Вы тут

Раім схадзіць


Дзень памяці І.М. Лучанка, «Пінхол. ХХI», выстава «Узаемадзеянне» і іншае — афіша «Звязды».


Дзень памяці І.М. Лучанка

Дзе: Установа «Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту», в. Азярцо, Мінскі раён, Мінская вобл.

Калі: 7 жніўня

Колькі каштуе: 8 / 4 BYN

Дзень памяці І.М. Лучанка «В каждой песне я вновь оживу…»

(з 13:00 да 14:30)

Ігар Міхайлавіч Лучанок – савецкі, беларускі кампазітар, музычны педагог. Народны артыст СССР. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола. З 1980 года і да канца жыцця быў старшынёй праўлення Саюза кампазітараў Беларусі.

«Жураўлі на Палессе ляцяць», «Алеся», «Спадчына», «Мой родны кут», «Майский вальс», «Письмо из 45-го», «Дорогие мои земляки», «Полька беларуская», «Венский вальс», «Трэба дома бываць часцей» – няма ў Беларусі чалавека, які б не ведаў гэтых песень. Некаторыя нават лічаць іх народнымі! Аднак усе яны з'явіліся на свет, дзякуючы Ігару Лучанку. Акрамя любімых усімі вядомых песень, І. М. Лучанок стварыў шэраг значных акадэмічных твораў, а яго «Песню пра Мінск» штодня адбіваюць куранты на Мінскай ратушы.          

Нішто так не аб’ядноўвае людзей, як песні і добрая музыка. 7 жніўня ў Беларускім дзяржаўным музеі народнай архітэктуры і побыту пройдзе дзень памяці І. М. Лучанка «В каждой песне я вновь оживу…», дзе мы зноў пачуем вядомыя песні кампазітара, успомнім цікавыя факты з яго жыцця і ўшануем памяць нашага вялікага земляка.

У гэты дзень будзе прадстаўлена наступная праграма:

  • урачыстае адкрыццё дня памяці кампазітара;
  • расповед пра жыцце і творчасць кампазітара ад сына і калегаў;
  • паказ дакументальнай хронікі і фільмаў «Дэбют», «Восеньскія яблыкі» з кампазіцыямі І. М. Лучанка;
  • гучанне знакамітых кампазіцый на працягу дня.

«Рок за Баброў»

Дзе: Мінскі аэраклуб імя С. І. Грыцаўца, г. Мінск, вул. Ліпкоўская 12А

Калі: 7 жніўня

Колькі каштуе: ад 43 BYN

Гэтым летам фестываль пераязджае на новую пляцоўку — аэрадром «Ліпкі», якая знаходзіцца ўсяго ў 10 хвілінах язды ад станцыі метро «Барысаўскі тракт». Спецыяльна для наведвальнікаў «Рок за Баброў» будуць арганізаваны бясплатныя аўтобусы, якія будуць курсаваць ад станцыі метро «Барысаўскі тракт» да фестывалю і ў зваротным кірунку.

На фестываль прыедуць лепшыя артысты як сучаснасці, так і правераныя гадамі і дзесяцігоддзямі. Па традыцыі, імя аднаго з галоўных гасцей фестывалю арганізатары пакуль трымаюць у таямніцы. Ужо вядома, што ў 2021-м на сцэне фестывалю выступяць Little Big, «Звяры», Louna, Noize MC, J: МОРС, «Пошлая Молі» і «Порнафільмы».

«Рок за Баброў» — гэта не толькі музыка, а таксама неверагодная атмасфера драйву, унутранай свабоды і незабыўных эмоцый у кампаніі лепшых сяброў.


Выстава «Мастацтва музейнай рэстаўрацыі»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь, г. Мінск, вул. Маркса, 12

Калі: да 13 жніўня

Колькі каштуе: 8 BYN

Нацыянальны гістарычны музей Рэспублікі Беларусь — адзін з найбольш папулярных музеяў краіны. Яго збор — найбуйнейшы па колькасці артэфактаў, ён налічвае амаль 500 тысяч адзінак музейных прадметаў. Гэта археалагічныя знаходкі, мэбля, грашовыя знакі, іконы, фатадакументы, кніжныя выданні, музычныя інструменты і іншыя. Многія з іх здабылі другое жыццё дзякуючы працы рэстаўратараў.

Выстава распавядае пра тую частку музейнай дзейнасці, якая звычайна схаваная ад вачэй наведвальнікаў — пра рэстаўрацыю, якая дазваляе вывучыць, захаваць музейныя каштоўнасці ад разбурэння і прадставіць гледачу. Рэстаўрацыя, рэканструкцыя, аднаўленне і кансервацыя — гэта не проста «рамонт» прадметаў, гэта складаны і шматгранны працэс, спалучаны з самакантролем, пастаянным прыняццем рашэнняў і адказнасцю за іх. Перад спецыялістамі штосекундна стаіць праблема выбару таго ці іншага метаду ўмяшання ў сапраўдную «тканіну» музейнага прадмета.

Дадзеная выстава — гэта вынік велізарнай, працаёмкай і карпатлівай працы аддзела рэстаўрацыі Нацыянальнага гістарычнага музея Рэспублікі Беларусь, у якім на сённяшні дзень працуе 5 мастакоў-рэстаўратараў. У экспазіцыі прадстаўлены розныя па характары, матэрыялах і часе стварэння артэфакты з калекцый музея. Гэта знакаміты веджвудскі фарфор XIX ст., чыгунны прас, прыгожы столік з бронзы, размаляваны кітайскі чайнік XVIII ст., савецкі самавар і іншыя. Усе яны з’явяцца ў вітрынах дзякуючы намаганням музейных рэстаўратараў.


Выстава «Узаемадзеянне»

Дзе: Галерэя Шчамялёва, г. Мінск, Рэвалюцыйная, 10

Калі: да 15 жніўня

Колькі каштуе: 5 BYN – для дарослых, 3 BYN – для студэнтаў, 2,5 BYN — для школьнікаў

14 ліпеня а 18:00 ў Гарадской мастацкай галерэі твораў Л.Д. Шчамялёва адбудзецца адкрыццё выставы мінскіх мастакоў Андрэя Рэвякова і Алены Кашаленка «Узаемадзеянне».

Агульная тэма сувязі чалавека з прыродай аб’яднала творчае ўзаемадзеянне сучасных беларускіх мастакоў Андрэя Рэвякова і Алены Кашаленка. У экспазіцыі выставы аўтары прапануюць больш за 40 твораў, зробленых ў розныя гады ў жанры анімалістыкі.

Гэта тэма блізкая абодвум мастакам і абумоўлена цікавасцю да жывой прыроды, а больш за ўсё да свету фауны. Творцы імкнуцца да эстэтычнага паказу выяў пры адлюстраванні ўзаемаадносін чалавека і жывёлы.

Для мастацтва Андрэя Рэвякова і Алены Кашаленка характэрны: эстэтычная складаючая, павага да плоскасці, двумернасці, фактуры, выразнасць выяў, высокае валоданне маляўнічымі і графічнымі тэхнікамі, рэалістычная манера выканання, каларыстычная і стылістычная гармонія.

Мастакі валодаюць выдатным пачуццём гумару і гратэску, якімі карыстаюцца пры стварэнні сваіх карцін. Аўтарскі свет мастакоў вельмі разнастайны і неадназначны, выразны і поўны парадоксаў.

Час працы: серада – нядзеля, 11:00 – 19:00


Экспазіцыя, прымеркаваная да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа

Дзе:  Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. Максіма Багдановіча 13

Калі: да 16 жніўня

Колькі каштуе: 6 BYN, для навучэнцаў — 3 BYN

8 лютага 2021 года ў 17:00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца ўрачыстае адкрыццё часовай літаратурна-дакументальнай экспазіцыі «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...», прымеркаванай да 100-годдзя з дня нараджэння Івана Шамякіна і Івана Мележа.

Абодва класікі яшчэ пры жыцці, абодва народныя пісьменнікі Беларусі, абодва нарадзіліся на Палессі... Спіс агульнага, што звязвала Шамякіна і Мележа можна працягваць доўга. А літаратурна-дакументальная экспазіцыя дапаможа даведацца пра гэта значна больш. Іван Мележ пакінуў нам легендарную «Палескую хроніку» («Людзі на балоце», «Подых навальніцы», «Завеі. Снежань»), а творы Івана Шамякіна «Трывожнае шчасце», «Сэрца на далоні», «Вазьму твой боль» як і раней адгукаюцца ў сэрцы чытача.

Экспазіцыя прадставіць партрэты і фатаграфіі І. Шамякіна і І. Мележа, графічныя працы вядомых мастакоў А. Кашкурэвіча, Н. Паплаўскай да твораў пісьменнікаў, эпісталярыі, асабістыя рэчы, кнігі з аўтографамі і інш. Лейтматывам экспазіцыі стануць успаміны Івана Шамякіна «Палёт над Палессем», прысвечаныя Івану Мележу.

Літаратурна-дакументальная экспазіцыя «Ад палескіх імхоў да асвейскіх крыніц...» прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў. Выстава будзе дзейнічаць да 16 жніўня 2021 года.

У адкрыцці экспазіцыі прымуць удзел сваякі пісьменнікаў, даследчыкі жыцця і творчасці Івана Шамякіна і Івана Мележа, літаратары.

Кантактны тэлефон: (017) 363-56-21.


«Пінхол. ХХI»

Дзе: Галерэя Шчамялёва, г. Мінск, вул. Рэвалюцыйная, 10

Калі: да 22 жніўня

Колькі каштуе: 5 BYN — пдля дарослых, 3 BYN — для студэнтаў, 2,5 BYN — для школьнікаў

У экспазіцыі змешчаны 47 работ 16 аўтараў з Беларусі, Расіі, Украіны, Літвы і ЗША — удзельнікаў нефармальнага міжнароднага творчага аб’яднання «Саюз пінхалістаў». Куратар і сааўтар праекта ў галерэі твораў Шчамялёва — Сяргей Кулагін. Ён адзначыў, што гэта толькі другая выстаўка суполкі. Першая адбылася ў Разані ў 2019 годзе.

У кожнага фатографа на выстаўцы сапраўды адметны стыль і тэматыка. Напрыклад, Павел Ніканаў з Беларусі займаецца тэмай выяў Роршаха ў пейзажы, партрэце і нацюрморце; Марына Герасімава з Расіі даследуе аддаленыя і не вельмі папулярныя куткі радзімы (фатаграфіі, прадстаўленыя ў экспазіцыі, зроблены ў Архангельскай вобласці, у вёсцы Кімжа, якая ўнікальна сваёй драўлянай даваеннай архітэктурай і млынамі-слупоўкамі); Андрэй Бандарэнка з Украіны імкнецца перадаць настрой курортнага горада (на прыкладзе Бярдзянска) у зімняй спячцы; Яўген Глушань з Беларусі разважае на тэму гарадскіх прастор і прыродных ландшафтаў; Дзяніс Чыкішаў з Расіі засяроджвае сваю ўвагу на людзях; а Вадзім Шамкоў (краіна не пазначана) паказвае на выстаўцы старую інфекцыйную бальніцу, якую здымаў на атрыманую там рэнтгенаўскую плёнку.

Адна з найцікавейшых у экспазіцыі — каляровая серыя «Скрыжаванні светаў».

Праект сумесны: яго аўтары — Дзіяна Панкова (Беларусь) і Джэф МакКонэл (ЗША). Пры дапамозе практыкі салараграфіі (малюнкі руху сонца, што атрымліваюцца на фотапаперы пасля некалькіх месяцаў здымак пінхол камерай), вынікі якой, дарэчы, могуць быць вельмі непрадказальнымі, аўтары стварылі калекцыю двайных экспазіцый з розных кропак свету. Дзіяна Панкова і Джэф МакКонэл, абменьваючыся негатывамі, у кожнай выяве аб’ядналі прастору і час розных месцаў. 

Так, адначасова глядач бачыць Нью-Ёрк і Лодзь, Нью Джэрсі і Мінск... Фатограф з Беларусі адзначае, што ў сваіх фотапошуках асабліва цэніць дух свабоднага эксперыментавання, няспынных прыгод ды прамога і шчырага ўзаемадзеяння з аб’ектамі фатаграфавання, інструментамі і самім працэсам. Аўтар любіць змешваць розныя рэальнасці і гуляць з часам.Тут важна не толькі задума, але і своеасаблівае «супрацоўніцтва» з надвор’ем, выпадкам ды іншымі адушаўлёнымі і неадушаўлёнымі абставінамі здымкі.

Выстаўка «Пінхол. ХХI» будзе працаваць да 22 жніўня. У межах праекта арганізатары абяцаюць правесці шэраг імпрэз, у тым ліку майстар-класы, пра якія збіраюцца паведамляць на афіцыйных стронках у сацсетках. Наведвальнікаў хочацца падрыхтаваць: будзьце гатовы — пра аўтарства работ можна даведацца толькі пры дапамозе QR-кодаў. Некаторыя спасылкі раскажуць пра аўтараў ды іх работы падрабязна, скіруюць да акаунтаў у Instagram, некаторыя ж пададуць толькі сціплую інфармацыю.

Тэкст Яўгеніі ШЫЦЬКА


Экамаркет «Кошык»

Дзе: г. Мінск, вул. Чапаева, 3

Калі: да 26 жніўня

Колькі каштуе: бясплатна

Экамаркет «Кошык» працуе кожны чацвер з 12:00 да 18:30 гадзін на Чапаева, 3. Хатні хлеб і сыр, мясныя дэлікатэсы, масла ручной працы, мёд і гарбату, сезонныя гародніна і садавіна, сувеніры.

І гэта не ўсё: вас чакае добрая музыка, смачны шашлык, прыемныя цэны і добры настрой.


Moon Cinema: кінапрагляды пад адкрытым небам

Дзе: Yoga Place Захад, г. Мінск, Ляшчынскага, 8, к. 1

Калі: да 27 жніўня

Колькі каштуе: бясплатна

Гэтым летам кожную пятніцу Moon Cinema будзе трансліраваць які-небудзь добры фільм, а барыста будзе рыхтаваць для наведвальнікаў магічныя летнія напоі.

Каб трапіць на сеанс — дастаткова проста запісацца. Прагляд фільма — абсалютна бясплатны, але папярэдняя рэгістрацыя абавязковая, так як колькасць удзельнікаў абмежавана умяшчальнасцю тэрасы.

Расклад сеансаў:

  • 6 жніўня — фільм «Стофутавае падарожжа»
  • 13 жніўня — фільм «Тэрмінал»
  • 20 жніўня — фільм «Есці. Маліцца. Кахаць»
  • 27 жніўня — мультфільм «Таямніца Како»

Выставачны праект «Адкрыты архіў VL»

Дзе: Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь», г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 6 BYN – поўны, 3 BYN – ільготны

З 9 ліпеня ў Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь пачне працу выставачны праект «Адкрыты архіў VL», прысвечаны 70-гадоваму юбілею Валерыя Лабко.

У гэтым годзе 12 ліпеня Валерыю Лабко споўнілася б 70 гадоў. Юбілей паслужыў падставай пагаварыць пра гэтага чалавека, з імем якога звязваюць глабальныя змены ў беларускай фатаграфіі апошняй чвэрці ХХ стагоддзя і не толькі.

Фігура Валерыя Лабко шматпланавая і рознабаковая: ён сфармаваў складаную сістэму ўзаемаадносін і ўплываў у творчым асяроддзі фатографаў, займаўся новымі тэхналогіямі ў фатаграфіі, апярэджваючы свой час, запусціў і мадэраваў шэраг легендарных праектаў, у тым ліку на галоўным беларускім фотапартале «Zнята».

Фатограф, крытык, стваральнік «Мінскай школы фатаграфіі» — феномена ў беларускім фатаграфічным мастацтве канца 1980-х-1990-х гг., які зафіксаваў высокі ўзровень і сусветнае прызнанне беларускіх фатографаў, кіраўнік навучальных студый пры фотаклубе «Мінск», майстар партрэтнай і вулічнай фатаграфіі, настаўнік і лідар, правадыр новых ідэй і тэарэтык.

Экспазіцыя будуецца на прыватных архіўных калекцыях, беражліва захаваных і перададзеных для выставы сям’ёй, калегамі і аднадумцамі Валерыя Лабко. Серыя партрэтаў прадастаўлена вядомай балерынай, заслужанай артысткай Рэспублікі Беларусь Таццянай Шэметавец. У гледачоў будзе магчымасць убачыць арыгіналы фатаграфій — своеасаблівыя «візітныя карткі», якія адлюстроўваюць інтарэсы, прыярытэты і напрамкі пошуку Лабко-фатографа.

На выставе будзе дэманстравацца фільм, які ўяўляе сабой серыю маналогаў людзей, датычных жыцця і творчасці Лабко. Іх успаміны ажыўляюць час, падзеі, гісторыі. Гэтымі кароткімі сведчаннямі мы хацелі б прадставіць сімвалічны партрэт чалавека, які сабраў, натхніў, навучыў думаць не адно пакаленне беларускіх фатографаў, змяніўшы само стаўленне да фатаграфіі як да аднаго з медыя сучаснага мастацтва.

Выставачны праект «Адкрыты архіў VL» у НЦСМ стане адным з серыі івэнтаў, прысвечаных Валерыю Лабко. Мемарыяльны музей-майстэрня З. І. Азгура запускае праект «Секвенцыі» аб выразным метадзе, элементах мовы, які асвойвала творчая Беларуская фатаграфія ў 1980–1990-я гг., Народны фотаклуб «Мінск» падтрымае агульную праграму прымеркаваных да юбілею Лабко праектаў выставай са сваіх фондаў.


Выстава «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны»

Дзе: Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага, г. Мінск, пл. Свабоды, 15

Калі: да 29 жніўня

Колькі каштуе: 12 BYN — для дарослых, 10 BYN — для студэнтаў, пенсіянераў, 8 BYN — для школьнікаў

Музей гісторыі горада Мінска і LIBRA запрашаюць усіх наведаць новы выставачны праект «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютарнай графікі. Лічбавыя сны». Больш за 70 работ вядомых аўтараў з усяго свету можна будзе ўбачыць у Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага (пл. Свабоды, 15) з 24 чэрвеня па 29 жніўня 2021 г.

Актуальнае мастацтва знаходзіцца ў бесперапынным пошуку новых формаў, інструментаў і матэрыялаў. Што калі замест палатна перад мастаком адкрыецца інтэрфейс камп'ютэрнай праграмы, а замест пэндзля і фарбаў у руцэ апынецца сцілус? Творчая майстэрня пераносіцца ... у віртуальнае асяроддзе!

Музей гісторыі горада Мінска і LIBRA прадстаўляюць праект, прысвечаны адной з самых запатрабаваных і дынамічна развіваюцца сфер сучаснай культуры — лічбаваму мастацтву. Праект «ДНК сучаснай фатаграфіі і камп'ютэрнай графікі. Лічбавыя сны» здзівіць вас неверагоднымі магчымасцямі камп’ютарнай графікі і дазволіць здзейсніць падарожжа скрозь мноства віртуальных светаў, народжаных фантазіяй самых таленавітых мастакоў.

Вы ўбачыце больш за 70 твораў прафесіяналаў з усіх канцоў свету (Расія, Польшча, Іспанія, Германія, Бразілія, Італія, Вялікабрытанія, Кітай, Літва і многія іншыя краіны).

Праект прадставіць усе актуальныя напрамкі камп’ютарнай графікі: Фотаарт (стварэнне сюррэалістычных калажаў на аснове фотаздымкаў), лічбавы жывапіс (карціны, выкананыя пры дапамозе графічнага планшэта), 3D-графіку (трохмерныя лічбавыя «скульптуры»). Вы пераканаецеся што стварэнне лічбавых твораў патрабуе не толькі віртуознага валодання сучаснымі камп'ютарнымі тэхналогіямі, але і шматгадовай практыкі, скрупулёзнага навострывання навыкаў, глыбокіх тэарэтычных ведаў і, вядома ж, бязмежнай фантазіі і невычэрпнага ўяўлення!

Экспазіцыю будуць суправаджаць інфармацыйныя стэнды, якія бліжэй пазнаёмяць вас з прадстаўленымі аўтарамі і працамі. Таксама на вялікім экране будуць дэманстравацца тэматычныя дакументальныя фільмы. Да таго ж кожны жадаючы зможа бясплатна паспрабаваць разгадаць займальны квэст па выставе.

Калі пытанне супрацьстаяння традыцыйнага і лічбавага мастацтва не пакідае вас абыякавым, калі вы самі трымаеце ў руках стілус, пэндзаль або аловак і хочаце даведацца сакрэты майстэрства прызнаных асаў, нарэшце, калі вы проста хочаце дадаць фарбаў і чарадзейства ў паўсядзённае жыццё — вас запрашаюць з галавой пагрузіцца у фантастычныя «Лічбавыя сны»!


Выстава графікі Юрыя Якавенкі «Астральны нацюрморт»

Дзе: Дзяржаўная ўстанова культуры змешанага тыпу «Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь», г. Мінск, вул. Някрасава, 3

Калі:  да 12 верасня

Колькі каштуе: 6 BYN – поўны, 3 BYN – ільготны

15 ліпеня 2021 г. а 17:00 у Нацыянальным цэнтры сучасных мастацтваў Рэспублікі Беларусь на Някрасава, 3 адбудзецца адкрыццё персанальнай выставы графікі Юрыя Якавенкі «Астральны нацюрморт».

Праект у НЦСМ працягвае серыю персанальных выстаў лаўрэатаў Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва.

Працы Юрыя Якавенкі былі падораны каралеве Вялікабрытаніі Лізавеце II і папе Рымскаму Бенедыкту XVI, захоўваюцца ў Каралеўскім сходзе ў Швецыі і шматлікіх музейных сходах у Беларусі і за мяжой. Мастак з Гродна з’яўляецца ўладальнікам больш за 25 узнагарод біенале і конкурсаў графікі.

На рэтраспектыўнай выставе ў НЦСМ можна ўбачыць найбольш вядомыя графічныя серыі Юрыя Якавенкі. Адна з іх — Серыя афортаў «Санет» (У суаўтарстве з Аляксандрам Ашуркам), удастоеная ў 2020 годзе Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва ў намінацыі «Графіка». Серыя стваралася пад уплывам японскай графічнай школы і складаецца з 13 гравюр, сабраных у спецыяльны футляр.

Значная частка работ на выставе — сюррэалістычныя нацюрморты. У нацюрмортах Юрыя Якавенкі сістэмы выстройваюцца з прадметаў і раслін, змененых метамарфозамі і існуючых за гранню звыклага прадметнага свету. У многіх выпадках яны звязаны з тленнасцю матэрыяльнага, перш за ўсё чалавечага цела.

Выстава працягнецца па 12 верасня 2021 г.

Інфармацыя: +375 (17) 2350332, +375 (17) 3990978


Літаратурна-мастацкая экспазіцыя «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць»

Дзе: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры, г. Мінск, вул. М. Багдановіча, 13

Калі: да 31 кастрычніка

Колькі каштуе: уваход у дзень адкрыцця вольны 

18 мая Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры адкрыў часовую літаратурна-мастацкую экспазіцыю «Фёдар Дастаеўскі. Жыццё і творчасць».

Выстава экспануецца ў межах сумеснага праекта з Літаратурна-мемарыяльным музеем Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) да 200-годдзя з дня нараджэння пісьменніка.

Вялікія пісьменнікі застаюцца вялікімі на стагоддзі, нягледзячы на тое, што іх творы напісаны шмат гадоў таму. Іх героі і творы працягваюць жыць, таму што не пакідаюць раўнадушнымі чытачоў новых пакаленняў.

Па-сапраўднаму вялікім і ўніверсальным на ўсе наступныя эпохі пасля свайго жыцця застаецца Фёдар Міхайлавіч Дастаеўскі (1821—1881). Веліч яго асобы і спадчыны вылучаецца ў першую чаргу тым, што ў сваёй творчасці ён узняў вечныя філасофскія праблемы быцця чалавека, духоўнасці, веры.

На тэрыторыі Беларусі ёсць вёска Дастоева – гэта вёска Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці. Месца адметнае тым, што раней тут размяшчалася сядзіба Дастаеўскіх, продкаў Фёдара Міхайлавіча Дастаеўскага па мужчынскай лініі. Менавіта ў гэтай вёсцы і бярэ пачатак род Дастаеўскіх. І нават само прозвішча Дастаеўскі паходзіць ад назвы гэтай вёскі. Сам вялікі пісьменнік у гэтай сядзібе і вёсцы ніколі не бываў. У гады яго жыцця сядзіба належала ўжо іншым уладальнікам. Дастаеўскія страцілі яе ўжо ў сярэдзіне ХVІІ стагоддзя. Некаторы час дадзеная сядзіба належала Ордам, сваякам вялікага беларускага культурнага дзеяча – Напалеона Орды. Сёння сядзіба цалкам страчаная. Тым не менш, у памяць пра тое, што менавіта з беларускай вёскі Дастоева паходзіць род Дастаеўскіх, тут усталяваны помнік вялікаму рускаму пісьменніку – Фёдару Міхайлавічу Дастаеўскаму.

На экспазіцыі прадстаўлены: банерная выстава з Літаратурна-мемарыяльнага музея Ф. М. Дастаеўскага (г. Санкт-Пецярбург, Расійская Федэрацыя) пра жыццё і творчасць Ф. М. Дастаеўскага, пераклады твораў пісьменніка на беларускую мову, крытычныя і аналітычныя працы Ф. Дабранравава, А. Доліна і інш. аўтараў па творчасці Ф. М. Дастаеўскага, выданне твораў Фёдара Дастаеўскага канца ХІХ ст. з фондаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Я. Коласа НАН Беларусі.


«Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі культуры»

Дзе: Нацыянальны гістарычны музей, г. Мінск, вул. К. Маркса, 12

Калі: да 31 снежня

Беларусь — суверэнная краіна з тысячагадовым мінулым, са слаўнымі і драматычнымі старонкамі. Яна беражліва захоўвае нацыянальныя традыцыі, натхняецца лепшымі здабыткамі сусветнай цывілізацыі і пераасэнсоўвае іх.

Ці ведаеце вы, калі першыя людзі з’явіліся на нашых землях? Калі на Беларусь прыйшла пісьменнасць і якім алфавітам запісвалася? А тое, што нашая зямля — краіна замкаў і незлічоных скарбаў? Што апраналі нашыя продкі, з чаго складваецца нацыянальная кухня і як гучаць «галасы» Беларусі?..

Выставачны праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» распавядае пра асноўныя этапы гістарычнага развіцця Беларусі, дае кароткую характарыстыку культурным здабыткам, прадстаўляе беларускую нацыю як неад’емную частку сусветнай супольнасці, дапамагае зразумець, што такое Беларусь і хто такія беларусы.

Праект прапануе выправіцца ў захапляльнае падарожжа, згадаць важныя даты, натхніцца нашай спадчынай, а праз інтэрактыўныя элементы — літаральна дакрануцца да гісторыі.

Выстава складаецца з дзвюх частак — «Гісторыя» і «Культура». Першая паказвае лёсавызначальныя падзеі, асноўныя працэсы, этапы гістарычнага развіцця Беларусі (ад старажытных часоў да сучаснасці); наступная адлюстроўвае асобныя тэмы, прысвечаныя адметнасцям самабытнай беларускай культуры.

Праект «Беларусь і беларусы. Гід па гісторыі і культуры» рэалізуецца ў адпаведнасці з грантам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у культуры на 2021 г.

Партнёры праекта: Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны архіў Рэспублікі Беларусь, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі, Беларускае тэлеграфнае агенцтва, Дэпартамент па ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, Музей пажарнай і аварыйна-выратавальнай справы, Музей прыроды і экалогіі, Музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры, фатографы Ганна Кіпель, Анатоль Андрэеў.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

«Сацыяльная зніжка» — каму і на што? Як купіць прадукты танней на 10 %

На зніжку могуць разлічваць пенсіянеры, шматдзетныя сем’і.

Палітыка

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Андрэй Савіных: Якасць абраных стратэгій не правяраецца ў ідэальных сітуацыях

Беларускі парадак дня нікому не дае расслабіцца, час не дазваляе.

Грамадства

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Экстраная дапамога. Як працуе Цэнтр аператыўнага кіравання МНС

Дзяжурныя службы — вушы і вочы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях. 

Палітыка

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Пасол Беларусі ў КНР: З 1992-га тавараабарот з Кітаем вырас больш як у 130 разоў

Наперадзе юбілей беларуска-кітайскіх адносін — 30 гадоў.