Вы тут

Раскрыць талент у каледжы


Працягваецца набор навучэнцаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і прафесіянальна- тэхнічнай адукацыі. У цэлым, на ўзровень ССА уступная кампанія праходзіць да 18 жніўня. На ўзровень прафтэхадукацыі можна паступіць да 25 жніўня. Такія тэрміны паступлення дазваляюць абітурыентам, што не прайшлі на ўзровень вышэйшай адукацыі, падаць дакументы на ўзровень сярэдняй спецыяльнай і прафесійна- тэхнічнай адукацыі. Пры гэтым ёсць абітурыенты, якія мэтанакіравана паступаюць у каледжы і ліцэі. На Гомельшчыне ў некаторыя такія ўстановы конкурсы не саступаюць ВНУ, а за іх выпускнікамі — чарга з наймальнікаў і шэраг прапаноў на скарочаную форму навучання ва ўніверсітэце.


Шматдзетныя бацькі Дзмітрый і Надзея Церахавы падтрымліваюць у час паступлення ў Гомельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ліцэй сына Сяргея.

Найлепшыя спецыялісты

Адна з «топавых» устаноў паўднёва-ўсходняга рэгіёна Беларусі — Гомельскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж. Па водгуках вядучага заказчыка кадраў галіны — Камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гомельскага аблвыканкама — годную падрыхтоўку забяспечваюць усе аграрныя каледжы ў вобласці, але выпускнікі Гомельскага дзяржаўнага аграрна-эканамічнага каледжа, бы зярняткі для будучага ўраджаю, — суперэліта.

— Амаль усе галоўныя бухгалтары ў нашых гаспадарках — выпускнікі гэтай навучальнай установы, — адзначае намеснік начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі Галоўнага ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Дзмітрый ЧОРНЕНЬКІ. — Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф. Скарыны па праграме прафарыентацыі актыўна працуе з выпускнікамі гэтай навучальнай установы.

Сапраўды, конкурс для абітурыентаў у Гомельскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж уражвае. Напрыклад, на спецыяльнасць «Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій» — пры наборы на 25 бюджэтных месцаў для выпускнікоў 9 класаў пададзена звыш 70 заяў ад абітурыентаў (летась на гэтую спецыяльнасць паступалі абітурыенты з агульным балам атэстата — 8,6). Больш за 20 чалавек (пасля 9-га класа) падало заявы на платнае навучанне па згаданай спецыяльнасці. На спецыяльнасць «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль» у гэтым жа каледжы 60 абітурыентаў прэтэндуюць на 50 бюджэтных месцаў.

«Топавыя» ССНУ

— Значны прахадны бал і добры набор навучэнцаў з году ў год паказвае вельмі папулярны ў нашых дзяўчат Гомельскі дзяржаўны педагагічны каледж імя Л. С. Выгоцкага, — працягвае Дзмітрый Чорненькі.

У юнакоў «топавыя» — Гомельскі дзяржаўны аўтамеханічны і Гомельскі дзяржаўны машынабудаўнічы каледжы. На спецыяльнасці ў дадзеныя ўстановы наборы ўжо закрытыя. Дзмітрый Мікалаевіч звяртае ўвагу, што ўвогуле ў рэгіёне сёлета адзначаецца рост агульнага конкурсу пры паступленні і рост агульнай колькасці пададзеных дакументаў (+7 % у параўнанні з мінулым годам).

— Між тым, сёлета ў рэгіёне паменшаны набор на спецыяльнасці для выпускнікоў 11-х класаў. Гэта звязана з дэмаграфічнай асаблівасцю двух апошніх гадоў — мінулі «дэмаграфічную яму», якая ўтварылася 16-17 гадоў таму, калі рэзка рэгістравалася амаль на тысячу менш выпускнікоў 11-х класаў. Сёлета відавочны дэмаграфічны рост — колькасць выпускнікоў 9-х класаў ужо плюс 140 чалавек у параўнанні з мінулым годам. На наступны год бачым, што будзе дзевяцікласнікаў плюс больш чым паўтары тысячы. Гэта значыць, што на наступны год выпускнікам 9-х класаў, якія вучацца слабей, будзе цяжэй паступіць. Але мы спадзяёмся, што Міністэрства адукацыі разгледзіць пытанне павелічэння набору, — растлумачыў Дзмітрый Чорненькі.

Сакратар прыёмнай камісіі Гомельскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага ліцэя Лілія Руцкая прымае дакументы ад абітурыента Ягора Гапанько.

Разам з тым, сёлета назіраецца недастатковы інтарэс абітурыентаў да аграрных спецыяльнасцяў.

— Хачу нагадаць, што ў нашым рэгіёне ёсць установа з вельмі грунтоўнай падрыхтоўчай базай, прэстыжная як ступень перад паступленнем ў ВНУ — гэта Чырвонабярэжскі дзяржаўны аграрны каледж, дзе сёлета мы адзначаем зніжэнне падачы заяў ад абітурыентаў. Магчыма, кагосьці пужае лагістыка, а дабірацца няцяжка — са Жлобіна ходзіць цягнік. Усе, хто мае ў гэтым патрэбу, забяспечваюцца жыллём у інтэрнаце. Важна, што пасля заканчэння каледжа выпускнікам даецца магчымасць працягнуць навучанне па скарочанай форме ў ВНУ. Іх чакаюць пасля ў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце, Беларускім дзяржаўным аграрна-тэхнічным універсітэце і Гомельскім гандлёва-эканамічным універсітэце (у залежнасці ад абранай спецыяльнасці), — расказаў суразмоўнік.

Разгледзець здольнасці

Атрымаць работу пасля каледжа не складае праблем, дадае прадстаўнік сістэмы адукацыі. Пры гэтым, па яго словах, сёння, на жаль, не супадаюць папулярныя сярод моладзі спецыяльнасці і попыт на прафесіі на рынку працы. Большасць маладых людзей, якія паступаюць нават пасля 11 класа, не вызначылася дакладна: з якой прафесіяй жадаюць звязаць лёс. Арыентуюцца на парады сяброў, родных, старэйшых братоў-сясцёр.

— Мы заўжды раім выбіраць згодна з асаблівасцямі асобы і характару — творчая жылка, камунікабельнасць, тэхнічная падкаванасць. Трэба толькі разглядзець гэтыя рысы ў сабе і зразумець, што вучыцца і працаваць будзеш ты, а не твае дарадцы, — звяртаецца да абітурыентаў Дзмітрый Чорненькі.

Дэфіцыт кадраў для швейнай вытворчасці і падзенне папулярнасці ў абітурыентаў прафесіі швачкі падштурхнулі да адкрыцця на базе Гомельскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання інтэграванай спецыяльнасці — цырульнік-швачка. Значны стымул для навучэнцаў — пасля заканчэння ступені прафесіянальна-тэхнічнага каледжа паступаць далей на ўзровень сярэдне-спецыяльнай адукацыі. Выпускаецца спецыяліст па цырульным мастацтве — дызайнер.

— У працэсе вучобы потым многія кажуць, што палюбілі менавіта прафесію швачкі, хоць калі паступалі, займацца такім відам дзейнасці не збіраліся. Лічу, што гэта ў тым ліку заслуга выкладчыкаў каледжа, якія дапамагаюць раскрыць таленты ў навучэнцаў, — падзяліўся спецыяліст Галоўнага ўпраўлення адукацыі аблвыканкама.

Лідары рэгіёна

Сярод тых, хто паступіў на спецыяльнасць «Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў (міжнародныя перавозкі)» у Гомельскі дзяржаўны аграрна-тэхнічны ліцэй — Ягор Гапанько і Дзмітрый Абрамаў. Юнакі кажуць, што з дзяцінства марылі аб прафесіі кіроўцы, таму, скончыўшы 9 класаў, падалі дакументы ў ліцэй. Хлопец са шматдзетнай сям'і Сяргей Церахаўпрыйшоў падаваць дакументы з «групай падтрымкі» — сваімі роднымі.

У прыярытэце — спецыяльнасць «Тэхнічная эксплуатацыя электраабсталявання. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў». Недакамплектаваныя ў ліцэі пакуль толькі групы па спецыяльнасці «Вытворчасць прадукцыі раслінаводства. Садова-паркавае будаўніцтва». На базе 11 класаў адкрыты набор на спецыяльнасць «Гандлёвая справа. Эксплуатацыя электронна-вылічальных машын». Выпускнік атрымае спецыяльнасць «кантралёр-касір, аператар ЭВМ».

Па камплектаванні навучэнцамі лідзіруе Мазырскі дзяржаўны прафесійны ліцэй будаўнікоў. Добра ведаюць не толькі ў Гомельскай вобласці, але і на суседняй Брэстчыне Жыткавіцкі дзяржаўны прафесійны ліцэй. Гэта невялікая рэгіянальная ўстанова, у якой адзначаецца патрэба ў пашырэнні набору абітурыентаў. Дарэчы, ліцэй сёлета аднаўляе набор у групу для дзяўчат (інтэграваная спецыяльнасць «кухар-прадавец»). Добра ўкамплектаваныя сёлета Рагачоўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж будаўнікоў (адкрыты шэраг новых спецыяльнасцяў) і Палескі дзяржаўны аграрны каледж імя У. Ф. Міцкевіча ў Калінкавічах.

Прынамсі, Гомельшчына ў хуткай перспектыве нацэленая вывесці на новы ўзровень падрыхтоўку спецыялістаў аўтамеханічнага кірунку. У Гомельскім дзяржаўным аўтамеханічным каледжы цяпер вядзецца падрыхтоўка рэсурснага цэнтра — самай перадавой у тэхнічным плане пляцоўкі для навучання аўтамеханікаў. У хуткім часе таксама будзе адкрыты рэсурсны цэнтр сельскагаспадарчага кірунку. Яго трэнажоры з віртуальнай рэальнасцю забяспечаць падрыхтоўку навучэнцаў 1-2 курсаў з усёй вобласці і павысяць узровень кампетэнцый перад навучаннем на сапраўдным полі за рулём сапраўднай тэхнікі.

Прадстаўнікі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі заклікаюць прадпрыемствы і арганізацыі больш актыўна рэкламаваць рэальныя перавагі працаўладкавання да іх. Бо ў любым выпадку галоўную ролю пры выбары будучай прафесіі для абітурыента адыгрывае перспектыва — сацыяльных гарантый, росту заработнай платы і магчымасці павышэння кваліфікацыі.

Наталля КАПРЫЛЕНКА

Фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Эканоміка

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Хто выбраў год таму айчынную валюту, аказаўся ў выйгрышы. Куды ўкласці грошы зараз, каб атрымаць выгаду

Знаёмства маладых людзей з першымі грашыма адбываецца дзіўным чынам.

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.