Вы тут

На адным дыханні. Што адбываецца ў пульманалагічным аддзяленні, дзе лечаць хворых на COVІD-19


Пятая клінічная бальніца застаецца адной з медустаноў Мінска, куды шпіталізуюць хворых на COVІD-19. Цяпер тут працуе пяць пульманалагічных аддзяленняў (большасць з іх была перапрафілявана з пачаткам пандэміі) і адно рэанімацыйнае, якія лечаць пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй. Карэспандэнт «Звязды» пабывала ў адной з «пульманалогій», дзе ўсведамляеш, што лета і гарачыня — не нагода адмаўляцца ад масак, грэбаваць сацыяльнай дыстанцыяй і адкладваць вакцынацыю.


Загадчык аддзялення Марыя Кануннікава і ўрач Мурат Сарыеў.

З неўролагаў у пульманолагі

Маладая 20-гадовая мінчанка ішла ў паліклініку і страціла прытомнасць, у бальніцу яе прывезла «хуткая». 47-гадовая жанчына лягла ў клініку на планавае абследаванне, дзе выявілі вірусную пнеўманію. 28-гадовая дзяўчына прыйшла да ўрача закрываць бальнічны, а яе накіравалі на шпіталізацыю. Усіх гэтых жанчын рознага ўзросту аб'яднаў адзіны дыягназ і тое, як нечакана ён змяніў іх жыццёвыя планы. Усе яны сталі пацыенткамі пульманалагічнага аддзялення № 3 5-й гарадской клінічнай бальніцы. Да пандэміі яно было неўралагічнае, прычым прызначалася для хворых-спінальнікаў — людзей, якія атрымалі пашкоджанні пазваночніка, а разам з ім і параліч канечнасцяў. З красавіка 2020 года аддзяленне працуе як пульманалагічнае. А яго загадчык Марыя КАНУННІКАВА і ўрачы Алена Ліхачова і Мурат Сарыеў (усе яны паводле спецыялізацыі неўролагі) цяпер лечаць хворых на каранавірусную інфекцыю.

— У неўралагічным аддзяленні ў нас была складаная катэгорыя пацыентаў — ляжачыя, нярэдка з гнойнымі ўскладненнямі. Часта ў іх здараліся застойныя пнеўманіі, таму праблем з перакваліфікацыяй у нашага калектыву не ўзнікла — з запаленнем лёгкіх мы мелі справу і раней, — адзначае Марыя Кануннікава.

Сёння ў аддзяленні, разлічаным на 40 ложкаў, праходзяць лячэнне пацыенты з COVІD-19 сярэдняй ступені цяжкасці.

— Небяспека ў тым, што іх стан можа пагаршацца і пераходзіць у цяжкі. Такія выпадкі, калі нарастае дыхальная недастатковасць і даводзіцца пераводзіць пацыента ў рэанімацыю, здараюцца. У гэтым каварства каранавіруснай інфекцыі: прадказаць цячэнне хваробы магчыма не заўсёды, — тлумачыць урач.

Дарэчы, у разгар пандэміі ў 5-й клінічнай бальніцы, акрамя рэанімацыйнага, хворых прымалі сем аддзяленняў пульманалогіі.

Калектыў удалося захаваць

44-гадовая мінчанка Аксана другі тыдзень знаходзіцца ў аддзяленні пульманалогіі з віруснай пнеўманіяй. Яна ўражаная добразычлівасцю і пільнай увагай медыцынскага персаналу.

— Да хваробы я думала, што ўрачы трымаюцца ад заразных хворых на адлегласці. Аказалася, што гэта зусім не так. Наш палатны ўрач, доктар Мурат, падчас абходу падрабязна распытвае пра самаадчуванне кожную пацыентку, вымярае ціск, тэмпературу, адказвае на ўсе нашы пытанні. Пасля свой агляд робіць загадчык аддзялення Марыя Віктараўна, мы і яе мучаем сваімі сумненнямі — яна цярпліва і растлумачыць усё, і супакоіць. Любое пагаршэнне стану яна вызначае беспамылкова, — вельмі вопытны і прафесійны доктар. Медсёстры таксама ўсе вельмі прыязныя, хоць некаторыя і строгія, затое з выдатным пачуццём гумару, што заўсёды паднімае настрой у палаце, — расказвае жанчына.

Уважлівае стаўленне да пацыента — адзін з галоўных складнікаў і патрабаванняў да медперсаналу, тлумачыць галоўны ўрач 5-й клінічнай бальніцы Міхаіл НАЗАРЧУК:

Калектыў пульманалагічнага аддзялення № 3.

— Пратаколы лячэння каранавіруснай інфекцыі стандартныя ва ўсіх. Аднак і падыход да пацыентаў вельмі важны — растлумачыць небяспеку COVІD-19, кагосьці пераканаць у неабходнасці выканання рэкамендацый, той жа прон-пазіцыі, некага супакоіць — гэта такія ж абавязкі медыцынскага работніка, як і назначэнне медыкаментаў, правядзенне працэдур. Такую ўстаноўку і даём нашаму калектыву.

Марыя Кануннікава з гонарам кажа, што, нягледзячы на пандэмію, калектыў аддзялення ўдалося захаваць. Па стане здароўя год таму на пенсію сышлі дзве медыцынскія сястры. Пры гэтым засталося працаваць некалькі жанчын пенсійнага ўзросту. Адчуваецца, што бясспрэчным аўтарытэтам у калектыве карыстаецца Таццяна Аляксееўна Ліцкевіч (на калектыўным фота — у цэнтры). Толькі ўявіце: на работу ў неўралагічнае аддзяленне яна прыйшла 44 гады таму, адразу пасля заканчэння медыцынскага вучылішча. Пра яе кажуць, што сваімі рукамі яна выхадзіла сотні пацыентаў-спінальнікаў. Пасля пачатку пандэміі, нягледзячы на паважны ўзрост і звязаныя з ім рызыкі, яна штодзень у касцюме індывідуальнай аховы разам з калегамі працуе ў чырвонай зоне. Гэтак жа, як Святлана Леанідаўна Проніна, якая аддала медыцыне 37 гадоў, Святлана Мікалаеўна Шымко, яе стаж у аддзяленні — 18 гадоў. Чалавекам з залатымі рукамі пацыенты называюць працэдурную медсястру Алену Свержаву, якая працуе ў аддзяленні два дзесяцігоддзі.

— Гэтыя медсёстры не даюць сабе паблажак у рабоце, яны — мая надзейная апора, — кажа загадчык аддзялення. — Іх можна ставіць на любы ўчастак — працэдурнай медсястрой, на перавязкі, на пост. Ёсць і нямала санітарак, якія ў нас шмат гадоў, напрыклад, з 1983 года працуе Любоў Дзмітрыеўна Бразгоўка. Радуе, што ў наша няпростае аддзяленне прыходзяць і маладыя спецыялісты пасля медыцынскіх каледжаў. Умовы работы, асабліва ў летнюю спёку, складаныя: у супрацьчумных касцюмах арганізм пераграваецца, калі здымаеш ахоўны камбінезон, ніжні касцюм цалкам мокры. Але ўсе прызвычаіліся, разумеюць, што гэта неабходна. Пандэмія яшчэ больш з'яднала ўвесь наш калектыў.

У аддзяленні працуюць 30 чалавек, у тым ліку 12 медсясцёр на чале са старшай медсястрой Таццянай Нячай і 11 санітарак. Марыя Кануннікава ўзначальвае яго шэсць гадоў. Да гэтага 15 адпрацавала ў раённых бальніцах — спачатку ў Петрыкаўскай, затым — у Мазырскай гарадской.

Рабочы дзень загадчыка аддзялення паводле раскладу пачынаецца ў 8.30, але на рабоце Марыя Кануннікава ўжо а восьмай. На ранішняй планёрцы начная змена інфармуе пра пацыентаў, якія паступілі, дзяжурны ўрач расказвае, каму і якая патрабавалася дапамога. Штодзень складаюцца спісы пацыентаў па палатах з іх данымі — тэмпература, сатурацыя, ціск і іншыя паказчыкі, так што доктар можа адразу бачыць, у якім стане пацыент, і яго дынаміку. Далей урачы робяць абыход. Калі палатны ўрач аглядае 20 хворых, то загадчык аддзялення мусіць агледзець усіх, а гэта чатыры дзясяткі пацыентаў. Па дакументах рабочы дзень заканчваецца ў 15.30, аднак з пачатку пандэміі Марыя Кануннікава так рана з бальніцы ніколі не сыходзіла — «Ты вольны, толькі тады, калі ўсё зроблена», — кажа ўрач.

«Усе нашы пацыенты, якім за 90, выжылі»

Падыходы да лячэння COVІD-19 мяняюцца з назапашваннем новай інфармацыі і даных даследаванняў, якія праводзяцца ў свеце.

— Падыходы да лячэння пераглядаюцца. У параўнанні з пачаткам пандэміі мы сталі лепш разумець, як паводзіць сябе вірус і як лячыць пацыента. Спачатку ўсім прызначалі антыбіётыкі, цяпер яны прымяняюцца толькі ў выпадку, калі далучаецца бактэрыяльная флора, — кажа Марыя Кануннікава.

— Ці складана вызначыць, што ў пацыента здарылася тромбаэмбалія?

— Гэта адно з грозных ускладненняў COVІD-19. Маецца адпаведная клінічная карціна — падаюць ціск і сатурацыя, пэўнае адценне набывае скура. Тут інфарматыўныя паказчыкі аналізаў, і абследаванняў, якія выконваюцца пры падазрэннях на гэты дыягназ. Усе ўрачы навучаны вызначаць такі небяспечны стан і бачылі яго не раз. На жаль, гэта нярэдкая сітуацыя, якая патрабуе неадкладнай дапамогі, пацыенту адразу выклікаюць урача-рэаніматолага. Пра ўсе магчымыя наступствы нам падчас навучання расказваюць спецыялісты, якія да нас прыязджаюць з лекцыямі па лячэнні COVІD-19, у тым ліку інфекцыяністы.

— Яшчэ адзін небяспечны стан — цытакінавы шторм...

— На мінулым тыдні ў нас было чатыры пацыенты, у якіх ён пачынаўся. Толькі аднаго з дыхальнай недастатковасцю даставілі ў рэанімацыю, ён на кіслародзе, але таксама ідзе на папраўку. Стан астатніх удалося палепшыць у аддзяленні. На наступны дзень яны сталі адчуваць сябе нашмат лепш. Ёсць эфектыўныя прэпараты розных фармакалагічных груп, якія нядрэнна сябе зарэкамендавалі і дапамаглі выратаваць шмат людзей.

— Апошнім часам шмат кажуць пра індыйскі штам, ці ёсць такія хворыя ў стацыянары?

— Так, мы назіраем, што ў некаторых пацыентаў іншыя сімптомы. Пры індыйскім штаме няма парушэнняў нюху, пры якіх назіраецца сухасць слізістых, а ёсць ярка выражаны рыніт — што называецца, «цячэ ручаём». Таму яго складана адрозніць ад іншай ВРВІ. Маюцца і страўнікава-кішэчныя расстройствы. Такіх пацыентаў пакуль не большасць, і складаных выпадкаў у нас не было, але трэба ўлічваць, што назіраць мы гэты штам пачалі нядаўна.

— Ці можа каранавірусная пнеўманія працякаць бессімптомна?

— Так, сцёртыя формы назіраюцца. Але зусім без тэмпературы, хоць бы субфібрыльнай, пнеўманія, як правіла, не абыходзіцца.

— Якія хворыя трапляюць у стацыянар — калі маецца аб'ёмнае запаленне лёгкіх?

— Сярод паказанняў да шпіталізацыі не толькі аб'ём паражэння лёгкіх. Значэнне мае і інтаксікацыйны сіндром. Выражаная інтаксікацыя назіраецца і з неістотным паражэннем лёгкіх. Высокая тэмпература, чалавек не можа ні есці, ні піць, пры гэтым рвота ці панос, а пнеўманія — усяго 5 %. Нельга выключыць, што на наступны дзень аб'ём паражэння не павялічыцца. Здараецца, што пацыент паступае з 5-7 %, але з выражанай інтаксікацый, тэмпературай пад 40, а праз некалькі дзён падае сатурацыя, і на здымку мы выяўляем 70 ці 80 % паражэння лёгкіх. Запаленне можа развівацца імкліва. Таму адмаўляцца ад шпіталізацыі не варта.

— Ці трапляюць у стацыянар людзі, якія зрабілі прышчэпкі ад COVІD-19?

— У нас было ўсяго трое вакцынаваных пацыентаў, захворванне ў іх працякала ў няцяжкай форме. У двух з іх была адна доза вакцыны, і тут пытанне, ці не былі яны інфікаваныя яшчэ да прышчэпкі.

— Ад чаго залежыць, як будзе працякаць каранавірусная інфекцыя?

— Найперш ад стану імунітэту. У нас былі пацыенты, у якіх і пасля хваробы не выпрацоўваліся антыцелы. Супрацьлеглая сітуацыя — гіперімунны адказ, калі пачынаецца цытакінавы шторм.

Медсястра Святлана Проніна.

— Як хутка пацыенты аднаўляюцца?

— Тут усё індывідуальна. Былі хворыя з 90-95 % паражэннем лёгкіх, якіх пераводзілі з рэанімацыі, і праз 21 дзень яны выпісваліся ў добрым стане. Ёсць пацыенты пасля цытакінавага шторму, які мы купіравалі, і яны адразу просяцца на выпіску. Мы тлумачым, што застаецца рызыка ўскладненняў, у тым ліку вельмі небяспечнай тромбаэмбаліі. Таму тут не трэба спяшацца дадому.

— Якія ў вашай рабоце моманты самыя цяжкія?

— Калі не ўдалося выратаваць пацыента, нягледзячы на тое што зрабілі ўсё магчымае. Калі чалавек гіне, усе ў аддзяленні ўспрымаюць, быццам бы не стала твайго блізкага. Балюча і цяжка, калі чыёсьці жыццё заканчваецца. І наадварот, прыемна, калі цяжкі пацыент папраўляецца. І ты ўсведамляеш, што стан быў складаны, з дыхальнай недастатковасцю, з цытакінавым штормам, але правільна падабралі лячэнне, і чалавек папраўляецца. Дарэчы, у нас былі і ўзроставыя пацыенты, якім за 100 гадоў, удзельнікі Вялікай Айчыннай вайны. Яны вельмі баявыя, вялі актыўны спосаб жыцця, вялікія аптымісты — ніхто з іх, нават апынуўшыся ў бальніцы, не збіраўся паміраць. І прыемна адзначыць, што ўсе нашы пацыенты, якім было за 90, выжылі.

«Альтэрнатывы вакцынацыі пакуль няма»

Марыя Кануннікава ўпэўненая, што адзіным спосабам, які засцеражэ ад цяжкага цячэння каранавіруснай інфекцыі, з'яўляецца прышчэпка. У сям'і медыка вакцынаваныя ўсе: дочкі, зяць, муж, таксама ўрач, і яна сама.

— Альтэрнатыву вакцынам, якая б дапамагла перамагчы заразнае захворванне, пакуль не прыдумалі. Таму ў маёй сям'і нават пытання не ўзнікала наконт прышчэпак. У пачатку пандэміі, калі вакцын не існавала, многія перажывалі паніку. Ды і цяпер нямала нашых пацыентаў з каранавіруснай інфекцыяй думае, што яны загінуць. Псіхатэрапеўт кожны дзень працуе з імі ў аддзяленні. Таму вакцына — не толькі выратаванне ад цяжкіх выпадкаў і смерці, але і маральнае заспакаенне. Па-за сценамі бальніцы, на жаль, сёння іншая сітуацыя — у транспарце, магазінах людзі не носяць масак, не захоўваюць бяспечную дыстанцыю. Гэта, вядома, вельмі сумна.

Паводле інфармацыі намесніка галоўнага ўрача па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі 5-й гарадской клінічнай бальніцы Казіміра Гайдэля, 78 % супрацоўнікаў медыцынскай установы ўжо атрымалі прышчэпкі ад каранавіруснай інфекцыі. Астатнія перахварэлі і пакуль маюць імунітэт.

Алена КРАВЕЦ

Фота аўтара

 

Выбар рэдакцыі

Рэгіёны

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Сок з дастаўкай і з ледзяшамі: на Брэстчыне пачаўся сезон нарыхтоўкі бярозавіку

Як мы бярозавік куплялі на гандлёвай пляцоўцы лясгаса і ў лясніцтве

Культура

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Анатоль Ярмоленка: Нас натхняе беларуская паэтычная класіка

Творчая вечарына народнага артыста Беларусі прайшла ў адной з мінскіх гімназій.