Вы тут

Карпянкоў: Колькасць жадаючых служыць ва ўнутраных войсках павялічылася


За бяспекай і спакоем на вуліцах беларускіх гарадоў стаіць штодзённая і карпатлівая работа супрацоўнікаў міліцыі. Разам з вопытнымі праваахоўнікамі задачы па ахове грамадскага парадку выконваюць і вайскоўцы ўнутраных войскаў. Невыпадкова гэтае падраздзяленне сілавога блока краіны называюць войскамі правапарадку.

Ад чаго звычайных людзей засцерагаюць сілавікі, ці гатовыя ўнутраныя войскі прадухіліць любыя выклікі і пагрозы ў дачыненні да Беларусі, а таксама пра тое, чаму кожны малады чалавек павінен адслужыць у арміі, карэспандэнт «Звязды» пагутарыла з намеснікам міністра ўнутраных спраў — камандуючым унутранымі войскамі генерал-маёрам Мікалаем Карпянковым.


— Мікалай Мікалаевіч, роля ўнутраных войскаў часта незаўважная. Асабліва калі на гарадскіх вуліцах спакойна і бяспечна...

— Менавіта ў тым, што роля ўнутраных войскаў часта нябачная, заключаецца прафесіяналізм нашых супрацоўнікаў. Мы прызвычаіліся жыць спакойна, бяспечна гуляць па вечарах. Звычайны грамадзянін у сваім жыцці рэдка становіцца сведкам якіх-небудзь маргінальных праяўленняў, не сутыкаецца з нецвярозымі кампаніямі, не бачыць бандыцкіх «разборак», сямейных драм і трагедый. Гэта ў многім дзякуючы таму, што сістэма рэагавання ў органах унутраных спраў выбудавана такім чынам, што міліцыянеры як бы агароджваюць сабой грамадства ад усяго падобнага.

— Якія ўвогуле задачы стаяць сёння перад унутранымі войскамі?

— Акрамя аказання садзейнічання органам унутраных спраў у ахове грамадскага парадку, ваеннаслужачыя ўнутраных войскаў ажыццяўляюць ахову папраўчых калоній і асабліва важных дзяржаўных аб'ектаў, канваіраванне і ахову асуджаных. У іх кампетэнцыі — таксама абясшкоджванне і знішчэнне неразарваных авіяцыйных і іншых боепрыпасаў часоў Вялікай Айчыннай вайны.

— Вайскоўцы ўнутраных войскаў задзейнічаны ў тэрытарыяльнай абароне, развіццю якой у нашай краіне аддаецца асаблівая ўвага. Што робіцца з вашага боку, каб Беларусь была гатовая да любых выклікаў і пагроз?

— У выпадку неабходнасці ўнутраныя войскі могуць браць удзел у тэрытарыяльнай абароне. Але асноўная наша ўвага накіравана на ўнутраную бяспеку ў дзяржаве. На гэтым тыдні ў нас завяршыліся планавыя двухдзённыя вучэнні, якія праводзіліся сумесна з падраздзяленнямі органаў унутраных спраў. На іх мы ўдзялілі ўвагу пытанням забеспячэння грамадскага парадку пры правядзенні масавых мерапрыемстваў і папярэджання масавых беспарадкаў. Унутраныя войскі пастаянна развіваюцца і ўдасканальваюцца. Мы добра бачым, на што здольны патэнцыяльны праціўнік, што ён можа і як дзейнічае. Таксама дакладна ведаем свае памылкі і недапрацоўкі, імкнёмся іх выправіць. На вучэннях былі адпрацаваныя абсалютна новыя тактыкі дзеянняў, тактычныя прыёмы, парадак прымянення сіл і сродкаў, арганізацыя ўзаемадзеяння. Акрамя таго, мы апрабавалі новую тэхніку, спецыяльныя і тэхнічныя сродкі, узбраенне. Аднак самае важнае — мы навучылі асабовы склад падраздзяленняў выконваць дастаткова спецыфічныя задачы на практыцы і загартавалі вайскоўцаў псіхалагічна.

— Унутраныя войскі МУС заўжды мелі добрую рэпутацыю ў прызыўнікоў. Ці захоўваецца дадзеная тэндэнцыя?

— Жадаючых праходзіць службу ва ўнутраных войсках заўсёды было дастаткова. І цяпер іх колькасць нават павялічылася. Выкананне баявых задач і ў мірны час, несумненна, прыцягвае маладых людзей. У некаторых тут служыў брат, у іншых — сябар, сусед... Яны распавядаюць, што ў нас парадак і дысцыпліна, добрыя афіцэры, а служба праходзіць цікава і хутка.

— Напэўна, трапіць на службу ва ўнутраныя войскі можа не кожны...

— Каб трапіць служыць ва ўнутраныя войскі, патрэбныя добрае здароўе, адсутнасць крымінальнага мінулага і, самае галоўнае, жаданне. Застаецца толькі не забыцца сказаць пра тое ў ваенкамаце.

— Ці ёсць для вайскоўцаў, якія ўжо прайшлі тэрміновую службу ва ўнутраных войсках, пэўныя прывілеі?

— Для тых, хто адслужыў ва ўнутраных войсках, толькі адно гэта будзе з'яўляцца своеасаблівым рэзюмэ і характарыстыкай адначасова. Дзякуючы таму што маладыя людзі ўжо знаёмыя і з задачамі, якія выконвае міліцыя, і з заканадаўствам, іх з задавальненнем возьмуць на службу не толькі ў органы ўнутраных спраў, але і ў любыя іншыя сілавыя ведамствы. На нашых вайскоўцаў звяртаюць, я б сказаў, больш пільную ўвагу. А калі баец па выніках службы заслужыў падзяку-рэкамендацыю ад імя камандуючага ўнутранымі войскамі або камандзіра часці, то для яго наогул усе дарогі адкрытыя.

— Усё часцей узнікаюць дыскусіі пра неабходнасць тэрміновай службы. На ваш погляд, ці павінны сучасныя маладыя людзі масава ісці ў армію? Наколькі служба ў войску актуальная ў наш час?

— Служба ў арміі актуальная заўсёды. Па-першае, менавіта ў войску адбываецца мужчынская ініцыяцыя. Па-другое, ад гэтага непасрэдна залежыць бяспека дзяржавы. З самых старажытных часоў маладыя людзі, дасягнуўшы пэўнага ўзросту, станавіліся на абарону сваіх сем'яў, плямён, сёл, гарадоў, княстваў і дзяржаў. Задаць пытанне «ці павінен малады чалавек служыць у войску?» — тое ж самае, што спытаць: «ці павінна жанчына нараджаць?» Тут адказ відавочны.

— Нядаўна вы сказалі аб тым, што своеасаблівай прышчэпкай ад страху перад арміяй з'яўляюцца ваенна-патрыятычныя лагеры. Ва ўнутраных войсках у іх з задавальненнем праводзяць летнія канікулы школьнікі. Якая місія гэтых лагераў і чаму там павінны пабываць сучасныя дзеці?

— Практыка правядзення дзіцячых летніх ваенна-патрыятычных лагераў ва ўнутраных войсках не новая. Мы штогод арганізоўваем для дзяцей такі адпачынак. Толькі сёлета ва ўнутраных войсках функцыянуе больш за 30 ваенна-патрыятычных лагераў, дзе пабывае каля 1600 хлопчыкаў і дзяўчынак. Для хлапцоў гэта вельмі карысна: з імі праводзяцца заняткі па пачатковай ваеннай падрыхтоўцы, самаабароне, яны знаёмяцца з тэхнікай і ўзбраеннем, удзельнічаюць у розных спартыўных мерапрыемствах і ваенна-тактычных гульнях, накшталт «Зарніцы». Таксама падлеткі знаёмяцца з укладам ваеннага жыцця і вучацца жыць самастойна ў мужчынскім калектыве. Іншымі словамі, у лёгкай, гульнявой форме пазнаюць армію знутры. Моладзь — гэта будучыня краіны. І маладзёжная палітыка дзяржавы накіравана найперш на выхаванне сярод падрастаючага пакалення патрыётаў Радзімы.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».