Вы тут

Людзьмі звацца


Учора «Фэйсбук» настойліва піскнуў і прапанаваў успомніць, што я рабіла два гады таму. Са здымкаў, на якіх было бяздоннае сіняе неба і старажытныя каменныя купалы і вежы Праванса, пацягнула водарам нагрэтай хвоі, лаванды і цім'яну. І — шчасця, якое здавалася тады такім звычайным: усяго толькі і трэба было, што купіць білет на самалёт...


Так, вы не паверыце, але ўсяго толькі два гады таму (тэрмін увогуле мізэрны ў параўнанні з вечнасцю) не было ні каранавіруса, ні зачыненых межаў, ні палітычных пературбацый, ні пратэстаў, ад якіх становіцца горача то ў адным, то ў другім месцы нашага старога стомленага кантынента. А людзі — і суайчыннікі, і блізкія і далёкія суседзі па планеце — уяўляліся агулам сваім гэткім стракатым размаітым шматлікім натоўпам, які давялося два гады назад пабачыць падчас тэатральнага фестывалю ў Авіньёне. Цесна, шумна, але ніхто нікога не штурхае і не падганяе, усе адно аднаму ўсміхаюцца добразычліва, саступаючы дарогу і месца малым і старэйшым...

Калі скончылася гэта наша цывілізаваная ідылія? Напэўна, разам з першымі паведамленнямі з ахопленай эпідэміяй Італіі аб тым, што маладыя ўрачы адмаўляюцца заходзіць у дом да пажылых хворых: маўляў, хай паміраюць, а мы сваім яшчэ нядоўгім жыццём рызыкаваць не будзем... А памятаеце, як выштурхвалі з самалётаў «не сваіх», як ва Украіне перакапалі дарогу, каб не пусціць у паселішча эвакуяваных з Кітая суайчыннікаў?.. Тое, што лічылася заганным і нявартым нармальнага чалавека, стала лічыцца справай звычайнай. Чалавечыя подласць і эгаізм пачалі ўспрымацца не тое што без асуджэння, але паблажліва. І гэта быў толькі пачатак таго, што прынамсі ўсе еўрапейцы маюць сёння.

Успомніце, як усё пачыналася з тымі ж мігрантамі гадоў шэсць назад. Ветлівыя людзі са светлымі тварамі і высокімі пасадамі гаварылі пра тое, што багатая Еўропа гатовая дапамагчы бедным няшчасным бежанцам. Вядучыя выданні і тэлепраекты рабілі аналітыку пра тое, як добра, што гэтыя людзі прыехалі: карэнныя нацыі старэюць, і сярод свайго насельніцтва няма ахвотных даглядаць старых нямоглых людзей, якіх усё больш, бо жыць сталі даўжэй. А тут прыехала танная рабочая сіла, якая будзе ўдзячная дабрадзеям і пагодзіцца на ўсе ўмовы. Але — штосьці пайшло не так. За ўсімі гэтымі заклікамі і агульнымі разважаннямі забыліся, што тыя, хто прыйшоў прасіць прыстанішча, уцякаючы ад вайны і нястачы, — кожны з іх — Чалавек. Забыліся, а некаторыя, як нашы паўночныя суседзі, нават пра гэта і не ўспаміналі, бо нельга ж у мірны час у Чалавека цэліцца з аўтамата, нельга трымаць яго ў загоне, бы скаціну. Нельга адмаўляць яму ў праве на ўласную годнасць... Нельга? Аказваецца, можна, яшчэ як. І ніхто за гэта не папракне і не асудзіць...

У гэтым вэрхале, што адбываецца па ўсім свеце, беларусы выглядаюць, бадай што, прыстойней, чым многія іншыя. Пэўна, мы так доўга прагаворвалі гэта ўласнае жаданне «Людзьмі звацца», што, самі таго не заўважаючы, ператварылі яго ў маральны дэвіз, якім і стараемся кіравацца. А нам жа ў нейкім сэнсе было, дый сёння складаней, чым іншым. Бо, акрамя каранавіруса, яшчэ і паслявыбарная «хвароба» дае аб сабе знаць. Але хапіла, прынамсі ў большасці з нас, розуму, разважлівасці, той самай памяркоўнасці, за якую нас часта бэсцяць, не пасварыцца з-за палітыкі з суседзямі, з аднавяскоўцамі, з калегамі, не разарваць самыя галоўныя сувязі — сямейныя.

Праўда, і ў нас павылазіла ўсякая мярзота. І я тут не пра тых, хто фігуруе ў зводках міліцыі. Гэтых не затрымаюць і па тэлевізары не пакажуць. Вось, прызнайцеся: ёсць жа сярод вашых знаёмых хоць адзін чалавек, які за апошні год, прычым, можа, нават неаднойчы, як гэта сёння модна казаць, пераабуўся. І тут не важна, з якога на які бок ён скакаў. І размова тут не пра перакананні, якія былі адны, а раптам памяняліся на іншыя. Прыстасаванства і адсутнасць гэтых самых перакананняў — вось як гэта называецца. Я такіх людзей называю цяпер швондзерамі. Вельмі падобныя яны на вядомага булгакаўскага персанажа. Нават не па паводзінах — па духу. Бо ўявіце, што рабіў бы герой Міхаіла Афанасьевіча — адданы рэвалюцыянер, апантаны ідэяй будаўніцтва камунізму, — у 1937-м? А ў 1942-м на акупаванай фашыстамі тэрыторыі? Жах, праўда, і ратуй нас божа ад такіх знаёмых!.. А з іншага боку, можа, і добра, што здарылася такая сітуацыя — затое разгледзелі, хто ёсць хто, дый не толькі пра іншых — самі пра сябе многае зразумелі.

...Калі-небудзь, напэўна, гледзячы ў бяздоннае блакітнае неба Праванса і ўсміхаючыся ў адказ шчасліваму стракатаму натоўпу, я буду думаць пра ўсё, пра што сёння пішу, як пра даўно мінулыя выпрабаванні, якія дастаюцца кожнаму пакаленню людзей. І пра тое, як урэшце, мы, людзі, гэтыя выпрабаванні з гонарам пераадолелі. Прынамсі, вельмі хочацца ў гэта верыць.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Прэв’ю: pixabay.com

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Гатовы да разгортвання «чырвоных зон»

Мінскі навукова-практычны цэнтр хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі аказваў дапамогу пацыентам з COVІD-19.

Грамадства

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Сталічная геаграфія: як выглядае Мінск на старадаўніх картах і планах

Прадпрыемства «Белкартаграфія» выпусціла ўнікальнае крыніцазнаўчае выданне «Мінск на старадаўніх картах і планах».