Вы тут

Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў — аб сітуацыі з нелегальнай міграцыяй у Літве


Днямі мясцовыя жыхары адной літоўскай вёскі заблакіравалі дарогу, якая вядзе да палігона, — так яны пратэставалі супраць размяшчэння там палатачнага лагера для мігрантаў колькасцю ў паўтары тысячы чалавек. Мірныя людзі, якіх у першую чаргу непакоіць уласная бяспека, нават разлічваць не маглі, што літоўская паліцыя прыменіць супраць сваіх жа грамадзян жорсткую сілу.


Сітуацыя з нелегальнымі мігрантамі, якая сёння склалася ў суседняй краіне, выйшла з-пад кантролю літоўскіх улад. Метады, якімі дзейнічаюць літоўскія сілавікі, вельмі далёкія ад дэмакратычных — яны ўвогуле супярэчаць правам чалавека, аб якіх нам так любяць нагадваць нашы суседзі. Мы, у сваю чаргу, у гэтай сітуацыі таксама не можам маўчаць — аб гэтым сведчыць шырокі рэзанас, які ў нашым грамадстве атрымалі згаданыя падзеі. Сваімі меркаваннямі са «Звяздой» падзяліліся беларускія парламентарыі.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Алег ГАЙДУКЕВІЧ:

— У сітуацыі з мігрантамі ў Літве вінаватая сама Літва. У першую чаргу таму, што яна ўдзельнічала ў ваеннай аперацыі НАТА супраць іракскага народа. Мы добра памятаем, калі па надуманай нагодзе бамбілі Ірак, абяцаючы нейкую дэмакратыю. Замест гэтага — мільёны забітых. Іншыя іракцы пайшлі па свабоду ў Еўропу, якая абяцала іх прымаць. Літва ж прэтэндуе на тое, што яна — еўрапейская прававая дзяржава. Замест гэтага мы бачым варварскія адносіны да няшчасных людзей, якія прыйшлі да іх, парушэнне ўсіх міжнародных нормаў, усіх канвенцый. Людзей збіваюць, катуюць, ствараюць для іх невыносныя ўмовы, аўтаматнымі чэргамі выганяюць назад у лясы цяжарных жанчын з малымі дзецьмі. Як і падчас Вялікай Айчыннай вайны, літоўцы зноў робяць жудасныя рэчы.

І замест таго, каб садзіцца за стол перагавораў з Беларуссю, яны нас абвінавачваюць у парушэнні нейкіх міжнародных дамоў. Беларусь увогуле за ўвесь час свайго існавання не парушыла ні адзін міжнародны дагавор. Але мы не будзем прыкладаць тыя намаганні, каб так, як раней, ахоўваць граніцу. Няхай яны звяртаюцца да Ціханоўскай. Яны адкрылі прадстаўніцтва Ціханоўскай у сябе ў краіне, фінансуюць яго, не прызнаюць законную ўладу ў Беларусі, дык няхай і звяртаюцца да Ціханоўскай, каб яна вырашыла ўсе іх пытанні. Гэта ж двайныя стандарты: адным мігрантам яны даюць сотні долараў, з іншых здзекуюцца. Хіба гэта нармальна? Атрымліваецца, што свае адносіны да людзей будуюць па нацыянальным пытанні. Чаму для беларускіх мігрантаў, якія збеглі з краіны, дзе здзейснілі крымінальныя злачынствы, ствараюцца добрыя ўмовы? Мы гатовыя садзіцца за стол перагавораў з Літвой хоць сёння і абмяркоўваць гэтыя пытанні, але як роўныя: адмяняйце санкцыі, перастаньце ўмешвацца ў нашы ўнутрыпалітычныя справы, не фінансуйце злачынцаў, не падтрымлівайце тэрарыстаў і экстрэмістаў!

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Валянціна РАЖАНЕЦ:

— Міграцыйны крызіс Літвы, у цэлым напружанасць, звязаная з прытокам нелегальных мігрантаў у краіны ЕС, адлюстроўвае тыя геапалітычныя працэсы, якія адбываюцца ў рэгіёне. Пачаліся яны значна раней, з узнікненнем складанай сітуацыі ў краінах, дзе ёсць міграцыйная рызыка, якая і цяпер захоўваецца. Літоўскім уладам варта выконваць узятыя на сябе міжнародныя абавязацельствы і захоўваць прынцыпы добрасуседства. Пагранічная служба Беларусі, нават у няпростых умовах, у тым ліку санкцыйнага ўздзеяння, пры адсутнасці паўнавартаснага супрацоўніцтва з той жа Літвой, улады якой палітызуюць усе кантакты з нашай краінай, працягвае барацьбу з арганізаванымі формамі незаконнай міграцыі. Спецыялісты адзначаюць, што толькі сёлета за першае паўгоддзе ёю перакрыта больш за дзясятак каналаў незаконнай міграцыі на тэрыторыю ЕС, што ў разы перавышае паказчыкі мінулага года. Затрыманыя арганізатары трансгранічнай проціпраўнай дзейнасці, узбуджаны крымінальныя справы. На жаль, гэтыя факты застаюцца незаўважаныя нашымі крытыкамі. Да таго ж, паток мігрантаў ідзе і з іншых напрамкаў, і рашэнне гэтай праблемы толькі ў сумесных кансалідаваных дзеяннях. Гэта справа ўсіх краін, якія жадаюць жыць у добрасуседстве. Гэты крызіс справакаваны не Беларуссю. Відавочна, што гэта вынік тых умяшальніцтваў, якія парушылі ўклад жыцця людзей у краінах, адкуль ідуць мігранты. Важнасць сумесных дзеянняў у прадухіленні негатыўных наступстваў крыецца менавіта ў кансалідацыі, а не ў канфрантацыі.

Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Тэнгіз ДУМБАДЗЭ:

— Для мяне няма дрэнных народаў і краін. Асабліва балюча, калі пытанне датычыцца найбліжэйшых суседзяў, з якімі гістарычна мы вельмі цесна звязаныя. Я люблю Літву, бо ў мяне там шмат сяброў і сваякоў. Я помню, як у сваім дзяцінстве праводзіў там выхадныя дні. Звычайныя людзі, з якімі я сёння падтрымліваю зносіны, кажуць: тое, што робяць афіцыйныя ўлады Літвы, абсалютна не адпавядае меркаванню літоўскага народа. Яны перажываюць за нас і кажуць, што ім сорамна за іх кіраўнікоў, якія спрабуюць умешвацца ў нашы ўнутрыпалітычныя справы. Сапраўды, мы не заслугоўваем, каб афіцыйныя асобы Літвы так да нас адносіліся. Хто даў ім права вучыць нас жыццю? Хто даў права адных абвінавачваць, а іншых ідэалізаваць, рабіць героямі? Займайцеся сваімі справамі. Мы ведаем, як і чым вы жывяце, колькі вашай моладзі выехала з краіны, але ж мы вас не папракаем, бо разумеем, што гэта не ад добрага жыцця і не ад таго, што вы ведзяце сваю незалежную палітыку. На жаль, вы залежныя людзі, залежныя ад іншых краін, але хоць раз мы вас у гэтым папракнулі? Дык чаму вы тады нават самае салодкае «пірожнае», якое мы выпякаем, імкняцеся пасыпаць соллю і перцам? Літоўцы нас крытыкавалі, а што ў выніку атрымалі самі? Дэмакратыі вучылі нас, а самі «дэмакратычна» абыходзяцца з тымі, хто не ад добрага жыцця пакінуў свае дамы і трапіў да іх. А як паводзяць сябе са сваімі людзьмі? Бумерангам вярнулася тое, за што нас асуджалі. Самі ж не змаглі вытрымаць маленькі іспыт.

З суседзямі заўсёды трэба сябраваць. Спакон веку мы ведаем, што калі прыходзіць бяда, першыя, да каго мы звяртаемся, — гэта суседзі. Вельмі спадзяюся, што здаровы сэнс возьме верх і яны самі зразумеюць, што так рабіць нельга.

Член Пастаяннай камісіі па заканадаўстве Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ірына ДАЎГАЛА:

— Сёння Літва лічыць сябе «пацярпелай». Не толькі таму, што павялічылася колькасць мігрантаў і Літва проста не гатовая сустракаць такі паток дадзенай катэгорыі людзей, а таму, што абвінавачвае ў гэтым Беларусь. А разважанні наконт арганізаванай кантрабанды людзей праз граніцу з Літвой — вяршыня крывадушнасці і лжывасці. Яшчэ нядаўна, пазіцыянуючы сябе як «вялікіх змагароў» за правы чалавека, не аддаючы прыярытэт асобным дзяржавам і нацыянальнасцям, Літва паказала сваю рэальную пазіцыю ва ўсёй красе — нечалавечных адносін да людзей, а пазіцыю ЕС — у абсалютна двайных стандартах міжнародных нормаў. Калі б нешта падобнае адбылося ў нашай краіне, то неадкладна аб гэтым даведаўся б увесь свет, а тут ЕС маўчыць... Літва наўрад ці ўсведамляла, у што ўсё гэта выльецца. Забыліся і пра галоўнае (або ўвогуле не думалі) — пра людзей, грамадзян сваёй краіны. З кожным днём камяк праблем, які расце, ператвараецца ў нацыянальнае бедства. Літоўская ўлада ўсімі сваімі дзеяннямі дае зразумець, што справіцца з гэтым выклікам яна не можа.

Вераніка КАНЮТА

Прэв’ю: pixabay.com

Загаловак у газеце: «Займайцеся сваімі справамі»

Выбар рэдакцыі