Вы тут

Як школьнікі праходзяць ва ўнутраных войсках курс маладога байца


Яны ўмеюць страляць з малакалібернай вінтоўкі і аўтамата Калашнікава, з лёгкасцю раскладуць вогнішча і з спадручных сродкаў змайструюць для начлегу шалаш. Амаль прафесійна перацягваюць канат і дастойна трымаюцца ў рукапашным баі, а яшчэ яны не баяцца легчы пад бранятэхніку і нават вокам не маргнуць, калі тая праязджае над імі...


Вядома, скажаце вы, гэта ж загартаваныя боем спецназаўцы ці, прынамсі, навічкі-салдаты, якія ўжо паспелі прайсці курс маладога байца. А вось і не! Гэта звычайныя школьнікі з усёй краіны, якім усяго па 9 — 13 гадоў. Дарэчы, ёсць сярод іх і дзяўчынкі.

Жадаючых трапіць у дзіцячы ваенна-патрыятычны лагер «Доблесць», арганізаваны на базе вайсковай часці 3214, было нямала. Сярод ахвотных правесці частку канікулаў у прыбліжаных да арміі ўмовах выбралі тых, хто ў будучыні марыць звязаць сваё жыццё з сілавымі структурамі краіны.

Сярод іх — і выхаванец Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча Арсеній Талкачоў. Хлапчук родам з Магілёва. Аднак пасля заканчэння першага курса дома на канікулах затрымаўся не надоўга — суворавец ужо прызвычаіўся жыць у армейскім рэжыме, таму калі прапанавалі паехаць у лагер, адразу пагадзіўся.

— Трэба трымаць форму, нельга расслабляцца, — гаворыць 13-гадовы Арсеній. — Мы павінны быць гатовыя да розных перашкод і цяжкасцяў у жыцці, вучыцца самастойна жыць, каб мама і тата нам не дапамагалі. Я вельмі рады, што ў лагеры навучыўся абыходзіцца са зброяй: у сувораўскім вучылішчы мы яшчэ не стралялі. Будзем ездзіць на палігоны на другім курсе, а я ўжо падрыхтаваны: тут навучыўся збіраць і разбіраць зброю, страляць як з малакалібернай вінтоўкі, так і з аўтамата Калашнікава.

Змена доўжыцца дзевяць дзён. У лагеры з кругласутачным знаходжаннем амаль усё як у войску. Падлеткі жывуць на тэрыторыі вайсковай часці. Распарадак мала чым адрозніваецца ад рэжыму сапраўднага салдата. Пад'ём — у 6.00, адбой — у дзесяць вечара. Тэлефоны абмежаваныя: дазваляюцца толькі на гадзіну вечарам, каб дзеці маглі паразмаўляць са сваімі бацькамі. Але, як лічыць Захар Крывашчокі, які перайшоў у пяты клас 5-й гімназіі Мінска, тут тэлефоны нават не патрэбныя. «Пра іх забываеш, бо кожны дзень мы занятыя, — расказвае хлопец. — Шмат часу праводзім на вуліцы. Мы навучыліся не толькі страляць з аўтамата і вінтоўкі, а і аказваць першую медыцынскую дапамогу. Каталіся на бранятэхніцы, адпрацоўвалі сітуацыю пошуку ў лесе людзей, якія, па легендзе, правезлі ў нашу краіну забароненыя рэчывы. Цяпер мы ўмеем распальваць вогнішчы, уладкоўваць начлегі. Дзе яшчэ, як не ў лагеры, мы маглі б такому навучыцца? Заўсёды марыў тут пабываць. Думаў, што такіх у Беларусі не існуе. Калі вырасту, хачу прайсці іспыты і атрымаць крапавы берэт.

Кожны дзень у выхаванцаў лагера — заняткі па баявой, агнявой, страявой, ваенна-тактычнай і медыцынскай падрыхтоўцы. Школьнікі праходзяць амаль такі ж курс маладога байца, што і ваеннаслужачыя, толькі, вядома, у больш мяккім рэжыме. Хоць я так бы не сказала. Калі карэспандэнты «Звязды» накіраваліся з выхаванцамі лагера ў палявы выхад, то ўсё было па-даросламу. Пад кантролем сваіх кіраўнікоў — афіцэраў і салдатаў унутраных войскаў — хлопчыкі і дзяўчынкі здзейснілі марш-кідок у лес. Яны не проста ішлі па лясных сцяжынках, а, згодна з умовамі ваенна-тактычнай гульні «Зарніца», пераадольвалі на сваім шляху перашкоды і нават уступалі ў перастрэлкі з умоўным праціўнікам. Прычым зброя ў іх была сапраўдная, толькі патроны, вядома, халастыя.

— Паколькі гэта дзеці, магу ім паставіць толькі адзнаку «выдатна»: пераадолелі марш у сем кіламетраў, адпрацавалі дзеянні салдата ў баі пры перасячэнні лясістай мясцовасці, ніхто не адстаў, не скардзіўся, што стаміўся, — гаворыць намеснік начальніка дзіцячага ваенна-патрыятычнага лагера «Доблесць» капітан унутраных войскаў Уладзімір ІВАНОЎ. — Фарміраванне поглядаў адбываецца ў дзяцінстве: што змалку ў дзіця ўкладзеш, такім яно і вырасце. Наша галоўная задача — не агітаваць іх стаць ваеннаслужачымі (хоць гэта было б нядрэнна), мы з іх рыхтуем сапраўдных патрыётаў сваёй Радзімы. Многія з выхаванцаў лагера, дарэчы, у будучыні плануюць паступаць у кадэцкія вучылішчы, спецыялізаваныя ліцэі.

Да прафесіі ваеннаслужачага прыглядаецца і вучаніца сёмага класа сталічнай сярэдняй школы № 37 Варвара Дудаль. Тым больш дзяўчынцы ёсць з каго браць прыклад: яе бацька — падпалкоўнік унутраных войскаў. «Мне падабаецца ўсё, што звязана з сілавымі структурамі, — кажа школьніца. — У лагеры даецца сур'ёзная падрыхтоўка, ніякіх патуранняў дзяўчынкам няма. Задачы выконваем нароўні з хлопцамі: і страляем, і ў футбол гуляем. Адзінае, што начуем дома».

Дарэчы, кожны дзень пасля абеду ў выхаванцаў лагера — культурная праграма. Яны наведваюць музеі, паркі адпачынку, кінатэатры. У прыватнасці, былі на экскурсіі ў Ліцэі МУС, Нацыянальнай бібліятэцы, Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны.

Гэта не адзіны дзіцячы ваенна-патрыятычны лагер ва ўнутраных войсках. Адначасова на адну змену з'ехаліся школьнікі ў лагеры «Доблесць», «Радзіма» і «Патрыёт». Чакаецца яшчэ адна змена, на якую, хочацца верыць, збяруцца будучыя абаронцы нашай Айчыны.

Вераніка КАНЮТА

Фота Яна ХВЕДЧЫНА

Загаловак у газеце: Лета колеру хакі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Уладзімір Каранік: «На ШВЛ вакцынаваных няма»

Медыкі і губернатар Гродзенскай вобласці адказалі на пытанні па прышчэпках

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.