Вы тут

Гульні падчас «чумы». Чаму Алімпіяду ў Токіа ахрысцілі самай скандальнай?


У сталіцы Японіі ў самым разгары Алімпіяда-2020. Яна ўжо адзначылася чарадой скандалаў і нестандартным правядзеннем ва ўмовах сусветнай пандэміі каранавіруса. Як адзначаюць эксперты, XXXІІ летнія Алімпійскія і Параалімпійскія гульні маюць усе шанцы стаць самымі дзіўнымі спартыўнымі спаборніцтвамі ў гісторыі. Цырымонія адкрыцця Алімпіяды ў Токіа суправаджалася масавымі дэманстрацыямі праціўнікаў правядзення Гульняў, паведаміла ABC News. Пратэстоўцы былі занепакоеныя тым, што спаборніцтвы праводзяцца падчас успышкі пандэміі каранавіруса ва ўсёй Японіі ўвогуле і ў Токіа ў прыватнасці. Прычым колькасць новых выпадкаў заражэння вырасла на парадак. Адзначаецца, што скандзіраванне дэманстрантаў можна было чуць нават на алімпійскім стадыёне падчас цырымоніі адкрыцця. Праўда, нягледзячы на супраціўленне месцічаў, спартыўныя чыноўнікі і ўлады Японіі не сумняваліся ў тым, што Алімпіядзе быць. У немалой ступені з-за бюджэту Гульняў, які «раздзьмуўся» да рэкордных 15,4 мільярда долараў. Чаму Алімпіяду ў Токіа ахрысцілі самай скандальнай?


«Алім-піг» і прывітанне з мінулага

Літаральна за суткі да афіцыйнага пачатку Алімпіяды кіраўніцтва аргкамітэта было вымушана адказваць на пытанні пра шанцы адмены цырымоніі адкрыцця Гульняў, якую запланавалі правесці на старанна адрэстаўрыраваным Нацыянальным стадыёне на паўднёвым захадзе японскай сталіцы. Змрочна, скрозь ахоўную маску на твары, кіраўнік аргкамітэта Сэйка Хасімота заявіла, што такі варыянт не разглядаецца. Аднак вядомая ў мінулым у Японіі спартсменка пацвердзіла, што прыйдзецца зноў ліхаманкава перагледзець увесь сцэнарый гэтага маштабнага і неверагодна складанага ў арганізацыі мерапрыемства, паведаміла ТАСС.

Праблема ў тым, што напярэдадні аргкамітэт быў вымушаны з ганьбай звольніць галоўнага каардынатара цырымоніі адкрыцця, шоу-дырэктара Кэнтаро Кабаяшы. У інтэрнэце з'явіўся зроблены ў далёкім 1998-м запіс яго выступлення ў складзе цяпер забытага камедыйнага дуэта, падчас якога герой цяперашняга скандалу прапанаваў «пагуляць у халакост». Пры гэтым ён рассыпаў вакол сябе мноства выразаных з паперы чалавечкаў, якія сімвалізуюць ахвяр нацысцкага тэрору. Ролік выклікаў навалу абурэння ў мясцовым сектары інтэрнэту, пяць з дзесяці звязаных з ім хэштэгаў увайшлі ў топ японскай часткі Twіtter.

Вядома, абвінавачанага ў антысемітызме шоу-дырэктара неадкладна звольнілі, і цяпер сляды яго творчай дзейнасці спешна прыбралі са сцэнарыя цырымоніі на Нацыянальным стадыёне. Некаторы час таму ў ганебную адстаўку, зноў жа па патрабаванні інтэрнэт-грамадскасці, быў вымушаны пайсці адзін з галоўных кампазітараў цырымоніі адкрыцця Кэйга Аямада, а яго кампазіцыі выкраслілі са сцэнарыя. Вядомаму ў Японіі рок-музыканту прыгадалі даўнейшае інтэрв'ю, у якім ён без ценю шкадавання са смяшкамі распавядаў пра тое, як у юнацтве сістэматычна здзекаваўся з аднакласнікаў з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі.

Перад гэтым у сакавіку быў звольнены галоўны крэатыўны дырэктар Алімпіяды Хіросі Сасакі: ён прапанаваў на цырымоніі адкрыцця Гульняў скінуць з парашутам на арэну стадыёна вядомую пышнымі формамі папулярную актрысу і мадэль. Па яго задуме, яна павінна была спусціцца з нябёсаў у вобразе «Алім-піг», алімпійскай свінні, што было расцэнена як абуральны прыклад безгустоўнасці і здзек над жанчынамі.

На «жаночым пытанні» пагарэў і першы кіраўнік аргкамітэта Алімпіяды, экс-прэм'ер Ёсіра Моры, цяжкавагавік японскай палітыкі. Ён быў вымушаны сысці ў адстаўку пасля таго, як на адным з пасяджэнняў агучыў свае разважанні пра тое, што прысутнасць прадстаўніц прыгожага полу ў спартыўных федэрацыях надзвычай абцяжарвае іх работу, паколькі, маўляў, дамы любяць пабалбатаць і пастаянна зацягваюць пасяджэнні. Гэта выклікала бурны скандал, наступствы якога ў палітычным свеце краіны відаць дагэтуль.

Граф Дракула і Чарнобыль

Да шэрага скандалаў прычыніўся і паўднёвакарэйскі тэлеканал MBC. Падчас прамой трансляцыі з Токіа пры з'яўленні на стадыёне чарговай алімпійскай зборнай на экране ўзнікала застаўка, якая характарызуе, на думку тэлевізіёншчыкаў, дадзеную краіну. Сушы, піца і лустачка ласося ў якасці сімвалаў Японіі, Італіі і Нарвегіі адпаведна былі досыць прадказальныя. Але, напрыклад, Румынію ўвасабляў граф Дракула з ікламі, Рэспубліку Чад — чорнае сэрца, паколькі дзяржава знаходзіцца ў сэрцы Афрыкі, а Украіну — чарнобыльскі саркафаг. Акрамя выяў, многіх гледачоў здзівілі і подпісы да іх. Сірыю назвалі «краінай, дзе 10 гадоў ідзе грамадзянская вайна», Гаіці — «краінай, дзе забілі прэзідэнта», а Маршалавы астравы — «былым ядзерным палігонам ЗША».

Адным з першых, хто прыцягнуў да гэтага ўвагу запісам у «Твітэры», быў журналіст-фрылансер Рафаэль Рашыд. Следам за ім многія карыстальнікі сацыяльных сетак палічылі выбар, прынамсі, часткі сімвалаў крыўдным і смехатворным. «Яны што, на самай справе проста бралі першае, што ўсплывае ў Google пры згадванні краіны?» — напісаў адзін з іх.

Адразу пасля заканчэння цырымоніі на экране з'явіўся тэкст: «Для прадстаўлення некаторых краін выкарыстоўваліся непрыстойныя малюнкі і подпісы. Мы выказваем прабачэнні гэтым краінам, уключаючы Украіну і Гаіці, а таксама нашым гледачам». Генеральны дырэктар канала Пак Сун Хі на прэс-канферэнцыі папрасіў прабачэння яшчэ раз, назваўшы тое, што адбылося, недаравальнай памылкай і парушэннем алімпійскіх прынцыпаў дружбы, салідарнасці і гармоніі, і паабяцаў надалей не дапускаць падобнага.

Тэлеканал MBC выкарыстаў той жа прыём пры асвятленні адкрыцця Алімпіяды-2008 у Пекіне, і тады таксама не абышлося без скаргаў. Паўднёвакарэйская камісія па стандартах сувязі тады аштрафавала канал за тое, што Кайманавы астравы былі прадстаўлены як «знакамітая афшорная гавань», а Зімбабвэ — «краінай з забойнай інфляцыяй».

Забароны на 70 старонак

Гульні праводзяцца пад новым дэвізам, змененым упершыню за ўсе 127 гадоў сучаснай гісторыі Алімпіяд: «Хутчэй, вышэй, мацней — разам». Зрэшты, дададзенае да алімпійскага дэвіза слова «разам» абсалютна процілеглае цяперашнім умовам правядзення. Абмежавальныя меры, уведзеныя ў Алімпійскай вёсцы, а таксама ў Токіа і дзвюх суседніх прэфектурах ў сувязі з пандэміяй, забараняюць гледачам не толькі з'яўляцца на трыбунах, але нават правядзенне сходаў для калектыўнага прагляду спаборніцтваў. Спіс строгіх правілаў і забарон, складзены для ўдзельнікаў Алімпіяды і членаў афіцыйных дэлегацый, займае 70 старонак. Кіраўнік МАК Томас Бах нават заявіў, што верагоднасць перадачы віруса ад спартсменаў, якія прыехалі на Гульні, жыхарам Японіі роўная нулю — за што, зрэшты, быў тут жа высмеяны экспертамі-эпідэміёлагамі.

Улічваючы, што госці з'ехаліся на Гульні адусюль, а новыя выпадкі заражэння COVІD-19 сярод іх выяўляюцца кожны дзень, урачы і навукоўцы з усяго свету выказваюць змрочныя меркаванні, што Алімпійская вёска можа стаць месцам масавага распаўсюджвання віруса, заўважыла Бі-бі-сі. Апасенні экспертаў не ў апошнюю чаргу звязаныя з тым, што з усіх багатых краін (за выключэннем Аўстраліі і Новай Зеландыі) менавіта ў Японіі справы з вакцынацыяй ад COVІD-19 ідуць, мабыць, горш за ўсё. Калі ў Канадзе хоць бы адну дозу вакцыны атрымала ўжо больш за 70 працэнтаў насельніцтва, а ў ЗША і краінах Еўрасаюза — больш за палову, то ў гаспадыні Гульняў — ледзь больш за траціну. Гэта прытым, што амаль 30 % жыхароў краіны пераадолела 65-гадовы рубеж, гэта значыць, уваходзяць у групу рызыкі: у выпадку заражэння шмат каму з іх спатрэбіцца шпіталізацыя.

Як паведамляе мясцовая прэса, прычын такой няспрытнасці некалькі, але галоўная з іх — залішняя саманадзейнасць японскіх уладаў. У Токіа былі настолькі ўпэўненыя, што ў мясцовых навукоўцаў атрымаецца стварыць уласную вакцыну, што забыліся на ўсялякі выпадак перастрахавацца і «склалі ўсе яйкі ў адзін кошык», не паклапаціўшыся аб пастаўках іншых прэпаратаў, падкрэсліла Бі-бі-сі.

Аднак да снежня 2020 года, калі ў Вялікабрытаніі і некаторых іншых краінах ужо пачалі разгортваць масавую прышчэпачную кампанію, японскія распрацоўшчыкі толькі прыступілі да другой фазы клінічных выпрабаванняў уласнай ДНК-вакцыны з удзелам 500 чалавек, абвясціўшы, што на рынку японскі прэпарат з'явіцца не раней за 2022 год. У выніку краіне — гаспадыні Алімпіяды-2020 прыйшлося ўставаць у канец доўгай чаргі, каб атрымаць вакцыну ад іншых вытворцаў. А паўнавартасную вакцынацыю там змаглі пачаць толькі да сярэдзіны мая, калі да Алімпіяды заставалася крыху больш за два месяцы.

І хоць з таго часу прышчэпачная кампанія ўпэўнена набірае тэмп, па словах экспертаў, яе старт так зацягнуўся, што нагнаць упушчаны час было ужо немагчыма. Асабліва іранічна на гэтым фоне выглядае той факт, што летась, калі Алімпіяду-2020 было вырашана адкласці і правесці на год пазней, эпідэмічная сітуацыя ў Японіі была куды лепшая, чым цяпер. Як і іншым краінам, якія перажылі ў 2003-м эпідэмію «атыповай пнеўманіі» SARS і якія мелі вопыт барацьбы з новым рэспіраторным вірусам, Японіі адносна доўга ўдавалася стрымліваць распаўсюджванне COVІD-19. У адрозненне ад многіх іншых краін, у Японіі пандэмія каранавіруса не павярнулася катастрофай, хоць, здавалася б, для гэтага былі ўсе ўмовы.

Права на свабоду перамяшчэння прапісана ў японскай Канстытуцыі, так што абвясціць жорсткі лакдаўн было немагчыма: ні федэральныя, ні рэгіянальныя ўлады не мелі на гэта паўнамоцтваў. Так што ўсе ўведзеныя ў Японіі абмежавальныя меры насілі выключна рэкамендацыйны характар. Аднак знакамітая на ўвесь свет японская самадысцыпліна спрацавала «на выдатна»: рэкамендацыі ўладаў жыхары краіны выконвалі няўхільна. Не ў апошнюю чаргу з гэтай прычыны па колькасці смерцяў ад віруса на душу насельніцтва Японія «адстае» ад сярэднесусветных паказчыкаў у чатыры разы, а ад амерыканскай смяротнасці — у 15 разоў.

«Праклятыя» спаборніцтвы

У пачатку ліпеня ў Токіа ў чацвёрты раз з пачатку пандэміі абвясцілі рэжым надзвычайнай сітуацыі. Праўда, гледачы (не больш за 50 % ад умяшчальнасці стадыёна) усё-ткі змогуць прыйсці на спаборніцтвы, якія пройдуць за межамі сталічнага рэгіёна — у прэфектурах Фукусіма, Міягі і Сідзуока. Сярод іх бейсбол, софтбол, футбол, марафон і спартыўная хада. Каб хоць неяк кампенсаваць адсутнасць звыклай атмасферы, на стадыёнах уключаюць інтэршум з папярэдняй Алімпіяды ў Рыа. Прэзідэнт Міжнароднага алімпійскага камітэта Томас Бах адзначыў, што для кожнага віду спорту будзе выкарыстоўвацца ўнікальнае гукавое суправаджэнне.

Аднак Алімпіяда-2020 увойдзе ў хроніку сусветных спартыўных падзей не толькі сваімі скандаламі. Яшчэ адной яе негатыўнай характарыстыкай стане непапулярнасць: паводле даных усіх апытанняў, большасць японцаў хацела б яе новага пераносу на год ці адмены з-за апасенняў з нагоды распаўсюджвання COVІD-19.

Так, майскае апытанне агенцтва Asahі Shіmbun паказала, што 83 % рэспандэнтаў аддалі б перавагу зноў адкласці або зусім адмяніць Гульні.

Японцам не спадабалася і тое, што Алімпіяда, акрамя непрыемных бытавых абмежаванняў і пагрозы новых заражэнняў, не прынесла вялікіх матэрыяльных выгод. Колькасць турыстаў аказалася нікчэмна малая, рэстараны і кафэ маюць права працаваць толькі з каранціннымі абмежаваннямі, а велізарныя запасы сувеніраў засталіся непрададзеныя.

Ад удзелу ў адкрыцці Гульняў у якасці ганаровага госця адмовіўся прэзідэнт Toyota Motor Акіа Таёда. Апошняе было ўспрынята сусветнай грамадскасцю як яшчэ адзін доказ непапулярнасці Алімпійскіх гульняў. Пры гэтым свае тэхналагічныя задумы кампанія збольшага рэалізавала: шматлікі персанал Алімпіяды перасоўваецца выключна на бясплатна выдадзеных новенькіх вадародных або электрычных аўтамабілях гандлёвай маркі.

Toyota Motor прыйшла да высновы, што салідарнасць з Алімпіядай пашкодзіць іміджу кампаніі, і палічыла за лепшае перайсці на бок сваіх патэнцыяльных пакупнікоў, якія раздражнёна адносяцца да правядзення цяперашніх Гульняў. Услед за Toyota ад удзелу ў цырымоніі адкрыцця адмовіліся кіраўнікі іншых буйных спонсараў, уключаючы кампаніі Fujіtsu, NEC, Panasonіc. Следам за імі аб адмове абвясцілі кіраўнікі трох вядучых бізнес-асацыяцый, тэлекамунікацыйнага гіганта NTT і інвестбанка Nomura Holdіngs. Паказальна і тое, што на цырымонію не з'явіўся экс-прэм'ер Сіндза Абэ, пры якім Токіа выйграў права на правядзенне дадзеных Гульняў.

Японцы даўно празвалі гэтую Алімпіяду «праклятай». Упершыню такая фармулёўка прагучала яшчэ ў сакавіку 2020-га — у звароце міністра фінансаў Тара Аса да парламента. Ён растлумачыў, што «праклятыя Гульні» здараюцца кожныя 40 гадоў, пачынаючы з 1940-га. Тады Алімпіяда таксама павінна была прайсці ў Токіа, але не адбылася з-за Другой сусветнай вайны. А маскоўскія Гульні ў 1980-м прайшлі ва ўсечаным фармаце. У 2020-м усё зноў пайшло не так. Падобна на тое, што Аса ўсё ж такі меў рацыю.

Захар БУРАК

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».