Вы тут

Сваё 75-годдзе адзначыць 5 жніўня беларускі акцёр тэатра і кіно Уладзімір Мішчанчук


Сваё 75-годдзе адзначыць 5 жніўня беларускі акцёр тэатра і кіно Уладзімір Мішчанчук. Тэлегледачы змогуць сустрэцца з вядомым майстрам сцэны ў тэлеэфіры: на «Беларусь 3» выйдзе выпуск праграмы «Кадры жыцця», прысвечаны юбіляру, а таксама ўбачым фільм і спектакль з удзелам артыста.


Мара пра акцёрства ва Уладзіміра Андрэевіча была з дзяцінства. Пасля заканчэння школы ён спрабаваў паступіць у Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут, аднак яго не прынялі, паколькі быў непаўналетні, хоць хлопец і вытрымаў тры туры іспытаў. І ўсё ж будучы артыст не здаўся, на наступны год пайшоў на курсы пры Доме народнай творчасці ў Брэсце, на танцавальнае аддзяленне, і потым працаваў як харэограф-пастаноўшчык у Драгічынскім доме культуры. А ўжо пасля заканчэння БДТМІ па размеркаванні трапіў у Гродзенскі абласны драматычны тэатр. Там і дырэктарам працаваў, і атрымаў званне Заслужанага артыста БССР. Праз пэўны час Уладзіміру Андрэевічу прапанавалі пасаду ў інстытуце, і ён вярнуўся ў Мінск. Трэба сказаць, што гады творчай і выкладчыцкай дзейнасці далі свой плён, сёння на рахунку майстра шэраг роляў у тэатры, кіно і шмат удзячных вучняў, якія таксама паспяхова рэалізуюцца ў прафесіі. Сам жа акцёр працягвае радаваць сваіх прыхільнікаў і дарыць ім свой талент са сцэны і з экранаў. Вядомы ён і па працы на радыё і тэлебачанні, агучваў фільмы, серыялы...

Калі ўзяць яго ролі ў кіно, то многія могуць прыгадаць фільмы «Кіроўца аўтобуса» (1983), «Тры талеры» (2005), «У чэрвені 41-га» (2008) і іншыя. А на сацыякультурным тэлеканале ў дзень нараджэння акцёра тэлегледачы змогуць паглядзець кінастужку «Выкрасці Бельмандо». Камедыя рэжысёра Мікалая Князева была знята кінастудыяй «Беларусьфільм» і Белтэлерадыёкампаніяй у 2012 годзе. Па сюжэце нас чакаюць прыгоды маскоўскага пісьменніка Бакуніна ў беларускай вёсцы. Той заключае з выдаўцом пары, што за тры месяцы, не пакідаючы Парыж, зможа скончыць свой новы раман. Літаратар робіць стаўку ў выглядзе свайго любімага ката, а выдавец у выпадку пройгрышу абяцае аддаць рарытэтны аўтамабіль. Аднак ёсць адзінае «але» і яно крыецца ў тым, што замест Францыі пісьменнік трапіць у Беларусь, а дакладней, у вёску Парыж.

Фільм аб'яднаў у кадры многіх вядомых беларускіх і расійскіх акцёраў, сярод якіх Аляксандр Панкратаў-Чорны, Уладзімір Мішчанчук, Сяргей Журавель, Алег Несцераў, Ганна Бондарава і іншыя. А вось ката Бельмандо (яго паводле сцэнарыя скрадаюць злаўмыснікі) рэжысёр знайшоў на адной з каціных выстаў, аднак чаканні адносна ролі жывёла ўвасобіла хіба што толькі па знешнім выглядзе. Што ж датычыцца працы ў кадры, то тут гадаванец прымусіў панервавацца ўсю здымачную групу, бо каб дабіцца тых ці іншых рухаў і дзеянняў ад яго, кінавытворцам даводзілася рабіць шмат дубляў. Калі гаварыць пра месца здымак, то і тут усё склалася не з першага разу. Спачатку меркавалі зрабіць месцам дзеяння вёску Парыж у Віцебскай вобласці, аднак тая не прайшла пробы, і ў выніку здымалі ўжо ў Астрашыцкім Гарадку. Сапраўдную французскую сталіцу таксама ўбачым у кадры, але асноўныя падзеі ўсё ж разгортваюцца ў Беларусі. Нават Эйфелеву вежу давялося ўзводзіць... Глядзіце і натхняйцеся атмасферай прыгод.

Для тых жа, хто з'яўляецца таксама і прыхільнікам працы Уладзіміра Мішчанчука на тэатральнай сцэне, пакажуць спектакль Тэатра-студыі кінаакцёра «Хто смяецца апошнім» па п'есе Кандрата Крапівы, 125-годдзе якога таксама адзначаецца сёлета. У ім дзеянне хоць і бярэ пачатак у 1930-я гады і доўжыцца да нашых дзён, але адлюстроўваюцца праблемы, якія застаюцца актуальнымі і сёння.

А вось пачуць думкі, меркаванні самога Уладзіміра Андрэевіча будзе магчыма падчас прагляду праграмы «Кадры жыцця». Нагадаем, кожны выпуск праекта — гэта інтэрв'ю з вядомымі асобамі беларускай культуры. Вядучыя ў праграме не толькі вядуць гутарку з госцем, але і прапануюць, каментуючы тэлехроніку, згадаць адметныя старонкі жыцця. У выніку перад аўдыторыяй паўстае цэласная гісторыя жыцця выдатных творцаў і мастроў сваёй справы. Не прапусціце размову з Уладзімірам Мішчанчуком 5 ліпеня на «Беларусь 3».

Алена ДРАПКО

Фота з адкрытых крыніц

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.