Вы тут

«Каб ты на Крэўскі замак каменне цягаў»


Менавіта так клялі нашыя продкі ворагаў — можаце ўявіць, як цяжка далося ўзвядзенне таго замка, калі і праз стагоддзі памяць засталася?


Зрэшты, нічога дзіўнага — гэта было першае такое каменнае збудаванне на беларускіх землях, узведзенае ці не ў канцы XІІІ стагоддзя. Месца складанае: балота, зліццё рачулак Крэўка і Шляхцянка. Насыпалі пясок, ствараючы выспу, пад фундаменты падкладвалі дубовыя і яловыя галінкі... Нават сёння паглядзець на магутныя валуны, умураваныя ў сцены замка, — здзівішся... І паверыш легендзе, якую цытуе Анатоль Бутэвіч у кнізе пра Крэўскі замак «Раскіданае гняздо крывіцкай славы», пра волатаў, што будавалі гэтыя муры, перакідваючы ажно з Меднікаў сюды і назад гіганцкі молат — у Медніках якраз таксама ўзводзілі замак.

Паўзруйнаваныя змрочныя сцены, што ўсё яшчэ захоўваюць сваю веліч... Прыцемак, ціша... Мястэчка непадалёк засынае, адспяваўшы пеўнямі, адгрукатаўшы коламі на брукаванцы... Раптам — чуеце? — нейкі лязгат... Нібыта метал стукае аб метал... Рухаецца нехта, закаваны ў латы... Здушаны крык...

Смерць Кейстута

Яшчэ б такое месца не насялялі прывіды! Крэўскі замак мае з дзясятак містычных гісторый. Самая вядомая — пра падзеі XІV стагоддзя... Гэта калі кароль Ягайла падступна заманіў да сябе дзядзьку Кейстута і ягонага сына Вітаўта — нібыта на перагаворы, бо схапіліся князі не на жарт за ўладу. Кейстут і Вітаўт заміж бяседнага стала апынуліся ў сутарэннях Крэўскага замка. Сын Гедыміна Кейстут быў выдатным палкаводцам, не раз перамагаў войскі рыцараў-ордэнцаў, але вызначаўся прастадушным характарам...

Забіваць яго прыйшлі на пяты дзень. Кажуць, некалькі вояў Ягайлы і адзін рыцар-храмоўнік, з якімі Ягайла заключыў пагадненне. Задушылі Кейстута залатым шнурком ад яго ж убрання. Было гэта ў самай вялікай і злавеснай вежы, якая завецца Княжацкай. Як піша Анатоль Бутэвіч, «Прывід жа гэтай непатрэбнай ахвяры часта з'яўляўся на сценах і вежах, у палацавых пакоях, палохаючы насельнікаў і нагадваючы ахвотнікам да несправядлівых і злосных дзеянняў пра абавязковую адплату за злачынства».

А яшчэ нібыта здані забойцаў Кейстута не атрымалі спакою і дасюль з'яўляюцца па начах. Паказвацца не паказваюцца, а вось крокі іхнія чуваць. Гэты сюжэт выкарыстаў пісьменнік XІX ст. Ігнат Ходзька ў сваім апавяданні «Дух-абаронца». Душы злачынцаў змушаныя кожную ноч прыходзіць у замак, каб зноў забіць старога князя. Шукаюць яго, не знаходзяць — вось і цягаюцца...

Пакаранне прыслугі

Чуваць нібыта тут па начах і яшчэ адзін прывідны гук: перадсмяротны жаночы крык. Гэта працяг той жа гісторыі... Вітаўту, які пасля гвалтоўнай смерці бацькі зразумеў, што на літасць стрыечнага брата спадзявацца не даводзіцца, удалося ўцячы: з дапамогай прыслугі. Нібыта яе прывяла з сабой жонка Вітаўта, Ганна Смаленская, якой дазволілі спатканне з мужам. Вітаўт пераадзеўся ў адзежу прыслугі і сышоў. Дзяўчына, якая ахвяравала сабою, загінула: яе, паводле адной з легендаў, скінулі з замкавых муроў, а яны вышынёй да 13 метраў... Вось яе крык і чуваць...

Вакол гэтага сюжэта таксама ўзнікла шмат твораў, прыдумляюць матывы ўчынку дзяўчыны. Самы папулярны — каханне. Аўтары мастацкіх трактовак не сумняваюцца, што вызваліцельніца князя была маладой і прыгожай. Праўда, па логіцы павінна была тая прыслуга яшчэ быць даволі высокай і мажнай: а як яшчэ за яе мог выдаць сябе праслаўлены воін, аніяк не слабы і не шчуплы?

Вядомы гісторык Алег Дзярновіч так апісвае вынікі раскопак у Княжацкай вежы, якія дазваляюць больш падрабязна уявіць месца злачынстваў:

«Сярод важных высноў можна адзначыць наступную — адсутнасць у вежы падвалаў (сутарэнняў). Фактычна, цокальны паверх, у якім адсутнічалі вялікія стральчатыя вокны, як на другім ці трэцім ярусе, у пэўным сэнсе і выконваў функцыю сутарэнняў вежы. Звязана гэта было, відавочна, з забалочанасцю мясціны, у якой узводзіўся замак. Пры гэтым самі падмуркі вежы дасягаюць глыбіні 3 м ад узроўню сучаснай дзённай паверхні.

Вельмі важным здаецца выяўленне ў паўднёва-ўсходняй сцяне вежы арачнага прахода да ўнутранага тунэля вежы. Перамяшчэнне паміж ярусамі ўнутры вежы адбывалася не праз праёмы ў скляпеннях, а праз тунэль-праход, які серпанцінам агібаў увесь перыметр вежы. Выхад на ярусы адбываўся праз арачныя праёмы... Аналагі падобных унутрывежавых тунэляў вядомыя. Найбольш блізкі аналаг, да таго ж у аднатыпным замку (кастэль з вежай-данжонам) існуе ў замку ў Медніках (Мядзінінкай).

Распрацоўка апісаных шурфоў дазволіла дайсці да самага нізу ўнутранай прасторы Княжацкай вежы — туды, дзе, як мяркуецца, знаходзілася замкавая вязніца і дзе, як высвятляецца, захоўваўся таксама замкавы арсенал».

Пасля смерці Кейстута менавіта ў гэтых мурах з'явіўся «Акт Крэўскай уніі 1385 года», які, праўда, некаторыя даследчыкі лічаць містыфікацыяй. У тым акце Ягайла ўзамен на шлюб з польскай каралевай Ядвігай «абяцае землі свае літоўскія і рускія на вечныя часы да Кароны каралеўства Польскага далучыць».

Князь Вітаўт жадаў незалежнасці свайму княству і памёр, не дачакаўшыся каранавання — карону, блаславёную ў Рыме, перахапілі па дарозе палякі.

Каварная красуня

А вось наконт наступнай легенды... Нібыта з'яўляецца ў Крэўскім замку яшчэ адна здань: прыгожай дзяўчыны з сабачкам. Біліся з-за красуні двое прэтэндэнтаў, адзін перамог, саперніка забіўшы... А яна і таму гарбуза дала. Вось і загадаў мясцовы князь замураваць яе разам з ейным улюбёным сабачкам у сцяну замка. Здань шкодная: тых, хто спрабуе да яе дакрануцца ці пагладзіць ейнага сабачку, губіць. Не вельмі зразумела, адкуль бяруцца такія смелыя, што пнуцца абшчаперыць празрысты цень ці паціскаць прывіднага сабачку... Але аднойчы эфірная паненка нават спакусіла аднаго небараку дапамагчы ёй вызваліцца ад праклёну: для гэтага належала ўчыніць страшэнны грэх. Напрыклад, вынесці ўсё золата з Крэўскага касцёла. Хлопец усё сабраў, не заўважыў толькі, што запэцканая ў сажы палачка, якой гасілі свечкі, таксама была залатой... Таму выйсці з касцёла з нарабаваным не змог, а дзяўчына засталася праклятаю. Ды яшчэ і з выгляду пастарэла, мегера мегерай.

У легенды мала факталагічных прывязак. Затое яна падазрона падобная на легенду, звязаную з Дзявочай гарой, што каля вёскі Дуброва — гэта не так далёка ад Крэва. Прыгажуня ўчыніла спаборніцтва паміж двума закаханымі ў яе хлопцамі. Стала на вяршыні гары, а спаборнікі мусілі каціць на гару па вялікім камені. Хто пераможа — таму й дзеўка...

Ускараскаліся, напінаючыся... І абодва ад напругі памерлі. Вось іх там, на вяршыні гары, і пахавалі. І прыгажуню з імі — зажыва.

Ужо ў наш час на Дзявочай гары рабілі раскопкі, знайшлі рэшткі язычніцкага капішча, прысвечанага жаночаму бажаству, пахаванні жрыц, магілу мужчыны з прыкметамі гвалтоўнай смерці. Цалкам магчыма, было гэта нейкай аналогіяй культу Артэміды, і мужчынам нельга было туды заяўляцца.

Паколькі і Крэўскі замак будаваўся, калі яшчэ квітнела язычніцтва, нават назву мястэчка выводзяць ад імя язычніцкага жраца Крыві-Крывейта, магчыма, легенда пра прынесеную ў ахвяру дзяўчыну — водгулле паганскіх абрадаў.

Шалёны эмігрант

І яшчэ адна гісторыя, якая патэнцыяльна магла б «спарадзіць» містыку...

Нейкі час Крэўскі замак належаў даволі дзіўнаму гістарычнаму персанажу — князю Андрэю Курбскаму. Прыбліжаны маскоўскага цара Івана Грознага, Курбскі перабег да польскага караля. Шлейфам ягонаму ўчынку служыць доўгая перапіска з Іванам Жахлівым, поўная велягурыстых узаемных дакораў ды абраз, узор літаратуры XVІ стагоддзя.

Дык вось, кароль Жыгімонт Аўгуст пастараўся ўзнагародзіць важнага перабежчыка. Сярод падараванага яму была пасада Крэўскага старасты. Так што, магчыма, менавіта тут, у гэтых замкавых сценах, Курбскі і сачыняў свае лісты да Грознага.

Не сказаць, што са старастам Крэву пашэнціла — кароль то дапамагаў яму разабрацца з падаткамі, то разбіраў звады Курбскага з суседняй шляхтай. Неяк абавязаў вярнуць суседцы 200 скрадзеных авечак, украдзеных у яе ўладаннях.

Ну і каб умацаваць становішча Курбскага сярод мясцовай фанабэрыстай арыстакратыі, падабралі яму жонку — удовую княгіню Марыю Гальшанскую, стрыечную сястру канцлера вялікага літоўскага Астафія Валовіча.

Праз нейкі час Марыя пачала слаць лісты, што муж-масковец збівае яе і трымае ў зняволенні. І вось прыязджаюць афіцыйныя асобы гэта расследаваць: Андрэй Курбскі ў ложку, побач сядзіць жонка, ціхая, бледная, збольшага маўчыць, адрывіста пацвярджаючы запэўніванні мужа, што ўсё добра.

Яшчэ больш падазрэнняў выклікала, калі Марыя напісала запавет, у якім перадавала сваю маёмасць мужу, абыходзячы правы двух сваіх дарослых сыноў ад першага шлюбу.

Курбскі прыехаў адтуль, дзе жанчын трымалі ў церамах, ён, як вынікае з перапіскі, шчыра лічыў іх «сасудамі граху». Але не на тую нарваўся. Сыны Марыі пачалі рабіць узброеныя наезды на ўладанні айчыма, радня пацягнула маскоўца ў суд. Падчас доўгіх судовых пасяджанняў Курбскі лаяўся так, што ягоныя словы не ўносілі ў судовыя кнігі, маўляў, пры патрэбе сам іх паўторыць для жадаючых. Нарэшце кароль выклікаў свайго пратэжэ ў Варшаву і змусіў даць жонцы развод. «А на Курбского от короля опала не бывала, а была на него от короля и от панов от больших кручина за то, была за ним жена, княгиня Дубровицкая, сестра двоюродная пана Остафия Воловича, а в приданных за нею был город Дубровицы с поветом. И Курбский княгини не любил и не жил с нею. И били на него челом королю Остафий Волович да братья жены его, что с женою не живет, держит ее у себя в неволе, а именем приданым владеет великим. И король за ним посылал, а велел ему быть у себя в Варшаве и с княгинею, да велел ему со княгинею развестись, имение у него приданое велел отнять, и что он Остафию учинился недруг, да и король из-за того его не любит», — давалі справаздачу Івану Грознаму маскоўскія паслы.

Быў яшчэ непрыгожы эпізод... Марыя вінаваціла Курбскага-»акрутніка» ў тым, што выкраў яе прыслугу Раіну (дзяўчына мусіла для сваёй пані ўкрасці ў Курбскага дакументы на маёнткі). Курбскі трымае Раіну ў зняволенні, мучыць, загадвае сваім слугам яе гвалціць. Курбскі, у сваю чаргу, вінаваціў жонку ў чарадзействе, нібыта знайшоў у яе рэчах мяшэчак з пяском, валоссем ды іншым падазроным начыннем.

Карацей, звад хапае на цэлы раман. Асноўныя падзеі, праўда, адбываліся не ў Крэве, а ў Ковелі і Дубровенскім маёнтку. Але ясна, што Андрэй Курбскі, якога Іван Грозны ў лістах упікаў, што згвалціў жонку нейкага стральца, быў здатны на лютыя ўчынкі. І прыпісаць з'яўленне жаночай здані ягонаму злачынству зусім верагодна.

Сёння замак аднаўляецца, прымае гасцей... Ці будзеце вы ўслухоўвацца ў падазроныя гукі, углядацца ў цені — ваша справа. Але роля, якую Крэўскі замак адыграў у гісторыі нашай краіны, зусім не прывідная.

Людміла РУБЛЕЎСКАЯ

Загаловак у газеце: Крокі княжацкіх забойцаў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Індыкатар жаночых праблем. Чаму ў дэкальтэ галоўнае не прыгажосць, а здароўе?

Часта незразумелы «шарык» можа быць, напрыклад, фібрадэномай.

Грамадства

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Калі дапамога патрэбна экстранна, яе заўсёды змогуць аказаць валанцёры Чырвонага Крыжа

Гучны гул сірэны знянацку застаў пенсіянерку Веру Васільеўну дома.