваход быў вольны) і рабілі выгляд, што старанна рыхтуемся да чарговых спаборніцтваў: гэта значыць, бегалі па дарожках, скакалі ў даўжыню і вышыню, штурхалі ядро, падцягваліся на турніку...

І пры гэтым пазіралі на гадзіннік, каб бліжэй да 13, калі ўсіх папросяць са стадыёна, апынуцца ў душавых кабінах.

Мыцца там мы не спяшаліся, а наадварот: «працэс» стараліся расцягнуць аж да той пары, калі на стадыён пачнуць запускаць заўзятараў. Як толькі яны з'яўляліся, мы — чысцюткія — таксама праходзілі на трыбуны, займалі вольныя месцы (калі іх не было — стаялі ў праходзе).

Гэткі «фокус» нам удалося зрабіць разы тры ці чатыры. У чарговы — калі мы, памыўшыся, з канспектамі паселі на лаўцы ў чаканні гульні — дзверы душавой адчыніліся...

Мы сіганулі ў кабінкі. І адтуль ужо бачылі, што зайшоў супрацоўнік стадыёна, што забраў нашы канспекты, а, сыходзячы, дзверы зачыніў... на замок.

...З якім лікам выйграла тады мінскае «Дынама», мы маглі меркаваць толькі па шуме трыбун.

...Назаўтра нас, усіх чатырох, паклікалі ў дэканат і «мараль» не чыталі — проста на месяц пазбавілі стыпендый.

Факт, што хадзіць у душ на стадыёне нам расхацелася: лепей, здалося, як тым аўцюкам, мыцца ў рэчцы.

П. Браток, г. Мінск.


Цікавы прадмет

...Лена (ці нават Леначка!), учарашняя выпускніца педінстытута, спраўдзіла сваю першую мару — атрымала дыплом і адразу ж стала Аленай Рыгораўнай, настаўніцай хіміі. Ёй падабаўся яе прадмет. І вучням, адчувала, таксама. Асабліва — хімічныя доследы.

Зрэшты, у той дзень яны і не планаваліся...

Тэмай урока была вада, і Алена Рыгораўна загадзя прадумала, як яе, гэтую «ваду», падаваць: спачатку разам з вучнямі і з дапамогай геаграфічнай карты яна адправіцца ў «падарожжа» па морах ды акіянах, потым раскажа пра мастакоў-марыністаў, прачытае верш, у тым ліку і свой...

Карацей, амаль увесь вечар перад гэтым урокам ішла яго «рэпетыцыя»: настаўніца, прыбраўшыся ў строгі касцюм, выкладала тэму перад люстэркам. І яно, гэтае выкладанне, было досыць цікавае!

Праўда, адзенне здавалася залішне цёмным і строгім.

...Настаўніца і не заўважыла, як пад рукі ёй падкруціўся кавалачак жоўтага штучнага футра, як пакрысе з яго атрымаўся прыгожы каўнерык і два сімпатычныя пампоны на вяровачках для завязкі... «І — падумала, — усё: больш ніякіх там пацерак-брошак! Усю ўвагу трэба сканцэнтраваць на вадзе — на тэме ўрока...». Так яе вучылі ў інстытуце.

І вось празвінеў званок. Алена Рыгораўна зайшла ў клас, напісала на дошцы формулу вады, паказала на карце рэкі і азёры, моры і акіяны, расказала пра мастакоў і паэтаў, якія ўслаўлялі гэтую стыхію...

Клас уважліва слухаў. Нават непаседу Колю Аліхвера быццам падмянілі: сядзеў-не варушыўся — вачэй не зводзіў з настаўніцы! «Што ні кажы, а хімія ўсё ж цікавы прадмет!» — радавалася яна.

Пад канец урока запісала на дошцы дамашняе заданне, проста так, на ўсякі выпадак спытала, ці няма пытанняў?..

Коля падняў руку, нават дзве!

— Нешта не зразумела? — звярнулася да яго настаўніца.

— Так, так, Алена Рыгораўна! — залапатаў хлопчык. — Калі ласка, скажыце, а дзе вы ўзялі такі прыгожы каўнерык? Ды яшчэ і з пампонамі?

Зоя Наваенка, Глыбоцкі раён

Рубрыку вядзе
Валянціна ДОЎНАР

Фота: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».