Вы тут

Чаму пан сядзеў пад мастом


Калісьці Покрашава і Замосце ўваходзілі ў валоданні аднаго маёнтка, які належаў памешчыку Каркузевічу. У складзе маёнтка акрамя гэтых вёсак былі яшчэ такія населеныя пункты як Адамова, Паўлаўка, Палікараўка, Жылін Брод, Старая Смалярня і іншыя.


Дом пана знаходзіўся ў маляўнічым месцы. Яго атачалі кусты бэзу і экзатычныя дрэвы. Непадалёку размяшчаўся вадаём. Каркузевіч меў вялікі сад, таму вуліца, дзе ён жыў, і цяпер называецца Садовай. Побач з домам былі і гаспадарчыя пабудовы: склеп для захавання прадуктаў харчавання, хлявы для буйной рагатай жывёлы і коней, амбары для зерня. Уладальнік памесця будаваў і новы дом. Але нехта спаліў новабудоўлю. Ходзяць байкі, што месцічы неяк заўважылі пана, які сядзеў пад мастом. А чаго ён там сядзеў ніхто не ведае.

Пазней вёскі, якімі валодаў Каркузевіч, набыла памешчыца Паўлоўская, якая, у сваю чаргу, прадавала лес і поле сялянам. Яны выкарчоўвалі дрэвы, распрацоўваючы плошчы пад ворыва. І пасяляліся тут на пастаяннае месца жыхарства. Сяляне таксама арандавалі лес, поле, луг, за што разлічваліся з Паўлоўскай пэўнай сумай грошай або зернем.

— Вёска атрымала назву Замосце таму, што паміж Покрашавам і Замосцем, у Чабатаровым лозе, знаходзіўся мост. Мястэчка было якраз за ім, — распавяла Алена Нечэпурэнка. — А не зусім таму, што пан сядзеў пад мастом.

Час ішоў наперад. Вялікія змены адбыліся і ў Замосці. Не стала памешчыцкіх уладанняў, ім на змену прыйшлі калгасы. У студзені-лютым 1930-га ўтвораны калгас «Чырвоны будаўнік». Яго арганізатарамі былі загадчык пачатковай школы Шостак і загадчык хатай-чытальняй Мініч. Яны карысталіся падтрымкай мясцовага насельніцтва. Калгас быў заснаваны на базе дзвюх буйных кулацкіх гаспадарак: Каспяровіча з вёскі Руднаўка і Кобеля з пасёлка Плюшнік.

Першымі ў калгас уступілі яго актыўныя стваральнікі Максім Бенеш, Франц Лешчанка, Вікенцій Хацько, Аляксандр Хацько, Іпаліт Хацько, Фабіян Хацько і іншыя. Першым старшынёй стаў Максім Бенеш, які працаваў на гэтай пасадзе з 1930-га да 1933 года.

У тым жа 1930-м быў створаны калгас «Чырвоны Кастрычнік», куды ўвайшлі хутары. Пазней, у 1939-м, жыхары хутароў былі пераселены ў вёскі і пасёлкі.

Ва ўмацаванне гаспадаркі вялікі ўклад унеслі камсамольцы. Падчас Вялікай Айчыннай яна была дашчэнту разбурана. Пасля вызвалення ад нямецка-фашысцкай акупацыі калгас давялося аднаўляць нанова. Старшыні мяняліся часта, эканоміка развівалася марудна. У 1961 годзе старшынёй быў выбраны Аляксандр Філіпавіч Мішура. З гэтага часу калгас «Чырвоны Кастрычнік» пачаў упэўнена рухацца наперад. З кожным годам рос дабрабыт людзей. Калгаснікі, якія дасягнулі пэўнага ўзросту, пачалі атрымліваць пенсію. Была ўведзена гарантаваная аплата замест працадзён, што садзейнічала павелічэнню прадукцыйнасці працы.

Калгас «Чырвоны Кастрычнік» у розныя гады мяняў найменні. Цяпер — гэта сельскагаспадарчы філіял «Агра-Замосце» ААТ «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў».

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЯШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».