Вы тут

​У вёсцы Замосце Слуцкага раёна нашаму выданню прысвечаны мурал


У вёску Замосце Слуцкага раёна давялося ісці пешшу 5 кіламетраў. Да Шышчыц з Мінска даехала на маршрутцы, выйшла на скрыжаванні дарогі, што вядзе да населенага пункта. Рэдкія машыны не спыняліся, праязджалі міма. Ну, што ж, дайду і на сваіх дваіх! Спачатку — тры кіламетры да павароту на Замосце, затым яшчэ два да канчатковага пункту прызначэння — мясцовага Дома культуры.


Фрэскі на сцяне мясцовага Дома культуры, якія сімвалізуюць развіццё Краіны Саветаў.

Населены пункт сустрэў цішынёй, у двары, як той казаў, ні машын, ні людзей. Пажылыя ў такую спёку хаваюцца па хатах, а хто маладзейшы — на рабоце. Пара ў сельскай мясцовасці сапраўды гарачая — жніво. Але відаць па ўсім, што жыццё тут не спыняецца: дыхтоўныя жылыя дамы з дагледжанымі дварамі тонуць у кветках і зеляніне. На ўскрайку вёскі віднеюцца катэджы, так званыя прэзідэнцкія домікі, пабудаваныя па рэспубліканскай праграме адраджэння і развіцця сяла. Прыкметна, што вядзецца і індывідуальнае будаўніцтва грамадзянамі на выдзеленых участках.

І вось нарэшце сустракаю першага чалавека. Гэта пажылая жанчына, якая ішла ў краму.

— Сваёй гаспадаркі не трымаю, толькі курэй. Шмат клопату, ды і патрэбы ў гэтым няма, сёння ўсё можна купіць. Трымаю толькі курэй, добрая падмога на зіму — нарыхтаванага са свайго агарода хапае і мне, і дзецям. Наша вёска, у адрозненне ад неперспектыўных, жывая, паколькі знаходзіцца непадалёку ад Слуцка, — распавяла суразмоўніца. — Тут пражывае на пастаяннай аснове каля пяцісот чалавек. Летам прыязджаюць з горада дачнікі. У кагосьці застаўся бацькоўскі дом, а нехта набыў жытло пад лецішча.

Праходзім каля велічнага храма, які горда ўзвышаецца на пагорку. Гэта сапраўдная жамчужына рэдкага дойлідства — некалі кальвінісцкі збор, а цяпер касцёл Святой Варвары. У 2020-м споўнілася 400 гадоў з дня яго асвячэння. У савецкія часы ў ім было збожжасховішча, якое нанесла шкоду ўнутранаму інтэр’еру. Цяпер тут вісіць таблічка з просьбай захоўваць асцярожнасць. Храм належыць каталіцкаму прыходу, ксёндз жыве на тэрыторыі храма. Нядаўна ў яго доме здарыўся пажар, які пашкодзіў дах. Перад уваходам у касцёл — помнік удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны.

Кідаецца ў вочы яркай плямай на фоне зеляніны і мясцовы Дом культуры. На франтоне і сценах звонку прыгожая мазаіка на тэму станаўлення дзяржавы рабочых і сялян з асноўнымі сюжэтнымі лініямі: цяжкасці пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі, Грамадзянская вайна, індустрыялізацыя, Вялікая Айчынная, пасляваенныя пяцігодкі. У завяршэнне кампазіцыі — мужчына іграе на баяне, а калгаснікі танцуюць. Відаць, гэты сюжэт сімвалізуе поўную і канчатковую перамогу сацыялізму. Сярод гэтых фрэсак і мурал, прысвечаны газеце «Звязда». Заўважаю каля яго жанчыну з мужчынам і дваіх дзяцей.

— Едзем адпачываць на Руднянскае вадасховішча і заглянулі сюды — параілі знаёмыя, маўляў, паглядзіце на фрэскі, што на Доме культуры, сапраўдныя мастацкія творы, — кажуць яны.

Удзельнік і сведка стварэння гістарычнай мазаікі, былы старшыня калгаса Іван Іванавіч ПЯТРОВІЧ. А таксама загадчык Замосцкага cельскага Дома культуры Алена НЕЧАПУРЭНКА.

У сельскім Доме культуры мяне сустрэла загадчыца Алена Нечапурэнка.

— У нас працуюць дзіцячыя гурткі па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве, якія наведваюць вясковыя дзеці. Ім падабаецца майстраваць розныя дробныя работы. Стараюцца закончыць іх за адзін раз, каб тут жа забраць дадому, — кажа Алена Канстанцінаўна. Займаюцца дзеці таксама ў гуртку вакальна-харавых спеваў. У жаночым клубе «Гармонія» ўдзельнічаюць жанчыны розных узростаў.

Сама Алена Нечапурэнка стварае вырабы з ільняной ніткі ў тэхніцы джутавай філіграні. Часткі вырабляюцца на файле асобна і збіраюцца ў кампазіцыю. Можна выкарыстоўваць іншыя ніткі, але яна спынілася на льняной, бо лён — сімвал Беларусі, блізкі суайчыннікам матэрыял.

— Што датычыцца мурала, прысвечанага газеце «Звязда, то гісторыя яго стварэння мне невядомая. Працую загадчыцай толькі чатыры гады. Але ёсць чалавек, якія валодае сітуацыяй, — адзначае Алена Канстанцінаўна. — Гэта Іван Іванавіч Пятровіч.

Іван Пятровіч працаваў у калгасе «Чырвоны Кастрычнік» сакратаром партыйнага бюро, намеснікам старшыні, а затым і старшынёй гаспадаркі. Затым калгас быў перайменаваны ў сельскагаспадарчы кааператыў, потым стаў сельскагаспадарчым філіялам «Агра-Замосце» адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў».

— Менавіта пры мне ў 1974 годзе пачалі будаваць новы Дом культуры, які ўвялі ў дзеянне ў 1978-м. Ранейшы знаходзіўся ў старым драўляным будынку. Узводзілі гаспадарчым спосабам, гэта было танней, чым метадам падраду. Фрэскі, роспісы на яго вонкавых сценах з’явіліся ў 1981-м. Я як сакратар партбюро непасрэдна гэтым займаўся, — згадвае Іван Іванавіч. — Адразу распрацаваны праект цягнуў на 28 тысяч рублёў, на той час — вялікія грошы. За 30 тысяч рублёў можна было пабудаваць сучасны кароўнік без начыння. Таму галоўны бухгалтар, які прывык лічыць кожную капейку, быў супраць стварэння кампазіцыі. Але ўрэшце ўдалося яго пераканаць, і ён даў згоду. Ды нам удалося сэканоміць, праект абышоўся ў 22 тысячы рублёў. Таму што адразу была задума зрабіць суцэльны сюжэт на ўсю сцяну. Ды ў працэсе работы вырашылі размясціць кожную фрэску асобна.

Іван Іванавіч сам ездзіў у Мінск, раіўся са спецыялістамі, мастакамі, абмяркоўваў канцэпцыю. Эскізы паказалі кіраўніку гаспадаркі, які стварыў сваю камісію. Эскізы члены камісіі адобрылі.

— Не помню, якая гэта была арганізацыя са сталіцы. Але займаліся роспісам прафесіяналы, якія стварылі высокамастацкі твор, — лічыць Іван Пятровіч. — Працавалі цэлае лета, і ў 1981-м праект быў завершаны.

— Чаму газета «Звязда» займае пачэснае месца ў гэтай кампазіцыі? — пацікавілася ў свайго суразмоўніка.

— У Беларусі менавіта ў «Звяздзе» быў надрукаваны Дэкрэт Леніна аб зямлі. У аснове ідэі мурала — сяляне абмяркоўваюць артыкул.

— А на той час, як вы працавалі, ці выпісвалі ў калгасе «Звязду»?

— Вядома ж, прычым многія калгаснікі. Іх ніхто да гэтага не прымушаў. Вось абласную газету мы вымушаныя былі крыху прасоўваць, — прызнаецца Іван Пятровіч.

— Прыязджалі ў гаспадарку карэспандэнты «Звязды»?

— Прыязджалі з розных газет, у тым ліку і ад вашага выдання, але не магу назваць канкрэтныя прозвішчы — прайшло шмат часу.

— Раённае кіраўніцтва не ўмешвалася, не падстаўляла падножкі ў вашай справе?

— Гэта былі нашы грошы, і мы мелі права імі распараджацца самастойна, з раёнам праект не ўзгаднялі.

Пазней на старонцы ў «Фэйсбуку», прысвечанай Беларускаму савецкаму манументальнаму мастацтву, знайшлі інфармацыю пра тое, што аўтар мазаікі — мастак Вячаслаў Самсонаў.

Загадчыца паштовага аддзялення Вераніка ЦЕРАШКОВА з наведвальнікамі — жыхарамі вёскі.

Спрабую высветліць, ці выпісваюць сёння «Звязду» ў Замосці. З гэтай мэтай разам з Аленай Нечапурэнка кіруемся ў мясцовае паштовае аддзяленне. Па дарозе праходзім каля помніка.

— Гэта помнік удзельніку Вялікай Айчыннай вайны, ураджэнцу нашай вёскі Міхаілу Ісакавічу Мукасею, — тлумачыць мая правадніца. — Міхаіл Ісакавіч — савецкі разведчык — нелегал у ЗША і краінах Заходняй Еўропы, ганаровы супрацоўнік дзяржбяспекі, палкоўнік.

...Размаўляем з загадчыцай паштовага аддзялення Веранікай Церашковай.

— Так, вашу газету чытаюць нашы жыхары. Адзін экзэмпляр выпісвае мясцовая бібліятэка, два ідуць на Покрашаўскі сельсавет. Ёсць і актыўныя падпісчыкі, даўнія сябры выдання, якія не здраджваюць яму многія гады. Напрыклад, такія як Ганна Лешчанка, — кажа Вераніка Аляксандраўна. — Калі вы пойдзеце да Ганны Палікарпаўны, то занясіце ёй свежы нумар.

Падпісчыца «Звязды», былая загадчыца аддзялення пошты Ганна ЛЕШЧАНКА з унукамі Ільёй, Сафіяй і Стэфаніяй.

— Я працавала амаль 40 гадоў загадчыцай пошты, — сустрэла нас у двары Ганна Палікарпаўна. — І практычна ўвесь час сябравала са «Звяздой». Спачатку выпісвала шмат іншых газет, але ўрэшце спынілася менавіта на вашай. І сёння мне ў ёй імпануе ўсё — шчырасць, любоў да чытача. Чытаю выданне ад першай да апошняй старонкі — навіны, матэрыялы аб палітыцы, эканоміцы, падабаецца рубрыка «Алё, народ на провадзе», парады, як даглядаць сад, агарод, невялікія апавяданні, якія знаёмяць з творчасцю маладых і сталых пісьменнікаў.

— А не заходзіце на сайт «Звязды»? — запыталася ў Ганны Палікарпаўны.

— У мяне ёсць дома камп’ютар, але ён пакуль не падключаны. Спадзяюся, што з цягам часу навучуся заходзіць і ў інтэрнэт, — гучыць у адказ.

Захацелася даведацца, як з работай у Замосці, ці хапае кадраў?

На тэрыторыі вёскі знаходзіцца сельскагаспадарчы філіял «Агра-Замосце» адкрытага акцыянернага таварыства «Слуцкі камбінат хлебапрадуктаў». Кіраўніка сельгасарганізацыі мы на месцы не засталі. Гэта і зразумела — жніво. Затое пагутарылі з інжынерам Юліяй Савіцкай. Юлія Аляксандраўна расказала, што гаспадарка займаецца вытворчасцю малака, вырошчваннем буйной рагатай жывёлы, збожжавых культур. Тут маюцца тры жывёлагадоўчыя фермы, дзе ўтрымліваецца паўтары тысячы галоў. Што датычыцца работы, то ў арганізацыі ўсе пасады занятыя, хапае галоўных спецыялістаў, спецыялістаў сярэдняга звяна, сярод якіх шмат моладзі. Яе дастаткова і на фермах — даяркі, жывёлаводы.

Бібліятэкар Ірына ГАНЧАР з дзецьмі — Даніілам і Ксеніяй (братам і сястрою).

Маладым спецыялістам у гаспадарцы даюць жыллё — сямейным «прэзідэнцкія» домікі, а халастым — пакоі. Але некаторыя жывуць у Слуцку і кожны дзень ездзяць на работу ў «Агра-Замосце», як і Юлія Савіцкая. Для іх гаспадарка наладзіла падвоз туды і назад сваім транспартам. Што датычыцца вольнага часу, то моладзь ладзіць дыскатэкі па выхадных, адпачывае на прыродзе — непадалёку Руднянскае вадасховішча, ходзіць у Дом культуры, бібліятэку. А тыя, хто хоча іншых забаў, ездзяць у райцэнтр.

— Зарплата ў сельгасарганізацыі дастойная, — дадала Юлія Аляксандраўна. — Хто хоча працаваць, той і зарабляе.

— Вёска Замосце — гэта не аграгарадок. Але тут створаны ўсе неабходныя ўмовы для камфортнага жыцця, задавальнення жыццёвых і бытавых патрэбнасцяў. У камерцыйнай краме «Вікторыя» можна купіць неабходныя прадукты і тавары. Праўда, райспажыўсаюзаўскую краму часова закрылі. Але дадатковы магазін будзе створаны ў будынку канторы. Для гэтага зрабілі асобны ўваход, завозіцца абсталяванне. Акрамя таго, з горада кожную пятніцу прыязджае аўтакрама, як жартуем паміж сабой, ходзім на шопінг, хоць і не падабаецца гэтае навамоднае слоўца, — кажуць мясцовыя жанчыны. — Добра і тое, што ў маладых бацькоў не баліць галава, куды падзець малых, калі ідуць на работу. У дзіцячым садку яны пад пільным наглядам выхавацеляў. А свае таленты дзеці могуць раскрыць у дзіцячай школе мастацтваў. Ёсць у вёсцы і музычная, і сярэдняя школы.

Калі чалавек захварэў, то яму не трэба ехаць у райцэнтр. Можна звярнуцца ў Замосцкую ўрачэбную амбулаторыю, якая з’яўляецца структурным падраздзяленнем Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы і абслугоўвае вёскі Покрашава, Рудня, Бабовішча, Адамова, Паўлаўку. Тут працуюць высокапрафесійныя спецыялісты, вядзецца прыём урача агульнай практыкі, ёсць акушэркі. Пры неабходнасці можна выклікаць медыка на дом. Праводзяцца таксама дваровыя абходы. Усе катэгорыі грамадзян запрашаюцца для праходжання дыспансерызацыі.

— Нягледзячы на тое, што мы знаходзімся ў глыбінцы, жывём паўнацэнным жыццём, — лічаць жыхары Замосця.

Таццяна ЛАЗОЎСКАЯ

Фота Анатоля КЛЯШЧУКА

Загаловак у газеце: «Звяздоўскі» адрас — Замосце

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.