Вы тут

Слёзы радасці і болю — як прайшоў першы алімпійскі тыдзень


У Токіа ўжо тыдзень кіпяць алімпійскія жарсці. На жаль, пакуль ён не прынёс беларускім спартсменам медалёў. Але сутнасць Алімпійскіх гульняў у тым, што гэты форум заўсёды дорыць сенсацыі і таму сачыць за галоўнымі стартамі заўсёды цікава, незалежна ад пераваг. Чым запомніўся ўсяму свету першы тыдзень алімпіяды?


Барацьба і слёзы

У японскую сталіцу беларускія дзюдаісты ехалі поўныя надзей і настроеныя на рашучую барацьбу. Але, нібыта, ў дрэнным кіно ўмяшаліся абставіны, якія не далі беларусам праявіць сябе. У першым паядынку супраць немца Карла-Ріхарда Мікіта Свірыд не проста прайграў, але і атрымаў сур’ёзную траўму рукі. «Алімпійскія гульні ў Токіа скончыліся для мяне на першым крузе шостай хвіліны схваткі ў той момант, калі выскачыў локаць, у выніку чаго прывяло да пералому рукі. Як гэта адбылося? На гэтае пытанне цяжка адказаць, мабыць, усё ж такі шчыльны графік спаборніцтваў, пераездаў, згонак вагі, усё разам прывяло да такой траўмы. Схватка была роўная, і я быў гатовы паказаць сваю лепшую барацьбу. Але локцевы сустаў выскачыў у самы непадыходзячы момант. Урачы ў бальніцы спрабавалі ўставіць локаць без анестэзіі на працягу трох гадзін, і толькі пасля ўколу яны змаглі гэта зрабіць. Што я адчуваў у гэты момант? Шокавы стан, пякельны боль і самае вялікае спусташэнне ў маім жыцці. Я ішоў да гэтай алімпіяды пяць гадоў і яшчэ на працягу трох гадоў праходзіў адбор, але ў мяне так нічога не выйшла... Усе мары разбітыя...», — падзяліўся Мікіта на сваёй старонцы ў Instagram.

Пасля гэтага ўсе надзеі ў дзюдо былі на Марыну Слуцкую. Беларуска паспяхова завяршыла першы раўнд, справіўшыся з прадстаўніцай Трынадада і Табага Габрыэлай Вуд, але далей саступіла Міджын Хан з Рэспублікі Карэя. Паводле інфармацыі прэс-службы Нацыянальнага алімпійскага камітэту, Марына таксама атрымала траўму рукі.

«Увесь алімпійскі цыкл рыхтаваліся да гэтых стартаў у Токіа. Праведзена каласальная работа з Леанідам Свірыдам. Здабытыя шмат перамог, шкада, што ў Японіі не атрымалася. У Мінску пройдзем дадатковае абследаванне пасля траўмы. Зараз трохі трэба аднавіцца псіхалагічна. Усе ведаюць, як я чакала гэтых стартаў, але... цяпер застаецца толькі падзякаваць, хто працуе са мной, хварэе за мяне», — адзначыла Марына прэс-службе НАК Беларусі.

Такім чынам, Беларусь страціла ўсе шанцы на алімпійскія медалі ў дзюдо.

Лукавы сюрпрыз

Пакуль лідары беларускай каманды церпяць няўдачы, на авансцэну выйшлі тыя, ад каго не чакалі поспехаў. Як, напрыклад, лучніцы Карына Дзмёмінская, Ганна Марусава і Карына Казлоўская. Але на гэтым тыдні менавіта яны паказалі лепшы сярод беларусаў вынік — чацвёртае месца ў камандных спаборніцтвах. Упэўнена абышлі моцных кітаянак і рашучых японак і ўступілі толькі галоўным прэтэндэнтам на золата — спартсменкам з Паўднёвай Карэі, а потым і Германіі.

І лепшыя могуць памыляцца

Здаецца, што злы рок суправаджае ў Токіа не толькі беларусаў, але і ўсіх тэнісных зорак. Адзін за адным з алімпіяды вылятаюць спартсмены, якія звычайна на сыходзяць з навінных стужак у якасці пераможцаў турніраў. У першым жа крузе прайграла лідар жаночага рэйтынгу аўстралійка Эшлі Барці. У матчы другога круга з алімпійскай дыстанцыі сышла трэцяя ракетка свету Арына Сабаленка. У 1/8 фіналу барацьбу скончыла Наомі Асака, якая запальвала алімпійскі агонь падчас цырымоніі адкрыцця.

У паўфінале адзіночнага разраду мужчынскага тура легендарны Новак Джокавіч прайграў расіяніну Аляксандру Звераву. Так разбілася яго мара сабраць Залаты шлем — стаць пераможцам чатырох турніраў Вялікага шлему і Алімпійскіх гульняў за адзін сезон.

Залаты гімнастычны дубль

Спаборніцтвы па спартыўнай гімнастыцы сталі трыумфам каманды Расіі. Спартсмены не стамляліся здзіўляць назіральнікаў. Усё пачалося з Артура Далаляна. За тры месяцы да алімпіяды ён парваў ахілава сухажылле, даволі распаўсюджаная ў спартыўных гімнастаў траўма і вельмі сур’ёзная. Насуперак медыкам, якія прагназавалі яму адсутнасць шанцаў на аднаўленне, спартсмен трэніраваўся нават у бальніцы. Да апошняга моманту трэнеры сцвярджалі, што ў Токіа Артур выступіць толькі на чатырох снарадах. І непастрэдна напярэдадні кваліфікацыі гімнаст заявіў, што зробіць усё, уключаючы небяспечныя для яго апорны скачок і вольныя практыкаванні.

Пасля Артур Далалян разам з Мікітам Нагорным, Давідам Бяляўскім і Дзянісам Аблязіным упершыню за 25 гадоў заваявалі для Расіі золата ў камандным мнагабор’і і спынілі гегемонію кітайцаў і японцаў у спартыўнай гімнастыцы. Пачынаючы з Алімпійскіх гульняў 2000 года японцы выйгравалі двойчы, кітайцы — тройчы. Каб разумець, наколькі гэта значная і драматычная перамога, варта адзначыць, што японцаў хлопцы апярэдзілі на 0,103 бала, а кітайцаў — на 0,606 бала.

Жаночая зборная Расіі па спартыўнай гімнастыцы таксама засталася ў ценю. Спачатку Ангеліна Мельнікава, Уладзіслава Уразава, Вікторыя Лістунова і Лілія Ахаімава зламалі баявы дух непераможнай Сімоны Байлс, якая пасля гэтай кваліфікацыі ўвогуле знялася з турніру. Дзяўчаты выйгралі золата ў камандным мнагабор’і, набраўшы 169,528 балаў. Гэта першая перамога Расіі ў камандным мнагабор’і пачынаючы з Алімпійскіх гульняў 1992 года. Варта адзначыць, што алімпіяда 1992 года была зорным часам Віталя Шчэрбы. Тады ў Барселоне ён стаў алімпійскім чэмпіёнам у камандным першынстве, шматбор’і, практыкаваннях на колах, кані, брусах і ў апорным скачку.

Сышлі эпохі

На гэтым тыдні завяршыліся спартыўныя кар’еры, вартыя не проста ўвагі, а захаплення. Гімнастцы Аксаны Чусавіцінай з Узбекістана — 46 гадоў, пісталетчыцы Ніно Салуквадзе з Грузіі — 52 гады. І ў Токіа яны прыехалі спаборнічаць. Цікавы факт, гэтыя спартсменкі выступалі на Алімпійскіх гульнях пад рознымі сцягамі. Ніно — пад савецкім у Сеуле 1988 года, у складзе Аб’яднанай каманды ў 1992 у Барселоне і, пачынаючы з 1996, пад грузінскім. Ніно — першая жанчына ў гісторыі сусветнага спорту, якая выступіла на дзевяці алімпіядах. Аксана Чусавіціна прыязджала ў алімпійскія сталіцы восем разоў. У складзе Аб’яднанай каманды ў 1992 годзе, у 2008 і 2012 гадах як прадстаўніца Германіі (у 2002 годзе сям’я спартсменкі пераехала ў Германію, каб лячыць сына, хворага на лейкемію), з 2013 года Аксана выступае за Узбекістан. 

На гэтых Алімпійскіх гульнях вопыт Аксаны Чусавіцінай і Ніно Салуквадзе ім не дапамог нават выйсці ў фіналы спаборніцтваў. Так, у Токіа скончыліся дзве неверагодныя спартыўныя гісторыі. Якорь

У Токіа пачаліся спаборніцтвы па лёгкай атлетыцы, наперадзе турніры па мастацкай гімнастыцы, скачках на батуце, цяжкай атлетыцы. А значыць, парад алімпійскіх сенсацый працягнецца.

Валерыя СЦЯЦКО

Фота: НАК Беларусі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.