Вы тут

Сітуацыі з нелегальнай міграцыяй трэба процістаяць не будаўніцтвам агароджаў


Выклікам, звязаным з нелегальнай міграцыяй, трэба процістаяць толькі сумеснымі намаганнямі, а не будаўніцтвам агароджаў. Аб гэтым у сваім учарашнім выступленні заявіў намеснік пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры АБСЕ Андрэй Лазавік, паведаміла БелТА.


Фота: БелТА

Беларускі бок звярнуў увагу на стаўленне літоўскіх улад да выканання ўзятых на сябе міжнародных абавязацельстваў. Было адзначана, што напружанасць, звязаная з масавым прытокам нелегальных мігрантаў на паўднёвыя і ўсходнія граніцы краін — членаў ЕС, не з'яўляецца нечым новым і нечаканым, а адлюстроўвае глыбінныя геапалітычныя працэсы на прасторы АБСЕ і ў рэгіёне суседства. «Гэты працэс уяўляе з сябе пастаянны агульны выклік для дзяржаў — удзельніц АБСЕ. І яму можна процістаяць толькі сумеснымі намаганнямі, а не будаўніцтвам агароджаў і ў цэлым паглыбленнем «раздзяляльных ліній» на прасторы Арганізацыі, увядзеннем санкцый, закрыццём неба і г. д.», — падкрэсліў беларускі дыпламат.

«У няпростых умовах, у тым ліку санкцыйных, і пры адсутнасці паўнацэннага супрацоўніцтва з еўрапейскім бокам, у прыватнасці, з Літвой, якая палітызуе любыя кантакты з уладамі нашай краіны, пагранічная служба Беларусі прадаўжае рэалізацыю мер па барацьбе з арганізаванымі формамі незаконнай транзітнай міграцыі. Толькі за першае паўгоддзе 2021 года ёю спынена 11 каналаў незаконнай міграцыі на тэрыторыю ЕС (што ўжо ў 6,5 раза перавышае паказчыкі 2020 года), затрыманы 15 арганізатараў гэтай трансгранічнай проціпраўнай дзейнасці, узбуджана 14 крымінальных спраў. На жаль, гэта застаецца незаўважаным нашымі крытыкамі», — прывёў аргументы прадстаўнік Беларусі.

Ён адзначыў, што Беларусь ужо прыцягвала ўвагу Пастсавета і Камітэта па бяспецы АБСЕ да выбарачнага падыходу літоўскага боку да рэагавання на запыты беларускага боку. «Але сёння, акрамя таго, хацелі б акцэнтаваць увагу на шэрагу асаблівасцяў дзейнасці пагранічнай службы Літвы ў адносінах да мігрантаў. Перш за ўсё, відавочныя правакацыі літоўскага боку па сілавым выдварэнні на тэрыторыю Беларусі груп мігрантаў. У час гэтых незаконных дзеянняў літоўскія сілавікі наносяць цялесныя пашкоджанні мігрантам, аказваюць на іх псіхалагічнае ўздзеянне, дэманструючы гатоўнасць прымяніць зброю, у шэрагу выпадкаў знішчаюць пашпарты і адбіраюць мабільныя тэлефоны», — пералічыў факты Андрэй Лазавік.

Акрамя таго, перамяшчэнне літоўскіх патрульных аўтамабіляў уздоўж граніцы ажыццяўляецца з уключанымі маячкамі і сірэнай, пешыя патрулі перамяшчаюцца без выканання правілаў маскіроўкі, робяцца выстралы ў паветра з табельнай зброі. «Пра асабліва абуральныя выпадкі сведчаць самі мігранты, выдвараныя на тэрыторыю Беларусі. Ёсць сведчанні аб прымяненні тэлескапічных дубінак, пазбаўленні ежы і пітва, грубым абыходжанні з жанчынамі, у тым ліку з цяжарнымі, і дзецьмі. Усё гэта наглядна дэманструе зневажанне літоўскімі ўладамі правоў чалавека ў адносінах да мігрантаў, — падкрэсліў беларускі дыпламат. — Прычым, мяркуючы па ўсім, цяпер парушэнні правоў чалавека замацаваныя ў Літве заканадаўча, у прыватнасці, прынятымі 21 ліпеня папраўкамі да закона «Аб прававым становішчы замежных асоб». Папраўкі абмяжоўваюць свабоднае перамяшчэнне мігрантаў па тэрыторыі Літвы, іншыя іх правы, парушаюць прынцып невяртання прасіцеля прыстанішча, пазбаўляюць прасіцеляў прыстанішча права абскардзіць рашэнні суда першай інстанцыі ў апеляцыйным парадку».

У сувязі з гэтым прадстаўнік Беларусі адрасаваў пытанне традыцыйным крытыкам краіны, чаму яны пачынаюць актыўна крытыкаваць рэформы беларускага заканадаўства яшчэ на этапе яго падрыхтоўкі, а аб недвухсэнсоўных нормах гэтага літоўскага закона маўчаць нават пасля яго прыняцця. Заклапочанасць у беларускага боку таксама выклікаюць сілавыя разгоны літоўскімі праваахоўнымі органамі мірных пратэстаў супраць будаўніцтва лагераў для мігрантаў, у час якіх пацярпелі мірныя пратэстоўцы і журналісты.

З улікам увагі АБСЕ да пытанняў экалогіі ў выступленні таксама была прыцягнута ўвага да ўзніклай пагрозы захаванню біялагічнай разнастайнасці на тэрыторыях, прылеглых да беларуска-літоўскай граніцы. «Прычына — узвядзенне Літвой агароджаў з калючага дроту, вядомага як спіраль Бруна, што адсылае нас да часоў Першай сусветнай вайны. Паколькі гэта так званае інжынернае збудаванне не прадугледжвае пераходаў для жывёл, у СМІ ўжо сустракаюцца фатаграфіі жывёл, якія заблукалі і загінулі ў гэтых агароджах. А з канца жніўня, калі я не памыляюся, у гэтым рэгіёне пачнецца актыўная міграцыя жывёл. Прычым шэраг дзяржаў, уключаючы прэтэндэнта на пасаду старшыні АБСЕ, гатовы дапамагаць Літве з недастатковымі аб'ёмамі гэтай смяротнай спіралі», — заявіў беларускі дыпламат.

У сувязі з гэтым ён заклікаў літоўскі бок не толькі да выканання сваіх абавязацельстваў у сферы міграцыі, але таксама і да выканання палажэнняў Канвенцыі аб біялагічнай разнастайнасці. Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Беларусі накіравала адпаведны зварот да сваіх літоўскіх калег, у тым ліку ў кантэксце неабходнасці правядзення ацэнкі ўздзеяння сітуацыі на навакольнае асяроддзе. «Разлічваем на аператыўны і грунтоўны адказ літоўскага боку», — сказаў Андрэй Лазавік.

Загаловак у газеце: Толькі сумеснымі намаганнямі

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».